epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На дарозе жыцця

 

 

АСОБЫ:

 

Кабета.

Дзяўчына.

Васіль, сын кабеты.

Падарожны.

 

Шырокі шлях. Дарогі і сцежкі распаўзаюцца ва ўсе бакі. Пасярод дарогі стаіць стары сагнуты крыж. Збоку чарнее высокі лес. Па шляху калі-нікалі праходзяць падарожныя. Вечарэе, ноч паволі апускаецца на зямлю. На шлях ціха выходзіць жаночая постаць.

 

Кабета (азіраецца вакруг). Якой жа дарогі трымацца цяпер? У які бок пайсці?.. І ногі мае адняліся... Дзе б прысесці? (Садзіцца на прыдарожны камень.) Адзначыў мне Бог святы ў адвечнай кнізе жыцця вялікае гора. У сваёй нязмернай добрасці і справядлівасці асудзіў ён мяне на доўгае-доўгае блуканне. Божа! Ці будзе калі канец майму бадзянню, маёй паняверцы і знявазе? (Цяжка ўздыхае.) І не памятаю ўжо, калі выйшла я на гэту дарогу пакуты, пагарды, знявагі (нізка схіляе голаў, доўга і моцна задумваецца). Сказаў мне Бог святы, што тады толькі скончыцца мая дарога пакуты, толькі тады я выйду на прасторную пуціну і пазнаю радасць доўгажаданага спачынку пасля труднай дарогі, калі пазбіраю я дзетак сваіх. Дзе ж вы, мае дзеткі? Пакінулі вы мяне і разышліся па свеце, а я хаджу, шукаю вас, каб зноў сабраць вас у адну сямейку. (Углядаецца на дарогу.) Там ідуць. Ідзе пара, мабыць жаніх са сваёю маладою... Ах, як хораша яны ўбраны! Як яны молады і прыгожы... (Пільна ўглядаецца, другім голасам.) Што гэта? Ці не абманываюць мяне мае старыя вочы? Як падобен гэты паніч да майго Васіля!.. Божачка! ды гэта ж мой Васіль! Гэта — ён, ён! (Кідаецца да яго.) Васіль! Васіль! Сонейка маё!

Дзяўчына. Ах, Божа! Якая мілая старушка і як яна бедна! Вася! Гэта твая маці?

Васіль (у замяшанні). Адступіся, старая, не стой на дарозе! (Ласкавей.) Ты абмылілася, старэнькая: я не ведаю цябе.

Маці. Васілька, Васілёчак! Ты зірні мне ў вочы, зірні, саколік, хоць адзін мамэнцік. Падымі твой капялюшык! На галованьцы тваёй над праваю броўкаю ёсць маленькі шрамок. Помніш, Васілёк, ты маленькім бегаў па лаве, аступіўся, скінуўся на землю і ўпаў галованькай на чарапок, з каторага елі мешаніну куры. (Працягвае руку, каб зняць капялюш.)

Васіль (хапае за руку). Прэч рукі, шалёная кабета! Ты забрудзіш мне капялюш. Чаго прывязалася, старая? Прыстань да багатага — ён больш дасць табе! (Дастае партманет, вымае срэбраную манетку.) На, вазьмі, старая, і ідзі з Богам!

Маці (хавае назад рукі). Я не жабрачка, сынок, і не прашу ў цябе міласціны. Я на цябе ўсё аддала: набытак свой і здароўя не шкадавала свайго, каб вывесці цябе ў людзі. Ты унь якім стаў прыгожым панічом і хочаш адкупіцца срэбраным кружком! (Закрывае рукамі твар і ціха плача.)

Дзяўчына. За што ты пакрыўдзіў сваю бедную матку?

Васіль. Я не знаю яе, гэта проста жабрачка.

Дзяўчына. А пакажы свой шрам?

Васіль (не даецца). Мала якіх шрамаў можна знайсці ў чалавека.

Дзяўчына (строга глядзіць на Васіля. Вочы яе робяцца халоднымі, злымі, поўнымі зневажэння). Вы — пусты, нікчэмны і дрэнны чалавечак! Мне брыдка за часы нашага знаёмства. Ты пасаромеўся твае беднае маткі, ты не пасаромеўся людзей, не пабаяўся Бога, ты плюнуў у твар сваёй мацеры. Да каго ж ты падобен цяпер? Ты падобен, выбачай, да той свінні, што, наеўшыся жалудоў, стала лычам рыць карэнні таго дуба, на каторым выраслі яны. Але я рада гэтаму здарэнню пазнаць тваю істоту, і мы больш не знаёмы! (Адварочваецца да Васіля спіною, ідзе да кабеты.) Не плачце, мілая! Я ведаю, вам цяжка і горка чуць тое, што пачулі вы ад сына. (Васіль, апусціўшы галаву, ідзе далей.) Фальшывы стыд быў прычынаю ўсяго... Ведаеце што: вы ўтаміліся, вы галодны — пойдзем да мяне! Цяпер ноч, адпачынеце і пойдзеце сабе далей. А то засталіся б жыць са мною. Я тут недалёка — у сяле ў школцы.

