epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Люду і краю

Над табою, край пакуты,

Сонца выплывае:

Спатыкнуўся Гітлер люты,

Язва маравая!

Пад ударам маладзецкім

Арміі Чырвонай

Захлынуўся пых нямецкі

        Чорнага барона.

Не было ж такога звера,

                Як ён, клешч паганы.

Дык адплацім поўнай мерай

За ўсе болі, раны.

Адпаўзае гад са скрыпам

У смяртэльнай злобе,

Ды не так яшчэ насыпем

        Язве той, хваробе!

Прыгадаем слёзы, здзекі

        Тупарылай мопсе

Так, каб немец на век-векі

                Меч падняць зарокся.

Не давайце ж перадышкі

Гітлераўскай зграі!

Няхай спусціць дух і кішкі

Тут, у нашым краі.

Люд мой, край доўгацярпення!

  Блізка наша свята:

З-пад Дняпра, Дзвіны збавенне

  Ідзе к нам у хату.

        Дапаможам на ўсю сілу

            Арміі герояў —

Скоцім ідала ў магілу

І майстроў разбоя.

 

30/ХІ 1943


30.11.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945