epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На прасторах жыцця

Частка першая - На парозе
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  IX
  X
  XI
  XII
  XIII
  XIV
  XV
Частка другая
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  IX
  X
  XI
  XII
  XIII
  XIV
  XV
  XVI
  XVII
  XVIII
  XIX
  XX


 

Частка першая - На парозе

 

 

— Вы павінны прабіць сабе дарогу і выйсці на шырокія прасторы жыцця.

— А дзе такія шырокія прасторы?

— У шырокіх размахах грамадскай работы.

 

 

I

 

Сцяпан — чалавек сурʼёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў. Толькі часамі прарвецца ў ім маладая, бурлівая натура, і тады Сцёпка, як і ўсе людзі яго веку, выкажа гэтую маладую імкненнасць: прабяжыць па вуліцы так, што аж вецер каля вушэй засвішча. І зробіць яшчэ Сцёпка такія выбрыкі ў паветры, што і артыст другі пазайздросціць.

Але гэта ніколечкі не шкодзіла славе яго сурʼёзнасці.

І яшчэ можна было б адмеціць у ім адну рысачку, якая таксама як бы трошачкі супярэчыць гэтай сурʼёзнасці.

Справа, бачыце, у тым, што тады, калі Сцёпка віхрыцца па вуліцы, яму кожны раз пападзецца на вочы гэтая Аленка, дачка Андрэева. Стаіць яна каля веснічак свайго дворыка. Ясныя, прыветныя вочкі яе глядзяць на Сцёпку, а на губках свеціцца такая лагодненькая ўсмешка! Бегучы, Сцёпка толькі блісне на яе сваімі шэрымі вачыма, прычым бровы яго ссунуцца грозна, але кінуць ёй якое-небудзь слова няма часу — Сцёпка імчыцца далей. Аленка ж стаіць, праводзіць яго сваімі яснымі вочкамі.

А калі Сцёпка бег назад, то ўжо за некалькі крокаў да Аленчынага дворыка грозна паварочваў галаву ў бок Аленкі. А тая не заўсёды стрымаецца і скажа яму часам:

— А я дагнала б цябе.

Скажа і ўсміхнецца. Усмешка гэтая выразна казала аб тым, што Аленка нічога не мела б, каб паганяцца за Сцёпкам. Ды ці ж згодзіцца на гэта Сцёпка? Хіба ж дапусціць ён сябе да таго, каб сябраваць з гэтым жаночым насеннем?

Па-першае, яму дванаццаць год, ёй усяго дзесяць, па-другое, ён — мужчына, а яна — баба.

І Сцёпка яшчэ больш грозна блісне вачыма і зробіць намеры сцерці яе з твару зямлі, пасля чаго імчыцца далей, а Аленка, пакрыўджаная ў лепшых сваіх жаданнях, у сваёй шчырасці да яго, стаіць маўклівая, гасне ўсмешка на яе губках.

Яшчэ больш сурʼёзны стаўся Сцёпка, скончыўшы пачатковую школу. А гэта было ўжо тады, калі Сцёпка меў трынаццаць гадкоў.

І Аленка таксама хадзіла ў школу. І цікавей усяго тое, што яна хоць і «баба», але далёка ішла ўперад ад «мужчын», што вельмі дзівіла Сцёпку, бо гэта парушала ў корні яго прадстаўленне аб «бабах», — яны ўсё ж не тое, — думаў ён, — што, скажам, наш брат — мужчына.

Сцёпка быў чалавек заняты. З васьмі гадкоў і нават раней яму ўжо прыйшлося, як і ўсім дзецям беднаты, прыняць удзел у будаўніцтве жыцця, калі можна так сказаць. Трэба было і матцы ў хаце памагчы, і свіней папільнаваць, і каня папасвіць, ды з бараною за бацькам у полі пахадзіць... Ды ці мала работы ў гаспадарцы? Але гэтая работа, сказаць праўду, не надта захапляла і гарнула да сябе Сцёпку: яго больш цікавіла кніжка... Эх, каб у яго ды былі грошы: кніжак, кніжак накупляў бы ён сабе! У тым-та і бяда, што гэтых грошай няма, і ў бацькі іх не возьмеш — галота! Скончыў Сцёпка школу. Настаўнік яму сказаў:

— Не пакідай, Сцёпка, навукі: у цябе вялікія здольнасці да яе. Прыходзь да мяне вольным часам — падганю цябе, у вышэйшую школу паступіш. Толк з цябе будзе.

Задумаўся Сцёпка. А добра было б яшчэ павучыцца!

Настала лета, уцягнуўся Сцёпка ў гаспадарскую работу, нават думкам сваім не было калі аддацца.

 

 

II

 

На дванаццатым годзе скончыла школу і Аленка Андрэева. Здала яна экзамен не толькі лепш за вучняў свае школы, — з усіх школ, якія былі на экзаменах, выдзелілася яна сваімі здольнасцямі. Проста на ўсё сваё сяло праславілася. Дачуўся аб гэтым Сцёпка, зайздрасць патайная абудзілася ў ім.

«Няўжо гэта праўда, што яна такая здольная?» — думаў Сцёпка і не хацеў даваць веры. З паўгадзіны не мог заснуць Сцёпка, думаючы аб вучонасці Аленкі. Успомніў, што сам ён закінуў сваю навуку, і яму стала нявесела на сэрцы. З галавы не выходзілі ўсе гэтыя думкі. Урэшце Сцёпка спыніўся на думцы — пабачыцца як-небудзь з Аленкаю. Толькі трэба зрабіць так, як бы гэта было незумысня.

Назаўтра ранічкаю прайшоўся Сцёпка каля хаты, дзе жыла Аленка. Яе там не было. Прайшоўся другі раз, а Аленкі так і не відаць.

Чаму ж гэта даўней тырчала яна каля веснічак кожны раз, калі б толькі Сцёпка ні зʼявіўся на вуліцы? Можа хіба яе дома няма? А можа фанабэрыі набралася, што ўжо не хоча і глянуць на яго?

Потым Сцёпка разважыў так, што яна, напэўна, баіцца на вочы яму пападацца, каб ён не запытаў у яе чаго-небудзь па часці навукі, бо ў Сцёпкі, калі хочаце ведаць, якраз і былі гэтыя запытанні: хацелася ўпэўніцца ў яе вучонасці і ў яе здольнасці. Ды і так хацелася пабачыцца з ёю.

Прайсціся трэці раз Сцёпка не адважыўся: лёгка магло стацца так, што хто-небудзь з суседзяў мог бы звярнуць на яго ўвагу і пранікнуць у таямніцы яго думак. Што б яму было адказваць, калі б яго запыталіся, чаго ён шнуруе каля Андрэевай хаты?

А людзі маглі б падумаць чорт ведае што: гатовы яшчэ сказаць, што ён за Аленкай хадзіць пачынае. Вось чаму, калі Сцёпка мінуў Аленчыну хату, не пабачыўшы Аленкі, ён кінуўся на хітрасць: вярнуўся назад і пайшоў па вуліцы наўскасяк. Супроць яе хаты, з другога боку вуліцы, быў гародчык Алесі Ганчаровых. У гэтым гародчыку пад вокнамі раслі такія слаўныя кветкі. Гэтымі кветкамі і любуецца Сцёпка. Адным вокам на кветкі глядзіць, а другім незаметна і на вокны Аленчынай хаты кіне... Не, нічога не выходзіць — не відаць Аленкі. І пазіраць жа на гэтыя вокны нялоўка, і тут стаяць доўга не выпадае. Сцёпка заўважыў бусла над сялом. Ляціць нізка над хатамі. Правёў вачыма бусла і таксама на Аленчыну хату глянуць не забыў... Поўная няўдача. Прайшоў па вуліцы далей, хаты тры-чатыры, зноў на той бок вуліцы перайшоў, назад павярнуў і апошні раз каля Аленчынай хаты прайшоўся.

— Тфу, дурань! — аблаяў сам сябе Сцёпка і дадому пайшоў. — Падумаеш, важнасць якая — Аленка! — і Сцёпка засвістаў, з самаю нявіннаю мінаю, нейкі вясёлы матыўчык.

А Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Падумайце, якая хітрая! Стаілася каля акна і за Сцёпкам цікуе, а сама не паказваецца. Дагадваецца Аленка, што Сцёпка нічога не меў бы, каб пабачыцца з ёю, але і ашукацца баіцца. Бачыць яна, як Сцёпка на кветкі глядзіць і як бусла вачыма праводзіць. Намерылася ўжо выйсці, ды маці штосьці затрымала, а калі яна апынулася на двары, то Сцёпка, пасвістваючы, у свой двор уваходзіў. Калі гляне яшчэ ў яе бок, то ўжо, напэўна, можна лічыць, што Сцёпка спецыяльна хадзіў тут, каб яе пабачыць. Не, не аглянуўся.

 

 

III

 

Гэтая няўдача крыху збянтэжыла Сцёпку. Таксама непрыемна было і Аленцы, што Сцёпка і папраўдзе мог так сабе вандраваць па вуліцы, не маючы на ўвазе яе асобу. І ў той час, калі Сцёпка думаў над пытаннем, ці дома была Аленка, ці проста не хацела з ім пабачыцца, — бо быў такі момант, калі яму здалося, што яна быццам бы стаяла ў хаце каля акна, — Аленка ламала галаву, думаючы над тым, чаго Сцёпка каля іх хаты вандраваў. Хацелася думаць, што Сцёпка меў на ўвазе пагаманіць з ёю. Але ж ён не аглянуўся ў яе бок, калі ў свой двор уваходзіў, а гэтая акалічнасць казала за тое, як і згадала Аленка, што ён хадзіў так сабе. Але, як вядома, калі тое ці іншае гаданне кажа не ў нашу руку, то мы, звычайна, не хочам яму і верыць.

Як бачыце, і ў Сцёпкі, і ў Аленкі ў выніку гэтай справы была няпэўнасць. І Сцёпку, і Аленцы хацелася гэтую няпэўнасць выясніць. Сцёпка ж быў чалавек цвёрды. Ён ніколі не дапусціць, каб другі раз пайсці туды. О, не дачакае яна гэтага! Ну, і Аленка — дзяўчына з гонарам. Хіба забылася яна, як Сцёпка колькі раз зневажаў яе? Яна добра памятае, як хацела дагнаць яго, а ён толькі воўкам зірне на яе — і ані прыступу... І як гэта яна магла дапусціцца да гэтага? Адно толькі апраўданне: дурная была яшчэ, і будзе яна яшчэ, можа, шукаць яго? Ды ніколі!

Ясныя, слаўныя вочкі яе зрабіліся незвычайна строгімі.

Вось яна што зробіць: яна возьме сваю кнігу, а такая кніга яму і не снілася, і пойдзе сабе пад магазін чытаць. Адзін настаўнік на экзаменах падарыў ёй гэтую кнігу. Гэта кніга «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі, і настаўнік сказаў яшчэ:

— Якая ты разумная і мілая! Вось табе падарак ад мяне.

Які гэта быў добры настаўнік! Напэўна, другога такога ўжо і на свеце няма. Заскочыла ў хату Аленка, Тараса Шаўчэнку ўзяла, хустачку на плечы накінула, зірнулася ў люстэрачка ў бляшанай аправе і на вуліцу выйшла.

Пад магазін можна было б бліжэй гародамі прайсці, але хто ёй забароніць ісці вуліцаю! Разгарнула яна кнігу, ідзе і чытае:

 

 

Реве та стогне Дніпр широкий,

Сердитий вітер завива.

 

 

А ідучы каля Сцёпкавай хаты, яна так захапілася чытаннем, што ішла зусім памаленечку, чуць-чуць ногі перастаўляла.

А Сцёпка, адрэзаўшы лусту хлеба, стаяў у хаце каля акна, пазіраў на вуліцу і паважна разважаў, жуючы хлеб. Аж бачыць — Аленка з кнігаю ідзе. Уся важнасць і ўся Сцёпкава цвёрдасць адразу прападаюць. А як пабачыў яшчэ такую шыкозную кнігу, дык і зусім уладу над сабою страціў.

Кніга і толькі кніга змусіла яго на вуліцу выскачыць, бо каб Аленка без кнігі ішла, то ён ані зварухнуўся б.

Хоць Аленка захапілася чытаннем вельмі моцна, але гэтае захапленне не пашкодзіла ёй заўважыць Сцёпку. Сцёпка стаяў каля веснічак.

— Алена!

Сцёпка аклікнуў яе досыць громка. Аленка ж так захоплена чытаннем, што і вачэй ад кнігі не адводзіць, а сама думае: ці глянуць на Сцёпку, ці не?

Каб яшчэ раз пазваў яе, то яна глянула б.

А Сцёпка разважае, як далей быць яму.

— Аленка! — пазваў ён мацней.

Аленка, нібы спалохаўшыся, раптам спыняецца і глядзіць на Сцёпку так, як бы яго за сто вёрст ад сяла спаткала.

— Якая гэта ў цябе кніга? Дай паглядзець!

Сцёпка падыходзіць да Аленкі. Па голасе яго яна чуе глыбокую да яе павагу і пачцівую просьбу. Не вытрымлівае сурʼёзнасці і Аленка. Яна прыветна ўсміхаецца.

— Ды гэта мне такую кнігу настаўнік адзін падарыў на экзаменах, — адказвае Аленка і паказвае Сцёпку кніжку.

— Вось дзіўна як тут напісана, — зазначае Сцёпка.

— Гэта ўкраінская мова такая, і напісаў гэтую кніжку Тарас Шаўчэнка, — кажа Аленка.

— Гэта хахлацкая мова? — пытае Сцёпка.

— Не хахлацкая, а ўкраінская. Казаць «хахлацкая» — гэта будзе знявага.

Дзівіцца Сцёпка. З кніжкі дзівіцца і з Аленчынай вучонасці, і ён не адважваецца паэкзаменаваць яе.

— Слаўная кніжка, — кажа Сцёпка. — А за што табе далі яе?

— А за тое, што я лепш за ўсіх экзамен здала, — горда кажа Аленка.

— Бачыш ты... якая шчаслівая!

— А я цябе бачыла, як ты каля Ганчаровых на кветкі глядзеў.

— А ты дзе была?

— У хаце.

— Чаму ж я цябе не бачыў?

— А хіба ты хацеў мяне бачыць? — злавіла Аленка Сцёпку.

Сцёпка трохі замяўся.

— Ну, хацеў, — прызнаецца ён.

Аленка зусім здавольваецца.

— Хочаш, будзем чытаць разам? Пойдзем унь туды, пад магазін, будзем чытаць.

Сцёпка чухае галаву.

— Бачыш ты, мне сёння часу няма. Хіба як другім разам.

— Ну, як уважаеш, — адказвае Аленка і весела ідзе далей, ужо не пазіраючы ў кнігу. А Сцёпка спыніўся каля весніц і пазірае на Аленку, пакуль не знікне з вачэй. І не азірнулася нават.

 

 

IV

 

Выходзіла так, што Аленка верх брала над Сцёпкам.

Ён скончыў школу, і яна скончыла — ды яшчэ як! Кнігу нават падарылі ёй. І яна ведае, чаму не трэба казаць «хахлацкая» мова.

Яшчэ дачуўся Сцёпка, што Аленка думае далей у навуку ісці. І ёй гэта лягчэй, бо дома без яе куды спадручней абысціся, чым у іх доме без яго. Дый бацька яе багацейшы за яго бацьку. І няўжо ж яму так і аставацца без навукі?

Многа думаў над гэтым Сцёпка, і надумаўся ён за навуку сурʼёзна ўзяцца. Але як? Часу няма і, самае галоўнае, — няма кніжак.

І ўспомніў ён свайго настаўніка. Выбраў вольную часіну і пайшоў у школу. Якраз і настаўніка дома застаў.

— Ну, здароў, Сцёпка! Як жывеш?

Распытаў яго настаўнік, пагаманіў з ім.

— А я прыйшоў да вас — ці не маглі б мне кніг сякіх-такіх даць?

— А якіх бы табе кніг?

— А каб падвучыцца можна было.

— Дык табе падручнікі трэба? Гатавацца куды хочаш?

— Хацеў бы.

— Ну, а куды б?

— Ды куды б небудзь.

Настаўнік крыху падумаў.

— Ведаеш што, Сцёпа, папрабуй ты на рабфак паступіць. Падгатуйся і рызыкні. Кніг я табе дам; чаго не зразумееш, прыходзь да мяне — разам разбірацца будзем. Табе я ахвотна памагу. Пры тваіх здольнасцях ды старанні многа можна зрабіць.

Абнадзеіў настаўнік Сцёпку, ахвоты да навукі паддаў. І пайшоў Сцёпка дадому другім чалавекам.

Кожную вольную часіну за кніжкамі сядзеў і рабіў сваю справу незаметна, без шуму. Пісаць вучыўся сам, свае метады стварыў.

Праз месяц да настаўніка пайшоў.

— Ну, як твая навука?

— А папытайце мяне.

— Ну, давай.

Зрабіў настаўнік экзамен Сцяпану.

— Да ты, брат, малайчына! — пасля некалькіх пытанняў сказаў настаўнік. — Ну, а з пісьмом як твая справа?

Замест адказу Сцяпан дастаў з-за пазухі цэлы жмут паперак.

Паглядзеў настаўнік, чытаць пачаў.

Сцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасвятляўся.

— Малайчына, чэснае слова, маладзец! І граматна і разумна. Ды з цябе проста пісьменнік будзе!

Сцёпка рос як на дражджах.

— Ну, а цяпер табе трэба за матэматыку ўзяцца. І перш за ўсё трэба з арыфметыкі пачаць. Садзіся, я табе сёе-тое пакажу.

Селі. Пачалі з дробаў. Растлумачыў яму настаўнік паходжанне дробаў, іх сутнасць, складанне, адніманне, множанне і дзяленне. А ўрэшце і кнігу яму даў, каб Сцёпка сам папрабаваў разабрацца ў ёй.

Сцёпка вясёлы ішоў дадому, каб у вольную часіну ўзяцца за дробы. Ці не зайсці яму да Аленкі? Хацелася пахваліцца ёй і даць некалькі пытанняў, якія даваў яму настаўнік. Не, пакуль што лепш нічога не казаць ёй.

 

 

V

 

Прайшоў год часу.

Ужо неяк пад восень сказала Аленка Сцёпку:

— А ведаеш, Сцёпка, на зіму я хачу ў сямігодку паступіць.

Сцёпка, здавалася, ніколечкі не здзівіўся, як бы ён і ведаў, што Аленка на зіму куды-небудзь у школу падасца. Ён толькі спытаў:

— У якую сямігодку?

— У Загорскую.

— А чаму ж ты выбіраеш Загорскую, — у Трасцянскую табе было б бліжэй.

— А ў Загорскай, кажуць, лепей вучаць.

— А, хіба што так, — разважна сказаў Сцёпка. — А жыць жа дзе ты там будзеш?

— Кватэры пашукаць прыйдзецца.

— Ну, разумеецца... Так, значыцца.

Сцёпка трохі задумаўся, а Аленка сказала:

— А ведаеш, у які клас паступаць хачу?

— Ну?

— У пяты.

І тут Сцёпка не выказаў здзіўлення.

— А я, каб паступаў, то паступаў бы ў шосты клас.

Аленка глянула на Сцёпку: праўду гаворыць ён ці жартуе.

— Для шостага класа трэба многа чаго ведаць, — заўважыла Аленка.

— Ну, пэўна ж падгатоўку мець трэба. Трэба, скажам, ведаць усю арыфметыку — простыя дробы, дзесятковыя, прапорцыі, трайное правіла, працэнты, — ну, словам, усё, таксама трэба трохі і алгебру ведаць ды і другія навукі.

Аленка шырока расплюшчыла свае ясныя вочкі і пазірала на Сцёпку, скуль ён гэтыя навукі ведае?

— А чаму ты, Сцёпка, не вучышся далей? — спытала яна. — Ты ж гэтакі здольны!

Сцёпка значна змякчыўся. Ён прыветна зірнуў на Аленку і сказаў мнагазначна:

— Можа я і буду вучыцца, гэта яшчэ невядома.

Хвіліначку памаўчаўшы, сказаў:

— Можа я і вучуся. Вось, калі хочаш, паслухай, як я пішу.

— Цікава паслухаць, — сказала зусім здзіўленая Аленка.

Сцёпка дастаў з кішэні некалькі памятых лісткоў, азірнуўся, каб не было лішніх сведак.

— Пойдзем на прыгуменне — там зацішней будзе.

Селі пад страхою адрынкі.

— Ну, слухай: «На начлезе».

Прачытаў Сцяпан аб адным здарэнні на начлезе, дзе апісвалася вельмі жыва і натуральна, як дзядзька Мікола шукаў сваю люльку і за гэтую люльку з Лявонам Садоўскім чуць-чуць не пабіўся.

Гэтая гісторыя з люлькаю была вядома ўсяму сялу, і апісана была яна так смешна, што Аленка, слухаючы, шчыра смяялася. А гэта было найлепшай пахвалою для маладога пісьменніка.

— І гэта ўсё ты сам напісаў, Сцёпачка? — у захапленні спыталася Аленка, калі Сцёпка скончыў свой расказ.

— Ну, што: добра напісана?

— Ой, як слаўна! Усё роўна як бы ў кнізе! — адказала Аленка і пазірала на Сцёпку так, што Сцёпку ясна стала, як высока падняў ён свой аўтарытэт у яе вачах.

— Грэх табе будзе, Сцёпка, ну, проста такі грэх, калі ты вучыцца не будзеш, — казала Аленка.

Тут ужо Сцёпка не мог стрымацца і прызнаўся Аленцы, што ён вучыцца, што ў яго ёсць шырокія планы, толькі ён нічога аб іх не кажа, а Аленка аб іх не павінна нікому казаць, бо ён толькі ёй адной і сказаў аб гэтым.

О, ён працярэбіць сабе дарогу!

 

 

VI

 

Канчалася лета. Заварушылася моладзь, бы тое птаства на выраі. Пачыналася для яе гарачая пара, час радасці і надзей для адных, час горкіх слёз — для другіх.

Цэлае лета жыла Аленка думкаю аб новай школе, аб далейшай сваёй навуцы. Перад ёю адчыняўся цэлы свет новага жыцця: вучнёўскія гурткі, работа ў іх, вечары, даклады. Яна ўся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы.

У гэтых думках, у гэтых жаданнях і лета прайшло. Аставалася некалькі дзён да паступлення ў школу, у Загорскую сямігодку.

Усе гэтыя дні Аленка была ў нейкім зусім новым для яе настроі. Яе трохі палохалі экзамены — ці мала што можа там здарыцца. Але была і надзея, што ўсё скончыцца добра. Яе вабіла гэтая школа. Было трохі і смутна на сэрцы з прычыны разлукі з домам, з сямʼёю. І была нават такая мінута, калі Аленка шчыра прыгарнула чорную кошачку з белаю грудзінкаю і ціхенька ёй сказала на вуха:

— Катусянё ты маё мілае! Астанешся ты без мяне! Хто цябе песціць будзе?

Гатавалася Аленка ехаць у дарогу. Яна загадзя сабрала свае кнігі і рэчы і чакала дня адʼезду. Адвезці ў Загорʼе меўся сам бацька яе, Андрэй Гарнашка.

І прыйшоў гэты час. Запрог бацька коніка. Забрала Аленка свае пакуначкі, кніжкі і ўсе патрэбныя рэчы. Заплакала маці, пусціла слязу і Аленка.

Выехалі на вуліцу. Украдкам зірнула ў бок Сцёпкавай хаты. А Сцёпка ў процілежным канцы стаяў. Відаць, яе паджыдаў. А Аленка і не чакала ўгледзець яго. Убачыла, прыветна-радасна ўсміхнулася яму. А Сцёпка замаркочаны быў.

