epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мужык і клёпкі

(Са зборніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»)

У мужыка была кадушка

Як на дзіва,

Служыла доўга, справядліва.

Прыйшла пара – згніла старушка:

Абруч рассохся, дно струхлела, –

Пакою, мусіць, захацела.

Мужык яе не шанаваў:

Яна ляжала,

Дзе папала,

        І дождж не раз яе змываў.

А клёпкі шчэ былі здаровы:

Уставіць дно, абруч даць новы –

Клёпкі зноў служыць гатовы.

І кажуць клёпкі мужыку:

– Хадзяін, помніш службу нашу?

Ў кадушкі сыпаў ты муку,

Ссыпаў авёс, муку на кашу...

Знімі ты з нас абруч трухлявы,

І дно устаў ты нам другое,

        І выкінь к чорту круг дзіравы!

– Ды гэта бунт, ці што такое?!

Катора з вас тут зразумнела?

Абруч з іх зняць! Не ваша дзела!

Ды чорт вас потым пасартуе!

(Што больш крычыць, дык больш сярдуе).

Кадушку сам мужык стаў ладзіць.

Узяў сякеру, клін дубовы,

Прынёс абруч ён, праўда, новы –

На абруч – абруч ён садзіць,

        Каб потым дно дастаць смялей.

Абруч узгоніць – дна не выне,

Дно дастане – абруч скіне.

Ну, як мыш, ўпацеў Андрэй!

– Хадзяін! – клёпкі моляць.

– Клікні бондара сюды;

Годзе нас ты ўжо няволіць –

Бʼеш абухам не туды.

Прыйшоў і бондар, смела ўзяўся...

– Памалу, рыла! Як ты бʼеш?

        Мужык на двор весь раскрычаўся:

– Нашто абруч ты дастаеш?!

І давай яны сварыцца.

Майстра вон прагнаў мужык.

Зноў давай ён сам трудзіцца –

К рабоце, блага, ён прывык.

Работа простая, здаецца,

А мужык над ёю бʼецца.

 

Красавік, 1907


04.1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910