Выходзь, люд рабочы, на сваё свята,
Пад сцяг баявы Інтэрнацыянала!
Каб дружба народаў жыла, красавала,
Як майскае сонца,— ярка, багата!
Няхай варʼяцеюць змоўнікі, ка́ты,
Прыслужнікі чорнага шалу:
Мы вырвем змяінае джала —
Рука справядлівай помсты паднята!
Развеецца ў прах фашысцкая зграя,
Мара́, што агонь вайны раздзімае
І ладзіць працоўным аковы.
На ўсходзе ірдзее зара маладая,
І сцяг узаўецца сусветнага Мая
Над святам, як золак маёвы.
25/IV 1937