Кабета (абнімае дзяўчыну). Дзякуй табе, мая прыгожая красачка. Вяліка мая дарога, і рана мне сапачываць. Мне трэба спяшацца.

Дзяўчына (хітра). А ведаеце, што я вам скажу? Вы пойдзеце да мяне, к вам і Васіль прыйдзе, пабачыце прыйдзе!

Кабета (сумна). Не, красуня мая: не да мяне прыйдзе Васіль, а да цябе. А я твае, галубка, ахвяры не хачу, бо я палюбіла цябе, як сваю родную дачушку (Уздыхае). Была ў мяне Ганначка, прыгожая была яна! Вось я гляджу на твае вочкі, і мне здаецца, што гэта пазіраюць на мяне вочы мае Ганусі. А дзе мая кветачка, мая радасць — Гануся? Ніякай звестачкі, ніякай чуткі няма ад яе. Не сядзелася ёй дома, захацела лепшай долі, лягчэйшага жыцця, і збілася дзяўчына з тропу! Згубіла, маладзенькую, яе прыгажосць, яе сінія, як майскае неба, вочы, яе пышны тонкі стан і прыўдалая постаць... (Плача.)

Дзяўчына. А можа яна здарова і шчасліва, і вы знойдзеце яе.

Кабета (як бы не чуючы гэтага). Ты не пагневайся на мяне, золата маё! Я вот пазіраю на цябе, і мне хочацца сказаць табе колькі словак. (Дзяўчына апускае вочы.) Бойся, дзіцятка, свайго хараства. У роўнай меры нясе яно табе і шчасце і гора. Ведаеш, мілая, калі ўбачу я прыгожую дзяўчыну, мне робіцца, гледзячы на яе, так сумна, сумна, што і сказаць няможна... Ну, ты ведаеш, чаму. А Васіль табе не пара, хоць ён мне і сын... Ну, мілая, бывай здарова!

Дзяўчына. Вы ўжо ідзеце?

Кабета. Пара, галубка. (Абнімае і цалуе дзеўчыну.) Няхай цаліць і бароніць цябе Бог!

Дзяўчына. Бывайце здаровенькі. (Расходзяцца; дзяўчына, адышоўшыся.) Памятайце, — калі не будзе прыпынку, то не мінайце мяне.

Кабета. Дзякую, мілая!

 

Лёгкая, стройная фігура маладой дзяўчыны губляецца ў змроку ночы. Кабета ідзе далей па шляху. Ступіўшы колькі крокаў, яна спыняецца: ёй пачуліся здалёк зыкі песні. Песня блізіцца, і чутны асобныя словы. Ідзе Падарожны і спявае:

 

 

Ой ты, даль мая,

Задуманная!

Што глядзіш ты, даль,

Так нявесела?

Смуга сіняя,

Нерухомая

Спавіла цябе,

Непрытульную.

І глядзіш ты, даль,

Сірацінаю,

  Неуцешнаю,

  Гарамычнаю.

  Хоць жа смутна ты,

  Маўчалівая,

  Хоць на душу мне

  Насцілаеш цень,

  Хоць нічым вачэй

  Мне не радуеш,

  Ўсё ж міла ты мне,

  Безадказная!..

 

Кабета (сама сабе). Божачка! Які нешчаслівы павінен быць гэты бядак! Колькі жалю і гора ў тоне яго песні! Колькі бяздольных, непрыхільных людзей топчуць гэтыя дарогі і сцежкі!

Падарожны (адзеты бедна, у руках палка, за плячыма клунак. Параўняўшыся з кабетаю). Добры вечар, душа чалавечая!

Кабета. Добры вечар, саколік!

Падарожны. Скажы, кабетка, куды ідзе вось гэтая дарога?

Кабета. Не ведаю, чалавеча. Сама ніяк не выберу дарогі, не ведаю куды кінуцца.

Падарожны. А куды ж ідзеш, старая?

Кабета. Куды іду, не ведаю, шукаю таго, чаго не губляла.

Падарожны. А адкуль дыбаеш, старэнькая?

Кабета. З самага пачатку, голубе.

Падарожны. Першы раз бачу такую кабеціну. (Разважае.) Гм! А ты кажаш шчырую праўду?.. Цікавая ты кабеціна... Дык, кажаш, і ты не ведаеш дарогі?.. Знаеш, старэнькая, што: ты, бачу, няўдачніца, такая, як і я. Гора тваё і маё, начай сказаўшы, нашае гора ў тым, што мы ходзім з адкрытымі вачыма, а нічога не бачым, як бы мы ў лесе. Вось я, — увесь век у дарогах, а дарог не знаю. Людзям даю раду, а сам сабе ніяк не параджу. Мы, кабетка, сляпыя, мы цемнікі, няма ў нас грунту пад нагамі.

Кабета. А скажы, чалавеча: чым ты займаешся? Па абліччы ты падобен да святога.