Кіўнула яму Аленка на развітанне. Сказаць хацела нешта, ды, мусіць, бацькі засаромелася.

— Ну, шчаслівай дарогі і добрай часіны! — сказаў Сцёпка.

— Аставайся здаровы, Сцёпка!

І радасна стала Аленцы.

А Сцёпка доўга праводзіў яе вачыма. Пазіраў у той бок і тады, калі і цялежка даўно з вачэй знікла.

 

 

VII

 

Перадрыжэла бедная Аленка на экзаменах.

Насілу-насілу паступіла. Ну, гэта не бяда: Аленка сваё возьме.

Яшчэ з большай стараннасцю ўзяўся Сцёпка за сваю навуку. Жартаваць тут няма чаго: Аленка цераз тры гады скончыць сямігодку, а там дарога ёй шырэйшая будзе. Яна ўжо, можна сказаць, прыстроена, а ён што? Становішча яго зусім няпэўнае. Разлічваць на бацькаву дапамогу не прыходзіцца: бацька і слухаць не хоча аб яго навуцы. Па-першае, якая цяпер навука? Вучні ў школах лынды бʼюць, ходзяць ды лісце збіраюць. На чорта яно? Хлеб на іх пякуць, ці што? Па-другое, распуста пайшла, дзеці настаўнікамі кіруюць, а вучыцца не хочуць. Лусты хлеба не адрэжа, а свет перавярнуць збіраецца, келб няшчасны! Хіба так даўней вучыліся? Не вывучыш, бывала, лекцыі, дык настаўнік так загрэе табе, што аж іскры пасыплюцца. На калені паставіць ды яшчэ палена ў рукі дасць — стой і палена над галавой трымай. Вот гэта была навука: баяліся і вучыліся. А цяпер чаму вучаць? Бацькоў не слухаць, старых звычаяў не шанаваць... Не, брат, за такую навуку дзякую табе! Вучыся, як хочаш, а бацька памагаць табе не будзе, — вучыць, як на бацькавым карку ездзіць.

Але Сцёпка сваё вядзе: чытае, піша, думае, разважае.

Ні адзін вечар вольны не прападаў дарма. І яшчэ трэба адмеціць, што быў такі выпадак, калі Сцёпку прыйшлося на справе паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек: сакратаром давялося раз быць яму. І што ж вы думаеце? Такі пратакол закаціў, што нейкі гарадскі адказны работнік, прачытаўшы гэты пратакол, доўга ўглядаўся ў Сцёпку і сказаў:

— Ну і маладзец! На рабфак табе паступіць трэба.

Гэтыя словы казаліся пры ўсіх людзях.

Людзі чулі, як іх хлопца, хлопца іх сяла, пахваліў такі вучоны чалавек, і гэта хвала лажылася трохі і на іх саміх. І бацька Сцяпанаў усцешан быў, як бы яго маслам па сэрцы памазалі, і ён моцна зацікавіўся рабфакам, толькі ніяк не мог зразумець гэтага слова, а вечарам запытаў у Сцёпкі:

— Скажы ты мне, што гэта такое «рабак»?

Тут зноў прадставіўся Сцёпку выпадак паказаць сваю вучонасць, і ён зняў з бацькі вялікі цяжар, хоць, праўда, можа і не ў поўнай меры.

— Не рабак, — тата пераблытаў, — рабфак, гэта значыць — рабочы факультэт, дзе вучацца дзеці рабочых і сялян.

— Ну, а факультэт, гэта што такое?

Тут і сам Сцёпка з нагі збіўся, а бацька заўважыў:

— Вось пайшлі словы — і мазгі на іх скруціш! — І тым не меней ён застаўся задаволены, што мае такога сына. А Сцёпка стараўся скарыстаць гэты выпадак для пэўнай агітацыі.

— Ну, вядома, седзячы тут, многа чаго ведаць не будзеш. А без гэтага як ты цяпер жыць будзеш? Мы цяпер самі павінны гаспадарыць над сваім жыццём. Мусібыць, і тата не згадзіўся б паклікаць пана, каб ён нам парадкі заводзіў.

— Няхай іх, сынку, сляпых водзяць, каб яны нам зноў парадкі заводзілі!

— А каб умець жыць па-людску, дык трэба вучыцца і не толькі ведаць, што такое рабфак, а і павучыцца на рабфаку.

«Праўду кажа», — думае Сцёпкаў бацька.

 

 

VIII

 

Загорская сямігодка была распушчана на два тыдні зімовых вакацый. Прыехала Аленка дадому. Яна прабыла ў школе месяцаў пяць. Пасля такой доўгай разлукі з домам Аленка адчувала сябе шчаслівай.

За гэты час побыту ў школе Аленка значна змянілася. Яна заметна падрасла і яшчэ пахарашэла, хоць і без таго была прыгожанькая дзяўчынка. І калі вечарам, у першы дзень прыезду, да яе пазбягаліся таварышкі, бо цікава ж было паглядзець на Аленку, то яе русавая галоўка з мілым тварыкам і яснымі ўдумнымі вочкамі вельмі выгодна для Аленкі выдзялялася з цэлай чарады галовак яе таварышак. Тварык яе набываў той адбітак адухаўлення, які звычайна накладае навука, работа мыслі і разважання. У школе Аленка не зводзіла часу дарма. Старанна слухала лекцыі, чытала кнігі, якія толькі можна было дастаць, а кожнае няяснае для яе пытанне старалася зразумець, а калі ёй гэта было трудна, яна зварачалася да настаўніка, хоць на першых часах крыху саромелася. Гэтая стараннасць, гэтае шчырае адданне навуцы, а таксама і здольнасць да навукі вывелі яе і тут на першае месца ў класе. Яна кіравала сваім гуртком па вывучэнні прыроды; яна ж, не хочучы адставаць ад Сцёпкі па часці прыгожага пісьменства, прымала ўдзел у насценгазеце і ў школьных журналах, але яна аддавала перавагу не прозе, а вершам, бо верш ёй больш падабаўся, і наогул верш яна лічыла вышэйшаю формаю літаратуры.

Можна смела сказаць, што на гэтую дарогу накіраваў яе дзядзька Тарас Шаўчэнка, а свае беларускія паэты, з творамі каторых Аленка пазнаёмілася ў сямігодцы, яшчэ мацней паставілі яе на грунт вершавальнай творчасці.

За той жа час побыту ў школе Аленка змясціла два свае вершыкі ў газеце і адзін вершык у школьным журнале. Але ёсць у яе адзін верш. Яна хавае яго, як нейкі сакрамант, і нікому яго не паказвае, нягледзячы на ўвесь аўтарскі сверб падзяліцца з чытачом сваёю творчасцю. Гэты верш заўсёды неразлучан з маладою паэткаю. Ён акуратненька запісан на паперачцы і аздоблен рысуначкамі.

Яго Аленка ведае на памяць. На свеце ёсць толькі адзін чалавек, для каго напісан гэты верш. Але ці прачытаць яму? Вось пытанне! Аленка перажывала мукі гэтай няпэўнасці.

Мілыя паэты! Дазвольце выказаць вам спачуванне ад імя чытачоў і пасведчыць перад усім светам, што вы — вялікія пакутнікі на зямлі.

Хто ж такі ён, для каго напісан гэты верш?

Адгадаць не так трудна: гэты чалавек — Сцёпка.

І цікава ведаць Аленцы: ці зойдзе ён да іх, ці не. Яна, напэўна, усцешылася б, калі б ведала яго думкі наконт гэтага. У Сцёпкі было многа прычын пабачыцца з Аленкаю: трэба было дазнацца, як многа навучылася Аленка за гэты час, цікава было пачуць, як там наогул стаіць справа з навукаю, і, калі ўжо на тое пайшло, яму проста хочацца на Аленку паглядзець, бо толькі ён ды Аленка — вучоныя людзі на іх сяле. Настаўніка лічыць тут няма чаго.

У той час, калі маці пазірала на сваю вучоную дачку і цешылася з яе, бо яна так выдзялялася з гэтай шумлівай чарады дзяўчатак, Сцёпка думаў, як тут латвей і натуральней пабачыцца з Аленкаю. Лепш бы, вядома, было спаткацца адзін на адзін. Але можна і проста зайсці да іх. Толькі б гэтых стракатух-піскух там не было.

 

 

IX

 

Аказвалася, не так проста зайсці да Андрэевых, як думаў учора Сцёпка.

Першая яго памылка была ў тым, што з таго часу, як Аленка паехала ў Загорʼе, ён ні разу не зайшоў да іх. Трэба было б па-суседску як-небудзь наведацца. Другая, не меней важная памылка — Сцёпка ні разу не сказаў «дзень добры» цётцы Ганне, Аленчынай матцы, хоць на вуліцы яе і бачыў не раз. Але ж казаць ёй «дзень добры» таксама магло б навесці на пэўныя думкі. І цяпер нейк проста нялоўка было заходзіць, бо адразу кінецца ўсім у вочы, што ён пайшоў да Андрэевых. Як гэта раней не прыняў ён пад увагу?

Сцёпка трохі падумаў.

Ні да чаго пэўнага не дадумаўшыся, выйшаў на вуліцу і мерным крокам, як чалавек сталы, пайшоў у бок Андрэевай хаты.

Было холадна.

Зайздросны мароз узяў ды пазакрываў лёдам і хрыбусткім снегам шыбы на вокнах, асабліва на вокнах тых хат, дзе жывуць дзяўчаты. Але дзяўчаты ўмеюць перахітрыць старога зайздросніка і гарачым дыханнем прагрэюць халодныя заслоны, а каго трэба ім пабачыць, то пабачаць.

Як толькі Сцёпка параўняўся з адною хатай у сяле і зірнуў на яе мёрзлыя шыбы, ён адразу заўважыў гэта прагрэтае акенечка ў аконцы. Мала гэтага: ён пачуў стук у акенца. Сцёпка спыніўся.

Момант — і ў веснічках паказалася Аленка... Ну, ведаеце, і сэрца застукала мацней у грудзях Сцёпкі.

— Можа ты да нас? — спытала Аленка.

Нашто яна так запыталася?

Сцёпка не ведае, што ёй сказаць на гэта.

Але як не сказаць ёй праўды, калі яна так многа памагла яму развязаць незвычайна трудную задачу.

Усміхнуўся Сцёпка і сказаў:

— Ну але, да вас.

А можа яно лепш было б сказаць: «Да цябе»?

Бадай, што лепш так, як сказаў.

— Ну, здароў жа, Сцёпка!

Аленка падала яму руку. Сцёпка, прызнацца, не ўжываў гэтага звычаю вітання, знаходзячы яго залішне далікатным. Ён няспрытна падаў руку, а яна так слаўна, па-прыяцельску паціснула і патрэсла яе.

Увайшлі ў хату.

У хаце была адна толькі цётка Ганна, і Сцёпка, як толькі мог, сказаў ёй вельмі прыветна «дзень добры».

— Ну, сядай у нас, Сцёпка, — сказала цётка Ганна, а Аленка латвей паставіла яму заслончык каля стала і сама села з краю стала насупраць.

— Ты пакажы, Аленка, свае рысункі Сцёпку.

— Ат, якія там рысункі: Сцёпка смяяцца будзе, — як бы трошкі засаромелася Аленка.

— Пакажы, пакажы, — папрасіў і Сцёпка.

Аленка дастала сшытак са сваімі рысункамі.

Сцёпка разглядаў іх уважна, і цётка Ганна падышла паглядзець на іх яшчэ раз, бо яны ёй вельмі падабаліся, а самае важнае тут гэта тое, што іх нарысавала яе Аленка.

— Слаўныя рысункі! — пахваліў Сцёпка. — Гэта ты сама рысавала?

— Сама.

Сцёпка здзівіўся.

— Я такіх, напэўна, не нарысаваў бы.

— Ды што ты кажаш? Яшчэ лепшыя нарысаваў бы, каб павучыўся.

— Хіба што, каб павучыўся.

Праўду сказаць, Сцёпка не лічыў за навуку гэтае рысаванне і не бачыў у ім нічога сурʼёзнага.

Вось чаму ён спытаў:

— А што ў вас праходзіцца з навукі?

— А мы ўсё комплексы распрацоўваем, — важна сказала Аленка.

Беднаму Сцёпку аж горача стала ад гэтых комплексаў: што гэта яшчэ за навука такая? Ніколі аб іх і не чуў і ў кнігах нідзе не вычытаў іх. Пярун бы іх пабіў, і нялоўка яму перад Аленкаю: яна комплексы праходзіць, а ён аб гэтых комплексах ні бэ ні мэ. І што ж яны, праклятыя, азначаюць? Ці тут некалькі скарочаных і злучаных слоў накшталт «рабфака»?

У Сцёпкавых мазгах мільгацяць розныя разгадкі слова, але не разумее комплексаў. Ён не паказвае віду, што не разумее комплексаў. Можа як з далейшай гутаркі выясніцца. Сцёпка пускаецца на хітрасць.

— А што ж вы з гэтых... як іх... компексаў праходзіце?

Аленка зірнула на Сцёпку.

— Як ты смешна сказаў: «компексы», — і, як дурная, пачала хіхікаць.

Сцёпка пачырванеў. Злосць яго забрала.

— А халера іх ведае, што яны і як яны там! Не чуў такога паганага слова!

Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Але ён у далейшым адыграецца, бо ў сэрцы яго накіпела, і ён спытаў:

— А якая ж гэта навука?

Прыбавіць «комплексы» ён не адважыўся.

— А гэта, бачыш, так. Бярэцца які-небудзь прадмет або якая-небудзь зʼява, скажам «калодзеж», і разглядаецца з усіх бакоў.

— Ну, а як вы калодзеж разглядаеце з усіх бакоў? Выкопваеце яго, як той цыган, з зямлі, ці што?

Сцёпка стаў на грунт крытыкі, каб хоць гэтым насаліць «комплексам».

— Не, мы так робім: разбіраем калодзеж...

— Як, зруб разбіраеце?

— Да ты дай жа сказаць! Мы разглядаем, нашто патрэбен людзям калодзеж...

— Дык гэта кожнаму дурню вядома, — заўважыў Сцёпка.

Тут і Аленку трохі забрала.

— А як пападае вада ў зямлю?

— Ды вельмі проста. Вада знаходзіцца ў стане вечнага руху. Ад сонца яна паруе, з пары робяцца хмары, з хмар падае дождж. Дажджавая вада застаецца на паверхні зямлі, а часткаю прасочваецца ў зямлю. У зямлі ёсць такія грунты, дзе вада спыняецца, не ідзе далей... Але ж гэта ўсё я ведаю з геаграфіі. А гэтыя вашы, як іх... компасы чаму вучаць?

— А мы ў комплексах усё разам разглядаем: і геаграфію, і гісторыю, і ўсё.

У момант перад Сцёпкам мільганула думка, і ён усміхнуўся.

— Гэта, значыць, так: паставілі табе на стол капусту, яечню, кіслае малако, локшыну. Дык вось пазліваць іх у адну пасудзіну — і еш. Глупства гэтыя вашы... комплексы.

Бачыць Аленка, што са Сцёпкам гаварыць цяжка, што ён проста ўгневан гэтымі комплексамі, бо не ведае іх. Ну, што ж з ім спрачацца? Яна гатова не гаварыць аб іх.

Цётка Ганна, тупаючы каля печы, хоць і мала разумела ў гэтай іх гутарцы, але бачыла, што Сцёпка, мусібыць, проста ў навуцы адстаў. Але ён так загаварыў пра гэты вечны рух вады, што як бы пачаў верх браць над яе Аленкаю. А як загаманіў яшчэ пра гэтыя стравы, то і ёй стала ясна, што калі б іх змяшаць, як кажа Сцёпка, то выйшла б немаведама што. Урэшце гэта павяло яе на разважанне, што ў жываце гэтыя стравы ўсё роўна перамяшаюцца ж, а як перамяшаеш іх у адной пасудзіне, то і есці не стаў бы. Чаму гэта так?

— Цяпер яны мне ясны, — сказаў Сцёпка.

— Не, ты дарма на іх нападаеш, а вот каб ты прарабіў адзін-другі комплекс, то ты пабачыў бы, што яны не такія ўжо кепскія.

— Глупства, — махнуў рукою Сцёпка.

Цётка Ганна выйшла з хаты.

— Мы свае газеты пішам, — сказала Аленка.

— Газеты?

— І журналы.

— А што вы там пішаце?

— Усё: апавяданні, вершы, заметкі розныя, часам крытыку на каго-небудзь напішам.

— А хто іх чытае?

— Усе чытаюць. Вывесім газету на сцяну — і чытаюць. Я не раз думала, вот каб ты быў там, вось напісаў бы! — усе чыталі б і смяяліся.

Сцёпку гэта заметна кранула.

Аленка трошачкі замялася.

— І я, Сцёпка, пішу ў газетах і журналах.

— Ну, ты каб адстала! — заўважыў Сцёпка.

Як разумець яго словы?

Трошачкі памаўчалі.

— А што ты пісала?

Аленка на момант замялася.

— Вершы.

Тут Сцёпка і вочы вырачыў. Ён пачуў новую канкурэнцыю.

— Можа ты пачытаеш?

Для Аленкі была вялікая спакуса прачытаць той верш, але адвагі не хватала.

— У мяне іх тут няма, — салгала яна.

— Шкада! А можа ты на памяць ведаеш?

— Ну, дай падумаю.

Аленка стала думаць.

— Ну, вось.

Яна апусціла галоўку і стала чытаць па памяці:

 

 

Як я цябе люблю,

Хай скажа гэта сонца,

Што раніцай на небе ўзышло

І, цалуючы прыроду ўсю лучамі,

Душу маю абаграло.

Як я цябе люблю,

Хай скажа гэты вецер,

Што ласкава калыша васількі,

Хай скажуць птушкі, што пяюць

Мне песні роднай стараны.

Як я цябе люблю,

Хай скажа гэта ніва,

Што узрасла на роднае зямлі

І цяжкі каласы схіляе,

Ціхенька шэпча уначы.

Як я цябе люблю,

Хай скажа рэчка гэта,

Што хвалямі удаль бяжыць...

Хай скажа песняй салавей,

Хто так табою даражыць.

 

 

І паэтка і яе слухач у часе дэкламавання адчувалі сябе «неяк нялоўка». Дэкламуючы, Аленка думала, што Сцёпка запытае, каго яна мае на ўвазе ў гэтым вершы. А Сцёпка, слухаючы, адчуваў зайздрасць да самой паэткі, бо яна, на яго погляд, напісала вельмі добры верш, і яшчэ большую зайздрасць адчуваў да таго, каму верш прызначаўся.

Аленка нясмела зірнула на Сцёпку. Сцёпка сядзеў, угнуўшы галаву.

— Калі гэта ты напісала, то вельмі добра. Вельмі добра, — сказаў Сцёпка.

 

 

X

 

Эх, і слаўныя гэтыя летнія ночы!

Здаецца, дзеля таго толькі і сходзяць яны на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсць і паэзія і хараство. А можа яны проста толькі баламуткі: прыйдуць, разальюць хмеліва чар сваіх, закруцяць, замуцяць цябе, закружаць галаву, немаведама чаго наабяцаюць, тысячы ўсякіх спакус прынясуць табе і чорт ведае на якія ўчынкі падбухтораць... Эх, ночы, хмельныя летнія ночы!

Сцёпка выйшаў на вуліцу. Цёмныя, нізкія хаты пад саламянымі стрэхамі яшчэ ніжэй туліліся да зямлі. Дзесь, на другім канцы вуліцы, малады дзявочы голас, як тонкі срэбраны званочак, прарэзваў цёплую цішыню летняй ночы:

 

 

Я пастаўлю самавар,

Залатыя трубы,

А ў заборцаўскіх хлапцоў

Навыварат губы.

 

 

Песня раптам абарвалася. Выбух дружнага маладога смеху. Дзявочы піск, крык. Відаць, хлопцы зрабілі налёт, бо іх грубыя галасы пачуліся з таго канца вуліцы, пераплятаючыся з звонкімі галасамі дзяўчат, і зліліся ў віхор разудалага шуму жыцця.

Сцёпка ў няясным парыванні яшчэ не разгорнутых маладых крылляў адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Яго цягнуў вір сельскага шуму. Было нейк і смутна на сэрцы. Хацелася кудысь пайсці, нешта зрабіць, адным словам, паказаць, што на свеце ёсць Сцёпка, каб гэты свет звярнуў на яго ўвагу. Але ў тым віры яму не месца: яго, падлетка, спаткалі б там зняважліва. Ды ці гэта яго дарога? Яму засталося колькі дзён да паступлення на рабфак. У яго яшчэ не ўсе дакументы сабраны. Яму трэба заручка камсамольскай ячэйкі. І невядома, што яшчэ ячэйка скажа яму. Справа ў тым, што сакратар ячэйкі, Макар Лагун, ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, чаму не ходзіць на яе сходкі і чаму не выявіўся нічым як бязбожнік. Сцёпка нічога не мае супраць камсамольства, ён нават і запісаўся б у камсамол, але бацька Сцёпкаў сказаў раз:

— Калі ты, гад, пойдзеш супраць Бога, то я з цябе скуру злуплю! А запішашся ў камсамол, дык дадому не яўляйся!

Не хацелася Сцёпку з бацькам сварыцца.

Перш за ўсё, гэта сварка сама па сабе непрыемна; затым, пасварыся з бацькам — не спадзявайся бацькавай дапамогі. А Сцёпку так хацелася вучыцца!

У часе глыбокага Сцёпкавага разважання па вуліцы прасунуліся дзве чорныя постаці. Сцёпка пазнаў іх адразу: гэта былі — Макар Лагун, сакратар ячэйкі, і Мікіта Дудзік, таксама камсамолец.

— Гэй! — аклікнуў іх Сцёпка.

Хлопцы спыніўся.

— Куды ідзяцё?

— На наш сход, — адказаў Макар.

— А мне можна з вамі?

Хлопцы як бы трохі замяліся. У іх будзе нарада, як павесці змаганне «з рэлігійным дурманам». У іх Заборцах якраз заўтра фэст. На «іспаса» кожны год наязджае сюды з суседніх сёл і хутароў многа народу. Дык ці добра дапускаць на такое паважнае і экстранае сабранне ячэйкі пастаронніх?

А ўрэшце, чаму ж бы Сцёпку і не пабыць там? Няхай уцягваецца, а карысць з яго будзе. Сцёпка самы вучоны паміж іх хлопец.

— Думаю, што можна, — сказаў Макар.

— Ды можна, — даў згоду і Мікіта.

І трое хлопцаў пасунулі па цёмнай вуліцы Заборцаў.

 

 

XI

 

Сходка адбывалася ў пакоі старшыні ячэйкі, Кандрата Гугі. Кандрат Гуга быў больш-менш незалежным гаспадаром у сваім доме. Маці яго, бедная ўдава, не ўмешвалася ў справы свайго сына. У іх было трохі зямлі, але самі на зямлі не працавалі — ніяк не маглі на каня ўзбіцца, і зямлю прыходзілася аддаваць напалавіну.

На сходцы было пастаўлена пытанне, якім спосабам выявіць заўтра антырэлігійную прапаганду. Гутарак і спрэчак гэтае пытанне выклікала многа. Многа было і розных прапаноў.

Сцёпка маўчаў і слухаў.

— Дайце мне сказаць, — папрасіў ён слова. Шумлівы камсамольскі сход адразу сціх. Усе хлопцы павярнулі галовы на Сцёпку.

— Самае лепшае, што можна зрабіць на заўтрашні дзень, — гэта пайсці да «святога калодзежа», зняць крыж і знесці адтуль «фігурку». Прыйдуць папы маліцца, а там нічога не будзе.

