epub
 
Падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Малады дубок

І
II
III
IV
V
VI
VII
VIII


І

 

– Ну і людзі! – гаварыў сам сабе Максім Заруба. – Ну, украў, ну, ссек, хай цябе ліха сячэ; ды не рабі ж ты на здзек чалавеку, не рабі так, каб кожнаму кідалася ў вочы тваё злачынства, гіцлю!

Максім старанна аглядаў сляды нядаўняй пакражы ў яго абходзе. Высокі, упалавіну чалавека, дубовы пень ясна вылучаўся сярод дзеравяк і свяціў сваім светла-жоўтым верхам і свежымі трэскамі вакол, а шырокая, разложная верхавіна і адсечаныя сукі пазіралі так нявесела, так сумна, бы тыя пакінутыя бацькам дзеці. Зірнуўшы ўгару, Максім угледзеў маладую бярэзіну з абламанымі галінкамі. Гэта дуб, звалены бязлітасным тапаром, падаючы, чапіў яе сваімі моцнымі сукамі.

У лесе было ціха і маркотна, толькі ўгары стаяў глухі шум старых хвой і ялін. Высокія асіны і бярозы далучалі зрэдку і свой голас да гэтага шуму, калі часам дужэй патыхаў сыры, халодны вецер і варушыў іх голае вецце. На гэтым месцы, дзе рос дуб, мала пазначылася прастору, і маладыя высокія елкі ўжо разгарнулі свае кашлатыя зялёныя лапы і занялі месца дуба. Так і за сталом жыцця, дзе сядзіць цесная людская сям’я, не пустуе месца выхвачанага смерцю сем’яніна.

Максім трывожна азірнуўся вакол, зняў з плеч сваю старасвецкую стрэльбу і паставіў каля хвоі; дастаў з-за пояса сякеру і пачаў замятаць сляды неўпільнованага злодзея. Ён абцерабіў верхавіну, пасцягаў сукі ў гушчар, ссек пень каля самай зямлі, завалок яго далей ад дарогі, пад выварат, а тое месца, дзе быў пень, закрыў зялёным мохам. Максім сам у гэты момант быў крыху злодзеем. Але яму больш нічога не заставалася рабіць, як прыкрыць след гэтай пакражы, каб самому не нагарэла ад ляснічага.

Скончыўшы работу, Максім адышоўся крыху і азірнуў сваю працу, ці няма яшчэ якога знака, па якім можна было б заўважыць, што тут украдзен дуб. Усё было прыбрана гладка, але Максіму здавалася, што варта толькі зірнуць аб’ездчыку, каб прымеціць, што не хапае аднаго дуба. А можа аб’ездчык раней за яго агледзеў і ўжо вядома ў лясніцтве аб гэтай пакражы.

«I выбера ж часіну, паганец! – зноў разважаў з сабой Максім. – Ну, каб папаў! Гужы, лейцы – усё пасек бы».

Максім ніяк не мог супакоіцца. Ён выйшаў на дарогу, куды вёў след ад калёс. Але далей цяжка было разабраць, куды ён пайшоў: ці мала едуць па дарозе ва ўсе канцы? Максім пастаяў, патупаў, як бы разбіраючы важную справу. На душы ў яго было цэлае пекла. Злосць на таго, хто ссек дуб, хто, як сумыслу, як на здзек яму, зрабіў гэтую пакражу, ніколечкі не клапоцячыся схаваць канцы; далей – страх перад ляснічым, страх за страту кавалка хлеба: даўно ўжо капаецца пад яго аб’ездчык, не раз пагражаў Максіму і ляснічы прагнаць яго са службы.

Усе гэтыя думкі і пачуцці і рабілі тое пекла, што было на душы Максіма.

– I хто ж бы мог зрабіць гэта?

Максім пералічыў колькі гаспадароў з вёскі, што былі ў яго на вялікім падазрэнні. Але, не злавіўшы, не кажы, што злодзей.

Максім ізноў прыйшоў на тое месца, дзе рос яшчэ ўчора прапаўшы дубок. Як дарагі нябожчык, стаяў ён у вачах беднага лесніка. Прыкрыўшы камель яшчэ яловымі лапкамі, Максім памалу пасунуў лесам.

Увесь гэты дзень, цэлы вечар і ноч не меў Максім супакою. Нават есці не хацелася яму. Нейкі страх і трывога душылі яго. Кінуцца за весніцы на дарогу сабакі, забрэшуць на каго ці так што здасца іх сабачаму розуму, – Максім чуў, як у сярэдзіне ў яго нешта траслося, і яму здавалася, што гэта пэўна ідзе Марцін з каморы ад ляснічага з наказам з’явіцца ў кватэру. Але сабакі, пабрахаўшы, змаўкалі, і патрывожаная ноч яшчэ цяжэй насядала на халодную сырую зямлю, і яшчэ маркотней шумеў над рэчкай аголены лес.

Старая вярба, стоячы над самай хатай, шумела і хвастала галінамі па страсе і, як назло Максіму, гаманіла пра пакражу.

Стукне вецер у аканіцу, Максім уздрыгваў: яму думалася, што гэта ляснік ці аб’ездчык.

