epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На чужыне

Край далёкі, край чужэнькі

Каля гор Урала!

Ты зжыла век маладзенькі,

Смерць тут напаткала.

Хто ж пакажа матцы роднай,

Бежанцы пахілай,

Крыж над ямаю халоднай,

Доччынай магілай?

 

Хто раскажа, як ты млела,

Як душой знывала,

Як на свеце жыць хацела,

Бо жыла ты мала?

 

Рвалась сэрца к родным гоням

Птушкай лёгкакрылай,

К светлым рэчкам, ціхім тоням

Белай Русі мілай.

 

Толькі ж выпаў не па сіле

Крыж табе, дзяўчына,

І ўлажыла спаць ў магіле

Жорсткая чужына.

 

І нікому не вядомы

Будзе лёс твой горкі,

І не ўчуюць спеў знаёмы

Родныя пагоркі.

 

Ты сканала, і разрухі

Больш не будзеш бачыць.

Хай хоць ветры-завірухі

Па табе паплачуць.

 

1916


1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938