Самому Сцёпку паказалася смешным папоўскае здзіўленне, калі пабачаць яны, што там нічога няма.

Камсамольцы — а іх было чалавек восем — дружна зарагаталі і запляскалі Сцёпку.

Сцёпкава прапанова была прынята аднагалосна, і ўсе хлопцы, а з імі і Сцёпка, пайшлі да «святога калодзежа».

Ціха ішлі хлопцы па пустой вуліцы Заборцаў. Дзявочыя песні даўно змоўклі, і вёска спала моцным сялянскім сном.

Выйшлі ў поле: «святы калодзеж» быў ад сяла вярсты за паўтары. Стаяў ён у надзвычайна прыгожым месцы пад невысокай горкаю. Гэтая горка досыць крута спускалася ў глыбокую мурожную даліну, на другі бок каторай стаялі дубы-волаты. З горкі выбівалася чыстая, бы крышталь, крынічка. Прабегшы некалькі дзясяткаў сажняў краем даліны, крынічка зноў хавалася ў зямлю. І толькі буйная сакавітая трава зялёным шырокім кустом разрасталася на месцы знікання крынічкі.

Трошкі вышэй, у тым пункце, дзе крынічка, дабегшы да даліны, рабіла паваротак управа, перасякаліся дзве дарогі: на Загорʼе і на Трасцянку. На гэтым перасеку дарог і быў «святы калодзеж».

За апошнія гады калодзеж трохі заняпаў. Драўляны зруб яго пачарнеў і падгніў знізу. Высокі крыж з распяццем хіліўся набок.

Пачарнеў і пагнуўся дашок на чатырох слупках над крыжам. Сівая старажытнасць захавала яшчэ свой след каля «святога калодзежа», і дух глыбокай старасвецкасці веяў над гэтаю збуцвелаю «фігуркаю».

Маладыя бязбожнікі спыніліся каля «фігуркі». Маўклівая чорная ноч агортвала мрокам зямлю. Было ціха. Дзесь у лузе над рэчкаю нейкая бяссонная ці патрывожаная пташка закрычала два разы: «кі-і-і-вік, кі-і-і-вік» і змоўкла.

— Ну, хлопцы, — сказаў Мікіта Дудзік, — давайце рабіць сухоты папу.

Мікіта першы памацаў зруб «святога калодзежа».

— Паддаецца, браткі! — радасна прамовіў ён.

— Ану, возьмемся талакой, — скамандаваў Макар.

Рванулі гуртам. Здрыгануўся падгнілы зруб, за другім разам адарваўся зусім і, пад смех бязбожнікаў, перакуліўся нізам дагары.

— Занесці яго куды-небудзь, — сказаў Гуга.

— Занясем у кусты. Ну, бярыцеся!

Раман Аўсейчык, Цішка Гулак, Сцёпка і Мікіта паднялі зруб і панеслі. Адышліся крокаў дзесяць, песню заспявалі:

 

 

А мой жа ж ты Мікалаю,

Дзе ж я цябе пахаваю?

Пахаваю пад вярбою

Ды паплачу над табою.

 

 

Старшыня з сакратаром і яшчэ тры хлопцы гэтым часам завіхаліся каля крыжа. Крыж хістаўся, але стаяў моцна. Агульнымі сіламі расківаўшы крыж, узнялі яго, зрушылі з месца. Крыж моцна нахіліўся, прыгнуўся над зямлёю. Вярнуліся другія хлопцы і гуртам павалілі яго на зямлю.

Ноч яшчэ больш пацямнела. З захаду надыходзіла велізарная хмара. Паблісквала маланка, нібы дзесь над берагам зямлі павейваў агнявы віхор, ціха пагойдваючы зацяты мрок ночы. З пярэдняе грамады хмар выкаціўся кучаравы цёмна-палавы клуб, грозны і страшны. З яго калматай галавы бліснула яркая, чырвона-крывавая бліскавіца. На адно мгненне з цёмнага мроку выніклі — «святы калодзеж», як чорная дзірка ў зямлі, група захопленых работаю хлопцаў і крыж, павалены на зямлю. Сцёпку кінулася ў вочы дзеравяное распяцце, выразанае рукамі невядомага разбяра. Адна рука «фігуркі» была зламана. Гэтае распяцце, відаць, угледзеў Мікітка Дудзік. Ён намацаў яго рукамі.

— Годзі табе памагаць папам чмуціць тут людзей, — сказаў Мікітка і пачаў зрываць распяцце з крыжа.

Крыж таксама завалаклі на той бок даліны і кінулі ў тоўстых дубах.

Праз паўгадзіны паліўся дождж.

Хлопцы кончылі сваю работу і пайшлі дамоў. Каля «святога калодзежа» было цяпер пустое месца.

 

 

XII

 

Расчасаўшы бараду і паднядзеліўшыся, як і належыць у такі ўрачысты дзень, заборцаўскі поп накіраваўся на цвінтар, каб пачаць раннюю службу. Цяжка жылося цяпер а.[йцу] Ціту. Народ адкаснуўся ад царквы, даходу было мала і разгону аніякага. Сядзі цішком, як бы цябе і на свеце няма. Можа сёння каля «святога калодзежа» ці не палапіцца трохі. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Народ падхадзіўся. Фрукты розныя паспелі.

А ўночы і дождж прайшоў добры. Неба яснае, пагода вельмі добрая — усё гэта хіліла думкі а.[йца] Ціта ў найлепшы бок. І калі ён уваходзіў на цвінтар, то паціхеньку паспеўваў 103-ці псалм:

«Благослови, душе моя, го-о-о-о-о-о-о-спода».

Падняўшы галаву, а.[йцец] Ціт раптам сарваў свае святыя спевы: на цвінтары каля царкоўных усходаў стаяў «папячыцель» Язэп Дзыгун. Відаць, ён чакаў тут бацюшку, каб сказаць яму нешта вельмі важнае. Від у «папячыцеля» быў заклапочаны.

— А ці ведаеш, бацюшка, што?

Ад тону гэтага пытання павеяла страхам. А.[йцец] Ціт стаяў як слуп.

— А што такое, Язэп?

— Разбурылі, бацюшка, «святы калодзеж» і «фігурку».

А.[йцец] Ціт ад нечаканасці аж назад адкінуўся.

— Не можа быць! — здушаным голасам выкрыкнуў ён, а на твары яго адбіўся жах.

— Усё паламалі і пазносілі, каб іх хвароба паламала і саміх на могілкі пазносіла! Вось паглядзіце, бацюшка, што зрабілі паскуднікі!

Язэп Дзыгун дастаў з-за пазухі кусок пасівелага дрэва ад рукі «фігуркі».

А.[йцец] Ціт узяў гэты кусочак дрэва, паглядзеў на яго і, трасучы галавою, прамовіў:

— Госпадзі многаміласцівы! Дакуль тваё доўгацярпенне!.. Сволачы, сволачы! Сукіны, сукіны сыны!.. Осквернены олтари твои, Господи... Прахвосты, прахвосты. Ляснула працэсія!..

Пятрусь Кравец, званар, сядзеў на званіцы, дзержачы ў руках вяроўку, і зрэдку біў у звон ды прыслухоўваўся да гутаркі «папячыцеля» з а. [айцом] Цітам. Гэтае здарэнне са «святым калодзежам» яму было ўжо вядома.

А.[йцец] Ціт падняў вочы на званіцу і сярдзіта падаў рукою знак Петрусю-званару.

— Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў яму а.[йцец] Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там.

Пятрусь выпусціў з рук вяроўку і злез са званіцы.

— Служыць, бацюшка, трэба, — нясмела сказаў «папячыцель».

А.[йцец] Ціт махнуў рукою.

— І праўдзіва прыказка: згадзілі абедню, спаскудзілі, шэльмы! — не мог супакоіцца а.[йцец] Ціт.

Да іх далучылася некалькі мужчын. Кучка жанок стаяла асобна. Старэнькія бабкі гаротна ківалі галовамі і цяжка ўздыхалі.

— Божачкі, божачкі, якая распуста пайшла!

І каля царквы, і на сяле вяліся гутаркі аб злачынстве і, разам з гэтым, рабілася саматужнае следства. Усе вінаватыя былі выяўлены. Нават беднага Сцёпку падгледзела чыёсць зоркае вока.

— Расколы, расколы! — трос галавою дзед Марцін. — Не хочаш ты Богу маліцца, маліся чорту лысаму, але навошта гэты здзек над святыняю?

— Параспускаліся, гадаўё, як старэцкія пугі. Палавіць бы, разбойнікаў, ды галовы паадкручваць к чортавай матары — тады асцерагаліся б, — сказаў нізенькі Пятрусь-званар.

Калі выявіўся дух апазіцыі супраць бязбожнікаў, а.[йцец] Ціт адмяніў свой загад не званіць. Пятрусь Кравец зноў палез на званіцу. А.[йцец] Ціт пайшоў служыць абедню. У часе службы яму сказалі, што крыж паставілі новы, і такім чынам працэсія павінна адбыцца.

Скончыўшы службу і падлічыўшы даходы, а.[йцец] Ціт ззяў, як тое сонца. З хрысціянскаю пакорлівасцю ён гатоў быў цяпер памаліцца за бязбожнікаў. І тым не меней, спаткаўшы Міхайлу Баруту, Сцёпкавага бацьку, ён сказаў:

— Добрага сынка маеш, Міхале!

 

 

XIII

 

Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка, і, не раздзеючыся, мокры да ніткі, залез пад коўдру. Лежачы, разважаў аб падзеях гэтай ночы і аб выніках гэтых падзей. Сцёпка адчуваў, што ён пераступіў нейкі незвычайна важны рубеж. Тыя мыслі, што вынікалі цяпер, яшчэ некалькі гадзін таму назад былі яму зусім незнаёмы, і сам ён у той час быў другім чалавекам. А ўвогуле ж было-такі непрыемна. Праўда, Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго ўчынку не было. Ніякага Бога няма, так цяпер усюды па школах кажуць, аб гэтым лекцыі чытаюць, аб гэтым на мітынгах крычаць. Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве.

Сцёпка сагрэўся пад коўдраю і заснуў моцным сном. Ён спаў тады, калі на сяле пранеслася незвычайная навіна. Яго бацька яшчэ раненька паехаў да валіспалкома па сваёй гаспадарскай справе.

Сцёпку ўжо разы два будзілі яго браты. І толькі калі маці дачулася, што і яе Сцёпка мае нейкае дачыненне да «святога калодзежа», яна сама пайшла ў адрыну і за справу абуджэння ўзялася належным чынам.

— Дзе ты быў уночы, гад ты?

Сон Сцёпкаў прайшоў у момант. Па тоне пытанняў ён пачуў, што на яго насоўваецца нейкая навала. Пачухваючы чупрыну, Сцёпка прыкінуўся, што нічога не цяміць, а сам думае, як адказаць мацеры, якую наогул выбраць лінію паводзін, і дзівіцца, што так скора раскрылася іх бязбожніцкая дзейнасць.

— Дзе ты быў і што рабіў уночы, пытаюся?

— Нідзе не быў! — груба адказвае Сцёпка, сеўшы на пасцелі.

— Праўду кажы, абібок! — насядае маці.

— Дзе быў? Гуляў з хлопцамі.

— І не раздзяваўся, валяч нягодны!.. Кажы, быў каля «святога калодзежа»?

— Ці раз я там быў, — спакойна адказвае Сцёпка.

— Ды ты мне зубы не загаварвай, бамбіза!..

Маці траціць усякае цярпенне.

— Прызнавайся, гад, што рабіў каля «святога калодзежа»?

Узяўшы пэўны тон, Сцёпка вядзе яго і далей. І цяпер ён ужо так кажа:

— Што рабіў? Комплексы і сухоты папу.

Маці аж чырванее ад злосці: выяўна насміхаецца з мацеры. Яна ў абурэнні кідаецца на сына і таўчэ яго ў бок.

Сцёпка таксама ўваходзіць у злосць, але стрымлівае сябе і, каб больш дапячы мацеры, смяецца і кажа:

— Вось якраз тут свярбела, а ты мяне пачухала.

— Гэрад ты, бязбожнік, кат! І ты катаваў Езуса, ручачку зламаў яму, а цяпер мяне ты катуеш!.. Не будзе ж табе дабра!.. — жорсткія словы кідала яму маці.

Сцёпку непрыемна было слухаць гэта, але тон вытрымлівае да канца, і, калі маці пагразіла яму страшнымі карамі на тым свеце і на гэтым і, плачучы, выходзіла з адрынкі, ён кажа ёй:

— Заплакала, падумаеш — прадналог за цябе аддаў Езус твой?

Сцёпка астаўся ў адрынцы адзін. Да слёз матку давёў. Э, ды ўсё ўжо роўна!

Ён падняўся, выйшаў з адрынкі, пастаяў трохі на прыгуменні, а потым пералез цераз засаўкі і пасунуўся ў поле.

 

 

XIV

 

Адно для Сцёпкі было ясна: цяпер ён за парогам бацькавай хаты. Таго, што зрабілася, назад не адробіш. Але трэба было нешта прыдумаць, знайсці выхад з гэтага стану.

Ён адышоўся вярсты дзве ад сяла, сеў на камень каля хвойніку і стаў думаць. Зайсці яму дадому ці лепей на вочы бацьку не паказвацца, бо ўсё роўна бацька яго прагоніць? І яшчэ думаў Сцёпка аб горадзе. Горад далёка — каля ста, а можа і сто вёрст з хвосцікам. На машыне не паедзеш: дзе грошы ўзяць? Астаецца адно: пяхотам па шпалах. Хоць можа і далей, але па чыгунцы не зблудзіш. На дарогу трэба прыкінуць тры дні часу. Астаецца два вольныя дні. Дакументы, праўда, ёсць. Вось толькі ад ячэйкі ўзяць пасведчанне. Яго цяпер, напэўна, дадуць з ахвотаю. Але ці браць яго? Пасля ўсяго таго, што здарылася, гэтае пасведчанне не хіліць яго. Яно набывае характар нейкага дакору. І ўспомніў ён матку сваю. За што пакрыўдзіў яе?.. А ў горадзе дзе ён прыткнецца? Горада ён ніколі не бачыў. У яго ўяўленні горад прадстаўляецца нейкім бясформенным, дзе лёгка прапасці.

Сцёпка падняў вочы ў бок сяла і стаў углядацца: па ржышчы борзда да яго рухаліся дзве фігуркі вясковых хлопцаў. Гэта былі яго меншыя браты, Алесь і Юрка. Алесь бег без шапкі, шапка была ў руцэ. Відаць, Алесь штось нёс у шапцы. Калі браты дабеглі да Сцёпкі, то яны моцна затаміліся ад шпаркага бегу, але твары іх былі вясёлыя. Яны былі рады, што знайшлі Сцёпку. У шапцы аказалася дзве грэцкія пухаўныя аладкі, зложаныя папалам, а між іх была досыць дзябёлая скварка.

Сцёпка павесялеў, убачыўшы братоў. Можа з той прычыны, што ён быў у такім адзіноцтве.

— Гэта вы самі іх узялі?

— Не, — адказалі браты.

— Маці дала?

— Не.

— Ды скуль жа вы ўзялі іх?

— Аленка Андрэева прыслала, — разам сказалі хлопцы.

Для Сцёпкі гэта было поўнаю нечаканасцю, і ён пранікся незвычайнаю падзякаю да Аленкі. У ім узнікае моцнае жаданне пабачыць Аленку і падзякаваць ёй за гэта. Аленцы асталося пабыць апошні год у сямігодцы, і яна скора паедзе. Калі сёння-заўтра не пабачыць яе, то калі сустрэне яе і ці сустрэне?

Сцёпку хочацца распытаць аб Аленцы, але яму было трохі неяк сорамна. І ўсё ж такі ён запытаўся:

— А дзе ж вы яе бачылі?

— Яна сустрэла мяне на вуліцы, — сказаў Алесь, — і спытала, дзе ты і што з табою было... Камсамольцы, брат, паўцякалі — біць іх хацелі.

— А бацька прыехаў?

— Прыехаў.

— А ён ведае... пра «святы калодзеж»?

— Маці сказала, і ўсе сказалі.

— А ён што?

— Нічога. Сярдзіты.

Сцёпка адламаў кусок аладкі і стаў есці.

— Можа вы па кусочку зʼелі б?

— Не, — разам адказалі меншыя браты і галовамі затрэслі.

Сцёпка падзакусіў, распытаўся аб вясковых навінах.

— А ты, Сцёпка, дадому прыйдзеш? — запытаў Юрка.

Алесь і Юрка ўставілі вочы ў Сцёпку і чакалі, што ён скажа.

— Сёння я дома начаваць не буду. Заўтра прыйду — ненадоўга, але прыйду. Так і скажыце дома бацькам.

— А дзе ж ты начаваць будзеш?

— Глупства! Зайду дзе-небудзь у клуню і пераначую ў сене.

Алесь і Юрка заспакоіліся.

Усе тры браты змоўклі. Кожны штось думаў сам сабе.

— Ну, мы пойдзем дадому, — парушыў гэтую маўклівасць Юрка.

— Ідзіце, ідзіце, — азваўся Сцёпка, — бо ўжо вечар. Вось што, браткі, калі ўбачыце Макарку Лагуновых, то няхай ён мне паперку напіша — ён ведае, якую... Не, лепш не трэба — абыдзецца.

Сцёпка крыху замяўся.

— Пабачыце Аленку, падзякуйце ёй ад мяне за аладкі. — І, памаўчаўшы, яшчэ сказаў, не гледзячы братам у вочы: — Я заўтра буду ў Рэмусавай луцэ — з раніцы, калі раса ападзе. Скажыце Аленцы, няхай яна прыйдзе туды... ну, кнігу мне прынясе. А вы мяне не шукайце, я сам прыйду дадому.

— Добра, — сказалі браты.

На гэтым яны разышліся.

 

 

XV

 

Раненька выйшаў Сцёпка з Дзямʼянавай клуні. Прайшоў загуменнем у хвойнік, павярнуў і хвайнікамі пашыбаваў у Рэмусаву луку. Выбраў там добрую пазіцыю і стаў чакаць Аленку.

Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Можа яна ў гэтую раніцу ападала б і вельмі доўга, каб Аленка не прыйшла раней тэрміну.

Сцёпка замеціў яе здалёк. Ішла яна борздзенька, паглядаючы па баках. Цяпер яна была ўжо ладненькая дзяўчынка на шаснаццатым годзе. Яна ведала, што на яе пачынаюць заглядацца, і гэта надавала ёй пэўнай гордасці.

Добраю, прыветнаю ўсмешкаю спаткала яна Сцёпку.

— Ну, як маешся, багаборац?

Як разумець такое прывітанне? Няўжо ж і яна супраць яго?

Але Сцёпка даведаецца з далейшай гутаркі.

Ён хоча захаваць сурʼёзнасць, нават значную жорсткасць, як і належыць усякаму, хто пайшоў адзін супраць усіх. І ён панура адказвае:

— Ды вось, цягаюся, як воўк, адзін.

— Бедны ты, Сцёпка, мне так цябе шкада!

Сцёпку, з аднаго боку, прыемна, што Аленка пашкадавала яго, але калі на справу глянуць з пункту геройскасці, то гэтае шкадаванне траціць усякую цану, і яно тут зусім не на месцы. Ён выступіў супраць Бога і супраць людзей, а яго шкадуюць! Не шкадаваць — спачуваць толькі можна тут. І нават учарашнія грэцкія аладкі, што прыслала яму Аленка, паказваюцца цяпер Сцёпку да некаторай ступені абразаю для яго бунтарскага духу. І Сцёпка адказвае:

— А чаго тут шкадаваць? Прапашчы я, ці што? І паміраць яшчэ я не збіраюся.

Гаворыць Сцёпка і на Аленку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае.

— А што ж ты далей рабіць будзеш?

У Сцёпкі ёсць адказ і на гэтае пытанне, але ён хоча фасон дзяржаць і трагічна заяўляе:

— У бандыты пайду.

Аленцы страшна робіцца ад гэтых слоў. Яна пужліва глядзіць на Сцёпку, а Сцёпка на Аленку зірнуў. Ён бачыць, што ў яе прыгожыя бровы і такія слаўныя вочы, як бы ён іх першы раз убачыў. Ад гэтага погляду Аленчын страх праходзіць. Яна адгадвае больш, чым ён сказаць ёй хоча.

— А каго ж ты забіваць будзеш? — умее прыкінуцца і Аленка.

А Сцёпка і не падумаў, каго ж, і праўда, забіваць ён будзе.

— Тых, хто ўпоперак дарогі мне стане, — яшчэ больш панура адказвае Сцёпка.

Аленка перамагае ўсмешку, гатовую закрасаваць на яе свежанькіх губках. Хіліць трохі набок русавую галоўку і пытае:

— Ну, а калі б я стала ўпоперак твае дарогі?

Аленка стараецца захаваць сурʼёзнасць, губкі яе строгія, а ў вачах смех руніць.

Мімаволі і Сцёпкавы губы расчыняюцца для смеху. Ну, што ж бы яму рабіць з ёю, каб яна яму ўпоперак дарогі стала? І не гэта хацеў сказаць Сцёпка Аленцы. Ён чуе фальшывы тон, які ён сам даў іх гутарцы. І ці можна думаць, што Аленка супраць яго, калі яна прыйшла сюды?

А Аленка весела засмяялася, зрывае з яго галавы шапку, кудлачыць яму валасы.

— Ой, які ж ты, Сцёпка, смешны! А ці ты ведаеш, што каля «святога калодзежа» паставілі новы крыж! І зруб новы паставяць. А каб вы не чапалі яго, то ён, напэўна, збуцвеў бы там і ніхто б яго не аднаўляў. Ну, і што ж выйшла? Твой бацька казаў пры людзях, што не пусціць цябе ў дом.

Апошнія словы балюча кальнулі Сцёпку, хоць гэтага ён і спадзяваўся ад бацькі.

Аленка глядзіць на Сцёпку спачувальна.

— Трэба падумаць, што рабіць табе.

— Я ўжо думаў. Сёння я пайду ў Мінск.

— Пяхотам?

— Так, на сваёй пары паеду.

Аленка засмучана апускае галаву.

— Ну, а як жа?.. А грошы ў цябе ёсць?

— Без грошай пайду.

— А дадому ты зойдзеш?

— Зайду.

Аленка штось думае.

— Не пусціць цябе бацька — прагоніць.

— Вось дзеля гэтага я і пайду, бо калі не зайду, то выйдзе, што я сам пакінуў бацькоў.

— А ты як-небудзь паладзь з бацькам.

— Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе.

— Як гэта ўсё нядобра зрабілася, — прамовіла Аленка.

— А што ж тут нядобрага? Разбурылі ўсё — і ніякі Бог не пакараў. А што са старымі нелады выйшлі — глупства, паладзім.

Некаторы час Аленка і Сцёпка маўчалі.

— Ну што, Аленка, пойдзем, — сказаў Сцёпка.

Прайшлі яны хвойнікам, баравікоў трохі знайшлі, а недалёка ад сяла развіталіся.

Аленка пайшла адна. Канцы расплеценых кос на ветры калыхаліся. Сцёпка глядзеў на яе, каля хвойніку стоячы. Аленка прайшла крокаў дваццаць, азірнулася і сказала:

— А той верш гэта я пра цябе напісала.

І, не азіраючыся болей, борзда-борзда ў сяло пайшла.

Счакаўшы некаторы час, пайшоў і Сцёпка. Пералез цераз засаўкі і з прыгумення ў хату пайшоў.

А бацька чакаў яго ў хаце — меншыя сыны папярэдзілі. Строгі і цвёрды чалавек Міхайла Барута, але трохі затраслося ў ім, калі непакорны бацькавай волі сын на парозе паказаўся. А маці за хвіліну перад гэтым маліла яго не рабіць калатні.