 

 

II

 

Андрэй Плех даўно ўжо меў сабе на прымеце дубок у лесе. Яшчэ летам, ходзячы з каробкаю па грыбах, насунуўся ён на гэты дуб. Як чалавек, якога агарнулі благія мыслі, Андрэй наўперад азірнуўся і пачаў аглядаць важнецкае дрэва. Высокае, роўнае, выноснае, як точанае, яно, здавалася, сумысля тут вырасла на спакусу чалавеку. «А, пся кроў яго, што за дуб! – думаў Андрэй. – От былі б восі! А якія хвацкія выйшлі б паліцы на сохі» (Андрэй быў майстар па часці сох). Ды не так-то лёгка ўхопіш яго тут: ссячы, пападзіся, – такі табе штраф закоціць земскі, што і кароўкаю не адапхнешся. I Андрэй, яшчэ раз акінуўшы вокам дубок, уздыхнуў і паплёўся дамоў. На ўсякі выпадак ён прымеціў гэтае месца. Скора пачалося жніво, і Андрэй забыўся аб дубку, але, як на грэх, у яго колах разышліся спіцы. Трэба было думаць, як справіць новыя колы. На калодкі і абады Андрэй меў пра запас бярэзіну, добрую, баравую, чачоткавую бярэзіну з казённага лесу. Гэта Мікола Сіняўскі ўдружыў яму. А дзе б узяць дубінкі на спіцы? I адразу ў яго вачах устаў малады дубок, што бачыў у лесе, збіраючы грыбы.

Амаль не кожны дзень думкі Андрэя вярцеліся каля гэтага дубка. Кепска толькі, каб яго качкі, калі пападзешся з ім. У сваім жыцці Андрэй кіраваўся прыказкаю: «Не бяры чужога і не бойся нікога». Але во прыпёрла так, што прыходзілася касаваць гэты мудры кірунак. Праўда, у лесе красці не грэх. Гэта не тое, што залезці да чалавека ў хату. I хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар. Лес – Божы: Бог яго росціць і Бог гадуе. А князя чорт не возьме, калі ён, Андрэй, ссячэ адзін дубок. Так разважаў вечарамі Андрэй, пыхкаючы люлькай.

Раз пад вечар – гэта было ў нядзелю – Андрэй ішоў з места. I так неяк зрабілася, што ногі Андрэевы самі пайшлі па той дарозе, каля якой стаяў гэты шальмоўскі дубок. Андрэй не мог стрымацца, каб не даведацца свайго даўнейшага знаёмага. Лес быў ужо зусім без лісця, і малады дубок выглядаў цяпер яшчэ раўнейшым, яшчэ прыгажэйшым.

– Ах, злодзей! – гаварыў, цешачыся, Андрэй і аглядаў дубок.

Ідучы дамоў, Андрэй вылічыў, калі схадней яго ссячы. Квадра месяца пры гэтым стаяла ў Андрэя на першым плане. Праз колькі дзён будзе маладзік. Вось тады ён і зызне яго.

Якраз перад «Усімі святымі», натачыўшы сякерку, Андрэй ціха казаў свайму сыну:

– Запражэш каня і пад’едзеш пад Доўгі Лужок. Я буду там чакаць цябе. Ды глядзі, калі хто спытае, куды едзеш, скажы – па каноплі.

Андрэй выбраў такія сцежкі, дзе б яго ніхто не спаткаў – асцярога не пашкодзіць, – і ішоў, прыгнуўшы галаву. Аднак, чым бліжэй падыходзіў ён да лесу, тым большы чуў страх. А змрок – густы, халодны, непрыветны – нерухома аблягаў зямлю. Ціха. Глуха. Хоць бы гук чалавечага голасу. I нейкая жуда ахапіла Андрэя. Пачуванне маркоты і адзіноты агарнула яго. Андрэй азірнуўся назад, на сяло. Скрозь цемрадзь прыветна свяціліся вокны сялянскіх хат чырвонымі і бледнаватымі плямкамі. Там сядзелі людзі, і на душы іх была згода. Толькі ён, як злодзей, крадзецца адзін скрозь гэты змрок – прыхільны хаўруснік кожнага злачынца.

Андрэй пачынаў каяцца, што выбраўся на гэтую справу. Лепш бы паставіць кварту за кавалак дубіны – і сам выпіў бы чарку і быў бы смелы і спакойны. I яму захацелася, каб хто перашкодзіў цяпер, каб мець законнае права вярнуцца дамоў. Так было на душы Андрэя, а ногі яго ўсё неслі і неслі ў гэты страшны, пануры лес, дзе цяпер так цёмна і жудасна. Яшчэ гусцейшы і цяжэйшы змрок агарнуў Андрэя, як ён ступіў у лес. Прайшоўшы з паўвярсты, Андрэй спыніўся. Вось тая хвоя з вехаю, ад якой трэба ступіць колькі крокаў направа. Патупаўшы, Андрэй сяк-так намацаў гэты дубок, які вартаваў не толькі Максім, а яшчэ пільнавалі і другія стражы, што былі ў самім Андрэю – страхі. Андрэй прыслухаўся. Лес маўчаў. Можа ён зацікавіўся, што будзе рабіць тут гэты чалавек, чаго ён прыйшоў сюды варушыць і трывожыць яго сон. I было штось страшнае ў гэтым нямым спакоі лесу, і гэты страх перадаваўся Андрэю; ён стаяў ціха, баяўся кашлянуць і павольна адводзіў яловыя лапкі. Калі-нікалі жалобна шорхаў сухі, завяўшы ліст, адрываючыся ад дрэва і падаючы на сыры дол.

– Ну, што будзе, то будзе.

Андрэй узяў сякеру, хацеў перахрысціцца, ды стрымаўся: гэта справа не святая, і ён не адважыўся прызваць на помач імя Бога. Сякера высока паднялася ўгару. Пачуўся першы стук. Вострая сталь глыбока ўрэзалася ў маладое дрэва, і гэты першы гук быў падобны да цяжкага, адрывістага кашлю, які вырваўся з глыбіні надарваных грудзей сухотніка. Андрэй, секануўшы раз, адскочыў убок і на момант замёр, прыслухоўваючыся. Але вакол было таксама глуха і ціха.

