epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Малебен

Як свет наш зʼявіўся,

Людзьмі засяліўся,

Ад сівага веку

Не знаў чалавека, –

Магу пабажыцца,

Магу залажыцца, –

Каб ён так маліўся.

 

Адслужым малебен.

Ці ж цар нам патрэбен?

Патрэбен ён, братцы,

Як прус у аладцы,

Як у мосце дзірка,

Як з гразі зацірка,

Як скула балячцы.

 

І меў ён адвагу

Цароў зваць ў Гаагу,

Каб войн не вялося,

Крыві не лілося.

Ці ж гэта не смешна –

  Зрабіць так паспешна,

Ці чулі брадзягу?

 

Хваліўся бясконца,

Йдучы на японца,

З мікады смяяўся,

Ды ўсім выстаўляўся,

Ды кідаў мільёны,

Слаў ён іконы, –

Без флоту застаўся!

 

Вось цар занудзіўся,

  Што сын не радзіўся.

Беглі гадочкі,

Раджаліся дочкі.

Раздаў цар мільёны

На цэрквы, на звоны:

– Сына прасіце, папочкі!

 

Трасліся ўсе муры,

Папы лезлі з скуры –

Кадзілам махалі,

Чыталі, спявалі,

  Трывожылі Бога, –

Не выйшла нічога:

Усе модлы прапалі.

 

Раскрыпт цар надрэпаў,

Зʼявіўся тут Трэпаў

Для ўсіх нечакана,

Як воўк з-за кургана.

І стаў ён пасрэднік, –

Радзіўся наследнік,

Але ці Раманаў?

 

  Вось ліха наперла,

«Крамола» не змерла, –

Не жыць з залатоўкі.

Пайшлі забастоўкі,

Паўстаў люд убогі,

Пасталі дарогі.

Цар бачыў вяроўку,

 

Пусціў ён у порткі.

Падбег Вітэ вёрткі,

І Рыман, і Міны,

  Розныя скаціны...

Нагайкі, расстрэлы

І лес штыкоў цэлы, –

Цягнуць людзей на асіны.

 

Пануй, Мікалае,

Часіна такая,

Трымайся прастола,

А будзе вас гола.

Закончан малебен,

Ты нам не патрэбен,

Другі і апошні Мікола!

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910