Пераступіў парог Сцёпка, шапку зняў.

«Прасіцца будзе», — думае Міхайла, і гнеў, што быў улёгся ў ім, зноў пачаў падымацца. Спакойна запытаў сына:

— У камсамол запісаўся?

— Не, не запісаўся, — смела зірнуўшы ў вочы бацьку, адказвае Сцёпка.

— А бацьку ты паслухаў?

На гэтае пытанне Сцёпка прамаўчаў.

— А супраць Бога ты не пайшоў?

— З Богам выйшлі нелады.

— Дык чаго табе трэба?

— Пачуць ад цябе, што ты мяне выгнаў.

Такога адказу бацька ніяк не чакаў. Чуе бацька, што сын адольваць яго пачынае.

— Ты сам сябе выгнаў, — кажа бацька, і сэрца яго баліць па сыну.

Сцёпка збірае свае сякія-такія рэчы, дакументы.

— Куды збіраешся? — пытае Міхайла.

— Пайду навукі шукаць, на рабфак ці не паступлю.

Прыпамінаецца Сцёпку яго размова з бацькам аб рабфаку.

— Ну, ідзі, павучыся: паразумнець табе трэба, — спакойна адзываецца бацька.

Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла.

Сцёпка нешта хоча ўзяць, але не адважваецца — ці варта. Хлеба ў людзей папросіць.

Бацька маўчыць, на покуць пазірае.

Маўчаць, баязліва паглядаюць Алесь і Юрка.

Сцёпка сабраўся. Ідзе, спыняецца каля дзвярэй, акідае поглядам хату.

— Ну, то бывайце здаровы!

Ніхто нічога не кажа яму.

Сцёпка ступае крок, на парозе затрымліваецца.

— Я, мама, вінаваты перад табою... Ну, да ты не гневайся.

Маці кідаецца да яго, кладзе яму на плечы рукі, а галавою да грудзей прынікае...

Плача ўголас і Юрка. Алесь крэпіцца, маўчыць зацята, зрэдку на бацьку ваўчком паглядае.

На вуліцы перад акном людзі збіраюцца.

— Адстань ты ад яго — прыліпла! — крычыць на жонку Міхайла.

Сцёпка вызваляецца з матчыных рук. Выходзіць на вуліцу. Яму няма чаго людзей саромецца. Пазіраюць людзі на Сцёпку, а ён высока падняў галаву, глядзіць на сваю дарогу.

— Куды ж гэта ты? — пытае нечы голас.

Сцёпка не абарочваецца, кідае на хаду:

— Рабіць новы зруб на новы калодзеж.

Міхайла Барута за сталом сядзіць. На вуліцу праз аконца глянуў. Дзве слязы з вачэй выкаціліся. Выкаціліся і высахлі.

— Добры хлопец! — кажа ён сам сабе і потым дадае: — І чорт яго не возьме!

 

 

 

Частка другая

За парогам

 

 

I

 

Мінуў Сцёпка сяло, у поле выйшаў.

Бяскрайнія прасторы ляжаць перад ім, пазіраюць на яго незлічонымі вачыма, пазіраюць маўкліва і ўдумна, як бы пытаючыся: «Якая бура нясе цябе, хлопча? куды і чаго?». І нейкае, яшчэ нязведанае, адчуванне жалю агарнула Сцёпку, калі ўзышоў ён на ўзгорак і азірнуўся на сяло. Усё, што было найдаражэйшае ў яго жыцці, — дзяцінства, таварышы, сямʼя, Аленка і гэтае пяшчотна-кволае дрыгаценне струн яго сэрца, — усё гэта засталося там, пад саламянымі стрэхамі, дзе сям-там узняліся дрэвы сваімі верхавінамі.

Сцёпка змусіў сябе адвесці вочы ад сяла, каб не паддацца ахапіўшаму яго жалю.

— Бывай! — сказаў ён уголас, крута павярнуў і шырокімі крокамі пайшоў на той бок узгорка, адкуль ужо не ўгледзіш сяла. Адышоўшы з паўвярсты, яшчэ раз назад азірнуўся, азірнуўся і спыніўся: з узгорка, як куля, шыбаваў Алесь, яго брат, і махаў шапкаю, каб Сцёпка спыніўся.

Алесь зараз жа дабег да Сцёпкі. Затаміўся хлопчык бегучы, аж расчырванеўся: яму ж так хацелася дагнаць Сцёпку! Лагодна ўсміхнуўся брату. А Сцёпка глядзеў недаўменна: якая прычына змусіла Алеся даганяць яго?

— Мама паслала мяне... Вось табе хлеб на дарогу.

Алесь перадаў брату досыць ёмка напакаваную белую зрэбную торбу з хлебам і салам, а потым дастаў з-за пазухі маленькі скрутачак.

— Тут мама трохі і грошай дала. А гэта вось нейкая паперачка ад Мікіты Лагуна.

Сцёпка на момант замяўся: браць ці не браць гэтую пасылку.

Але яго так моцна кранула матчына дабрата і такую віну пачуў перад ёю, што не пасмеў зрабіць ёй крыўду. Дый Алеся ж ён пакрыўдзіў бы.

— Ну, дзякую, браток! Скажы маме, што я ніколі не забуду яе, ніколі не скажу ёй больш благога слова.

І Сцёпка трохі адвярнуўся ад брата, каб не паказаць яму вачэй.

— Ты як жа пойдзеш? — спытаў Алесь.

— На Загорʼе, а там — па чыгунцы.

Алесь многа меў сказаць чаго, але слоў не знаходзілася.

А можа лепей і не гаварыць! Ды ўсё ж такі не стрымаўся і сказаў, але зусім не тое, што хацелася сказаць.

— Ну, а ты ж не будзеш баяцца?

— Я? — Сцяпан усміхнуўся. — Не, брат, я нічога не баюся.

Алесь аж пазайздросціў яму: такі ён вялікі, смелы і дужы!

— Тут ёсць такая сцежачка, што можна латвей прайсці.

— Ведаю, — адказаў Сцёпка і рашуча прамовіў: — Ну, бывай, брат, здаровы!.. Маме там памагай.

Сцёпка зірнуў Алесю ў вочы, кіўнуў галавою і, закінуўшы кіёчак з торбаю за плечы, пайшоў у сваю дарогу.

Алесь трохі пастаяў, пазіраючы ўслед Сцёпку, а потым стала і разважна павярнуў назад, калі-нікалі аглядаючыся на Сцёпку. Сцёпка ж скора знік з вачэй, бо дарога павярнула ў кусты.

Чым далей адыходзіўся Сцёпка ад сяла, тым больш мілым яно станавілася яму, але разам з гэтым яно незаметна выціскалася з Сцёпкавай душы новымі думкамі, новымі разважаннямі, вобразамі дарогі і тым невядомым, далёкім, што яго чакала і цалкам ляжала наперадзе. І пачуццё адзіноты часам агортвала Сцёпку. А калі мінуў ён Загорʼе, ён пачуў, што гэта — апошні парог, які злучаў яго са сваім сялом, бо ў Загорʼі вучылася Аленка, а ад Загорʼя пачалося зусім новае і чужое.

 

 

II

 

І Загорʼе засталося ззаду.

Яшчэ вярсты тры, і Сцёпка выйшаў на чыгунку. Вёрст васямнаццаць адбіў. Нават ногі затаміліся трохі. На чыгунцы прыпыніўся на момант, у адзін і другі канец яе глянуў. Для большай пэўнасці запытаў сустрэчнага незнаёмага селяніна, у які бок трэба на Мінск ісці і колькі лічыцца вёрст да яго. Змераў вачыма дарогу. Маўкліва, безадказна яна, але як прыгожа яна, як павабна! Зграбненька ляжаць рэйкі, акуратненькі павароты-загібы іх, і згодзен іх бег. А гэтыя слупы з роўна нацягнутым тоўстым дротам! І дзень і ноч выігрывае на іх вецер свае песні, песні прастораў зямлі, і мудрая людская мысль лётае па іх легкакрылаю птушкаю, а гэтыя белыя гугачкі на слупах выглядаюць здалёк беленькімі галубкамі.

Вось гэтыя, моцна збітыя між сабою рэйкі адным канцом сваім у самы Мінск упіраюцца. Восемдзесят шэсць вёрст! Ой, не малы гэта кус для маладых непрывычных да хады ног!

Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі, ідзе, мінае чырвоныя домікі будачнікаў, пераезды, купкі дрэў, а перад ім раскрываюцца ўсё новыя і новыя рысункі дарогі: лясы, лужкі, мосцікі, пажоўклыя гоні палёў, дзе пападаюцца сям-там яшчэ не прыбраныя мэндлікі аўсоў і атуленыя сіняватаю смугою далечы.

З кожным паваротам чыгункі, з кожнаю новаю вярстою Сцёпка глыбей адчувае ўладу гэтых незнаёмых прастораў, сярод якіх параскіданы цёмна-сінія палоскі лясоў. І гэтыя вёсачкі, і людзі, і гаі побач дарогі пазіраюць на яго, як на чужынца, неспагадліва і нават, здаецца, варожа. Маркотна і неспакойна на сэрцы...

Успомнілася Аленка. Ад гэтага ўспамінку адразу неяк цёпла і радасна стала Сцёпку. Але чаму яна не выйшла, калі ён выходзіў адзін з сяла ў гэтую невядомую дарогу? Хоць бы здалёк паказалася. І шкада стала яму Аленкі, і трохі крыўда на яе забірала яго. Ён успомніў спатканне з ёю. Слаўнае было спатканне! Не, Аленка — мілая, залатая дзяўчына! Такой дзяўчынкі ніколі не забудзе Сцёпка. Гэтыя думкі і гэтае адчуванне апошнімі звеннямі ўзварухнуліся ў Сцёпкавым сэрцы і заступілі поўнасцю месца другім думкам і другому пачуццю.

 

Калі маркота і адзінота і не ўзялі верх над Сцёпкам, то толькі затым, што ў Сцёпкі за плячыма была торба з салам. Гэтая торба была для яго прыяцелем, сваім чалавекам, самым блізкім земляком, з каторым не так цяжка было ў дарозе. Паварочваючыся за плячыма ў такт яго хады, яна чым далей, тым болей пачынала напамінаць яму аб сабе. І Сцёпка стаў разглядацца, дзе б выбраць лепшую мясціну для адпачынку. Такая мясцінка скора і знайшлася. Сышоў з дарогі, выбраў зацішнае месца на беразе маленькай рачулачкі і разлажыўся для папаскі. Дарожны вецер і гарачае жнівеньскае сонца яшчэ больш распісалі загарам яго і без таго загарэлы твар. Сцёпка борзда развязаў торбу, скінуўшы па сялянскім звычаі шапку з галавы, адламаў кусок хлеба, адарваў надрэзаны кавалачак сала і са смакам стаў сілкавацца.

 

Падмацаваўшыся, Сцёпка напіўся ў рэчцы вады. І тут ён пачуў такую млявасць, што мусіў прылегчы. Яму так моцна захацелася спаць, што вочы яго пачалі зліпацца самі. Але Сцёпка перамог сябе: не, спаць не гадзіцца! Ці мала што можа здарыцца! Лепш пасядзець трохі, а там памаленьку дабрацца да станцыі, тым болей што пачынала ўжо вечарэць, а да станцыі заставалася вёрст пяць, не болей. І тут толькі Сцёпка пачуў, што дарога — не такая ўжо лёгкая рэч, як гэта здавалася яму дома. Трэба яшчэ дайсці да першай станцыі, а там яшчэ цэлыя чатыры. Не так-та скора і лёгка адмераць іх сваімі нагамі.

І тут Сцёпку прыйшла ў галаву смелая думка — прыстроіцца як-небудзь на поездзе і махнуць машынай! Гэтая думка выціснула ў яго ўсе іншыя думкі. Нават і сон яго разагнаўся. Сцёпка падняўся на ногі, закінуў зноў торбачку за плечы (а яна цяпер палягчэла трохі), выйшаў на чыгунку і патрапаў уздоўж яе па вузенькай бясконцай сцежачцы, так добра яму цяпер знаёмай. Ідзе і абмяркоўвае, як бы гэта латвей на машыну папасці. Трэба спрабаваць шчасця: ездзяць жа людзі на машынах, дык чаму б і яму не праехацца? І час бы выйграў, і ўсякую такую эканомію. Пры гэтым у галаву яго ўбілася адно глупства: калі праедзе ён на машыне, то паступіць на рабфак!

 

 

III

 

Сонца было ўжо зусім нізка над лесам, калі з-за павароту дарогі перад Сцёпкам вынікнуў семафор, бы нейкі вартаўнік з працягнутаю рукою. Сцёпка бачыў яго першы раз, і яму было невядома, для чаго стаіць тут гэты дзіўны слуп. Не было калі Сцёпку разважаць над гэтым, бо зараз жа з-за купак раслін паказалася і сама станцыя. Аж сэрца забілася ў хлопца мацней: на гэтай станцыі яму прыйдзецца развязаць сваю, можна сказаць, першую задачу, задачу адзінокага вандроўніцтва, і развязаць сваім розумам, бо хто ж тут паможа табе?! І не адну задачу, а дзве: пераначаваць і ўладзіцца з яздою на машыне. І гэтая звадлівая думка — калі праедзе на машыне, то паступіць на рабфак — таксама жыве ў яго галаве, карціць яму, спакою не дае. З гэтымі дзвюма задачамі звязваецца цэлы рад другіх задач... З чаго пачаць? Як прыступіць?

Зменшыўшы тэмп хады і нясмела аглядаючыся, падыходзіць ён да станцыі. Яго ўвагу займаюць пустыя вагоны, загнаныя ў глухое месца. Можа гэтыя вагоны ці не ідуць на Мінск?

Сцёпку ніколі не даводзілася быць на станцыі, і цяпер кожную пядзю яе зямлі, кожную часціну яе прыходзілася адольваць сваім уласным розумам. На станцыі было досыць пуста і ціха. Дзе-нідзе праснуе людская фігура і зараз жа знікне невядома куды. Сцёпка ступае яшчэ павальней, разглядаючыся навокал. Ён заўважыў кучку хлапчукоў, такіх вось, як Алесь і Юрка; яны ішлі дзесь з другога боку чыгункі праз рэйкі, накіроўваючыся ў галоўны будынак.

— Скажыце, хлопчыкі, якая гэта станцыя?

Сцёпка ведае, як называецца станцыя, але яму трэба разгаварыцца з хлапчукамі, каб дазнацца таго, што цікавіла яго цяпер.

— Станцыя Беразайка, каму трэба — вылязайка! — пачуў ён адказ, і чародка жэўжыкаў, як спуджаныя верабейчыкі, са смехам памчаліся па платформе ўздоўж будынкаў. Адзін, адбегшыся, павярнуў галаву ў бок Сцёпкі, гукнуў:

— Прачытай: там напісана!

Хлопчык думаў, што Сцёпка непісьменны, пасмяяцца хацеў з яго. Але тое, што гаварылася на глум, Сцёпка ўзяў на вум. І сапраўды: чаму ж бы яму і не пацікавіцца надпісамі? Сцёпка павярнуў галаву ў бок будынкаў і падняў вочы ўгору. Тут ён знайшоў «зал І кл.», «зал ІІ і ІІІ кл.», «буфет», «тэлеграф», «багажнае аддзяленне», а таксама і «для мужчын», «для жанчын» і інш. На дварэ пачынала цямнець, і трэба было добра прыглядацца, каб разабраць не зусім выразныя літары, відаць, стускнелыя за доўгія часы.

— Чаго ты шукаеш тут?

Сцёпка здрыгануўся, бо запытанне было для яго нечаканым, а ў голасе незнаёмага чалавека — Сцёпка яго і не заўважыў — чулася начальніцкая строгасць, хоць, праўда, начальства гэта было і невялікае. Гэта быў толькі стрэлачнік, сярэдніх гадоў чалавек з светлымі, спушчанымі ўніз вусамі, у зашмуленым ліхтарамі каптане. За поясам у яго былі заткнуты два сігнальныя знакі, а цераз плячо перакінут ражок.

— Нічога, так гляджу.

Сцёпка думаў гэтым і адрабіцца, але стрэлачнік не адступаўся, бо Сцёпка паказаўся яму чалавекам падазроным, ва ўсякім разе вартым увагі. У такіх разах стрэлачнік не прапускаў здарэння распытаць, даведацца, хто, чаго, куды і як? Бо ён быў чалавек цікаўны і вельмі любіў прачуць сёе-тое: па яго думцы, на свеце яшчэ павінна нешта цікавае зрабіцца, нешта такое, пасля чаго пачнецца ўжо сапраўднае жыццё.

Стрэлачнік, не адыходзячы ад Сцёпкі, пацягнуў папяросу-суслу, ушчаміўшы яе двума пальцамі, пацягнуў заядла і запытаўся:

— Едзеш куды?

Сцёпка ўсміхнуўся.

— Не, пяхотам іду.

У тоне Сцёпкавага адказу была мяккасць і пашана да стрэлачніка, што таму вельмі спадабалася.

— А куды ідзеш?

— У Мінск.

— У Мінск? пяхотам?

— Ехаць не маю за што.

— А чаго ідзеш ты ў Мінск?

— Вучыцца хачу.

Стрэлачнік яшчэ раз смактануў папяросу і гопнуў яе на платформу.

— Вучы-ы-цца! Бачыш ты! А скуль жа сам?

— З Заборцаў.

— Вот маладзец!.. Але я табе скажу, што цяперашняя навука... — стрэлачнік патрос галавою і рукою махнуў, — нікуды не варта, распуста, а не навука.

— Не, дзядзька, няпраўда! — з жарам запярэчыў Сцёпка. — Цяпер жа сапраўдная навука і даецца. Гэта раней навуку дзялілі для бедных і для багатых: багатым — універсітэты, а бедным — гула асмаленая. Вучылі толькі, каб падаткі плацілі ды на багатых працавалі і Бога баяліся.

— Ось, у тым жа, брат, і справа, што Бога баяцца перасталі. А раз у цябе няма Бога, то які ж ты чалавек? Чым адрозніваешся тады ад скаціны?

— Розумам.

— А розум табе хто даў?

— Розум ад прыроды...

— Ад прыроды!.. А прырода адкуль узялася?

— Ну, а Бог адкуль узяўся? — запытаў і Сцёпка.

— Мы — чэрві ў параўнанні з Богам. Як можам яго ведаць?

— А калі не ведаем, дык як жа верыць у тое, чаго не ведаеш?

Стрэлачнік паглядзеў на Сцёпку.

— А ці ведаеш ты Галабурду? — запытаў ён нечакана.

Сцёпка трохі замяшаўся.

— Якога Галабурду?

— От, — ёсць такі.

— Не, не ведаю.

— А можаш ты сказаць, што Галабурды няма?

Сцёпка замяўся, а стрэлачнік атакаваў яго яшчэ больш энергічна, зрабіўшы з гэтага адпаведны вывад, а потым пашлёпаў Сцёпку па плячы і сказаў:

— Трэба, брат, многа павучыцца, каб ведаць маленькае. І вучацца людзі, аж лысеюць з навукі, а ўсяго ведаць не будуць. Вучыся і ты. Але вось як ты да Мінска дабярэшся? Шкада мне цябе, хлопча, і ног тваіх маладых шкада.

Вынікам гэтага спаткання і гэтага дыспуту было тое, што стрэлачнік заклікаў да сябе Сцёпку, пачаставаў яго кіслым малаком і начаваць пусціў. А назаўтра раніцаю здаў яго на тормаз знаёмаму кандуктару з таварнага поезда.

 

 

IV

 

Людзі мала калі бываюць такімі шчаслівымі, як быў шчаслівы Сцёпка, седзячы на тормазе. Калі б тая радасць і тое шчасце, што часам, хоць і вельмі рэдка, трапляюць да чалавека, маглі б спяваць і звінець сваімі акордамі, то наша вуха чула б найцікавейшую на свеце музыку. Такая музыка была цяпер і ў Сцёпкавым сэрцы. Ён цяпер ні аб чым не думаў, ён проста пазіраў на тыя вобразы, што ўзнімаліся з нутра яго самога, ціхусенечка сам сабе ўсміхаўся.

Адпачыў з дарогі Сцёпка, а раніца новага дня, так шчасліва пачатага, рассявала па станцыі і навокал праменні святла, надзей і нейкай новай беспрычыннай радасці. Скрозь высокія круглыя таполі, што стаялі на станцыі, прабівалася сонца, а лісці на іх трапяталіся так ціха і так паважна, што Сцёпку часам здавалася, нібы яны гаварылі штось гэтаму новаму дню і яснаму сонцу. У галаве поезда заложна-аднатонна сіпеў паравоз. Яго высока падняты яшчэ старасвецкі комін, нібы галава ў цюрбане, выпускаў густую хвалістую стужку чорнага дыму. Яшчэ некалькі хвілін — і гэтая сіпаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. «Тух-тух-тух-тух!» — заклакатаў ён сярдзіта, магутна дыхнуў дымам, выкаціўшы ўгору чатыры клубкі, а следам за гэтым засвістаў тонка-прарэзліва і працяжна. «Кіўгець!» — скрыганулі вагоны, і поезд здрыгануўся, бразнуў крукамі, грымнуў буферамі, здрыгануўся, неахвотна-гультайна прыпыніўся, здрыгануўся мацней, зрушыўся з месца і, пазвоньваючы сцэпамі, пакаціўся па рэйках, штораз прыбаўляючы ходу.

Сцёпка стаяў у цесным калідорчыку між вагонам і тормазам і пазіраў, як адыходзіла ўзад станцыя з яе будынкамі, вадакачкаю, семафорам і круглымі таполямі, робячыся ўсё меншаю і меншаю, пакуль не знікла з вачэй, схаваўшыся за пукатасцю зямлі. На тормазе нікога больш не было, і Сцёпка адчуваў сябе вольна. На першых часах ён захапляўся яздою і тымі новымі малюнкамі, што мільгацелі перад яго вачыма. Ні аб чым не думалася, было проста весела і радасна. Падзеі апошніх дзён адышлі дзесь далёка-далёка, як бы іх і не было, як бы яны толькі прысніліся яму. Але незаметна, паводле таго як поезд імчаў Сцёпку ўсё далей і далей, яго пачалі забіраць думкі аб горадзе, аб паступленні на рабфак. Дзе прыпыніцца яму ў незнаёмым горадзе? Што ён будзе рабіць, калі не паступіць на рабфак? Куды дзецца тады?

І Сцёпка пазіраў у той бок, куды імчаўся поезд. Праўда, «імчаўся» ён не так ужо шпарка, але для Сцёпкі, як не бачыўшага больш шпаркай язды, здавалася, што ён тут імчыцца сокалам. Пазіраў Сцёпка, ці не відаць ужо часам Мінск, ды горад быў яшчэ далёка. Сцёпкаў непакой дасяг сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Горад жа доўга не паказваўся, і толькі пад вечар перад ім вынырнулі, як з-пад зямлі, вежы царквей, касцёлаў і гарадскія будынкі.

Дык вось ён які, Мінск!

Ой, дый горад жа! Аж галавою паківаў Сцёпка: яму здавалася, што ўжо большага, харашэйшага горада і на свеце няма.

Эх, Мінск, пашарпаны, пабіты, папалены братняю польскаю рукою! Каб ты чуў ды ведаў, як шчыра быў захоплен Сцёпка тваім хараством і веліччу, ты зацвіў бы шчасліваю ўсмешкаю ад самага Брэсцкага вакзала і аж па Камароўскае балота, а твае тратуары і вуліцы, не толькі мошчаныя «строфамі» Купалы, Коласа і Бядулі, як скардзіўся адзін на свеце дудар, але нават і камхозскімі каменнямі, напэўна сказалі б: «Праваліцца б нам скрозь землю, каб толькі не бачыў Сцёпка нашага бруду і нашага заняпаду!».

