epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мая спадчына

Я ад ранку і да вечара араў,

А «раллю» маю рэдактар падабраў.

Назляталася і «галак» і «гракоў»

Ратаваць маю «раллю» ад чарвякоў.

Ратавалі, талачыліся па ёй

І бяды мне нарабілі – оё-ёй!

«Зямля новая» пакрыта дзірваном

І змоўк «Сымон Музыка» са званом.

«У глушы», «Глыбі Палесся» толькі пні,

          «Адшчапенец» мой закончыў свае дні.

Над «Распуснікам Савосем» стаіць крыж,

Эх, не доўга жыў на свеце ты, малыш!

Нічагусенькі няма на «Рубяжы»,

«Казкі жыцця» мае леглі пад нажы.

Глушыць ніву маю дзікая трава.

Засталася ад мяне адна «Дрыгва».

Я ўстрывожаны спыняюся, стаю

І з журбой гляджу на спадчыну сваю.

А старанныя «рэдактар», «педагог»

        У няшчаснай маёй музы ловяць блох,

Вытрасаюць з яе, беднае, духі...

Няхай Бог ужо даруе ім грахі

Ды павузіць прагавітую іх пасць

І хоць трошкі болей разуму ім дасць.

 

[1946–1953]


[1946-1953]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4