epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мужык i пан

Паслаў пан свайго мужыка (за паншчынай было дзела) з пісьмом да другога пана.

Засунуў мужык пісьмо за пазуху і пайшоў. Якраз на дарозе сустрэў ён таго пана, да каторага ён ішоў з пісьмом. Вымае мужык з-за пазухі скамечанае пісьмо і падае яго пану, не скінуўшы шапкі. Гэта пану не спадабалася.

— Скажы ты мне, чалавеча, ці ў твайго пана няма лепшых людзей, што ён паслаў да мяне цябе, дурня?

Хацеў спагнаць сваю злосць на мужыку пан.

— Чаму няма?! — кажа мужык. — Ёсць, але лепшых людзей і разумнейшых ён паслаў да лепшых і разумнейшых паноў.

 

[1906–1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7