Едуць фюрэр з дучэ
На пагнутай восі.
Як ім зʼехаць з кручы,
Розум іх не зносіць.
—Дрэнна справа, фюрэр:
Ліха лезе ў хату.
Дзе ні глянеш — дзюры,
І чым іх залатаць?
Лівія, Егіпет,
Трыпалі... Ох, Божа!
Сок дашчэнту выпіт,
Голад косці гложа.
Дрэнна і з Тунісам:
І ён лясне, браце.
Як ні бегай лісам —
Крута ў нашай хаце.
Тут жара, там сцюжа,
А ўсё чорт аднакі:
Тут і там бʼюць, дружа,
Што ж мы за ваякі?
І нашто было нам
Перціся к Каўказу?
З трэскам і са звонам
Вымелі нас зразу.
Мостам леглі крафты
І сіньёры, фрыцы,
Вось табе і нафта,
Вугаль і пшаніца.
Кепска, пане фюрэр,
Дрэнна, дрэнна, дружа.
Проста на смех курам
Плюхнуліся ў лужу.
Павярнуў чмыс біты
Фюрэр у бок дучэ:
— Не скулі, Беніта,
І не будзь анучай.
Вер мне: я — вайны бог,
Мне ўсё — вада з гуся.
Свет пастаўлю дыбам,
А свайго дабʼюся.
Ты ж мне за фатыгу
Дай з мільён, не меней.
Дучэ ўпотай фігу
Згортвае ў кішэні.
23/І 1943