epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мурашкі

 

Абсохла зямля. Дзе-нідзе стала паказывацца зялёненькая травінка. На прыгорку, у лесе, весела гойдае сіняю галавою першая вясенняя кветка – сон. У яго касматай галоўцы ўжо поўзае пчолка, цалуе яго сінія лісточкі... Усё варушыцца, прачыхаецца ад зімняга сну і холаду, усё хоча глянуць на высокае сонца, што так шчыра аблівае яшчэ мокрую зямлю сваім цёплым, добрым светам. Сагрэла сонейка і мурашнік, каторы паўгода быў засыпаны снегам. Пачула цяпло і працавітая мурашка. Выпаўзла яна з зямлі, дзе сядзела ўсю зіму; за ёю выпаўзла другая, трэцяя. Вот ужо іх цэлая тысяча таўчэцца, грэецца на сонцы. Пагрэліся – і зараз за работу, давай папраўляць сваю хату, папсованую снегам. А яшчэ дзянькі праз два-тры папаўзуць яны ў лес збіраць кусочкі хвоек, смолку, што скінула старая хвоя. А пападзецца на дарозе жук або хрушч, палепяцца яны за яго і павалакуць яго да сваёй хаты. Працавітае стварэнне – мурашка. Многа чаго ёсць павучыцца ў яе гультаю.

 

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5