Дні бягуць ды бягуць,
Вянуць краскі ў палях,
Жоўкне лісце, трава,
Моўкне спеў па лясах.
І часцей ды часцей
Хмурыць неба свой твар,
Рэдка сонца глядзіць
З-за туманаў і хмар.
Азірнешся вакол —
Глуш, маркота і ціш,
І з нудою на ўсё,
З горкім смуткам глядзіш.
І не ведаеш сам,
Чаго жаль спанаваў,
Як бы часць самаго
Ты навек пахаваў...
Дні праходзяць, бягуць,
Карацеюць яны.
З кожным днём далей мы
Ад жыцця, ад вясны.
19/VII 1910