Ляжу я дома адзін, хворы,
Як дзед, забыты ў сенакос,
А з Петрусёў хоць бы каторы,
Хоць бы адзін паткнуў свой нос.
Здаецца ж, хлопцы неблагія —
Хадзілі разам на «Ражок».
Ці вы забылі, дарагія,
Хоць бы Дняпроўскі беражок?
Складаў я вам і эпіграмы,
Ды не са злосці, а з любві,
У вас жа літасці ні грама!
І пасля гэтага жыві!
Вазьму вось зараз узлуюся,
Заплюшчу вочы і памру —
Няхай дзяўбе Пятрусь Пятруся
За неспагадлівасць дабру.
Ты ж не чакай дарэмна ласкі
І спачування не прасі,
Калі святыя абавязкі
І вы забылі, Петрусі!
Лежачы ў пасцелі
29/IV 1941