epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На магілах герояў

Ускрай старых магіл, дзе хвоі

Угору вынеслі шатры,

Знайшлі прыпынак і героі,

Святой зямлі багатыры.

 

Стаіць у рад, з армейскай зоркай,

Шарэнга стромкіх пірамід.

Жанчына пройдзе, ўздыхне горка

І кіне вочы на іх шчыт.

 

Пісалі рукі чыесь шчыра:

        Хто, дзе загінуў і калі,

Партрэт байца і камандзіра

На памяць людзям прыняслі.

 

За агароджай на магілах

Ляжаць вянкі з раслін жывых.

Гурток дзяцей, сіротак мілых,

Так дбала ходзіць каля іх.

 

Яны — ахвяра злобы лютай,

Спазналі жах і боль вайны.

Адбітак цяжкае пакуты

        Паклаў ім след свой патайны.

Цяпер мінулі іх напасці,

Яны пазналі ласку зноў:

Вярнула радасць ім і шчасце

Пралітая байцамі кроў.

 

І так хвалююць, цешаць вока

Стараннасць дзетак, дбаласць іх

Аб тых, што ў Прусіі далёка

Злажылі голавы за іх.

 

І не забыць хвіліны гэтай,

        І вас мне, дзеці, не забыць.

Прымеце ж дзякуй ад паэта

За ваша сэрца — так любіць.

 

Гадуйцеся ж вы племем дужым

Пад яркім сталінскім святлом:

Не прыйдзе больш забойца вужам

І не разбурыць ён ваш дом.

 

29/VIII 1945


29.08.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945