epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Мы маўчалі, як нямыя..."

(Са зборніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»)

* * *

 

Мы маўчалі, як нямыя,

Мы ўздыхалі ўсё цяжэй,

Грызлі думкі нас благія,

Слёзы падалі з вачэй.

 

Мы хадзілі, як уночы,

Сярод мукі, сярод зла;

Туманы сляпілі вочы,

Цемра хмар на нас лягла.

 

З нас нямала жартавалі,

Той нас крыўдзіў, гэты сек.

Годнасць нашую тапталі,

Ў нас заплёван чалавек.

 

Хай святло навукі яснай

Заблішчыць, як сонца ўсход,

Няхай родным словам шчасна

Загаворыць наш народ.

 

Няхай будзе вечна згода,

Няхай згіне цемень, гнёт,

Ці мы пасынкі народа?

Ці ж мы прокляты народ?

 

1906–1907


1906-1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910