epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На начлезе

I
II
III


I

 

Немалады ўжо чалавек Тамаш Чучка, і не яму б ездзіць на начлег. Праўда, начлег не такая ўжо цяжкая рэч, але, што ні кажы, усё ж такі старым касцям куды лепш было б ляжаць на сенніку каля печы. Але хто ж паедзе? Якуб, можа, гэтымі днямі прыедзе з плытоў, а покі што трэба збірацца. Падапрануўшы кажушок і падперазаўшыся путам, Тамаш выйшаў з хаты.

На вуліцы ўжо тупалі капытамі коні, бразджалі званкі сіпаватымі галаскамі. Начлежнікі ехалі шумна. Сярод іх было колькі дзецюкоў, а найболей усё былі дзеці, хлопцы-падшывальцы; былі тут і дзяўчаты. Уся гэта галда крычала, гаманіла; дзецюкі, а за імі і жэўжыкі хлопцы дазвалялі сабе залішняе: ніводнай хаты не прапускалі яны, каб не выкінуць якой штукі пра гаспадара, гаспадыню або іх дачку.

Едуць, скажам, каля Дзямянавай хаты. Ну, Дзямян дык Дзямян – чалавек, як і ўсе людзі. Не! Ім трэба зачапіць чалавека. Вось падʼязджае адзін да акна, спыняе каня і пытае:

– Дзямян дома?

– Дома, – чуецца з хаты.

– Тэм-латадэм! Дзямян дома! – крычыць распуснік і едзе далей. За ім едзе другі, трэці і гэтак усе.

– Дзямян дома?

– Тэм-латадэм, Дзямян дома! – падхопліваюць усім гуртам.

Кожны ведае, што «тэм-латадэм» глупства, словы без сэнсу, але ў канцы Дзямяну так намазоліць вушы гэтае «тэм-латадэм», што ён зрываецца ў адных портках і кашулі, хапае качаргу і вылятае, як бура, на вуліцу. Гэтага толькі і трэба падшывальцам. Яны з крыкам і смехам задаюць махні-драла вярхамі на конях. А Дзямян, лаючы і праклінаючы іх, бяжыць за імі вератнёў два, покі дух не захопіць. Падʼехаўшы да Тамаша, начлежнікі зацягнулі песню:

 

 

У нашага Тамаша

Гразь цячэ з капелюша.

 

 

– А ты глядзі от, каб у цябе з носа не пацякло, – спакойна адазваўся Тамаш, падводзячы каня да плота, каб сесці вярхом. Каню, відаць, не вельмі падабаецца несці на сабе гаспадара, і ён, як толькі Тамаш нарыхтуецца сесці, зараз жа ўцякае ад плота. Тамаш крычаў на каня, зноў цягнуў яго да плота, пакуль сяк-так не ўсчарапіўся вярхом. Начлежнікі ўжо адʼехалі далёка, калі Тамаш выязджаў з двара. Ды яно і лепей: якая яму кампанія гэтая блазнота, толькі выскаляцца будуць, а конь і сам патрапіць за імі.

 

 

II

 

Начлежнікі выбралі высокі, сухі груд, каб можна было прылегчы і разлажыць агонь. Кожны начлежнік вёз з дому па палену дроў, бо луг быў голы, як бубен. Спыніліся начлежнікі, спыніўся і Тамаш; ён спутаў каня, павесіў яму на шыю перавясла, каб заўтра скарэй знайсці яго, і прылёг воддаль ад гэтай маладой галды.

З шумам і гамам раскладалі начлежнікі агонь, штурхаліся, дурэлі. А Тамаш, скінуўшы капялюш і ўзняўшы на неба вочы, гаварыў пацеры. Іншыя малітвы ён гаварыў і па-каталіцку і па-праваслаўнаму – нікому не хацеў крыўды рабіць Тамаш. Зоры, як Божыя матылёчкі, трапыхаліся, дрыжалі, і іх бляск пераліваўся дзівоснымі колерамі незлічоных агнёў. За лугам чуць-чуць выступала сваім чорным абрысам зубатая палоска яловага лесу, а над ім мігацелі чырвоныя стужкі трывожных зарніц. Наўкол было так спакойна, так ціха і лагодна, што душа мімаволі адрывалася ад зямлі і ляцела ў невядомую высь, каб зліцца з хараством, з бязмежнасцю гэтага таемнага, неразгаданага свету, і нейкая беспрычынная радасць разыходзілася па ўсім целе. Памаліўшыся Богу, Тамаш лёг на спіну, падлажыўшы пад галаву рукі. Доўга ён ляжаў гэтак і разважаў у сваіх думках. Аб чым думалася, ён і сам не адказаў бы, каб яго хто спытаў аб гэтым. Думкі самі ішлі і праходзілі, бы тыя лёгкія хмаркі на небе, ішлі і раставалі, як сняжынкі.

А каля агню варушыліся і бегалі дзеці, адтуль чуліся песні і выкрыкі. Але памалу ўсё супакоілася. Толькі смех, дружны і закатны, гаварыў, што там яшчэ не спяць. Тамаш зацікавіўся і стаў прыслухвацца. Пачуўся сабачы брэх, праўдзівы сабачы голас. І зараз жа вырваўся дружны рогат начлежнікаў. Тамаш падняўся і падышоў да агню.

Начлежнікі сядзелі ўкружок. Пасярэдзіне гарэў агонь, а каля яго сядзеў хлопчык Пятрусь. Ён і пацяшаў начлежнікаў. Пятрусь, як ніхто, умеў паказваць, як брэша чый сабака.

– Ну, а як брэша Гаронімаў Лыска? – пыталі Петруся.

