epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мяцеліца

Нізка звіслі над зямлёю

Хмары снегавыя,

Свішча вецер за сцяною,

У коміне вые.

 

Лес гудзе, дрыжаць галіны,

Стогне бор хваёвы,

Злосна выюць верхавіны,

Гнуцца іх галовы.

 

Белым пылам даль закрыта,

  Ходзяць віхры вірам,

Прасяваюць снег на сіта

У бясконцай шыры.

 

Як разнімуць крылле-раме

Ды як задурэюць,

Следам гурбы курганамі

Стануць на сувеях.

 

Эх, гуляюць віхры ў полі,

Ветравыя дзеці!

Як зайздрошчу я іх долі —

Вольна песні пеці!

 

Ой, ты, вецер, сын прастору!

Ты ж аб чым галосіш?

Ці не гэта маё гора

Ты ў палях разносіш?

 

10/І 1910


10.01.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910