Поезд спыніўся досыць далёка ад станцыі. Сцёпка злез з вагона, азірнуўся па баках, куды яму накіравацца, і павольна пасунуўся ў бок вакзала. У дзвярах, пры ўваходзе ў залу, яго запынілі. Страху набраўся тут Сцёпка. Нават прыйшлося паказаць дакумент, пасведчанне Мікіткі Лагуна ў тым, што Сцёпка — добры бязбожнік і кандыдат у камсамол. Ад сябе ж Сцёпка дадаў, што ён ідзе пяхотам сто вёрст, каб паступіць на рабфак. Пра язду на таварным поездзе, па сялянскай сваёй хітрасці, Сцёпка дыпламатычна змаўчаў. І Сцёпку з пашанаю прапусцілі.

На станцыі было людна і шумна. На лаўках па баках і пасярэдзіне залы сядзелі і ляжалі пасажыры, абложаныя рознымі пакункамі. Там і сям снавалі людскія фігуры, як бы не знаходзячы сабе месца. Адны сядзелі ціха, нерухома, другія перамаўляліся між сабою, жартавалі і смяяліся. Некаторыя закапаліся ў чытанне газет. Сцёпка акінуў усю гэтую грамаду людзей, жанчын і дзяцей, — нідзе няма ні адной асобы, хто хоць бы звярнуў на яго ўвагу. Чужыя, незнаёмыя, далёкія, неспагадлівыя, занятыя кожны сам сабою. Сцёпка, прыпыніўшыся ў больш-менш зацішным месцы, пастаяў трохі, разглядаючы публіку і разважаючы, што яму рабіць тут, дзе правесці ноч. У крайнім выпадку перабудзе як-небудзь тут. Часу ў яго хватае: цэлыя два дні выйграў ён у дарозе. Першы непакой, ахапіўшы яго тут, прайшоў, і Сцёпка пачаў разважаць больш спакойна. Шчаслівая думка выклікала ў яго памяці Дом селяніна, аб якім ён чытаў яшчэ летам. Знайсці гэты дом, устроіцца там — вось яго першая задача. Сцёпка зусім павесялеў. Выйшаў са станцыі на падʼезд, запытаў людзей, дзе знаходзіцца Дом селяніна, даведаўся, што на другім канцы горада, што, сеўшы на конку, можна даехаць аж да самага таго дома.

 

 

V

 

Добрая рэч гэты Дом селяніна, і не аднаго толькі Сцёпку прыхіліў ён. Нахваліцца не мог Сцёпка гэтым домам, бо дзе ж бы ён падзеўся ў незнаёмым горадзе? А тут і адпачыць можна, як належыць чалавеку, і час правесці разумна сярод газет і кніг, і людзей паслухаць, і аб справах патрэбных дазнацца.

Сцёпка прачнуўся досыць рана. У доме было ціха. Апрача яго тут было яшчэ некалькі чужых людзей. Заснуць ён ужо не мог, але не ўставаў, каб не патрывожыць сон людскі. Але ж і спяшацца яму няма куды. Першыя думкі яго былі аб тым, што ён у горадзе і што гэта ўжо другая ноч, праведзеная за парогам бацькаўскага дома. І гэты бацькаўскі дом успомніўся яму, і сэрца нейк трохі заныла. Асабліва шкада яму стала маткі, калі ўспомнілася, як прыпала яна галавою на грудзі яму і плакала. Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? І яна гэта ўсё даравала яму, усё забыла, і колькі любасці выказала яна да яго! І толькі яна паклапацілася, каб не быў ён галодны ў дарозе. Сцёпка заспакоіў сваё сумленне тым, што цвёрда пастанавіў хоць чым-небудзь узрадаваць сваю матку, хоць бы і як цяжка прыйшлося яму на свеце. А следам за гэтым пайшлі і другія думкі, многа думак. Сцёпку трэба перш за ўсё знайсці рабфак, а там навесці спраўкі, ці дайшлі яго дакументы туды. Праўда, яны разам з заявай былі пасланы — пасылалі іх з настаўнікам — па пошце. Але ж трэба ўпэўніцца, ці там яны: мала што можа быць! І яму нейк страшна стала, што яго заява дзе-небудзь прапала, а праз гэта і ўся справа можа прапасці. Трэба, трэба ўпэўніцца, пакуль не позна.

Аглядаючы новую абстаноўку, незвычайна цікавую, Сцёпка хацеў апісаць усё гэта і паслаць... Каму? Зноў успомніў Аленку, а разам з гэтым адчуў і нейкую прыемнасць у сэрцы. Напісаць бы ёй пісьмо? І напіша, абавязкова напіша. Але што пісаць цяпер? Невядома, як абернецца справа. Лепш пачакаць, пакуль скончацца экзамены. Не пераскочыўшы роў, няма чаго і «гоп» казаць.

Асцярожненька падняўся Сцёпка, адзеўся і выйшаў з кватэры. На калідоры сустрэўся незнаёмы чалавек, адзеты на гарадскі манер, пажылы. Як відаць, гэты незнаёмы чалавек меў нейкае дачыненне да Дома селяніна.

— Што, дзетачкі, начаваў тут? — ветла спытаў Сцёпку незнаёмы чалавек.

— Але!

— Ну, і што ж, добра табе тут было? — незнаёмы чалавек палажыў пры гэтым сваю тоўстую, мяккую руку Сцёпку на плячо.

Сцёпку тут успомніўся лозунг «тварам да вёскі», але на шырокім твары незнаёмага чалавека было столькі дабраты, што напэўна ёю — і толькі ёю — выклікана гэтая ўвага да Сцёпкі. Ёсць жа на свеце і добрыя людзі.

Разгаварыліся.

— А-а-а! — працягнуў незнаёмы чалавек, даведаўшыся, што Сцёпка прыйшоў у горад навукі шукаць, і губы яго разышліся ў найдабрэйшую ўсмешку, бы вароты ў гумне, калі яно напакавана пад самы шчыт сенам і збажыною.

— Добра, добра, дзетачкі! Трэба, трэба вучыцца!

У Сцёпкі прамільгнула жаданне спытацца пра рабфак, як яго тут знайсці. Ён толькі замяўся трохі, як назваць добрага чалавека: «таварыш» як бы крыху і не падыходзіць, бо незнаёмы чалавек такі паважны і шырокі, а галоўнае — у гадах такая розніца.

— Выбачайце, я вот не ведаю, як вас назваць...

— Дзедушка, дзедушка называй мяне: мяне так усе завуць.

«Дзедушка» гаварыў па-беларуску.

— Я хацеў вас спытаць... — Сцёпка запнуўся, яму было нейк нязручна казаць «дзедушка»: лепш — «дзедка» або «дзядок», як кажуць на вёсках, — ці не ведаеце часам, як да рабфака дайсці?

— Хадзем: я табе раскажу і пакажу.

«Дзедушка» ўзяў Сцёпку за руку і выйшаў з ім на вуліцу.

— Ось мы выйдзем зараз на Траецкую гару, — па-старому назваў ён плошчу Парыжскай Камуны, — адтуль я табе пакажу, як на рабфак зайсці.

— Ну, вось глядзі, — казаў «дзедушка», узвёўшы Сцёпку на сярэдзіну Траецкай гары, — там улева, бачыш? высокая труба. Гэта — электрычная станцыя, а правей, на горцы, царква, бачыш? Зверху зломаная вежа, а справа каўпак такі. Вось гэта музей, а там, правей, на самай горцы, высокая будыніна. Гэта — вадакачка. Дык вось, дзетачкі, паміж музеем і вадакачкаю будзе вуліца. Па правым баку вуліцы, на рагу, у прысадах — сквер ён па-гарадскому называецца — будзе стаяць гэтая самая вадакачка. Ты туды і пойдзеш, ось так спусцішся, пройдзеш мост цераз Свіслач — улева дзяржыся, потым выйдзеш на Савецкую. Там і ўбачыш музей і вадакачку. Туды і шыбуйся, дзетачкі. Пад вадакачку выйдзеш і ідзі туды каля прысад, мінеш прысады, пройдзеш трохі далей па той жа вуліцы, там і будзе ўніверсітэт, той самы рабфак. Там ты ўжо лёгка знойдзеш. Ну, будзь жа здаровы!

«Дзедушка» падаў Сцёпку руку і развітаўся з ім, а Сцёпка шчыра яго падзякаваў.

Некаторы час, як зачарованы, стаяў тут Сцёпка і любаваўся горадам. Высокія белыя камяніцы прыгожа раскінуліся па ўзгорках за Свіслаччу і далёка разбягаліся ва ўсе канцы, атуленыя па акраінах ужо пажаўцелымі вяночкамі садоў. Асабліва кідаўся Сцёпку ў вочы той пункт горада, што каля Пляца Волі, дзе стаяць такія велізарныя вежы царквей, манастыроў і касцёлаў. Штось паважнае і строгае адчувалася ў іх абліччы. Як бы нешта гавораць яны з далёкіх вякоў сваімі мурамі, маўкліва-зацятымі, узняўшыся высока над горадам. А гэты вось будынак, што лявей... Што гэта: дом, манастыр ці касцёл? Які паважны ён! І так магутна ўзнята над яго ж уласнымі мурамі гэтая сцяна, бы плечы і шыя нейкага волата, з лёгкімі прарэзамі, праз якія свеціцца неба. Грамада камяніц, раскінутых на вялікіх прасторах, вельмі прыгожа спускалася да даліны Свіслачы. Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Правей вадакачкі, дзесь у глыбі горада, віднеліся слупы з густа нацягнутым дротам. Сцёпкаву ўвагу прыцягвалі гэтыя высачэзныя жэрдкі, цёмнымі рысамі ўзнятыя ва ўсіх канцах горада. Для чаго яны? У некаторых мясцінах скрозь прасветліны камяніц прабіваліся сінія далечы, дзе чарнеліся лясочкі, узгоркі і лапінкі поля — прасторы сялянскіх вёсак.

Сцёпка доўга стаяў, любуючыся горадам, і нейкае новае адчуванне калыхала яго, прыцягвала да гэтага горада і ў той жа час палохала і непакоіла.

Слаўны горад! Эх, павучыцца б тут, пажыць бы ў ім!

Сцёпка зрушыў з плошчы і пайшоў шукаць рабфак, кіруючыся на вадакачку. Праблытаўся ён досыць доўга па незнаёмых вуліцах, покі трапіў на вадакачку, адтуль і на рабфак.

 

 

VI

 

Са страхам увайшоў Сцёпка ў канцылярыю рабфака.

Тое прадстаўленне аб рабфаку, што склалася ў Сцёпкі дома, зусім не адпавядала таму рабфаку, які Сцёпка бачыў цяпер перад сабою. У канцылярыі было многа моладзі: і хлопцы, і дзяўчаты. Каля аднаго століка, дзе сядзеў нейкі пісар ці можа і сакратар, бо выгляд і трыманне яго змушалі думаць аб ім як аб асобе важнай, збілася цэлая грамада моладзі. У другіх мясцінах досыць прасторнай канцылярыі таксама стаяла моладзь гурткамі. Да аднаго такога гуртка і Сцёпка падышоў, падышоў асцярожна і нясмела, і лавіў вухам тыя гутаркі і абрыўкі яе, што выбіваліся з гэтай кучкі моладзі. «Таксама прыехалі паступаць», — заўважыў сам сабе Сцёпка, прыслухаўшыся да гутаркі, і паглядзеў на гэтых маладых людзей як на сваіх канкурэнтаў. Тое, што далей даведаўся тут Сцёпка, яго трохі засмуціла: незвычайна вялікі наплыў народу — з чатырох прыходзіцца выбраць аднаго. «Рэзаць будуць», — насілася сярод моладзі.

І вось што яшчэ гаварылася тут: прымаць будуць у першую чаргу дзяцей рабочых, як паказвае ўжо і само слова «рабфак». І людзі пралетарскага стану пры гэтым весялелі. Затым будуць аддаваць перавагу і тым, хто мае пэўны рабочы стаж. Ну, а пра камсамольцаў і казаць няма чаго. Ні пад адну з гэтых груп Сцёпка не падыходзіў. І заслуг у яго перад рэвалюцыяй ніякіх няма. Хоць бы якога гада-бандыта злавіў! Праўда, ён падаў думку разбурыць «святы калодзеж», але гэтая заслуга — віламі на вадзе напісана. Каб тут даведаліся аб гэтым, то можа яшчэ і ці пахвалілі б? Вось тут жа і падумаць трэба! Чым больш уставала гэтых перашкод, тым больш расло ў Сцёпкі ўпартае жаданне дабіцца свайго. Напралом пойдзе, кулакі ў дзела пусціць, а рабфака не ўпусціць. Трэба свайго дабіцца — і больш нічога.

Сцёпка цвёрдымі крокамі падышоў да таго стала, дзе сядзеў важны пісар, а можа і сакратар. Якраз гэта тут і спраўку патрэбную можна ўзяць. Расштурхаў Сцёпка грамаду і бліжэй да стала праціснуўся. Было кінута некалькі не зусім ветлых позіркаў у Сцёпкаў бок, але Сцёпка зрабіў від, што не заўважыў іх.

— Паглядзіце, таварыш, ці ёсць тут мая заява?

Пісар падняў на Сцёпку вочы. Сцёпка глянуў на пісара, глянуў цвёрда і сурʼёзна. Пісар хацеў нешта сказаць, але, замест адказу, узяў вокладкі, распёртыя рознымі паперамі.

— Прозвішча ваша?

— Барута Сцяпан.

Гэтае «Барута» для самога Сцёпкі загучала нейк дзіўна. Сцёпка нават трошкі засаромеўся, бо ўсе зірнулі на яго. І ён таксама зірнуў... на адну дзяўчыну — проста яна тут бліжэй стаяла. Ну, куды ж ёй з Аленкаю раўняцца? Падстрыжаная, кудлатая, і рот вялікі.

Пісар тым часам борзда перакінуў паперы, спыніўся.

— Барута?

— Так.

— Ёсць ваша заява, — і галавою махнуў.

Сцёпка адышоўся. Яму адразу стала лёгка, як бы ён перамог тут нешта важнае і труднае або ўжо на рабфак паступіў.

І пра экзамены даведаўся Сцёпка — праз дзень пачнуцца. І вось яшчэ што зрабіла на Сцёпку ўражанне: студэнты рабфака, арганізацыя іх, многа рабіла захадаў, каб памагчы прыехаўшым кватэрамі і абедамі. А памагчы ім трэба было, бо многім не было дзе прыткнуцца, не было чаго есці. Галота, чуць прыкрытая галота, стукала ў дзверы навукі, шырокаю хваляю сцякалася з далёкіх акругаў. Вядомым стаўся для Сцёпкі і той факт, калі старыя студэнты-рабфакаўцы некалькіх чалавек такой галоты прыстроілі ў больніцы, як хворых, а добры доктар цішком дазволіў ім сяк-так падфранціцца ў бальнічную вопратку.

Усё гэта было вельмі цікава. Цікава тым, што горад не забыў вёскі, і вядомы лозунг не ёсць толькі словы, як гэта часам гаварылася там, на вёсцы. Такім парадкам, ужо адно знаёмства з горадам, хоць далёкае і павярхоўнае, раскрывае табе вочы. А пажыць тут ды павучыцца!.. Не, што б там ні было, а на рабфак паступіць трэба. А як не ўдасца? Тады што?

Не, гэта было б для Сцёпкі надта цяжка.

 

 

VII

 

Было шумна і людна каля будынка рабфака ў дзень экзаменаў. Чырвоныя хустачкі дзяўчат мяшаліся з хлапцоўскімі шапкамі розных гатункаў, пачынаючы гарадскімі кепкамі і канчаючы самадзельнымі саламянымі брылямі. Пераважала ўсё ж такі сялянская суконная світка. Не было недастачы і ў галіфэ, таксама вельмі разнастайных як па матэрыі, так і па шырыні іх злучаных мяшкоў. Сабраныя ў адно месца, яны рабілі поўнае ўражанне і выклікалі ў Сцёпкі некаторую зайздрасць, бо ў яго ніколі не было галіфэ. Увесь гэты стракаты натоўп, як жывы этнаграфічны музей, рассыпаўся па ўсходах, калідорах і аўдыторыях, несучы з сабою і надзеі свае і свае трывогі.

І тут Сцёпкава прадстаўленне аб экзаменах не адпавядала рэчаіснасці. Сцёпка думаў, што экзамены будуць рабіць у камісіях, дзе будзе многа розных прафесараў, аказалася ж, што экзамены рабіў адзін чалавек. У некаторых аўдыторыях сядзела некалькі прафесараў — можа яны і не зусім прафесары, ну але думаць аб іх, як аб прафесарах, нікому не пашкодзіць, і менш усяго самім «прафесарам» — і прымалі экзамены па адным прадмеце, але кожны асобна.

Сцёпка ўвайшоў у аўдыторыю, дзе прымалі экзамены па матэматыцы, каб прыгледзецца і прыслухацца, а потым ужо выбраць лепшага «прафесара». Тыя пытанні, якія давалі прафесары, былі для Сцёпкі так просты і лёгкі, што ён раптам набраўся смеласці і, трымаючы ў руках свой лісток на права здаваць экзамен, стаў у невялікую чаргу. Стоячы за спіной свайго незнаёмага таварыша, Сцёпка то ўсміхаўся, то паціскаў плячыма, калі чуў няправільныя адказы. А калі дайшла яго чарга і прафесар запытаў штось з арыфметыкі, то Сцёпка, дакладна адказаўшы на ўсе прафесарскія запытанні, тут жа сказаў, што ён вельмі добра ведае ўсе раздзелы арыфметыкі. Але з такой заявай ён набраўся клопату, бо прафесар зазначыў яму:

— У такім разе вам няма чаго рабіць на рабфаку.

Спрачацца з прафесарам было рызыкоўна, і Сцёпка змаўчаў. Прафесар тым часам справядліва ацаніў яго веды, што і адмеціў на яго лістку. А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Трэба быць асцярожным і больш дзяржацца сярэдзіны.

Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. За першыя дні Сцёпка паздаваў іх усе, але спакою не было ў яго: можна паздаваць усе экзамены і на рабфак не паступіць. Будзе яшчэ адна камісія ў канцы экзаменаў. Гэта камісія і скажа, каго прыняць, а каго не. Маркотна цягнуліся для Сцёпкі апошнія дні. Сланяўся ён па горадзе, знаёмства завёў з некаторымі хлопцамі — з тых, што з ім паступалі на рабфак. А часу ўсё-такі было многа. Баяўся Сцёпка, што камісія знойдзе яго багатым або нават і кулаком і па гэтай прычыне не прымуць. Вось чаму з найбольшым непакоем чакаў ён той дзень, калі гэтая камісія адбярэ студэнтаў на рабфак.

І дзень гэты прыйшоў... Эх, лепш бы ён і не прыходзіў! Не прыняла Сцёпку камісія, і не аднаго Сцёпку, а сотні такіх Сцёпак: месц не хватала. Як асуджаныя на выгнанне, хадзілі непрынятыя з паніклымі галовамі, стукаліся ў розныя дзверы, а гэтыя дзверы, хоць і адчыняліся перад імі, а памагаць мала памагалі.

Нахмураны і сурʼёзны хадзіў Сцёпка каля будынка рабфака. Зжыўся з ім, палюбіў яго і ў думках сваіх жыў і вучыўся ў ім, і не прынялі! Што ж яму рабіць? А рабіць нешта трэба. Туды-сюды кінуўся — адказ адзін:

— Што рабіць? Вакансій няма... Камісія так пастанавіла.

Звярнуўся да таго-другога з членаў камісіі. Той і другі члены камісіі артыстычна ўскідалі плячыма, разводзілі рукамі, рабілі выразную міну.

— Вакансій няма... Не я — камісія так пастанавіла. Звярніцеся ў Галоўпрафобр.

Пайшоў Сцёпка ў Галоўпрафобр.

І калідор, і пакой каля Галоўпрафобра, і самы той пакой, дзе сядзеў загадчык Галоўпрафобра, былі нашчэнт забіты вучнёўскаю моладдзю. Дзівіўся тут Сцёпка, скуль яе столькі набралася.

Змучаны, знерваваны загадчык Галоўпрафобра з сухім бледным тварам сядзеў, як у шчыльна абложанай крэпасці, размахваў рукамі, ускакваў і садзіўся, як бы баронячыся ад пчол, а на яго насядалі з усіх бакоў, насядалі ўпарта, стыхійна. Праціскаючыся бліжэй, Сцёпка наглядаў сцэны размовы моладзі з загадчыкам, прычым заўважыў, што не ўсім ён адмаўляе, робіць часам дапіскі на дакументах, пасля чаго ад яго адыходзілі ўжо вясёлымі. І яшчэ адно назіранне зрабіў Сцёпка: хто мацней насядае, той свайго дабіваецца. Вось чаму, калі наперад высунуўся Сцёпка, то ён стаў у баявую позу і прыняў вельмі грозны від.

— Вам што? — секануў загадчык.

— Я здаў экзамены на рабфак, а мяне не прынялі. — І падае квіток аб здачы экзаменаў.

Загадчык зірнуў на квіток.

— Дык што я магу зрабіць? — крыкнуў ён і рукою махнуў.

— А мне што рабіць? — падняў голас і Сцёпка і таксама рукой махнуў.

Загадчык зірнуў на Сцёпку, як бы з нагі збіты, а Сцёпка, не даючы слова сказаць, засыпаў словамі:

— Мой бацька бедны, самому няма на чым жыць. Мяне з дому выгнаў за тое, што я з камсамольцамі на сходы хадзіў. Я сам гатаваўся, сто вёрст пяхотам трапаў, здаў экзамены... Што ж мне цяпер рабіць? Красці ісці? Я хачу вучыцца, каб з мяне карысць была дзяржаве.

Загадчык узяў квіток і рэзалюцыю налажыў. Варочаючы яго назад Сцёпку, ён сказаў сярдзіта:

— Ну, вас залічаць звыш камплекта, але на дапамогу не разлічвайце.

Не верачы свайму шчасцю, Сцёпка казаў сабе ў думках:

«Абы мяне прынялі. Рэшта дадасца».

 

Позняю восенню Сцёпкава маці сядзела за прасніцаю, а Міхайла Барута майстраваў сані на зіму. Алесь сядзеў бліжэй да лямпы з пісьмом у руках, а збоку каля яго стаяў Юрка. Алесь чытаў:

«Дарагія тата, мама, Алесь і Юрка!

Пакінуў я вас трохі не так, як людзі. Вы мне даруйце і на мяне не гневайцеся. Прызнаю, што я быў вінаваты.

Я паступіў на рабфак. Хоць і цяжка было, але паступіў. У нас на рабфаку вучацца больш за 450 чалавек. У часе заняццяў, раніцаю а 9 гадзіне, як збяруцца ўсе рабфакаўцы, то будыніна гудзе ўсё роўна як пчолы ў вуллі. Столькі руху бывае, што мудрэй, як у час жніва ў вёсцы. Пасля заняццяў, а 3—4 гадзіне, мы ідзём абедаць у сваю студэнцкую сталоўку. Тутака, у гэтай сталоўцы, абедае столькі людзей, што ў нас, у вёсцы, няма такой ніводнай вялікай сямʼі: каля1300—1500 студэнтаў. А пасля абеду я іду чытаць газеты і вучыцца ў гурток. Тут рыхтуем на наступны раз лекцыі.