Зноў узляцела сякера і пайшла латашыць усё часцей і зласней. Скора адна палавіна дубка была падсечана. Андрэй зайшоў з другога боку. З кожным узмахам сякеры дуб слабеў і хістаўся, дрыжаў голымі сукамі і ўсім сваім целам. Вось ён чуць пахіліўся, абамлеў і, здавалася, выглядаў месца, дзе б упасці. Андрэй упёрся рукой і папхнуў яго. Голыя сукі крануліся сукоў суседніх дрэў, як бы развітваючыся з жыццём, зачапіліся на момант і, аслабеўшы, асунуліся, і маладое дрэва цяжка ўпала, застагнаўшы, на зямлю.

Андрэй адышоўся і стаў слухаць. Адмераўшы чатыры тапарышчы па камлі, Андрэй з нейкаю злосцю стаў адсякаць кавалкі дуба. Адсекшы кавалкаў шэсць, ён пазносіў іх на дарогу. Здалёку пачуўся глухі стук колаў аб карэнне. Андрэй пайшоў насустрач сыну.

 

 

III

 

Яшчэ ніколі не зазнаваў Андрэй такога клопату, як цяпер. Недарма гавораць людзі: «Хто ўкраў парасё, таму і ў вушах пішчыць». Прывёзшы дахаты шэсць кавалкаў дуба, Андрэй, да часу, паскідаў іх на старану, дзе ляжалі яшчэ немалочанае жыта і салома.

Прызнацца, Андрэй нават не рад быў, што ссек гэты дубок: мала што можа стацца! Быць не можа, каб хто не бачыў, як ён пхаўся ўночы з лесу. А языкі ў людзей доўгія. Пад уплывам гэтых думак Андрэй быў неспакойны: спаў кепска і часта абуджаўся, прыслухваўся, што робіцца на дварэ.

Кожны гук, шум, аброненае кім на вуліцы слова прымушалі трывожыцца і думаць ліха ведае што. I якая гэта схованка – гумно? Усякі дурань першым дзелам паткне туды свой нос. Тут Андрэю прыйшлі на памяць тыя здарэнні, калі ў гаспадароў знаходзілі дубкі, бярэзінкі і ўсякія падобныя рэчы якраз у гумнах... Трэба перахаваць, і чым скарэй, тым лепей – покі не ўзялі яшчэ тропу.

– Што гэта, Андрэй, на цябе сягоння сну няма? – пыталася жонка.

– Так, не спіцца.

I, памаўчаўшы, Андрэй сказаў:

– Ведаеш, я ўсё думаю, каб не агледзеліся гэтага дубка.

– Можна ж схаваць так, каб не знайшлі.

– Вось і я гэта думаю: у гумне якая схованка? А дзе схаваць?

– Схаваеш заўтра – будзе часу, а цяпер спі. Жонка адвярнулася да сцяны і праз мінуты дзве зайграла носам. А Андрэй яшчэ доўга ляжаў з адкрытымі вачыма і разважаў. Страшныя думкі лезлі ў галаву. А што, калі хто ўдасць яго? Прыйдзе ўраднік, стражнікі з аб’ездчыкам і леснікамі, зробяць вобыск і, напэўна, знойдуць у яго дубок. Зноў Андрэю ўспаміналіся падобныя здарэнні. Моташна рабілася ад гэтых думак. Андрэй усунуўся ў шлапакі, накінуў на плечы кажух і выйшаў на двор.

Божа, якая цёмная ноч! Здавалася, неба блізка-блізка нахілілася да зямлі і ціснула яе сваім густым і цяжкім змрокам. I ўсё вакол было так глуха, так нема, усё роўна як закамянела або вымерла. Андрэй зірнуў у той бок, дзе быў лес. Яго аж скаланула: здаецца, цяпер, каб і золатам абсыпалі, не пайшоў бы туды; як толькі хапіла ў яго адвагі ісці туды, у такую цемрадзь! У сяле было таксама ціха і глуха, нават сабакі і тыя ўсе змоўклі; відаць, і яны чулі гэты страх магільнай цішы і не адважваліся зрабіць між сабой пераклічку. Толькі ў Якімавым хлевушку забляяла жаласна ягнятка, згубіўшы сваю матку, і зараз жа пачуўся кароткі адказны водклік старой авечкі: «Ідзі да мяне!» – ды часамі ў свінушніку ціха стагнала праз сон свіння такім змарнелым, стомленым галаском, усё роўна як бы ёй заставалася тры чвэрці да смерці.

Андрэй пастаяў, паслухаў. Гэтая маўклівая і страшная ноч не дала яму ніякага адказу, і ён пайшоў у хату.

«Сягоння яшчэ можна быць смелым», – думаў Андрэй, кладучыся на палок і ўкручваючыся ў дзяругу. «Пакуль тое ды сёе, то яшчэ ёсць часу схаваць, а цяпер можна спаць смела». Але Андрэй ляжаў яшчэ з паўгадзіны і думаў, як хітрэй схаваць дубок. На гэтых думках Андрэй і заснуў. I прысніўся яму сон. Здаецца, прыйшоў ляснік Максім Заруба, у чыім абходзе ён высек дубок. Прыйшоў не злосны, як можна б чакаць, а надта маркотны. Твар яго быў белы, як вымазаны мукой.

