epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Маёвае

I
II
III


I

 

Ён. Яна. Іх свет не месціць,

Іх каханне грэе, песціць,

Тчэ ружовае жыццё

І наводзіць забыццё.

Яна сёння будзе ў садзе.

Ёю ён ўвесь дзень жыве.

Вось надзеў ён галіфэ

І не йдзе — скарэй, плыве,—

Сам з сабою ў добрым ладзе.

Па Савецкай ідзе шпарка.

Вось спускаецца з гары.

Хоць не густа, хоць не ярка,

Але свецяць ліхтары.

Ён ступае праз правалы,

Што пабілі тратуар,

Лае брук той заняпалы,

Хоць сам чуць не камісар.

Ды за дошку зачапіўся,

Зірк — абцас далоў зваліўся,

І каб чуць — пабіў бы нос...

Эх, камхоз, камхоз, камхоз!

 

 

II

 

Вось і сад.

Тут пэндзаль патрэбен шырокі

І здольная трэба рука,

Каб выявіць сад мнагавокі

Здольным пяром мастака.

Мільгаюць галоўкі, як макі

На лёганькіх крыллях вятроў,

Шнуруюць кахання ваякі,

Як стада цыбатых буслоў;

Тут шэпты і моцныя словы

У гоман зліліся адзін,

І думаюць думкі галовы

Пра загс, рытуал акцябрын.

Заціхне ж, як поўнач тут зляжа,

Гэтае мора хвастоў,

А рэшту хай той вам даскажа,

Хто ведае тайны кустоў.

 

 

III

 

Ён глядзіць, яе шукае.

А чаму яе няма?

Дзе прычына і якая?

Абяцалася ж сама!

Разоў сем тут абмыляўся,

Злосцю зрок яго заслаўся.

Зірк — яна.

Ды не адна!

Сядзіць з кімся радам, шчыльна,

На яго глядзіць прыхільна,

На другога, на таго,

І галоўку прыхіліла.

Ярасць хлопца ахваціла —

Так зняважыла яго!

Кроў забіла маладая.

Ён тут доўга не гадае —

Шусь з дарожкі ды на іх!

Крок ступіў ды ў гэты міг

У гной нейкі праваліўся

І знячэўку паваліўся —

Смецце, бруд такі, што фэ!

Ён падняўся, азірнуўся

Ды павольна пацягнуўся

Мыць у Свіслач галіфэ.

 

Трудна тлумачыць вас, лёсы людскія,

Камхозаву дзейнасць таксама.

Каб гэтага бруду сюды не навезлі,

Магла бы тут вынікнуць драма.

 

[1924]


[1924]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938