Кладзёмся мы спаць вельмі позна: а 12 або а першай гадзіне ночы. А то ўсё вучымся і чытаем шмат кніжак. Жывём мы ўсе ў вялікім мураваным агульным доме па асобных пакоях. У нашым пакоі жыве 9 чалавек: 4 хлопцы — беларусы з вёскі і 5 яўрэяў з фабрыкі. Жывём адною сямʼёю. Што ёсць у аднаго, напрыклад, з яды, дык карыстаемся ўсе. Апрача хлопцаў ёсць у нас і дзяўчаты. Яны жывуць у асобных пакоях. Нам даюць пенсію — 12 рублёў у месяц, але з іх вылічваюць за абед, вячэру, хлеб і на другія дробныя патрэбы, так што на рукі прыходзіцца 2—3 руб. Мне тут жывецца добра. Нядаўна выдаў мне наш рабфакаўскі камітэт сяннік, коўдру і матэрыі на бялізну. У лазню ходзім праз кожныя 2 тыдні. Са мною вельмі добра сябруюць камсамольцы. Я ўжо думаю паступіць у камсамол, каб быць арганізаваным і весці барацьбу з буржуазіяй за наша сялянскае жыццё. Дарагія, родныя! Каб вы ведалі, як я цяпер здаволен, што вучуся! Нават і ў святыя дні не маю адпачынку. Як прыйдзе якое-небудзь свята, то я не праводжу дарма часу так, як праводзіў дома, а заўсёды знайду сабе работу. Акуратна хаджу я ў гурткі. Нядзелямі часта езджу ў вёскі, дзе наш рабфак вядзе культурную работу. Мне, як знаёмаму з вёскай, хочацца дапамагаць сялянскай справе. Наша дапамога вёсцы заключаецца ў тым, што рабфак дапамагае праводзіць культурна-асветную працу ў вёсцы. Пасылае без грошай кніжкі, газеты для школ і хат-чыталень. Збіраем усе скаргі на розныя непарадкі мясцовай улады і, чым можам, дапамагаем там, на месцы, а то ўсе скаргі перадаём у газеты.

Жыццё ж у Мінску ідзе так шпарка, проста так і бʼе крыніцаю. На вуліцах бесперастанку цэлы дзень да позняй ночы ходзяць людзі, лётаюць аўтамабілі, ездзяць фурманы. На вуліцах гарыць святло, электрычнасць. Дамы стаяць мураваныя, двухпаверхныя, а нават ёсць і шасціпаверхныя. У горадзе і за горадам ёсць розныя фабрыкі. Там працуюць рабочыя разам па некалькі сот чалавек. Пасля цяжкай працы (я раз быў на заводзе і бачыў іхнюю працу і жыццё) ідуць яны па рабочых клубах і там праводзяць час: чытаюць газеты і кнігі.

Бачыце, дарагія, родныя, што рабочыя таксама цяжка працуюць, але яны пасля стараюцца разумна скарыстаць час, не так, як у нас: у сварках, пʼянстве і розных бойках.

Дарагія, родныя! Ужо вельмі позна: тры гадзіны ночы. Усе мае таварышы заснулі і моцна храпуць. Мне таксама хочацца спаць. А што робіцца на свеце, то я напішу вам другім разам.

Бывайце здаровенькі! Напішы мне, Алеська, як вы там жывяце, што ў вас чуваць.

Шлю вам усім свой рабфакаўскі паклон.

Ваш сын Сцёпка».

Міхайла Барута ціха ў вус усміхаецца, а Сцёпкава маці ўцірае слёзы радасці і жалю.

 

 

VIII

 

Аб Сцёпку і Аленцы па Заборцах гутарка прайшла. Вось як вярнулася тады Аленка з лесу, калі яна ў Рэмусаву луку хадзіла, дык гэтая гутарка ўжо з некалькіх языкоў зляцела. І як борзда такія плёткі па людзях расходзяцца! Ну, як бы іх вецер у вушы ўдзімае! Здаецца ж, і не было нікога, і ніхто не бачыў іх, а вось жа ўсё дакладна перадавалася: дзе і калі спаткаліся, як хто на каго зірнуў, хто каму ўсміхнуўся і нават як усміхнуўся. А як даведалася Аленка, што пра яе і пра Сцёпку гаварыць пачалі, то моцна засаромелася.

Ніколі ж яна не думала, што на яе сяброўства з Сцёпкам людзі паглядзяць вось якраз гэтак. Усё ж гэта няпраўда, няпраўда! Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне, нават і ў песнях аб ім спяваецца, але сама яна гэтага пачуцця ніколі не зазнавала, не адчувала, не разумела і знаць яго не хоча. Яно для яе незнаёмае, чужое... Глупства ўсё гэта! У Аленкі пратэст з душы выбіваецца. Хочацца голасна сказаць усім гэтым плеткарам, што яны лгуць, брэшуць! Крыўдна стала неяк Аленцы, хоць вазьмі ды заплач.

Узяла кнігу, на двор выйшла, на прыгуменні ў зацішнае месца села. Разгарнула кнігу, водзіць вачыма па літарах, бачыць словы, цэлыя радкі, але ад гэтага чытання ў памяці нічагусенькі не застаецца, — аб Сцёпку думае. І як ён на памяць ёй узышоў, сама не ведае, людскія ж плёткі на нейкі час зусім забываюцца. А ўрэшце — ліха іх бяры! Хіба ты язык людзям завяжаш? Горш за ўсё вось што: покі аб гэтых плётках нічога не было вядома, яна хацела прыпільнаваць Сцёпку, як ён будзе з дому ў дарогу выходзіць,— за сялом можна было б пераняць яго і даць яму на дарогу маленькі баханак хлеба і той рубельчык грошай, што прыхаваны ў яе на ўсякі выпадак, а цяпер хіба яна пойдзе? Ніколі! І злосць узяла на Сцёпку — з-за яго столькі непрыемнасці, і яна ніколечкі не шкадуе яго. Наадварот — глядзець на яго не хоча!

Аленка ведае такую мясцінку на сваім двары, адкуль можна добра пабачыць Сцёпкаў двор, а самой быць незаметнай. Нягледзячы на ўсю злосць на Сцёпку, ідзе яна на тое месца. Ёй проста цікава паглядзець наогул. Каля хаты там народ сабраўся. Аленка прагна, але дарэмна ловіць словы — нічагутка не чуваць. І раптам Аленчына сэрца супраць яе волі забілася мацней: з двара якраз выходзіць Сцёпка! Ідзе без нічога, ідзе смела, высока падняў галаву. Маладзец усё ж такі хлопец! Момант — і Сцёпкава постаць знікае з Аленчыных вачэй. Цяпер яго больш адгэтуль ужо не пабачыш. Ные сэрца ад нейкага жалю, і ўспомніўся Аленцы той верш, што чытала Сцёпку. Нядаўначка ж яна прызналася яму, што гэты верш напісан спецыяльна для яго... Вось тут Аленка і заблыталася ў сваіх разважаннях. І дзе ж яе праўда? Чаму веры даць? Не лгала ж яна Сцёпку, складаючы яму той верш... І нашто яна складала яго? Нашто чытала? І горш за ўсё, нашто было яшчэ і казаць?

Злуецца Аленка сама на сябе, аж палец кусае сабе, а нарэшце і заплакала нават. Дурная яна, эх, якая дурная! Смяяцца з яе будзе Сцёпка: хіба ім можна верыць? Ашуканцы яны, манюкі!.. Каб толькі ведалі хлопцы, што думала аб іх цяпер Аленка, то напэўна пакрыўдзіліся б на яе.

Людзі разышліся ад Барутавай хаты. Некаторы час Аленка яшчэ пастаяла ў патайным месцы свайго дворыка. Бачыла, як з двара выбег Алесь з ёмкаю белаю торбачкаю. Алесь борзда пабег, а следам за ім выйшла і Сцёпкава маці. Прыпынілася каля весніц, пазірае ў той бок, куды Алесь пабег, і выцірае цішком слёзы.

«Хлеба маці пасылае», — падумала Аленка і павесялела, бо гэта ж і яе была такая думка. Але ці дагоніць яго Алесь?

Аленка борздзенька выйшла з патайнога месца і пайшла сцежачкаю ў поле: можа адтуль убачыць дарогу. Не, ні дарогі, ні Сцёпкі, ні Алеся не бачыла Аленка. Дарэмна толькі ногі трапала. Азірнулася навокал: на полі там-сям жанкі былі. Ёй здавалася, што яны дагадаюцца, чаго яна ў поле выйшла, і яшчэ больш гаварыць пачнуць. Выбачайце: яна проста ў гарод пайшла, каб зелля нарваць. Збірае Аленка зелле, а сама пра Сцёпку думае... Што ні кажыце, а хлопец ён слаўны!

 

 

IX

 

Скончылася лета. У пачатку восені паехала Аленка ў Загорʼе. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Пачалася школьная работа, і час праходзіў борзда. Незаметна набліжаліся зімнія вакацыі. Нічога не ведала Аленка пра Сцёпку. Дзе ён? Што з ім? Відаць, нядобра з ім, калі да гэтага часу не падаў аб сабе вестачкі. А можа проста не хоча з ёю знацца, астаўшыся ў горадзе. Ці мала там у яго сяброў і сярод хлопцаў, і сярод дзяўчат? І зноў успамінаўся Аленцы яе той верш. Прыкра рабілася дзяўчынцы. Ну, але ж калі гэта было? Яна была тады проста дурная. А ёй так хочацца аб горадзе даведацца. Сапраўдную навуку і можна пазнаць толькі ў горадзе. І хто, як не Сцёпка, мог бы расказаць пра жыццё ў горадзе, пра навуку? Пасылала Аленка ліст дадому, хацела пра Сцёпку спытаць, але нейк сорамна было, бо яшчэ з маткаю дома размову мела аб ім. Праўда, жартуючы, казала ёй маці тое, што сама ад людзей чула, аб іх каханні. Ну, а калі б і так? Не крадзенае ж гэта, і такая хвор ходзіць па людзях. А што на Аленку заглядаюцца, то што ж тут дзіўнага? Не на ўсякую, нябось, і глядзець будуць. Ну, словам, матка зірнула на гэта зусім проста, а потым адразу нейк перайшла на сурʼёзны тон.

— А ўсё ж, дачушка, ой як трэба шанавацца! Асабліва цяпер, калі такая распуста па людзях пайшла.

У падмацаванне факта гэтай распусты Аленчына маці расказала некалькі прыкладаў. Прыклады былі жывыя, блізкія і ўсім вядомыя: Анетка Шаркуновых, Насця Жук. Пацешыліся ды кінулі, як агрызеныя косці, з малымі на руках. Што ім цяпер рабіць? І не высудзілі нічога, бо аказалася, што ў тых лайдакоў нічога няма, хоць жылі пры гаспадарках — выкруціліся. І каго ж тут вінаваціць? Самі вінаваты. Вось так і правучаюць дурных.

— Я павінна папярэдзіць цябе, дачушка. Ты ж ужо не маленькая: праз год, праз два і замуж пойдзеш.

Аленка зачырванелася ад сораму і вочы ўніз апусціла.

— І не думаю я пра замуж, — нездаволена адказала яна.

— Усе мы ў свой час так гаварылі, а толькі тое і рабілі, што думалі, каб скарэй замуж выйсці.

Вось чаму Аленка і не адважылася ў лісце аб Сцёпку спытаць, і чамусь спадзявалася, што Сцёпка сам напіша ёй. Так яно і было.

Калі Аленка зірнула на памяты канверцік — відаць, у дарозе вандраваў нямала, — то сэрца яе забілася, як пташка ў клетцы, а шчокі румянкам загарэліся. Са школы якраз выходзілі. Звычайна Аленка ў такіх разах не вельмі спяшалася: павольна складала кнігі і сшыткі, адзявалася ці таварышку каторую-небудзь чакала, каб разам са школы пайсці і пагутарыць аб тым, што зʼяўлялася выдатнейшым момантам дня. Часамі ж да іх і хлопцы далучацца, бо былі такія, што і пажартаваць ужо любілі з дзяўчатамі і так ці іначай сваё кавалерства выказвалі. І дзяўчаты, калі ўжо праўду казаць, не аставаліся глухімі на гэтыя жарты. Для віду злаваліся, пратэставалі, ад хлопцаў нібы стараніліся, але цішком цікавалі-такі за імі і былі рады, калі жартуючы і штурхане ці ўшчыпне іх хто з хлапцоў ці так якую штуку выкіне... Ну, проста прыемна адчуваць, што цябе ўвагаю людзі не крыўдзяць.

Цяпер жа Аленка пастаралася борздзенька і незаметна выйсці, каб адной астацца. Не, не адной, а са Сцёпкавым лістом! Бегучы на кватэру, некалькі разоў на канверт зірнула і толькі дома асцярожненька распячатала яго. На самы пачатак і на канец ліста глянула. А ў самым канцы «Сцяпан Барута» стаяў.

У незвычайным хваляванні прыступіла Аленка да чытання. Ліст быў напісан старанна. Відаць, Сцёпка многа думаў, каб напісаць яго. Найбольшая труднасць тут для Сцёпкі была ў напісанні самога звароту да Аленкі: як яе назваць? «Таварыш» — аддае нейкаю невыразнасцю. Напісаць «друг»? — але так спадручней да хлопца звярнуцца. Напісаць хіба «мілая Аленка»? А можа лепш «дарагая Аленка»? Тут у Сцёпкі пытанне зʼявілася: якое слова лепш перадае шчырасць і сардэчнасць — «мілая» ці «дарагая»? Мусібыць, «дарагая» ўсё ж такі бліжэй да сэрца. Але зноў жа — каб не станавіцца тут на шлях звычайных закаханых лабатрасаў, пакутнікаў кахання, бо ніякай закаханасці ў Сцёпкі няма, а ёсць проста цачуццё дружбы да свае зямлячкі, з якою звязвае Сцёпку жыццё дома, блізкае суседства і розныя агульныя інтарэсы, што мелі і маюць дачыненне да іх вучнёўства. Ну, а затым Аленка проста слаўная дзяўчынка. Нават і верш такі добры напісала яму. Урэшце Сцёпка пайшоў на такое згодніцтва:

 

«Дарагая суседка, мілы таварыш Аленка!

Мне дужа хочацца ведаць, як ты жывеш, а таксама і як твая навука пасоўваецца. Вось чаму і пішу я табе. Можа ты ніколі і не думала, што я табе ліст прышлю, і забылася ўжо, як мы апошні раз развіталіся. Ну, але ж некалі вучыліся разам і цяпер вучымся, толькі ў розных школах, і мне ўсё цікава ведаць. Яшчэ тады, як пакідаў я дом, я сказаў сабе, што напішу табе. Збіраўся напісаць, як у Мінск прыбыў, а потым адлажыў, покі не выясніцца справа з маім паступленнем.

Каб апісаць усё па парадку, то трэба было б вельмі многа пісаць. Выйшаў я тады адзін, і мне маркотна нейк зрабілася; ішоў жа я ў незнаёмы горад, дзе ўсе мне чужыя. Адну станцыю прайшоў і заначаваў на ёй, а адтуль паехаў машынаю дармагалам. Выпадкам я пазнаёміўся там з адным добрым стрэлачнікам, і ён пасадзіў мяне на поезд. Наогул мне пашанцавала. Паздаваў я экзамены добра і лёгка, як плюнуць, бо я шмат болей ведаў, чым гэта трэбуецца, каб паступіць на рабфак. Але здаць экзамены яшчэ не значыць — паступіць: наехала ўчацвёра больш, чым можна прыняць. І мяне былі не прынялі. Горка мне было. Што рабіць? Пайшоў я да вышэйшага начальства ў Галоўпрафобры і там нават шуму нарабіў, проста біцца хацеў, бо я быў пастаўлен перад фактам голага змагання — быць ці не быць. Разумеецца, не задзёрыстасць мая памагла мне, а маё становішча, як выгнанага з дому, — за што? ты ведаеш. І мяне залічылі на рабфак звыш нормы, а потым усё ўладзілася, і мяне запісалі сапраўдным студэнтам рабфака, далі пенсію дванаццаць рублёў і гатовае памяшканне.

Ты не ведаеш, Аленка, як я рад, што вучуся! Я нічога не ведаў, ідучы шукаць навукі, і цяпер яшчэ многа чаго не ведаю, але я чую, што мае вочы прасвятляюцца, што перада мною адчыняецца зусім новы свет; і ўсё тое, што праходзіла перад маімі вачыма, што не спыняла на сабе маёй увагі або накіроўвала яе ў другі бок, цяпер устае перада мною ў новым асвятленні, набывае зусім другі сэнс і характар. Я цяпер ведаю ролю пралетарыяту ў рэвалюцыі і яе ролю ў тым, каб завесці новыя парадкі і новае жыццё. Для мяне цяпер усё больш і больш праясняецца погляд і на сябе самога як на адзінку грамадскага калектыву. Наогул, Аленка, шчыра табе раю звярнуць большую ўвагу на грамадазнаўства. Чытай газеты, але іх яшчэ трэба і ўмець чытаць.

Ты ў гэтым годзе скончыш сямігодку. Што будзеш рабіць потым? Ці думаеш на гэтым спыніцца, ці вучыцца далей? Здаволіцца адною сямігодкаю не выпадае, бо яна мала дае. Трэба прабівацца ў вышэйшую школу, каб заняцца навукаю як належыць. Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва ўніверсітэт. Трэба добра павучыцца, каб быць карысным у жыцці. Добра падгатаваўшыся, і ты можаш папасці туды. Не трэба толькі спяшацца замуж выходзіць. У нас тут многа дзяўчат вучыцца. Усякія ёсць. Сярод нашых рабфакаўцаў розныя людзі: і моладзь, і людзі сталыя, з бародамі. Ёсць і жанатыя, а некаторыя тут і жэняцца, і замуж выходзяць. Я на гэта гляджу як на рэчы непатрэбныя. Калі навука, дык навука.

Вольнага часу ў мяне мала. Многа чытаю, мала куды хаджу. Жывём мы ў агульным памяшканні, у паасобных пакойчыках. Выдаём насценную газету. Некалькі сваіх артыкулаў даў і я. Мяне больш цікавіць «наш быт», і ў гэты аддзел і пішу. Яшчэ трэба сказаць табе, што паэтаў цяпер развялося, як камароў у балоце. Са мною таксама жыве адзін паэт. Слаўны ён хлапец, і мы з ім дружым. Адна яго загана, што ён паэт. Але ён сваёю паэзіяй карыстаецца ў меру. Калі яму няма за што купіць папярос, то ён кажа: «Трэба, брат, верш злажыць — курыць няма чаго», і садзіцца пісаць. Вершы ж піша затым, што за радок даражэй плацяць, і верш, кажа ён, вельмі лёгка напісаць. Аб нашым быце я напішу табе, калі толькі прышлеш мне сваё пісьмо. За паэтаў не гневайся на мяне, бо я ўпусціў з памяці, што і ты пішаш вершы, але ж вельмі многа фабрыкуецца гэтага тавару.

Я часта, Аленка, успамінаю цябе... Ну, і бывай здарова. Памятай, што трэба яшчэ вучыцца табе. Прыедзеш на зімнія вакацыі — зайдзі да нашых. Я не скора, мусібыць, прыеду да сваіх.

Усяго найлепшага. Сцяпан Барута».

Некалькі разоў прачытала Аленка гэты ліст. У некаторых момантах чытання ёй то было прыемна, то горка і крыўдна. Асабліва з гэтымі вершамі, яна так і ведала — насмяецца з яе Сцёпка. Аленка доўга ўзважвала, чаго больш у Сцёпкавым лісце, добрага ці благога для яе, напісаць яму ліст ці не?

 

 

X

 

Сярод таварышаў Сцёпка выдзяляўся сваёю стараннасцю ў навуцы, сваёю сталасцю і сурʼёзнасцю. За гэта яго празвалі тут другім Ламаносавым, тым больш што ён не пабаяўся пайсці пяхотам цэлых сто вёрст, каб паступіць на рабфак. Але ж яму больш нічога і не аставалася, як толькі вучыцца. Навука гарнула Сцёпку і давалася яму лёгка. Ён памятае, як трудна была тая дарога, што прывяла яго сюды, і якую адказнасць узяў ён на сябе, кінуўшы бацькаў дом. Таксама не забывае ён і тых слоў, што кінуў людзям, выходзячы са свайго двара: «будаваць новы зруб на новы калодзеж». Сцёпку самому падабаліся гэтыя словы, і самае важнае тут тое, што вырваліся яны самі сабою, не надумана. Трэба даказаць усім, што ён сваіх слоў на вецер не кідае, і калі думаюць аб ім людзі, што ён — адшчапенец, што з яго толку не будзе, то памыляюцца. Апрача ўсяго гэтага, тыя ўмовы, у якіх яму давялося быць, яго здавольвалі: ёсць разгон для навукі, можна чыста хадзіць і не быць галодным. Пасцель у яго такая, што ў Заборцах магла яму толькі прысніцца.

Сцёпка быў трохі дзікаваты і замкнуты. Ён стаяў як бы крыху наводшыбе ад таварышаў і пільна прыглядаўся да ўсяго, што праходзіла тут перад яго вачыма. І перш за ўсё ўвагу яго спыняў іх вучнёўскі быт і асабліва адносіны паміж хлопцамі і дзяўчатамі. Адносіны гэтыя былі самыя простыя і звычайныя. У часе пераменак па калідорах і аўдыторыях усе яны шумелі, ганяліся адны за другімі, дурэлі, як гэта ўласціва моладасці. А то проста хадзілі ў парах з дзяўчатамі, пабраўшыся за рукі ці «пад ручку», ці проста абняўшыся.

Сцёпку дзівіла гэтая прастата і натуральнасць, але сам ён не адважваўся прайсціся так з дзяўчынаю, як гэта рабілі яго таварышы-хлопцы, бо Сцёпка бачыў, што ў гэтых адносінах ёсць нешта не зусім сяброўскае, як ні стараліся адны і другія надаць гэтым адносінам характар сяброўскасці: за сяброўскасцю хавалася нешта іншае.

Часам і Сцёпка са сваім прыяцелем Сымонам Галызаю, з тым паэтам, аб якім ён пісаў Аленцы, выходзіў на калідор. Яму проста было цікава пацерціся тут, зрабіць пэўныя назіранні, каб мець матэрыял у газету і праверыць некаторыя свае мыслі. Ён звярнуў увагу на аднаго з сваіх таварышаў.

— Зірні, зірні! — штурхануў Сцёпка локцем прыяцеля Сымона, паказваючы вачамі на Шулевіча, — закруціўся ўжо каля Ніначкі, як здрок каля конскай наздры.

З усіх дзяўчат на сваім курсе Ніна карысталася найбольшаю ўвагаю з боку таварышаў-хлопцаў. У гэтым сэнсе і Сымон не быў святы: Ніне ён два вершы злажыў і сам любіў каля яе павярцецца.

— Не зайздросна табе, Сымоне? Бач, як Нінка да яго прыгарнулася!

— Каб я захацеў, дык яна заўтра са мною у Загс пайшла б! — І рукою правёў Сымон па тым месцы, дзе належыць быць вусам, але там іх яшчэ не было.

— А з Шулевічам яна, напэўна, і сёння б пайшла, — падражніўся Сцёпка.

Сымон нічога не адказаў, бо якраз сустрэліся з гэтаю параю. Шулевіч акінуў іх строгім і гордым поглядам, а ў гэтым поглядзе было напісана: «Што-то я!» Нінка мільганула сваімі вясёлымі вочкамі па Сцёпкавым твары і нават чуць заметна ўсміхнулася яму. Сымон гэта бачыў. Размінуўшыся, адказаў на Сцёпкаву ўвагу:

— Ад гэтага не было б мне ні холадна, ні цёпла.

