epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Маёй вясне

Я шмат пісаў, складаў ёй оды,

Маёй красе, маёй Вясне,

Яна ж была скупой заўсёды,

На ключ замкнёнай для мяне.

 

На голас мой не чуў адказу,

І я іду, нібы скрозь мжу,

Ды я ніколі і ні разу

Ёй злога слова не скажу.

 

Няўжо ж не буду знаць нічога

Ні ў яве-дню, ні ў ночы-сне,

Была ці не яе дарога

Хоць раз скірована ка мне?

 

І я гадаю так і гэтак,

А ў сэрцы словы мне гучаць:

Ты не збярэш вясёлых кветак,

І час прыйшоў твой замаўчаць.

 

Ну што ж? Маўчу. На развітанне

Апошні раз ужо скажу:

Маю Вясну, як сонца ззянне,

Я ў сэрца з сумам палажу.

 

Дык не судзі ж мяне, як блазна.

Даруй мне ўсё, Вясна мая —

Ніхто не будзе так прыязны,

Як быў к табе прыязны Я.

 

Я. К.

18/IV 1943


18.04.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945