– Адабраў, брат Андрэй, ты ад мяне кавалак хлеба! – сказаў Максім. – Ад цябе я гэтага не спадзяваўся, – сказаў і невядома дзе дзеўся.

Андрэй стаяў як аглушаны. Хацеў сказаць слова – язык не варушыўся; хацеў бегчы за Максімам – ногі не слухалі. I, цяжка застагнаўшы, Андрэй абудзіўся.

Ноч, доўгая, жудасная, трывожная ноч яшчэ цяжка аблягала зямлю. Толькі што адспявалі другія пеўні, і сяло ўсё спала цяжка і глыбока. Андрэй ляжаў і тросся – так узбунтаваў яго гэты сон, і ён быў ясны, жывы і страшны. Цяжка выказаць, што рабілася цяпер на душы ў Андрэя.

За ўсе тыя часы, як ён убачыў гэты пракляты дубок, і аж да цяперашняй мінуты Андрэй ні разу не падумаў аб тым, што зараз яму прыснілася. I не было прычыны так думаць: ці мала людзі крадуць у лесе? Каб за кожную неўпільнаваную пакражу выганялі леснікоў, то іх не было б на свеце.

I чаму ж ён прысніўся, і прысніўся так нядобра? Цяпер Максім ні на момант не сходзіў з вачэй Андрэя. Андрэй успомніў, што яны з Максімам калісьці сябравалі, разам гадаваліся, разам былі на прызыве, у адзін год жаніліся і потым ужо разышліся не з-за якога ліха, а так проста разлучыліся, а сходзіліся – кожны з іх мог смела паказаць вочы адзін другому. I Андрэй першы раз пачуў, што нейкая сцяна вырасла ў гэтую ноч між ім і Максімам. Андрэю было чагосьці шкада. Чаго? Ён і сам не ведаў.

Гэта была цяжкая і неспакойная ноч у жыцці Андрэя.

 

 

IV

 

– Ну, што ў цябе чуваць? Парубкі ў лесе няма?

Максім пачуў, што па спіне ў яго запоўзалі мурашкі, нейкі холад прабег па ўсім целе. Маленькае замяшанне, і Максім цвёрда сказаў:

– Усё ў парадку.

– Ну, то хадзі ж, я табе пакажу, які ў цябе парадак.

Сказаўшы гэта, аб’ездчык, сярэдніх год чалавек, правая рука ляснічага і пярвейшы шэльма, скрыва і злосна зірнуў на лесніка і павёў яго ў лес. Максім увесь задрыжаў. Залажыўшы руку за спіну і моцна сціснуўшы стрэльбу, ён моўчкі ішоў за аб’ездчыкам. Ён добра ведае, куды вядзе яго гэты кат і што хоча паказаць яму.

«Вядзі, няхай цябе сляпога водзяць. Кланяцца табе не буду і прасіць тваёй ласкі не стану. Што будзе, то будзе», – думаў, ідучы, Максім.

– Ці не будзеш ласкаў зірнуць, – гаварыў тым часам аб’ездчык, прывёўшы лесніка на тое месца, дзе колькі дзён назад стаяў дубок. Аб’ездчык добра націкаваў гэтае месца, і ў яго наперад усё было разлічана. Нават яго далікатная прамова да лесніка была абдумана раней, каб злосна пацешыцца з таго, як будзе выглядаць Максім Заруба, стоячы перад пнём ссечанага дуба. Але працягнутая рука яго так і засталася: перад імі было гладкае месца, і вакол стаялі дрэвы, ды дзе-нідзе тырчэлі абросшыя мохам даўнейшыя пні. Максім пазіраў на аб’ездчыка поглядам чалавека, які нічога не цяміць і чакае тлумачэння.

Аб’ездчык зірнуў на Максіма. Ледзь значная ўсмешка прабегла па губах лесніка. Нават елкі, якім на гэтым месцы было крыху прасторней, здавалася, усміхаліся, пазіраючы на аб’ездчыка – такую дурную ён меў міну ў гэтую мінуту.

– Што за чорт? – сказаў ён. – Тое самае месца, а дзе ж пень?

– Мала тут пнёў? – спытаў Максім, стаўшы на прыкрыты мохам пень нядаўна ўкрадзенага дуба і паказваючы рукою на старыя пні. – Ды і сам пан стаіш як пень, – не вытрымаў Максім, каб не пасмяяцца з аб’ездчыка.

– Ты мне кпінак не строй! – крыкнуў аб’ездчык і забегаў вакол лесніка, як ганчак, вынюхваючы сляды.

Улучыўшы мінуціну, ляснік зірнуў адным вокам сабе пад ногі. У адным месцы мох адхіліўся і з-пад яго свяціўся свежы пень. Максім чуць-чуць пасунуў нагу, каб закрыць гэтую лысіну. Аб’ездчык, як каршун, зірнуў на лесніка.

– А на чым стаіш, ягамосцю?

Максім пачуў, што ён прапаў.

– Стаю, як і пан: нагамі на зямлі.

Аб’ездчык раптоўна падскочыў да лесніка, штурхануў яго ў грудзі і капануў нагою мох. Пень раскрыўся.

– Зладзюга! Лес крадзеш, сам канцы хаваеш! – як гад, сіпеў аб’ездчык.

У адзін момант усё пазелянела ў вачах Максіма і лес закружыўся, заскакаў. Доўга не разважаючы, размахнуўся ён, і яго цяжкая рука з гучным пляскам апусцілася на шчаку аб’ездчыка. Шапка зляцела ў таго з галавы, і сам ён захістаўся і паляцеў потырч носам на гэты пень. Максім накінуўся на свайго ворага і пачаў мяць яго.