Падарожны. Я, галубка, падарожны, іду з аднаго месца на другое. Я люблю новыя краі, свежых людзей. Я хацеў знайсці шчасце і расказаць аб ім людзям. Я шукаў такой зямлі, дзе б людзі не ведалі пакуты.

Кабета. І што ж, — ты знайшоў? Ці ёсць на свеце шчасце, ці не?

Падарожны (бярэ кабету за руку). От як пойдзеш, старэнькая, па гэтай дарозе, то шчасце будзе там (паказвае рукою ўпярод) і там (паварочваецца назад і паказвае рукой).

Кабета. Скажы, чалавеча, прасцей, а то я кепска штось разумею тое, што ты мне гаворыш.

Падарожны. Як табе сказаць, кабетка? Шчасце — або далёка ад нас ззаду — мы перабываем яго і пазнаём толькі тады, як ужо адыдземся ад яго; або яно далёка наперадзе: у нашых думках. Я, галубка, тужу аб далёкім-далёкім мінулым, да каторага ёсць адна толькі дарога — дарога маіх думак.

Кабета. Ты мне адкажы проста: ёсць такая краіна, дзе б людзі былі шчаслівы?

Падарожны. Я ўжо сказаў табе. (Сумна.) Скажу табе напрамкі. Не, кабетка: такога краю я не сустракаў. Усюды, дзе я быў, я спатыкаў людзей, — усялякіх, галубка, я бачыў людзей, і гора ўсюды было нязменным іх спадарожнікам. Я чуў адны толькі нараканні на жыццё, жалобу, неспакой і тое трывожнае чаканне немаведама чаго; тое чаканне, што налажыла на людзей нейкую пячаць задумення. І часта, кабетка, мне гэты вольны свет здаваўся астрогам з моцна і шчыльна запертымі варотамі. Як нявольнікі ў астрозе, гуляючы па двары, падыходзяць да варот, тоўстых, жалезных варот, і чакаюць адтуль звестак з волі і ў смутнай надзеі, што можа быць будзе такое дзіва, што гэтыя вароты адамкнуць і скажуць ім, нявольнікам: «Вы — вольны, ідзіце!» — так і людзі на волі стаяць перад пытаннямі жыцця і чакаюць, што іх паклічуць і скажуць: «Вот новы свет вам, новае жыццё — ідзіце, жывіце, пануйце».

Кабета. Ведаеш, голубе: от як паслухала я тваю развагу, то мне на сэрцы стала так горка-горка, і нейкая пустэча ахапіла маю душу. Я старая, я гнуся пад ценжарам крыжа, каторы я нясу на сваіх рамёнах. Я — адзінюсенькая... Я шукаю сваіх дзетак, каторыя, як пташкі, разляцеліся па свеце. Я хачу сабраць іх у адну сямейку і пачаць жыць сваім жыццём. Я хачу, каб род мой не растросся, не знішчыўся і не рассеяўся, як тое парахно над прасторамі палёў. Дзеці ж мае цураюцца мяне. Адна ўжо відочнасць мае беднасці, мае прастэчы адганяе іх ад мяне.

Падарожны. У цябе, кабетка, вялікая мэта, дзеля каторай варта жыць. Дык ідзі, ідзі, старэнькая, не бойся: твой голас дойдзе да сэрца тваіх дзетак. Яны пачуюць яго, і душа іх моцна-моцна занудзіцца па родным парозе. Людзі, бы дзеці: ты бачыла, як маленькія дзеткі ганяюцца, бегаюць, ловяць па сцяне зайчыка? Але іх ручкі хапаюць голыя сцены, а зайчык або прапаў, або перабег у другі бок. Так і людзі на чужыне... Не, галубка, толькі на роднай глебе, на ўласных каранях дае дрэва багаты плод. І яшчэ памятай: адзначана кожнаму чалавеку прайсці нейкі круг жыцця, і покі той круг не пройдзены, ніхто з яго не выйдзе. Табе, старэнькая, даводзілася забыць на полі серп ці згубіць якую рэч? Колькі зробіш ты лішніх канцоў, покі нойдзеш на тое, чаго шукаеш! Дык ты хоць збольшага памятаеш месца страты. А пазнаць якую-небудзь праўду жыцця? Як ты думаеш, старэнькая: лёгка даецца яно?.. Дык з Богам, старэнькая! А мне пара. Унь месяц схіліўся над лесам, і скора ўсход уздзене залатую карону. Бывай здарова, кабетка! (Падае руку ды ідзе далей. Зноў чуецца песня.)

 

 

                                                                    Ідзі, брат, покі служаць ногі,

                                                                    І ўсё ўпярод ідзі, ўпярод,

                                                                    Пакуль відны табе дарогі

                                                                    І свеціць весела усход.

 

 

Кабета (падыходзіць да крыжа, становіцца на камень, злажыўшы рукі). Божа, распяты на крыжы! Знімі з мяне цяжкі крыж мой і пакажы мне дарогу ў сэрца маіх дзетак!

 

ЗАСЛОНА

 

[1917]


[1917]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў: у 20 т. Т. 15: Пʼесы. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2011. - 788, [3] с.