Палыхаў агонь. Нібы шоўк залаты,
Вецер полымя кідаў на хаты.
Абнімаў агонь і дамы і платы,
У прастор сыпаў іскры-дукаты.
Гаманіў агонь, гуў, як дождж гразавы,
Віўся віхрам клубястым, імклівым,
Не шчадзіў агонь ні садоў, ні травы,
Расплываўся шырокім разлівам.
Бушаваў агонь. Як навала-патоп,
Наступаў на сялібы-кварталы.
Ўсё знішчаў агонь, ставіў могілкі-гроб,
Пакідаў за сабою прагалы.
На пажарышчы, там, дзе родны быў дом,
Прыпыніўся юнак адзінокі.
Пазіраў юнак, а ўсё мёртва кругом,
Толькі едкага дыму патокі.
Толькі комін-труп, толькі печы шкілет
Асталіся на тым папялішчы.
Дзе ж яго сямʼя? Дзе знайсці яе след?
Ці й яе фашыст бомбамі знішчыў?
І стаіць юнак, зрокам водзіць вакол —
Пуста, хоць бы адна дзе людзіна!
Раптам бачыць ён — закапаўшыся ў дол,
Легкавая ляжыць іх машына!
Ды не скажа, не, як, з чаго і калі
З ёю ліха-бяда прыключылася.
Нераскрытых тайн хоць няма на зямлі,
Але ў той час яна не раскрылася.
Я не ведаю, што ён думаў тады,
Адно толькі мне добра вядома:
Засмуціўся ён у прадчуцці бяды
І з хвіліну стаяў нерухома.
А над горадам у багровы адсвет
Наплывалі халодныя хмары,
Ды дзесь к гораду орды гнаў людаед
Пад глухія раскаты-удары.
Зубы сцяў юнак, помсты бліснуў агонь:
— Смерць вам, смерць, крыважэрныя гады!
І пілотку ён глыбей ссунуў на скронь,—
Людаедам не будзе ашчады.
22/ІХ 1941