– Задушу! – хрыпеў ён, як звер, сціснуўшы аб’ездчыка за горла. Аб’ездчык звіваўся, як вуж, малаціў нагамі, кусаўся. Вочы яго вылазілі з сваіх гнёздаў.

Памыкаўся ён крычаць, клікаць на помач, але голас яго не мог выбіцца з грудзей, а вакол не было ніводнай жывой душы. Адзін толькі лес, нямы сведка гэтай праявы, стаяў вакол глухой сцяной і маўчаў, не варушыўся. Відаць, ён бачыў яшчэ не такія справы, стоячы тут вякамі.

– Братка, змілуйся! За што? – енчыў аб’ездчык, страціўшы надзею выкруціцца з рук лесніка. Да Максіма вярнулася памяць і розум. З вялікаю нянавісцю зірнуў яму ў твар, борзда падняўся і сказаў:

– Ідзі, жалься на мяне, – і злосна пайшоў у лес.

Аб’ездчык падняўся, узлажыў шапку, дзіка азірнуўся вакол і кінуўся бегчы.

– Гвалт, ратуйце! – крычаў ён бегучы.

 

 

V

 

Досвіта другога дня Андрэй ужо кешкаўся ў хляве. Запаліўшы газоўку, павесіў яе на сцяне і, узяўшы сахор, Андрэй адкідаў гной ад сцяны, з таго боку, дзе было вышэй. Чорная карова з адной загарадкі, цялушка-выпустка з другой і чырвоны конік уставіліся пільна на гэтую цікавую дзею. Толькі адна свіння не хацела звяртаць увагі на Андрэя. Яна спакойна ляжала ў сваім бярлогу і, здавалася, ніколечкі не дзівілася, як бы даўно ведаючы, што і чалавек часамі бывае не лепшы за яе. Прабраўшы яму і выслаўшы яе саломаю, Андрэй перанёс сюды з гумна камлюкі, закрыў іх тоўстым пластам саломы і наверх нагарнуў гною. Скончыўшы работу, Андрэй акінуў вокам гэты куток, і на твары яго з’явілася ўсмешка здавальнення.

– Згніюць тут, калі я сам не дастану іх, – сказаў сам сабе Андрэй і спакойна выйшаў на вуліцу. Тут ён пастаяў, высмактаў люлькі са дзве, павітаўся з суседзямі і суседкамі, што ішлі па ваду, і, як чалавек, якому няма чаго баяцца, пайшоў уладжвацца каля гаспадаркі. Ходзячы па дварэ, ён нават мармытаў сабе пад нос нейкую песню: «Шапка мая магерачка».

Прайшло дні два. За гэты час не выявілася нічога такога, што б магло патрывожыць Андрэя, і ён ужо рыхтаваўся дастаць з-пад гною дубкі, каб пусціць іх у дзела. Якраз прыйшоў да яго сваяк Якім Бубен.

– Чуў ты? – гаворыць Якім. – Зарубу гоняць вон са службы.

Андрэй пабялеў. У сярэдзіне ў яго нешта заныла, як бы адарвалася, і ён пачуў, як сэрца затахкала дробна-дробна.

– Завошта? – спытаў ён.

– А хто яго ведае. Кажуць, аб’ездчыка набіў, – парубка там нейкая знайшлася ў лесе, ну і завяліся. А можа, так абгаварыў яго аб’ездчык, хто іх там разбярэ... От прасіся за лесніка, – закончыў Якім.

– А! – махнуў рукой Андрэй. – Служачы хлеб – сабачы.

– Ну, не кажы гэтага. Можна, брат, жыць лепш, як на гаспадарцы: паша – дарэмная, дровы – дарэмныя, поле, сенажаць – сякі-такі абрывак, – жыць можна.

– Э, брат Якім, дзе ён ёсць – лёгкі хлеб? Добра служыць з добрымі людзьмі. А калі пачнуць кусаць адзін другога, то доўга не паслужыш... За які-небудзь паршывы дубок, зжалься Божа...

Тут Андрэй запнуўся.

– Не, лепш, брат, не знаць такога хлеба.

Якім бачыў, што Андрэй не хоча, не мае ахвоты быць лесніком. Ну, яго воля.

Усё сяло гаманіла пра Максіма, разбірала яго справу на ўсе лады. Адны трымалі руку Максіма, шкадавалі яго; другія – наадварот, былі рады, бо зайздросцілі яму. А наогул нікога блізка не чапала тое, што чалавек страціў кавалак хлеба, і нікога не цікавіла, як ён страціў яго. Пра гэта ведаў адзін толькі Андрэй. Але ўсё тут павярнулася так, што яму не выпадала падзяліцца з людзьмі сваімі думкамі. Гора не ў тым, што людзі не прымаюць нашых думак або насміхаюцца з іх: тут мы можам хоць цешыць сябе тым, што нашы думкі калі-небудзь знойдуць для сябе лепшы грунт, ці тым, што людзі яшчэ не дараслі да іх, і ўсё ж такі мы можам смела гаварыць іх, крычаць, не саромеючыся паказаць іх перад вачыма ўсяго свету. Але цяжка таму, хто не можа смела сказаць аб сваіх думках, хто баіцца вынесці іх з свае душы на людскі суд і хто мусіць насіць іх, як атруту на сэрцы. Такія нядобрыя думкі апанавалі цяпер Андрэя. Як-ніяк, а ён быў прычынай таго, што чалавека выпіхаюць вон на зіму без кавалка хлеба... Але Андрэю яшчэ не верылася, што гэта праўда. Яму зрэдку думалася, што ўсё гэта можа яшчэ ўладзіцца і Максім застанецца. А можа тут хаваецца зусім іншая прычына? Гэтыя думкі на момант супакойвалі Андрэя, і ён уважна прыслухоўваўся, што гавораць людзі. На другі дзень не заставалася ніякага сумнення, што Максіма гоняць. Цяпер пачалі гаварыць ясней і аб прычыне, па якой яго выганяюць. Максім, казалі, прадаў дубок у лесе.

