epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Могілкі

 

 

За вёскай, у полі на ўзгорку, прытуліліся мужыцкія могілкі. Цэлы лес крыжоў, простых драўляных крыжоў, пахіліўшыхся, абросшых мохам, высокіх і нізкіх, гнілых і здаровых, ясна і панятна гавораць аб тым, што многа тут пахавана беднага, змардаванага цяжкаю доляю люду. Невялікія могілкі, абкопаныя валам, размытым дажджом, абвеяным ветрам, нудна пазіраюць сярод пясчаных мужыцкіх палеткаў. Дзе-нідзе гнілое бярвенне даець знаць, што тут калісь-то быў загароджаны паркан. Кучкі насыпанай зямлі, абложаныя дзёрнам і каменьчыкамі, паказваюць мейсца пахаваных. Сумна скланіліся драўляныя крыжы над гэтымі кучкамі, на каторых ляжаць прыклады з дрэва ці проста камень. На гэтых каменнях, чуць абгладжаных з аднаго боку, напісаны простыя словы, каторыя трудна разабраць – так скора ліняюць яны і змяняюць свой абраз. Іншыя крыжы чуць толькі трымаюцца ў зямлі на сваёй гнілой, пакрытай кучкамі белага моху назе. Многа іх, струхлеўшых, пападала на зямлю.

Некалькі рэдкіх дрэў блішчыць на могілках: хворая, каржакаватая хвойка, маладзенька бярозінка, нахіленая на адзін бок, з белым камяльком і зялёнымі лісточкамі, кучка маладзенькіх ліпак, клён. Нудна трапечуць яны сваімі лісточкамі, усё роўна як плачуць на сваю долю, што пасадзілі іх на могілках. А вецер трэпле стужкі і фартушкі, прывязаныя да крыжоў, і адзін толькі плача па нябожчыках, пралятаючы над могілкамі.

Нудна на мужыцкіх могілках! Нудна і само ты, мужычае жыццё, і нудны ты, вечны мужычы пакой!

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5