epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мужык i цыган

Ішоў мужык з цыганом. Пустая торба ў аднаго і ў другога. Есці абодвум хочацца, хоць зубамі ляскай. На іх шчасце ехаў пан на маёўку. Вёз ён з сабою ўсякай яды і закускі. З брычкі выкінуўся ўжараны гусак. А цыган з мужыком як ішлі, дык і знайшлі шчаслівую знаходку. Аж сліна пацякла ў іх з рота, як глянулі яны на гусака. Кінуўся цыган на хітрыкі.

– Вось што, браце, — кажа ён мужыку, — як будзем мы есці ўдвух, то ні ты, ні я не наямося. А мы зробім так: ляжам спаць, і хто сасніць лепшы сон, той няхай бярэ ўсяго гусака.

– Добра, — кажа мужык, пачухаўшы патыліцу.

Звярнулі яны з дарогі, выбралі цянёк і паляглі. Цыган зараз і захроп, быццам спіць. Але дзе ўжо той сон пойдзе на пусты жывот. Не спіць цыган, хоць і храпе, усё думае, які бы выдумаць сон. А мужык тым часам скраўся паціхеньку, за гусака, адышоўся за куст, каб не бачыў цыган, і стаў уплятаць гусака за абедзве шчокі. Толькі адны голенькія костачкі асталіся ад панскага гусака. Напіўся мужык з крыніцы вады, лёг, адразу заснуў. Спіць як пшаніцу прадаўшы. Устае цыган, будзіць мужыка.

– Уставай, браце! Спі, не спі, гэтага не сасніш, што сніў я.

– Што ж ты там сніў? — пытае мужык, падняўшы галаву.

– Ого, што я сніў! Сніў я, браце, здаецца стаяць драбіны, высокія, аж да самага неба. Я гэта на драбіны, здаецца, лезці ды лезці — узлез аж на самае неба. Бачу, на небе Бог, каля Бога ангелы. Бог пʼе гарбату; ляжыць сала. Падклікае, здаецца, мяне Бог, частуе гарбатаю, салам...

— Дык я бачыў, — перапыняе яго мужык, — як ты палез на неба, бачыў, як піў гарбату. Чаго ён пойдзе сюды? — думаю сабе. — Няўжо ж ён будзе есці гэтага няшчаснага гусака пасля гарбаты і сала? I чаго ён пойдзе сюды? Узяў я, браце, ды прыняў драбіны, думаў, што ты не вернешся адтуль, і гусака зʼеў. I як ты злез адтуль без драбін, чорт цябе ведае.

I асталося беднаму цыгану смактаць голыя косці.

 

[1906–1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7