Моташна было Андрэю слухаць такія гутаркі – проста свет здаваўся яму нямілы. Здаецца, узяў бы, завязаў вочы і ішоў бы няведама куды, абы знайсці заспакаенне, абы не чуць той згрызоты, што была на яго сэрцы.

I чаго яму было лезці ў гэты лес? Сядзеў бы сабе спакойна і гора не знаў бы.

Эх, здаецца, каб нічога гэтага не было, каб яно толькі прыснілася яму! Усё б было добра, каб не гэты дубок.

 

 

 

VI

 

Як толькі настаў вечар і добра сцямнела, а людзі крыху аціхлі, Андрэй зноў пайшоў у хлеў, адгарнуў гной і павыносіў камлюкі на дрывотню.

Відаць, Андрэй нешта надумаўся. Прыхіліўшы камлюкі да сцяны, Андрэй доўга пазіраў на іх. Хвацкія камлюкі. Важнецкія выйшлі б спіцы для колаў. А паліцы на сохі!.. На момант Андрэй забыўся аб тым, чаго ён прыйшоў. Пастаяўшы, узяў самы тоўсты кавалак дуба, палажыў яго на плечы і панёс у Нёман. Гэта была яго ахвяра сумленню, гэтым хацеў ён выкупіць свой грэх перад Максімам і вярнуць спакой душы. Несучы камлюк, Андрэй раздумваў над тым, ці добра ён робіць, ці ёсць тут які-небудзь толк. Ногі яго ішлі павольней, колькі разоў ён азіраўся – ці не лепш вярнуцца ды зноў схаваць?

– Э! – казаў сам сабе Андрэй. – Збуду з галавы гэты клопат, раз пакончу з гэтым ліхам! – I борзда пайшоў на бераг Нёмана.

Апусціўшы павольна камлюк, Андрэй узяў яго за адзін канец, а другі апусціў у ваду. Нёман зараз жа падхапіў яго на свае плечы, і Андрэй адразу пачуў, як стала лягчэй у руках. Тут ён з усёй сілы штурхнуў камлюк на ваду. Дубок стралой памчаўся на сярэдзіну, толькі гладзенькая палоска вады абазначыла яго след, і ён прапаў у халодных і чорных ад змроку хвалях Нёмана.

– Якому ж лысаму чорту гатаваў я гэты дубок?! – крычала нешта ў Андрэю. – Для каго я выпакутаваў яго сваёй крывёй? Хто спажыве боль мазалёў маіх?

I Андрэй забегаў па беразе Нёмана. Ён пабег наніз, туды, дзе за нортамі прыгожа разлёгся шырокі гак, у надзеі, што вада вынесе камлюк дуба на бераг... Бегучы, Андрэй папаў ў вырытую свіннямі яму і ўпаў, ляпнуўшыся жыватом, на халодную і мокрую зямлю. Падняўшыся, ён зноў пабег. Вось і гак. Але ноч была такая цёмная, што нічагусенькі не было відаць. На другім беразе глуха шарахцеў вецер у сухіх лозах і чаротах. Халодная, як жалеза, вада плюхала ў пустыя берагі і ўсхліпвала, як маці, страціўшы дзяцей сваіх... Пастаяўшы колькі мінуцін, Андрэй пайшоў дадому. Раз пачаў, – трэба канчаць. Усё роўна не на карысць яму вырас гэты дубок. Андрэй узышоў на свой двор.

– Андрэй, гэта ты? – аклікнуў яго голас.

– Я, – азваўся Андрэй.

– Дзе цябе чэрці душаць? – спытала сярдзіта жонка. – Вячэра даўно стыне!

– Чорт не возьме тваю вячэру, – адказаў Андрэй і палажыў на плечы два кавалкі дуба.

– Куды ты іх валачэш?

– Не табе ведаць.

Жонка змоўкла, а Андрэй зноў пайшоў на бераг. Ён быў злосны, ішоў борзда, а жонка назіркам рушыла за ім. Яна зацікавілася, куды нясе Андрэй гэтыя камлюкі. Спыніўшыся на беразе, Андрэй паўкідаў абодва кавалкі ў ваду. Жонку ўзяў нейкі страх. Ні слова не гаворачы, яна пабегла дадому. Ёй здалося, што Андрэй звіхнуўся з розуму.

Праз паўгадзіны Андрэй вярнуўся. Моўчкі зняў ён шапку, расперазаўся, павесіў світку і сеў за стол.

Жонка не ўтрывала і пачала распытваць.

– Ат, не дуры ты мне галавы, – адмахнуўся Андрэй.

– Ну, ці ж ёсць у цябе розум! Навошта ж было сеч? Каму з гэтага карысць?

– Чорту лысаму! – сказаў Андрэй.

– Толькі ж чорту... Хіба іх агледзеў хто? – не адступалася жонка.

– Во дзе яны ў мяне сталі, камлюкі гэтыя! – сказаў Андрэй і паказаў рукой на горла. – Чалавека вось выгналі з-за іх, а ты...