Пятрусь брахаў. І ніхто не падумаў бы, што гэта брэша Пятрусь, а не Гаронімаў Лыска.

Тамаш слухаў, і губы яго самі разнімаліся для смеху.

– І крошкі пабрлаў, – сказаў, гаркаючы, Тамаш. – Пятрлусь! – не вытрываў Тамаш: – а як, брлат, мая сучка брлэша?

Жулік Пятрусь зірнуў на Тамаша.

– Гэрл! гэрл! гэрл! – перадражніў ён Тамаша і яго сучку.

Усе так і паехалі са смеху.

– От, брладзяга, – сказаў Тамаш і плюнуў. Тамаш пасядзеў яшчэ колькі мінуцін; гаворка начлежнікаў, крык і шум неяк адляталі ад яго і не трывожылі; потым ён прылёг, падпёршы рукою галаву. Сон непрыметна самкнуў яму вочы, рука саслабела, і галава сама зʼехала на распрастаную руку.

 

 

III

 

Пан Бог з намі, Дух Святы! Што са мною?

Тамаш узняў галаву і стаў прыглядацца. Ён чуў, што нешта цяжкое навалілася на яго плечы, і павярнуўся. Гэтае нешта мяккае і цяжкое без шуму спаўзло з яго. Яму было холадна, усё яго цела дрыжала ад ранішняй вільгаці. Тамаш успомніў, што тут павінен быць агонь. Але дзе ж начлежнікі? Ні агню, ні начлежнікаў не было і почуту.

– Што за праява? – Тамаш правёў рукою па твары, працёр вочы. Змрок і туман, прадвеснікі раніцы, густа віселі над зямлёю і ўсё закрывалі ад вачэй. Усюды было ціха. Тамаш стаў прыпамінаць месца, куды прыехалі начлежнікі, прыпомніў вечар, жарты начлежнікаў, Петруся-брахуна. Не без пачуцця крыўды ўспомніў ён гэтага самага шэльму, які састроіў кпіны з яго, паказаўшы, як брэша яго сучка. А што было далей? Ці то яму снілася, ці гаварыў хто з начлежнікаў? – тут Тамаш увесь закалаціўся! І вось што цяпер яму ўспомнілася! Было гэта на начлезе. У адным месцы тварылася штось страшнае і няўцямнае. Нейкая сіла (вядома, нячыстая) не давала людзям спаць на тым месцы. Сядзяць, гавораць – нічога. А як толькі задрэмлеш, зараз жа з-пад цябе ляціць аброць, шапка, люлька, халат здзярэ і закіне так, што не скора і знойдзеш. Ці не стаўся і ён, Тамаш, ахвярай чортавай сілы?

Тамаш перахрысціўся: яму стала страшна. Рука яго кранулася чагось мяккага і вільготнага, аглянуўся – купіна; яна нібы заварушылася, і на ёй на момант бліснуў агеньчык. Шапка ўзнялася, валасы паўставалі на галаве Тамаша, ён усхапіўся і пусціўся наўцёкі. Але не прабег Тамаш і дзесяці крокаў, як уляцеў у нейкую багну. Тамаш крута павярнуў назад. Лапаць заеўся ў гразь, і нага вылузалася з яго. Бегучы назад, Тамаш спатыкнуўся на купіну і паваліўся. Тут яго апанавала такая злосць, што ён пачаў таптаць і мясіць нагамі з такою сілаю, пакуль купіна не зраўнялася з долам і толькі чорная пляма сталася следам ад гэтай паганкі. Тамаш чуў, што пад нагамі як бы нешта піснула, але гэта толькі паддавала злосці. І Тамаш яшчэ доўга, як ашалелы, скакаў па чорнай пляме, падгукваючы:

– Ву! Ву! Ву!

Знішчыўшы ўканец купіну, Тамаш скруціў дзве фігі і сунуў іх у розныя канцы свету.

– Вось вам, брладзягі!

У Тамаша зʼявілася ахвота пакрышыць рэбры яшчэ якому-небудзь чорту, і, здавалася, ён і не рад быў, што на ўсходзе пачынала святлець і што замест чорта звонка разляглося па лузе:

– І-і-га-га-га-га!

Конскае ржанне прывяло Тамаша да памяці, і ён пайшоў у той бок, дзе былі коні. Прайшоўшы колькі вератнёў, Тамаш насунуўся на начлежнікаў. Скурчыўшыся ў тры пагібелі, спалі яны вакол таго месца, дзе быў агонь, а на самым вогнішчы, закрыўшы яго жыватом, ляжаў Панас, першы штукар ва ўсім сяле. Недалёка хадзілі коні. Узяўшы аброць і нікому не сказаўшы ні слова, Тамаш пайшоў браць каня. Тамаш прыглядаўся, шукаючы каня з перавяслам на шыі. А, вось ён! Тамаш працягнуў руку, каб узяць каня за грыву. Конь, ухмыліўшы вушы, павярнуўся задам і намерыўся ўбрыкнуць Тамаша. Тут толькі разгледзеў ён наравістую кабылу Андрэя Мотуза. Тамашу стала ясна ўсё. Сярдзіта глянуў ён у бок начлежнікаў. Адтуль чуўся прыдушаны рогат Панаса.

– А каб ты ў чыстым полі рагатаў, каб цябе вон нагамі вынеслі, як ты мяне нёс, каб на тваю шыю вяроўку завязалі, як завязаў ты перавясла на чужога каня, гіцаль ты!

Усход чырванеў, павеяла прохаладдзю. Тамаш ехаў моўчкі і думаў аб тым, як накпілі з яго начлежнікі.

[1914]


[1914]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5