Бровы яго спусціліся ніжэй, і цень па твары прабегла. Сцёпка заўважыў гэта і перавёў гутарку на другое. Якраз і званок далі. Пайшлі ў аўдыторыю. На лекцыі літаратуры, як і на другіх лекцыях, студэнты сядзелі групамі і распрацоўвалі заданне па Дальтон-плану. Сымон звярнуў увагу, што Шулевіч прымайстраваўся ў тую групу, дзе была і Ніна. Сцёпка сядзеў пасярэдзіне між Сымонам і Міхайлам Драбаком: сурʼёзна і сумленна разбіраў матэрыял задання. Сымон слухаў, але мала што цяміў, бо ён больш сачыў за Нінаю і Шулевічам. Шулевіч з відам прафесара даваў Ніне тлумачэнне. Часамі ж прафесарская важнасць схадзіла з яго твару, і ён паглядаў на Ніну як проста на дзяўчыну, і часамі туліўся шчыльней да яе, каб чуць яе блізкасць сваім целам. Ніне было трохі нялоўка, і яна рабіла рухі, каб адсунуцца.

— Адсунься! — ціха сказала яна Шулевічу.

Шулевіч глядзіць на яе цёмнымі вачамі. Нінцы робіцца не па сабе ад гэтага погляду.

— Ну што за мяшчанства, Ніна! — з дакорам шэпча хлопец. — Пара б ужо вызваліцца ад гэтых буржуйскіх поглядаў. Ці ты ў інстытуце дваранскіх дзявіц? І кім гатуешся быць: лялькаю, цацкаю ў руках мужа, ці ты думаеш рабіць справу пралетарскай рэвалюцыі? Таварышы мы ці не? Ці табе можа прыкра быць таварышам рэвалюцыянера?

Нінчын пратэст унікае. Сядзіць моўчкі плячо ў плячо. Нават яно так і зусім не кепска. А ён к таму ж і сакратар фабкама і гэтак адданы рэвалюцыі! Ну, і чаму ж бы не быць ёй таварышам рэвалюцыянера?

І сядзяць яны лагодна. Палажыў руку ёй на нагу вышэй калена.

— Мы — таварышы, мы — дзеці пралетарыяту, — шэпча Марцін, — ты — дзяўчына і таварыш мой. Як прыемна адчуваць блізкасць свайго таварыша — дзяўчыну!.. К чорту буржуазную этыку!

Ніна чырванее. Але ён такі разумны і ў пралетарскіх справах так добра разбіраецца! І праўда: многа ў жыцці гэтага мяшчанства. Змагацца трэба з ім.

Сымона зайздрасць забірае. На Ніну злуецца, што так шчыльна прытулілася да яго. Але ён спусціў з памяці, што калі сам так сядзіць з дзяўчынаю, то адчувае сябе вельмі добра. Ну, але аб гэтым наогул мала хто помніць і мала хто прымае гэта пад увагу.

Скончылася лекцыя. З аўдыторый па кватэрах сталі разыходзіцца. Шумнаю грамадою хлынула рабфакаўская братва, у выхад на сходы імкнецца. Штурхаецца, бурліць, жыве. Вясёлая, баявая Насця Чычка, ёмкая, з мужчынскімі ўхваткамі, бураю налятае на мізэрнага Міхайлу Драбка, хватае пад паху і — круць з дарогі, а сама наперад бяжыць, за пярылца бярэцца, каб наніз спусціцца латвей. Крутнуўшыся ваўчком, вёрткі Драбак наганяе Насцю, закідае рукі ёй на плечы, садзіцца «катла», а Насця пад шум і рогат духам наніз імчыцца з ім.

— Вось пракаціўся — лепш, як на аўтобусе, — смяецца Драбак і паказвае цэлы рад белых зубоў.

Сымон займае адпаведную пазіцыю, каб Ніну перахваціць. Ніна выходзіць, як бы чымся заклапочаная, апусціўшы вочы. Шулевіч за ёю ідзе, але яго братва адціскае. Гэтым момантам карыстаецца Сымон. Яму хочацца балюча ўкалоць Ніну.

— Ну, як, Ніна, заданне: многа прайшла?

— Да трохі падчытала.

Ніна па Сымону бачыць, што злосці ў яго поўныя косці, і трохі дагадваецца аб прычыне яе.

— Ну, а як Шулевіч: моцны ў літаратуры?

У гэтым пытанні насмешка чутна. Відаць яна і на Сымонавым твары. У замяшанне прыходзіць Ніна. Сымон добры хлопец. Шулевіча ж яна нейк баіцца. Не чакаючы адказу яе, Сымон зласмешна дадае:

— Рамантызм і літаратуру кахання на практыцы вывучалі саматужна-лабараторным спосабам?

Нінцы нялоўка. Чаго прыстаюць яны? Чым тут яна вінавата? Нырае Ніна ў натоўп, каб скарэй да кватэры дабегчы і адной застацца. Ану іх усіх к чорту! На кватэры Ніна ў люстэрачка глядзіцца, валасы папраўляе, рукою па бровах праводзіць і яшчэ раз аглядае сябе — нябрыдкая дзяўчына!

 

XI

Сымон таксама зрабіў рэвізію свайму хараству. Што ў ім харошага? Валасы ў яго слаўныя: кучаравыя і пад колер каштана і завітушкамі па галаве раскідаюцца. І лоб шыкарны — адкрыты, шырокі. Такія лбы ў разумных людзей бываюць. Вочы таксама нішто сабе — шэрыя, строгія і самае важнае — мыслі ў іх відаць. У Шулевіча цёмныя вочы; можа і душа ў яго цёмная. Шэрыя вочы лепш: гэта самы добры колер вачэй мужчыны, і ўсе выдатнейшыя людзі на свеце мелі шэрыя вочы. Вось з носам справа горш: не то, каб залішне вялікі — таўставаты на канцы і ўгару задзёрты. Ну, але ж бываюць і горшыя. І губы мерныя. Вось толькі верхняя трохі на ніжнюю налазіць. Пробуе Сымон ніжнюю губу трохі наперад падаць. Выходзіць яшчэ горш: губы — як трубы. Аказваецца, самае лепшае так, як яно і ёсць. Урэшце, Сымон прыйшоў да праканання, што хлопец ён адлічны. «Усё на свеце аддай і тапор», — кажа ён сам сабе. А Нінка няхай не забірае ў галаву: тысячы такіх Нінак знойдуцца.

Сымон у зацішны куток падаецца, карандаш бярэ і з сшытка лісток паперы вырывае. Думае штось, палажыўшы карандаш на губу, і піша:

 

Эх ты, Ніначка-рабфакаўка!

Расчырвоная ты макаўка...

 

Не, гэтак не гадзіцца — так можна па добрасці напісаць, а Сымон хоча выказаць нешта іншае. Касуе два радкі, пачынае нанова, думае і запісвае:

 

У Ніначкі у рабфачкі

Сорак градусаў гарачкі...

 

Сымон спыняецца. Ён ловіць сябе на брыдкім учынку. Нашто гэта рабіць? Што яна зрабіла, каб так пісаць пра яе? А яшчэ камсамолец — горш усякага мешчаніна!

Сымон рве напісанае на дробненькія шматочкі. У выніку ўсяго — непрыемнае самапачуванне. Але ён будзе сам за сабою глядзець, а Ніна — чалавек і таварыш. Па-таварыску да яе і адносіцца трэба. На гэтым ён і заспакойваецца, а мыслі яго ў другі бок ідуць. У яго ёсць ахвота напісаць што-небудзь, рассеяць свой настрой, выявіць сябе, паказаць сваё «я». І паўстае пытанне: варта яму пісаць ці не варта? Трэ было б з кім парадзіцца. У Сымонавай галаве зараз жа і план узнікае — бліжэй пазнаёміцца з арганізацыяй маладых паэтаў, увайсці ў яе. А для гэтага трэба мець у руках нешта такое, з чым можна было б у людзі выйсці. І першая задача — напісаць, напісаць такі твор, каб адразу відаць было, хто такі Сымон Галыза. І гутарка аб ім пройдзе як аб выдатнейшым маладым паэце. Усе звернуць на яго ўвагу. Усё гэта захапляе Сымона. У Сымона вір гудзе-шугае. І мыслі і вобразы, як снег у мяцеліцу, кружацца; іх трудна стрымаць, падпарадкаваць сваёй волі, накіраваць іх на пэўную дарогу і даць ім пэўнае афармленне. Але Сымон несвядома падпарадкуецца нейкаму рытму, якога нават і не заўважае. Хочацца яму заклікаць людзей на вялікую новую працу, і ўвесь час у яго гэтае «гэй» на языку верціцца. Сымон нічога не бачыць навокал сябе, вочы яго блішчаць, пазіраюць у адзін пункт, нарэшце ён хапае карандаш, паперу і піша:

 

 

Гэй, прайшоў Кастрычнік плугам,

Пралажыў мільён разор!

Дык выходзьце шчыльным кругам —

Ёсць разгон тут, ёсць прастор!

Гэй, за працу ўсе дазвання,

Грамадою, як адзін!

Грымнем песню, гімн змагання,

Злітнай воляй цьмы грудзін!

Хай пачуюць па ўсім свеце

Нас, рабочых і сялян,

Як пусцілі мы на вецер

І паноў, і іх абман!

Нам не трэба дармаедаў!

Нам няма дарог назад,

Бо народ наш волю зведаў

І зажыў на новы лад.

Дык выходзьце ўсе да працы!

Сам ідзі і кліч другіх!

Не на небе — тут палацы

Мы збудуем без святых!

Гэй, звініце, грайце, струны:

Мы пакінем вечны след —

Пабудуем Дом камуны,

Дом адзін на цэлы свет!

 

 

Пішучы, Сымон увесь гарэў, як у гарачцы. Ён борздзенька перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. І толькі тады ўжо, калі верш быў перапісан, Сымон-мастак адышоў, саступіў месца Сымону-чытачу і самакрытыку. Чытач-крытык быў задаволены.

Асабліва падабалася тут яму гэтае самае «гэй»: «Гэй, за працу ўсе дазвання!», «Гэй, звініце, грайце, струны!». Першы радок — «Гэй, прайшоў Кастрычнік плугам!» як бы трошкі і не зусім гладкі, бо «гэй» тут можа і не зусім дарэчы. Але і гэтую невялічкую шурпатасць Сымон ухіліў, ухіліў вельмі проста: увесь яго верш праходзіў пад знакам «Гэй!». Ён і назваў яго «Гэй!». Зусім добра. Сымон прачытаў верш яшчэ раз — добра! А каб прадэкламаваць яго? Яшчэ лепш выйшла б. Цяпер у Сымона па законе эвалюцыі аўтарства зʼявілася моцнае жаданне прачытаць свой твор каму-небудзь, каб пачуць голас сапраўднага чытача-крытыка. У кватэры быў адзін толькі Сцёпка. Залажыўшы за спіну рукі, ён хадзіў ад адной сцяны да другой. Відаць, думаў нешта. Часта на яго гэтая задумлёнасць находзіць. Сымон пазірае на Сцёпку, як бы пільнуючы той момант, калі найлепей зачапіць яго. Сцёпка мімавольна падняў вочы на Сымона.

— Хадзі сюды, Сцёпка!

— Ну? — Сцёпка стаяў каля Сымона і чакаў.

— Вось ты паслухай. Я ведаю, што ты не любіш паэзіі, але паслухай.

— Ну, — зноў сказаў Сцёпка, гатовы слухаць.

Узяў Сымон лісток паперы і энергічна прадэкламаваў: «Гэй!».

Верш прачытаў з такім жа натхненнем, з якім і напісаў яго. Скончыў і вачэй на Сцёпку не падымае, чакае, што Сцёпка скажа. Сцёпкава сурʼёзнасць з твару сходзіць.

— Во, гэта верш!.. Добра, дальбог добра!

Сымон прасвятляецца.

— Дык добра, кажаш?

Замест адказу Сцёпка весела гаворыць:

— Ану, чытані яшчэ раз!

Смялей і з большым захапленнем прадэкламаваў Сымон другі раз.

— І адкуль ты ўзяў, што я паэзіі не люблю? Сапраўдную паэзію ўсе любяць, і я люблю яе. А твой верш у сто раз лепш сотні другіх, што друкуюцца.

І Сцёпка стаў сам дэкламаваць некаторыя строфы, адступаючы ад тэксту:

 

 

Хай пачуюць па ўсім свеце

Нас, рабочых і сялян,

Як пусцілі мы на смецце

І паноў, і іх абман!

 

 

— «Як пусцілі мы на вецер», — паправіў Сымон.

— Ну, гэта ўсё роўна: смецце па ветры якраз і лятае добра... Не, брат, слаўны верш!.. Сымон! скажы ты мне вось што. Якраз гэта будзе ў сувязі з вершам. Ці думаў ты калі-небудзь над тым, што мы занадта многа гаворым?

— Як гэта — гаворым многа?

— Да так: слоў у нас вельмі многа. Куды ні пайдзі, усё толькі і чуеш прамовы. Адно якое-небудзь слова выклікае тысячы другіх слоў. Слова на слове едзе і словам паганяе. Выходзіць нейкая слоўная гімнастыка, слоўкультура.

— А чым жа гэта кепска? Гаварыць складна людзі навучацца. А хто добра гаворыць, той добра вылажыць і думку сваю.

— Каб выказаць разумную думку, не трэба многа прыгожых і выкрутасістых слоў.

— А я ўсё-такі не разумею, што ты хочаш сказаць? І якая тут сувязь з маім вершам? Для мяне гэта найболей цікава.

Сцёпка на момант апусціў вочы ўніз, як бы разважаючы, сказаць ці не, або як сказаць гэта, а потым зірнуў на Сымона.

— Я хачу вось што сказаць. Мне здаецца, што за словамі не бачым мы жывой работы, сапраўднага дзела. А словагаворню за гэтае дзела прымаем. Цяпер аб тваім вершы. Верш, бясспрэчна, добры. Ты ў ім заклікаеш усіх да работы, да працы, заклікаеш будаваць «Дом камуны». Вельмі добра. Ну, а вось скажы, з чаго ты мысліш пачаць будаваць гэты дом?

— Як з чаго? Перш за ўсё трэба пашырыць ідэі камунізму сярод шырокіх пластоў народу, трэба паказаць усе выгады і ўсе перавагі калектыўнага жыцця перад жыццём індывідуальным, трэба будзіць, падымаць шырокія масы, рабіць іх палітычна свядомымі... Ды ці мала з чаго можна пачаць!

— Займацца прапагандаю? Гаварыць, гаварыць без канца? — запытаў Сцёпка. — Добра, але я думаю, было б яшчэ лепш, каб і тыя, хто гаворыць, ад слова да дзела перайшлі.

— І пераходзяць.

— Пераходзяць, але мала... Вось што, Сымон, давай летам паедзем куды-небудзь на вёску. Прачытаем наўперад там верш твой, запалім сэрцы, а потым за дзела возьмемся. Я табе скажу, за якое дзела.

І Сцёпка тут вылажыў праграму свае работы.

 

 

XII

Ніна Ральніцкая ціхая і старанная дзяўчына, але навука давалася ёй нялёгка. Можа ад таго, што падгатоўка яе была слабая. Яна даўно закінула навуку, скончыўшы тры класы гімназіі. Павятовы гарадок, дзе жыла наўперад і вучылася Ніна, забралі немцы. Прыйшлося пакінуць горад і пераехаць у другое месца. У часе польскай акупацыі памёр Нінчын бацька, масцеравы па прафесіі. І так жылося ім цяжка, а цяпер стала яшчэ цяжэй. Удваіх з маткаю кідаліся яны туды і сюды, біліся, каб з голаду не памерці. Розныя спосабы перапробавалі: і пралі, і панчохі вязалі, і шылі, і мылі на людзей. Клопату і работы было многа, а карысці мала.

Хацелася Ніне павучыцца трохі, прабіцца на шырэйшую дарогу, ад жыцця не адставаць. А гэтае новае, маладое жыццё біла крыніцаю на кожным кроку. Моладзь стыхійна ішла ў арганізацыі, каб грамадою, напорнаю, дружнаю, расцерабіць сабе шырокую дарогу. Не рабіла маці ніякіх перашкод сваёй Нінцы — няхай на свой хлеб ідзе, у людзі выбіваецца, а яна сяк-так адна будзе кідацца і меншых гадаваць. Дома засталася маці, два малодшыя браты і сястра.

І пайшла Ніна на рабфак вучыцца. Навука, студэнцкія гурткі, арганізацыі, жывая работа, таварыскае жыццё — усё гэта было так нова і цікава. І жыццё тут не адным толькі рабфакам замыкалася. Даклады, тыя ці іншыя спецыяльныя лекцыі вядомых і выдатных асоб, зʼезды, паказальныя суды, дыскусіі — усё гэта было даступна вучнёўскай моладзі. Гэта тыя кузні, дзе выкоўваліся асновы новага быту і фармаваліся будаўнікі новага жыцця. У вольную ж часіну можна было і ў тэатр схадзіць, і ў кіно папасці, ці проста на сваю вучнёўскую вечарынку. А гэтыя вечарынкі ладзіліся часта. З цягам часу круг знаёмства з новымі людзьмі пашыраўся, бо не любіць моладзь на месцы сядзець. Але поплеч з гэтым раслі і запатрабаванні яе да свежых і новых уражанняў і забавак. Тое, што было цікава ўчора, сёння ўжо траціла сваю прывабнасць, прыядалася.

У гэты дзень Ніна прачнулася рана, хоць спаць яна лягла зусім позна: іх вечарынка зацягнулася далёка за поўнач. Можна было б яшчэ паспаць, бо дзень вольны. Але, як ні старалася Ніна заснуць, сон не браў яе. У галаве быў цяжар, як бы там волава наліта. Яе таварышкі — Ганна Будай, Роза і Фаня моцна спалі.

Ніна асцярожненька ўзяла люстэрачка і паглядзелася. Твар яе быў стомлены і бледны. Пад сінімі вачамі былі цёмныя палоскі, а губы сухія. Ніна правяла рукою па губах і пацёрла іх, каб яны хоць трохі пачырванелі і ажывіліся. Паставіла назад люстэрачка, палажыла пад галаву рукі і ляжала нерухліва. Перад яе вачамі прайшоў мінулы вечар з яго праграмаю — даклады, вусная газета і гульні. Вось гэтая афіцыяльная частка вечару адабрала многа часу, і самая вечарынка іх зацягнулася. Прыеліся ўжо гэтыя даклады, як царкоўная служба даўней. Новага ў іх вельмі мала. Сорак раз чулі іх усе, і нікому яны нецікавы, але ніхто не адважыцца выступіць проціў іх. А можа гэта так і трэба? Можа яна проста несвядомая і гэтага самага мяшчанства ў ёй многа? Ніна часта чула гэтае слова і баялася яго, як заразы. А што такое мяшчанства, яна не магла даць сабе яснага адказу. Вось Фаня знаходзіць, што той парадак, які быў у іх кватэры, ёсць мяшчанства, і яна была прынцыпова проціў такой «прылізанасці». Мяшчанствам называў Шулевіч усякую дзявочую сарамлівасць. І Ніна стала думаць аб Шулевічу. Хлопец ён прыгожы, спрытны. У пытаннях марксізму разбіраецца вельмі добра, і ўвесь ён гарыць, калі выступае з прамоваю. А калі зірне табе ў вочы, то робіцца і радасна і нейк страшна. Ён многа з ёю гутарыў у гэты вечар. І вось гэтыя словы гучаць у вушах Ніны: «Я б з табою, Ніна, увесь вечар правёў бы, але, ведаеш, трохі перад братвою нялоўка — гутаркі ўсякія пойдуць». А калі выходзілі з вечара, то ён правёў яе падручку, а ў цёмным куточку так моцна абняў яе, што аж нейкая дрыготка, як агонь, прабегла па целе. Сумнення ніякага няма, што яна падабаецца яму. Яшчэ раз зірнула на таварышак ды ізноў зірнулася ў люстэрачка. Цяпер яна лепш выглядае, няма гэтае стомленасці, твар яе як бы зусім ажыў і стаў другім.

Ніна яшчэ паляжала трохі, думаючы аб Шулевічу. Розныя думкі прыходзілі. Нават і такія былі думкі, што ён і яна не толькі таварышы па рабфаку, але і таварышы ў жыцці, прасцей сказаць — муж і жонка. І так добра ім удваіх! Ён актывісты, вядзе адказную грамадскую работу, а яна сярод жанчын сваю работу робіць. А работы так многа. Перад Нінаю рысуецца яе дзейнасць і яе жыццё з Шулевічам. У гэтых думках-марах сон незаметна змыкае ёй вочы. Прачнулася Ніна тады, калі ў дзверы нехта моцна пастукаў. Дзяўчаты ўжо папрачыналіся, але былі яшчэ не зусім адзетыя.

— Хто там? — крыкнула Фаня, а дзяўчаты ўзрушана замітусіліся.

— Авангард усясветнай рэвалюцыі. Можна?

Гэта былі галасы рабфакаўцаў.

Дзяўчаты закрычалі на розныя тоны, выказваючы гэтым свой страх, каб сюды не набеглі хлопцы. Накінуўшы спадніцу і шлёпаючы босымі нагамі, Роза першая кінулася да дзвярэй.

— Не смейце ўваходзіць, мы неадзетыя! — крычала Роза і нажымала рукой на зашчапку.

— Дык гэта ж вельмі цікава паглядзець на неадзетых дзяўчат, — жартаваў за дзвярамі чыйся голас.

— Няможна: сляпымі паробіцеся!

— А я ж бачу цябе, Розачка, праз шчылінку, і мне зусім не шкодзіць на вочы.

— Майсей! ты — хуліган! — закрычала Роза і затанцавала на месцы.

Дзяўчаты смяяліся тут, а хлопцы там, за дзвярамі.

— А ты, Роза, — інстытутка! — не ўнімаўся Майсей.

— Адчыняйце! — напіралі хлопцы, каб пастрашыць дзяўчат.

— Чорт вас там не пабярэ, невялікія паны, — крыкнула ім Ганна.

— Паноў цяпер няма.

— Паны цяпер за дзвярамі стаяць, — дадала Ніна.

Дзяўчаты весела зарагаталі.

— Адчыняйце — адзецца вам паможам!

— Абыйдзецца без вас.

Дзяўчаты борздзенька адзяваліся, прыбіралі пасцелі, прыводзілі сябе ў парадак і смяяліся, перакідваючыся жартамі, а хлопцы падганялі іх, стукаючы ў дзверы.

— Эх, як многа яшчэ гэтага мяшчанства на свеце! — пачулася з-за дзвярэй.

— І хуліганства, — дабавілі дзяўчаты.

— Пойдзем, хлопцы!

Дзверы расчыніліся.

— Спалохаліся, каб і папраўдзе не пайшлі, — сказаў уваходзячы Шулевіч.

З ім былі Нічыпар Лапік, Майсей Пінхус і яшчэ адзін рабфакавец.

— Здарова, дзяўчаты!

— А як у іх тут добра! — сказаў Лапік і кінуўся на Ганніну пасцель.

— Пайшоў ты! ад цябе казлом смярдзіць! — падбегла да яго Ганна і стала сцягваць за нагу з ложка. Ёй на дапамогу падскочыла Ніна, і ўдзвюх сапхнулі яго на падлогу пад звонкі рогат усяе кампаніі. Лапік усхапіўся на ногі, абняў пад пахі Ніну і Ганну.

— Шчыльней рады, таварышы жанчыны! — крыкнуў ён.

Некалькі моманту Лапік валтузіўся з дзяўчатамі.

— Даёш Загс? — выкрыкваў ён, ушчарэпіўшыся за іх стан.