– Дык ты вярнуў яго гэтым?

Андрэй не знайшоў што сказаць, маўчаў.

 

 

VII

 

Яшчэ больш заблытаўся Андрэй. Толькі цяпер ён пераканаўся, што кідаць камлюкі ў ваду была дурная выдумка. I праўда: ці вярнуў ён гэтым Максіма на службу? Ці вярнуў сабе спакой? I хіба можна адкупіцца ад сумлення тым, што ён пакідаў у ваду камлюкі? «Дурань я», – думаў Андрэй, трасучы карове трасянку. Ухадзіўшыся, Андрэй выйшаў на вуліцу. Вось ужо колькі дзён ён староніцца ад людзей і жыве толькі сам сабой, сваімі думкамі, што так моцна стамілі яго душу. У сяле, у тым месцы, дзе вуліца выходзіць да Нёмана, стаяла даўней старая карчма. Гэтая карчма, бывала, бітком была набіта людзьмі. Сюды сходзіліся і ў радасці, і ў горы; тут была гарэлка, якая, як кажуць знайкі па часці выпіўкі, была і крапчэйшая, і таннейшая, і шмат прыямнейшая ад цяперашняй манаполькі. Па старой памяці сюды ўсё яшчэ цягнула сялян гэтае месца, дзе калісьці стаяла карчма, ад якой застаўся адзін толькі падмурак; тут стаялі яны, усунуўшы ў зубы цыбукі і схаваўшы рукі ў рукавы кажухоў, пад адкрытым небам. I гэтым разам былі тут мужчыны, і сярод іх ішла сур’ёзная гутарка. Андрэй стаяў здалёк адзін і не адважваўся падыходзіць бліжэй. Раптоўна ён задрыжаў: у гэтай кучцы сялян быў Максім Заруба. Андрэй быў павярнуўся, каб ісці назад, але яго цягнула нейкая сіла да гэтай кучкі. Патаптаўшыся момант на адным месцы, ён зноў павярнуў назад. Максім стаяў і штосьці гаварыў. Аб чым ён гаворыць? Андрэй не мог больш працівіцца жаданню ведаць, што гаворыць загублены ім чалавек, і падышоў. Яму здалося, што людзі глядзелі на яго так, як бы ведалі ўсю справу з дубком. Андрэй прывітаўся з сялянамі агульным «дзень добры», а Максіму працягнуў руку і нясмела сказаў:

– Здароў, Максім!

– Здароў, брат Андрэй! Ну, Андрэй, – сказаў Максім, – прымай, брат, у падсýседзі.

Сэрца ў Андрэя так і апала: няўжо Максім ведае, што ён, Андрэй, ссек дубок – чаму загаварыў аб падсýседстве? Не! Каб ведаў, то наўрад бы падаў яму руку, не толькі што звярнуўся б да яго з такой просьбай.

– Завошта ж, брат, цябе выдалілі? – спытаў замест адказу, нібы нічога не ведаючы, Андрэй.

– Тырчэў на дарозе пень, пакуль за яго не чапляліся, а сталі чапляцца – пню не ўтрымацца.

– Дык не за дубок адмовілі ад службы? – з жарам спытаўся Андрэй, і вочы яго прасвятліліся.

Максім нахмурыўся, як бы цень лёг на яго лоб.

– Скуль ты ведаеш аб дубку?

– Каму і ведаць, як не Андрэю, – пажартаваў Стаська Гук.

Андрэй замяшаўся, пабялеў і сказаў:

– Так гавораць.

Андрэй зірнуў на Максіма. За апошнія часы Максім асунуўся, пахудзеў. Вочы яго глыбока запалі. Відаць, многа горкіх думак, трывогі і клопату перамітусілася ў яго мазгах. I было з чаго: што злога ён зрабіў? За чыю віну паплаціўся? I куды дзецца цяпер? Андрэй, як злачынец, апусціў галаву. Момант, і ўвесь здрыгануўся, падняў галаву, кінуў усіх поглядам.

– Максім, братка! Гэта за мяне ты пакутуеш: гэта я ссек дубок! Рабі са мной, што хочаш. Бі, катуй мяне!

Усе змоўклі і пазіралі на Андрэя.

– Няхай будзе пракляты той час, калі я першы раз зірнуў на гэтае няшчаснае дрэва. За што цярпіш ты?

Максім горка ўсміхнуўся.

– Ты ссек дубок? Вось ніколі не спадзяваўся!.. Э! Цяпер ужо ўсё роўна. Табе можа і лягчэй, а мне – адзін чорт. Ды калі напраўду выйшла, то ты не такі ўжо вінаваты, як табе здаецца... О, каб я цябе злавіў у лесе, то быў бы другі рахунак. А цяпер твая споведзь паможа мне як мёртваму кадзіла.

– Паможа, паможа! – закрычаў Андрэй. – Я пайду ў лясніцтва і раскажу ўсю праўду. Няхай мяне судзяць, няхай забяруць апошнюю карову, няхай пухнуць з голаду дзеці, не кажы толькі, што Андрэй цябе загубіў.

Андрэй крута і з сілай павярнуўся.

 

VIII

 

– Смейцеся, добрыя людзі: здурнеў зусім чалавек! – пачакаўшы з паўгадзіны, чуўся жаночы голас каля Андрэевай хаты.

Андрэй, апрануўшы кажух і ўзяўшы палку, выйшаў з двара на агароды, каб не ісці вуліцай, а жонка стаяла каля парога і адчытвала яго.

Андрэй маўчаў. Твар яго быў сур’ёзны, важны і спакойны.

