epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мяцеліца

Сівыя хмары неспакойна забегалі па небе, як вогеры па вадзе. Падняўся вецер, густа і працяжна зашумеў стары лес на ўсе галасы. А хмары бягуць, сцелюцца ніжэй, гладчэй, раўней і аблягаюць усё неба. Пасыпаўся снег мільёнамі камячкоў дробнага, мяккага пуху. Залёталі, закружыліся яны халодным пылам. А вецер крапчае, уздзірае снег знізу ў полі, падымае яго ўгору, круціць стаўбамі, і белы віхар снежнага пылу далёка прамчыцца па полі. Свішча вецер, нясе белы пыл у кожны куточак, у кожную дзірачку, круціцца, налятае з усіх старон і ўсё, што ні сустрэне на сваёй дарозе, абсыпае халодным снегам. Неба мяшаецца з зямлёю. Усюды, куды ні глянь, бель і бель, і не можа вока абняць гэту белую сцяну. А як заліваецца вецер у полі! Свішча ён у платох дзікім зверам, уздзірае саломеныя стрэхі, налятае на голыя адзінокія дрэвы, варочае кожную іх галінку, кожны сучок, і дрыжыць усім сваім целам беднае дрэва.

Што за песні спяваеш ты, вецер? Многа нуды і жалю ў гэтых свабодных, размашыстых тваіх песнях! Аддаюцца яны ў сэрцы дзікім разгулам не знаючай стрымання злосці, нудным стагнаннем пакутніка-бедака, горкімі слязьмі, няўцешным жалем няшчаснае мацеры над магілкаю свайго дарагога дзіцяці, ціхаю скаргаю долі мужычае! Аб чым жа ты плачаш, свабодны вецер? Цесна табе тут? Мала прастору тваім шырокім крылам?

Борзда насыпаюцца гурбы, снежныя курганы, гіне дарога, усё зліваецца ў адну белую пялёнку. Страх нападае на душу дарожніка, каторага захопіць кудаса (уюга) у дарозе.

О, не давядзі Божа збіцца з дарогі ў полі і слухаць гэтыя свабодныя, гэтыя дзікія песні ў час буры і ўюгі.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5