epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На гасцінцы

(Са зборніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»)

Чыстым інеем пакрыты

На гасцінцы беразняк,

Космы густа ім абвіты;

Ў белым снезе маладняк.

 

Свішчуць сані на марозе,

Коні рвуцца і хрыпяць.

Крык і гоман на дарозе,

Бомы стогнуць і звіняць.

 

Скверыць холад. Пабялелі

Вусы, світка вазака,

Толькі шчокі счырванелі

Ад марозу ў мужыка.

 

Перад святам заработкі,

А дарога, як сляза...

Толькі бухаюць калодкі,

Толькі свіст ад палаза!..

 

1906–1907


1906-1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910