– Вярніся, вярніся, Андрэй, – не ўнімалася жонка.

Андрэй не слухаў і сігаў далей, не азіраючыся.

– Божа мой! Што з ім сталася? Пагібелі сабе і дзецям шукае чалавек... Каб ты ногі паламаў, каб ты дарогі не бачыў! Вярні-і-ся!

Жонка яшчэ доўга плакала і галасіла, а Андрэй тым часам мінуў ужо сяло і выйшаў на дарогу. Вакол рассцілалася поле, голае, пустое, абабранае. Збоку пацягнуўся луг паабапал Нёмана. Там і сям стаялі парыжэлыя стагі. Далей перад Андрэем пачынаўся лес, праз які ішла дарога. А над усім гэтым вісела хмурнае неба, як кепска зааранае поле. На ўзгорках патыхаў халодны паўночны вецер, гразь сціскалася марозікам, пад нагамі цвярдзела. Гадзіны праз паўтары Андрэй быў у лясніцтве.

За сталом у канцылярыі сядзеў стары ляснічы. Гэта быў няўступчывы чалавек, з якім было цяжка дайсці да ладу.

Пераступіўшы парог канцылярыі, Андрэй нізка пакланіўся. Ляснічы кіўнуў галавой і зноў стаў пісаць. Потым павярнуў галаву да Андрэя. Пажаваўшы сківіцамі, пан запытаў:

– А што скажаш, чалавеча?

– Панок! – сказаў Андрэй і ўвесь падаўся наперад. – Дарэмна пакаралі Максіма Зарубу: я ўкраў дубок! – тут Андрэй злажыў на крыж пальцы і пацалаваў іх. – Пакарай мяне Бог, калі я са згоды Максіма высек гэты дубок.

Ляснічы, вытарашчыўшы вочы, пазіраў на Андрэя. Пажаваўшы сківіцамі – такі быў звычай у старога пана: жаваць сківіцамі перад тым, як гаварыць, – ён сказаў:

– А заўважай, небарача: ты, гаворыш, дуб высек?

– Я, я, паночку!

– Гм, то які ж бы ты быў гаспадар, каб не краў у лесе? – спытаў ляснічы.

– Панок, залаценькі! Даруй, панок, Максіму! Я вінаваты, штрафуйце, судзіце мяне. За што ж будзе нявінны чалавек цярпець?

– Табе Максім не сваяк?

– Не, панок, не свой.

– То, мусіць, ён цябе падгаварыў?

– Панок, грэх гаварыць гэта! Максім нічога не ведаў. Толькі сягоння пры людзях я прызнаўся яму, і сам сабою прыйшоў да пана. Даруй, паночак, Максіму. Няхай лепш мяне пан судзіць. Я вінаваты, і я павінен адпакутаваць.

– Ха-ха-ха! А заўважай, небарача: смешны ты чалавек. Вось жа не буду ні штрафаваць, ні ў суд падаваць, калі ты гэтага просіш. А Максіма не прыму, бо ён забіяка, разбойнік.

Доўга прасіў Андрэй ляснічага, але пан быў цвёрды і стаяў на сваім.

...Грудкі хмарак разгладзіліся, неба пабялела, і пасыпаў дробненькі сняжок, як Андрэй ішоў з лясніцтва. Усю дарогу разважаў Андрэй у сваіх думках. На душы яго стала спакайней, як пасля кожнай буры. А снег усё падаў гусцей: зямля забялелася. Лес стаяў спакойны, толькі ўгары шумелі паціхеньку хваёвыя галінкі, як бы віталі першы сняжок. А можа яны шапталі што Андрэю, як шэпча маці, схіліўшыся над дзіцем, расказвалі сваёй мовай аб тым, што Андрэй сапраўды не такі вінаваты, як гэта крычыць яму кожную хвіліну чулае сумленне. Эх, лес! Колькі чаго давялося бачыць яму на сваім вяку. Многа ён ведае ўсяго! I каб Андрэй расчытаў яго гутарку, то зусім бы інакш пазіраў на свет.

I ўспомнілася Андрэю старая казка, якую даўно-даўно, у шчаслівыя гады яго дзяцінства, расказвала нябожчыца бабка.

«Скінула неба на зямлю дзіўны клубок. Усіх карміў гэты клубок, і карміліся ім людзі, карміліся звяры, і птушкі, і розныя маленькія жывёлінкі, бо для ўсіх прызначыла яго святое неба. I ўсе жывіліся, і для ўсіх яго ставала. Пазайздросціў гэтаму злыдзень, і немаведама дзе дзеўся дар неба. I цяжка стала жыць на свеце. Зямля пачала бяднець і спустошвацца. Дзе былі даўней шырокія рэкі, там засталіся цяпер ледзь значныя палоскі вады; дзе і зусім яна высахла – парабіліся пустэчы. Лясы сталі зводзіцца, развёўся бруд, што накінуўся на чалавека і стаў піць яго кроў. Зямля пачала кепска радзіць: пайшлі па свеце паморкі, паўстала сварка, калатня, бойка. Людзі сталі трывожныя, неспакойныя, усё чагось спадзяюцца, чагось шукаюць, да чагось прыслухоўваюцца. Само неба спахмурнела і адвярнула ад зямлі свой воблік».

Лес скончыўся. Вось бераг Нёмана. Вярсты дзве адгэтуль угару пакідаў Андрэй дубкі. Ён ішоў берагам, прыглядаўся, як бы чагось шукаў. Вакол было пуста. А снег усё сыпаў і сыпаў.

 

[1913]




Беларуская Палічка: http://knihi.com