epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мае мары

Прысвячаю М. Д. М.

Далёка мы ад роднае зямлі,

Над намі неба высіцца другое,

А дожджыка, хоць як тут ні малі,

Ён не спадзе крыштальнаю слязою.

 

Разлучаны мы з берагам сваім,

З укладам прошлых дзён, з народам нашым.

На захад свой, як сіраты, глядзім

І пʼём разлукі горыч поўнай чашай.

 

Кароткі час, а колькі ў ім падзей —

        Не злічыш іх і не акінеш вокам!

А сэрца з кожным днём заве мацней

К разбураным сядзібам і валокам.

 

Я ведаю — прытулку там няма:

Зямля і край знявечаны без жалю.

Гаруе люд. Фашысцкая чума

Крывавыя прыбіла там скрыжалі.

 

Шмат страчана, разгублена сяброў,

І дзе наш сын — не ведаем нічога,

Не ведаем, ці жыў ён, ці здароў,

        Куды яго скірована дарога.

 

 

Ох, родны мой! Без часу выбіт ты

З юначае шчаслівае пуціны,

Праклят жа будзь, пасланнік ліхаты,

Спустошыўшы зямлю мае айчыны!

 

Напружана плывуць за днямі дні,

Нявідна ткуць нязнаную быліну.

Ці ўбачым мы прыветныя агні

І мірную ўваскросшую краіну?

 

Мой верны друг! Прайшлі мы крок у крок

        Крывых дарог-пуцін ужо нямала.

Канчаецца наш шлях, наш вечар недалёк,

І ноч нам тчэ густое пакрывала.

 

На схіле дзён я мару аб адным:

Ўзысці з табой на нашы гоні, долы,

Зямлі сваёй усім нутром зямным

Паклон аддаць, схіліўшы нізка чола.

 

19/VII 1942


19.07.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945