epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Міхасю

31/1 1943 г.

Шкода, сынку, што зноў я ў дарозе,

Што ў дзень гэты я зноў адзінок,

Ды я ў мыслях стаю на парозе

І віншую цябе, мой сынок.

 

А чаго ж я табе пажадаю

У твой дзень, што закончвае год?

Пажадаю — да роднага краю

Нам сабрацца ў шчаслівы паход.

 

Ды каб Юрку свайго мы сустрэлі,

Ды каб ён быў здароў і шчасліў,

Каб збыліся сны-мары на дзеле,

Аб якіх ты гадаў або сніў.

 

Абнімаю цябе я, мой сыне,

Да гарачага сэрца тулю.

Дык расці ж нам на радасць, краіне,

Каб праславіў ты нашу зямлю.

 

31/І 1943


31.01.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945