Роза і Фаня не сцярпелі і кінуліся памагаць таварышкам. Усе яны спляліся ў адзін клубок, смяяліся, крычалі, пішчалі і стараліся паваліць Лапіка.

— Нічыпар, не падгадзь! — падбадралі яго хлопцы.

Каб «не падгадзіць», Нічыпар пусціў у ход недазволеныя прыёмы абароны, хватаючы дзяўчат дзе папала. Дзяўчаты ж прыйшлі ў азарт, павалілі Нічыпара, прыдушылі яго падушкамі і завярцелі ў коўдру і з гучным смехам цягалі яго па падлозе, падцягнулі пад самы парог і кінулі. Чырвоны, з ускалмачанымі валасамі, вылез Нічыпар з коўдры.

— Ой, Нічыпар, Нічыпар! куды ж ты варты? — смяяліся з Нічыпара.

— Ну і дужыя ж нашы дзяўчаты — у саху запрагаць можна. Ніколі я іх больш не буду чапаць.

Калі шум гэты сціх, Шулевіч запытаўся:

— Хто сёння хоча ў кіно?

— Усе!

Шулевіч даў дзяўчатам білеты, а Ніне ён сказаў, што вечарам зойдзе па яе і пойдуць разам, бо ў яго больш білетаў няма. Яе ж ён правядзе па сваім білеце ці як, — ну, словам, ён устроіць усё.

Вынікам гэтай дураслівасці Нічыпара і ранняга візіту рабфакаўцаў да рабфакавак быў гумарыстычны расказ у насценнай газеце. Расказ быў напісаны прозаю, а канчаўся вершам.

 

XIII

У жыцці кожнага чалавека бываюць моманты, што складаюць у ім пэўны паваротны пункт, уводзяць у новы круг бытавання. Такім момантам у Нінчыным жыцці быў гэты вечар.

Гадзіны дзве сядзелі яны ў кіно плячо ў плячо, цесна прытуліўшыся. Ніна ўважна глядзела на экран, але адчувала, што яе сусед, Шулевіч, часта пераводзіць свае вочы з экрана на яе і неяк вельмі пільна ўзіраецца ў яе твар і ва ўсю яе постаць. Нінцы часамі проста было не па сабе ад такога разглядання. Яна ведала, што не гэты экран займае тут для іх першае месца, а нешта другое, і што гэта «другое» прывяло іх сюды. Часамі і яна адрывалася ад экрана і кідала мгненны погляд на Шулевіча. Яе вочы сустрачаліся тады з яго цёмнымі бліскучымі вачамі, а з губ іх зляталі мнагазначныя, хоць бясслоўныя, усмешкі. І тады ціхенька браў Шулевіч яе руку ў свае рукі, лёганька трос яе і гладзіў. Ніна не працівілася, толькі баязліва азірнецца наўкола, а ён шэпча ёй: «Мілая, любая Ніначка». Ніне паказалася, што на іх углядаюцца чыесь вочы і ўвесь час сочаць за ёю.

Бліскучае вока экрана лыпнула ў апошні раз, паказаўшы слова «канец», і публіка раптам загула і з шумам рушылася ў выхад. Трымаючыся за рукі, Ніна і Шулевіч уліліся ў людскую плынь і выйшлі на вуліцу. Сымон Галыза, не спускаючы іх з вока, ішоў за імі на некаторай адлегласці. Чаго? — ён і сам не мог даць на гэта адказу. Незаметны для іх, ён лавіў кожны рух Ніны, кожную яе ўсмешку... Эх, як ненавідзеў ён цяпер свайго больш удатлівага супарата. А Ніна?.. Эх, Ніна, Ніна! пабіць бы цябе, і больш нічога. За што? За тое, што з-за яе так балюча-цяжка і спакою няма яму. Яму хацелася падысці да іх і сказаць ім якое-небудзь крыўдна-абразлівае слова, каб яно апякло іх. Але чаго ён гэтым дасягне? Нічога. Пасмяюцца з яго, і толькі, і гэтым ён выказаў бы сябе з найгоршага боку. І вінаваты тут толькі ён сам, бо з дзяўчатамі трэба ўмець абходзіцца — з бою трэба іх браць і не быць кісялём, якім быў ён. Лепш не паказваць і віду таго, што цяпер у яго сэрцы робіцца. І Сымон крута павярнуў у другі бок і пайшоў совацца па вуліцы. Востры боль нейкай утраты прыціх, у галаве радзіліся новыя мыслі. Іх трэба выказаць на паперы самому сабе, і тады яму стане лягчэй. Сымон пайшоў на кватэру.

Ніна і Шулевіч апынуліся на вуліцы. Тут было людна і шумна. Гэта быў якраз той раён, куды спіраліся людзі кавалерскай афарбоўкі, бы тая рыба ў часе яе нерасту. Гэта была гарадская біржа кахання, дзе завязваліся, а часамі і развязваліся яго не зусім здаровыя ніці.

— Пойдзем адгэтуль, — сказала Ніна.

— Пойдзем, — згадзіўся Шулевіч, — тут нават і пагаварыць няма як. А пагаварыць, Ніначка, нам трэба.

Голас яго гучаў ціха і нейк хрыпавата. Звярнулі на другую вуліцу, дзе было цямней і спакайней. Прайшлі некалькі крокаў моўчкі, як бы не знаходзячы слоў. І раптам Ніна пачула, як яго рука шчыльней прытуліла да грудзей яе руку. Яна чуць апусціла сваю галаву і вочы, і ёй трохі нейк страшна стала: вось скажа тое, што і вабіла і пужала яе. Як бы ў адказ на гэтае прыжыманне, яна таксама лёганька паціснула яго руку. Шулевіч азірнуўся навокала. Момант якраз добры. Моўчкі павярнуў галаву і пацалаваў яе ў шчоку, пацалаваў моцна, з запалам, узасос.

— Што робіш? — з боязню ў голасе сказала Ніна. — На вуліцы?

— Гэтым, Ніна, я сказаў усё, ясна, проста і выразна, — па-пралетарску.

Шулевіч тут пачуў, што той цяжар і неспакой, што быў у ім момант назад, цяпер прайшлі без следу, а гэта яе «на вуліцы» прывяло яго ў радасць: стала быць, там, дзе ніхто не пабачыць, цалаваць яе можна!

Труднавата было зрабіць пачатак, а далей пайшло лягчэй. Зайшлі ў глухое месца. Цалаваліся там, покі гэты сверб цалавання не прайшоў. І расказалі адно другому, калі хто каго пакахаў, як пакахаў і за што.

— Я люблю ў табе, Ніна, тваю дзявочую ціхасць, можа ад таго, што сам я — мяцежная натура, рэвалюцыянер па прыродзе. Люблю тваю нейкую затоеную засмучанасць, і калі я толькі зірнуў на цябе, я сказаў: «Яна! Вось тая, хто можа быць маім найлепшым таварышам!». Я чую, што толькі ты, ты адна і можаш быць тым, з кім і можна рука ў руку ісці па дарозе змагання за светлыя ідэалы камунізму!.. Ніна! — змяніў ён тон прамовы, — я многа сказаў бы на гэтую тэму, але не хачу прыпадабняцца буржуазным ідэолагам, каб не сказаць буржуазнай драбядзені. Я люблю цябе і — баста.

Ніну вельмі кранулі словы Шулевіча, асабліва тыя, дзе казалася пра яе затоеную засмучанасць. Праўда, у яе была яна. Як глыбока ён зірнуў у яе душу!

— А я люблю твае цёмныя вочы, Марцін. Яны так глыбокі — не хапае смеласці зірнуць у іх бяздонне. Яны і вабяць, і чаруюць, і палохаюць. І голас люблю твой, і твой розум, і тваё ўменне ва ўсім разбірацца. І яшчэ люблю цябе і за тое, што мяне ты палюбіў.

Ніна ўздыхнула.

— Толькі ты не насмейся з мяне, — прамовіла ціха яна, і ў голасе яе чулася трывога і нейкая боязнь.

«Буржуазнае прызнанне ў каханні», — мільганула ў галаве Шулевіча. Увесь гэты час ён адчуваў, што яго «я» распалася на дзве часткі, як бы падзялілася на двух Шулевічаў. Адзін Шулевіч гаварыў, а другі слухаў і бязлітасна крытыкаваў яго, бо гэты другі часта адчуваў нейкую нялоўкасць за першага. Гэтае самае «буржуазнае прызнанне ў каханні» належала другому Шулевічу. Першы Шулевіч прыкінуўся, што не пачуў гэтых слоў, і сказаў:

— Ніколі, Ніначка! — прыгарнуў і стаў цалаваць.

З гадзіну пагуляўшы па глухой вуліцы, зайшлі ў сталовую, павячэралі, каб хоць гэтым адзначыць сваё шчырае каханне.

 

XIV

 

На кватэры застаўся адзін толькі Сцёпка. Яго таварышы разышліся хто куды. Яму нават і на руку было гэтае адзіноцтва, бо часамі ж трэба пабыць аднаму, зусім аднаму, каб не чуць і голасу людскога. Карыстаючыся вольным днём, Сцёпка падчытаў сёе-тое з таго, што ўваходзіла ў праграму яго дзейнасці на вёсцы. На гэтую справу Сцёпка глядзеў сурʼёзна. Чытаючы, рабіў сякія-такія нататкі, выпіскі, а нарэшце паставіў сабе такое пытанне: ці не пайсці яму па сканчэнні рабфака ў які-небудзь спецыяльны вуз — па будаўнічай ці па агранамічнай часці? Гэтае пытанне Сцёпка пакуль што пакінуў адкрытым, бо наўперад трэба скончыць рабфак, а затым жыццё і практыка летам на вёсцы памогуць яму правільна развязаць гэтае пытанне. І яшчэ была адна прычына, што таксама казала за адклад: сёння якраз прыйшоў ліст ад Аленкі. У гэтым лісце было многа цікавага, але Сцёпка прачытаў яго борздзенька — проста не хацеў пры таварышах сядзець над ім доўга, каб не выклікаць гэтым іх зубаскальства, бо зараз жа падхопяць на язык: «Го, Сцёпку дзяўчаты лісты прысылаюць!». Гэта — яго персанальная справа, да якой другім няма ніякага дзела. Цяпер, калі нікога не было, можна прачытаць ліст з належнаю ўвагаю.

Трэба сказаць, што Сцёпка даўно ўжо чакаў адказу на свой ліст. Але час праходзіў, Аленка ж упарта маўчала. Якая была ці магла б быць гэтаму прычына? А прычын магло быць многа: ліст мог не дайсці да яе, магла яна пакрыўдзіцца на яго за тое, што пісаў ён ёй аб паэтах, магла яна, урэшце, з кім-небудзь і сардэчную дружбу завесці. Ва ўсякім разе Аленка і яе адказ вельмі займалі Сцёпкавы мыслі. І вось гэты доўгачаканы ліст у Сцёпкавай кішэні.

Выняў Сцёпка з кішэні ліст, палажыў на разгорнутую кнігу — ну, на ўсякі выпадак — і стаў чытаць.

«Мілы, дарагі і слаўны Сцёпачка!» — пісала Аленка.

Прачытаў Сцёпка, прыгледзеўся да гэтых слоў, сказаў іх шапатком, каб пачуць гукавую прыроду іх, вуха сваё задаволіць, і нават пастараўся пачуць іх у вуснах Аленкі, — з усіх канцоў добра. А як называе яго — «Сцёпачка»... Чатыры толькі словы, а колькі ў іх зместу! Добра нават і тое, што іх тут да пары.

«Не гневайся на мяне, Сцёпка: хацела напісаць табе, як дадому прыехала, ды прастудзілася і так кашляла, што аж страшна было слухаць. Хварэла ўсе канікулы і з хаты нікуды не выходзіла, так, можна сказаць, увесь час на печы і прасядзела. Алесь і Юрка сяды-тады да нас забягалі. Яны ходзяць у школу і вельмі рады, што ты вучышся ў горадзе. «І мы, — кажуць, — скончым школу і таксама пяхотам пойдзем навукі шукаць». Дома ў вас усе здаровы. І матку тваю бачыла, але пагаварыць з ёю не прыйшлося. Калі ты пайшоў тады з сяла, то ўсе казалі, што цябе Бог пакарае і што не будзе табе шчасця. А як даведаліся, што ты паступіў і вучышся, то здзівіліся, а некаторыя казалі нават, што такім бязбожнікам, як ты, памагае чорт. Пра «святы калодзеж» забыліся. Язэп Дзыгун кінуў сваё «папячыцельства» ў царкве. Смяялася мая маці і расказвала, што, падвыпіўшы, Язэп прызнаўся людзям, што ён даўно адышоў бы ад Бога, але, паважаючы Божую Матку, не хоча ёй на старасці рабіць прыкрасці. З навін нашага сяла можна яшчэ адзначыць, што памёр дзед Трондзель. Перад смерцю казаў, што калі апынецца на тым свеце, то першым дзелам пацікавіцца, ці ёсць там рай і пекла, а потым прысніцца старшыні сельсавета, каб ён афіцыяльна паведаміў людзей на сходзе і расказаў усё, што знойдзе там дзед Трондзель...

Цяпер я зноў у Загорʼі. У нас тут злажыўся краязнаўчы гурток. У гэтым гуртку і я працую. Запісала шмат песень, прыказак, сабрала многа ўзораў тканін. Ёсць у нас і свой краязнаўчы музей... Вельмі цікавая работа ў краязнаўчым гуртку.

Да канца заняткаў засталося два месяцы, а там залікі, і — бывай здарова, сямігодка. Мне нейк і шкада, што скора прыйдзецца развітацца з сямігодкаю. Куды я потым дзенуся, сама не ведаю. А хацелася б яшчэ павучыцца, прабіцца ў вышэйшую школу, пажыць у горадзе. А ці ўдасца гэта, сказаць трудна. Калі я была дома і мне нездаровілася, то маці казала, што гэтае нездароўе ад навукі, бо навука высушвае мазгі, заганяе ў сухоты. Ёй здаецца, што я і так ужо вучоная. Адным словам, відаць, што яна не хоча, каб я далей вучылася. Кажа, што ёй цяжка, што многа работы, а памагаць ёй няма каму.

Я так рада, Сцёпка, што ты свайго дабіўся, жывеш і вучышся ў горадзе. Дзе ты будзеш летам? Прыязджай да бацькоў, яны будуць рады, калі ты прыедзеш. І мне хацелася б пабачыць цябе, якім ты стаў цяпер. Напішы мне, як ты жывеш там, ты гэта абяцаў у сваім пісьме. Я вельмі была рада, калі прыйшоў ліст ад цябе. Чытала яго многа разоў. Завошта зневажаеш так паэтаў? Мусібыць, ты проста хацеў з мяне пасмяяцца? Я хацела пасля гэтага зусім кінуць пісаць вершы, але часам надыдзе такая мінута, што вельмі хочацца напісаць. Тады я саджуся і пішу і ў гэтым знаходжу вялікую асалоду. Але я больш чытаць і паказваць табе сваіх вершаў не буду. Дараваць сабе не магу, нашто я тады чытала табе свой верш. Ну, але ты глядзі на гэта, як на дзіцячую забаўку — проста дурная была. Цяпер дур гэты ў мяне прайшоў.

Ну, бывай здаровы. Усяго табе найлепшага. Ды не смейся з майго ліста. Хацелася напісаць і больш і лепш. Ну, але няхай на гэтым будзе канец і застаецца так, як напісалася.

Алена Гарнашка».

Прачытаў Сцёпка і задумаўся. Шкада нейк стала Аленкі. І такою блізкаю, роднаю ўвайшла яна ў яго сэрца. І ён пакрыўдзіў яе ў тым сваім лісце! І за што? За яе шчырасць да яго. А які слаўны ліст напісала яму яна! Яна хоча пабачыць яго, яго, такога жорсткага і нячулага.

І Сцёпка стаў упікаць сябе за гэтую жорсткасць. А ўсё ад таго, што ён аб сабе думае больш, чым гэта трэба. Ён і матку сваю пакрыўдзіў, і з Алесем развітаўся тады зусім не па-брацку, і Аленцы прычыніў прыкрасць. Чаму ён такі нягодны?

Сцёпка акуратненька злажыў Аленчын ліст і схаваў. Устаў, прайшоўся па кватэры раз, другі. Вобразы дзяцінства і яго вёскі ўсплылі перад ім так яскрава, як бы яны былі намаляваны перад яго вачыма. Хадзіў Сцёпка і разважаў. Перш за ўсё ён Аленцы напіша, напіша безадкладна, сёння ж. У Сцёпкавай галаве пачаў складвацца ліст да Аленкі. Ён апіша, у якой абстаноўцы чытаў яе ліст і з якою прыемнасцю чытаў, як нецярпліва чакаў яго, як прабіраў ён самога сябе за свае неабдуманыя словы аб паэтах, і ён зусім не меў на ўвазе тут Аленкі. Калі ж у яе такое моцнае цягненне да складання вершаў, то гэта ёсць ужо адзнака таго, што Аленка — сапраўдная паэтка. Няхай яна піша, але вясёлыя, жывыя, поўныя энергіі вершы, бо ў жыцці так многа радасці, а ўсякае гора, няўдачы трэба асіліць. А што Сцёпка не вораг паэзіі, то гэта відаць з таго, што ён з прыемнасцю чытаў верш Сымона Галызы — «Гэй!». Ён нават папросіць у Сымона гэты верш і пашле яго Аленцы, як прыклад тых вершаў, якія Сцёпку падабаюцца. Далей напіша, каб Аленка весялей глядзела на жыццё, на сваю далейшую навуку. Калі што, то ён дапаможа ёй.

Сцёпка ўжо быў памкнуўся, каб узяцца за пісанне ліста Аленцы, ды раптам спыніўся: прыйшоў Сымон Галыза.

— А ты ўсё дома сядзіш?

— А што мне рабіць? — пытаннем адказаў Сцёпка, трохі нездаволены прыходам Сымона.

— Зайздрошчу табе, Сцёпка: ты заўсёды роўны, спакойны — ніякае ліха не бярэ цябе.

— А чаго мяне ліха браць будзе? Лепш я сам вазьму яго за жабры ды кіну так, каб яно і не ўстала.

— Скажы, Сцёпка, што лепей: пасмяяцца з чалавека ці заплакаць над ім?

Паглядзеў Сцёпка на прыяцеля, усміхнуўся.

— Ведаеш, Сымон, што?

— Ну?

— Садзіся напішы верш: кажу табе — на яць выйдзе.

— Чаму ты так думаеш? — здзівіўся Сымон.

— Бачу па табе.

— Няхай ты згары: усё ты бачыш!.. А скажы: ці могуць мяне дзяўчаты любіць?

— А чаму не? Не хлопец ты, ці што?

— А чаму ж яны, гадаўкі, не любяць?

— А хіба ты іх пытаў?

— Не, брат, не пытаў і пытаць не буду. Ну іх к чорту!

Сымон крута завярнуўся. Узяўся за кнігі.

— Вучыцца трэба, вось што.

А праз некаторы час у руках яго энергічна захадзіў карандаш.

 

 

XV

Утомлены і заклапочаны, ляжаў Шулевіч на цвёрдай і бруднай канапцы ў сваёй кватэры. Гэта — яго другая кватэра. Плаціць за яе чатыры рублі. У яго бюджэце чатыры рублі — значныя грошы. Іх можна было б і не траціць, але іначай яму нельга. Наўперад ён апраўдваўся тым, што ён актывісты, вядзе грамадскую працу. Яму трэба гатавацца да дакладаў па розных пытаннях, трэба праштудыраваць спецыяльныя кнігі ў сувязі з работаю на вёсцы, а таксама трэба і навукаю займацца. Усё гэта лепш зрабіць, калі маеш асобную кватэру. Вось чаму і мусіў ён наняць яе. Так ён і ўсім казаў, так запэўніваў і самога сябе. Цяпер жа, разбіраючыся ў сабе самім, у сваіх паступках і падводзячы ўсяму гэтаму падрахунак, ён мусіў прызнацца, што ўсё гэта — выдумкі, а кватэру ён наняў толькі з-за Ніны, бо трэба было мець прытулак, дзе б яны маглі адчуваць сябе вольна і выгадна, каб цалкам аддацца «лепшаму і вышэйшаму пачуццю». Гэтае «лепшае і вышэйшае» пачуццё, як называў яго Шулевіч некалькі месяцаў таму назад, прыгалубліваючы Ніну, цяпер пачынала яму карцець, замінаць, лажылася на яго лішнім і непатрэбным клопатам.

І чаму так абярнулася гэтая «песня вясны», песня кахання? Чаму апошнія акорды яе звіняць для яго ланцужным звонам. А вельмі проста: ён шукаў у ёй таварыша, прыяцеля, а знайшоў толькі жанчыну, і прытым з мяшчанскаю афарбоўкаю, бо ёй трэба мяшчанскае гняздо, яна хоча звязаць яму крыллі, прымацаваць яго да сябе. З-за яе адышоў ён ад грамадскае работы, запусціў навуку, траціцца на лішнія выдаткі, залез у доўг. І яшчэ многа іншых довадаў знаходзіў ён, і ўсе гэтыя довады казалі за тое, што іх каханню трэба зрабіць канец і што ва ўсім гэтым вінавата толькі Ніна. Вінавата яна нават і ў тым, што так лёгка і борзда пайшла за ім і пайшла на ўсё. Варта было яму толькі кіўнуць пальцам, каб яна зараз жа і прыліпла да яго. І яшчэ нейкія прэтэнзіі мае да яго: у Загс цягне яго. Не, брат, дудкі! Няма дурняў з першаю сустрэчнаю ў Загс хадзіць, паперы толькі псаваць. Узяць на сябе ролю жанатага чалавека, завесці сямʼю, чуць на сваёй шыі абузу, — цьфу! Дзіка і недарэчна.

Ён падняўся з канапы, залажыў рукі за карк і стаў хадзіць з кута ў кут, раздумваючы, як лепей тут зрабіць адступленне... Э, да што тут многа разважаць: такія гісторыі дзесяткамі тысяч налічваюцца.

Дзесь з двара пачуўся скрып дзвярэй.

— Дома, дома! — казаў гаспадынін голас.

«Яна!» — падумаў Шулевіч і скрывіўся, як бы нешта кіслае папала яму ў рот. Правёў рукою па валасах, адкінуў іх назад. У яго дзверы пастукала чыясь нясмелая рука, а разам з гэтым пявучы дзявочы голас запытаў:

— Можна?

Шулевіч моўчкі адчыніў дзверы.

— Рады, што я прыйшла? — запытала Ніна, спыніўшыся каля парога. Шчокі яе разрумяніў асенні холад, на губах блукала ціхая, як бы вінаватая ўсмешка, а сінія вочы пазіралі засмучона і крыху пужліва.

— Раней ты ніколі не прыходзіла да мяне з такім запытаннем... Сядай, Ніна, — абарваў ён сябе самога, бо пачуў, што не так пачаў, як трэба.

Яна ўздыхнула.

— Але ж раней ты не сустрачаў мяне з такою кіслаю мінаю, Марцін.

Яна зрабіла намаганне над сабою, каб усміхнуцца яму.

— Ты выдумляеш, Ніна, я заўсёды рад табе, — вочы Шулевіча зірнулі кудысь убок.

— Не, Марцін, не лжы ты сабе самому, раней ты быў не такі, зусім не такі. Хіба ж я не бачу? Раней, калі я прыходзіла да цябе, то ў мяне на сэрцы было спакойна, светла, радасна. А цяпер я чую, што я чужая табе, і я адчуваю нейкі страх, калі падыходжу да твайго парога, бо ты не любіш мяне. А можа ты мяне і ніколі не любіў.

— Ты сама сабе супярэчыш, Ніна: наўперад у тваім сэрцы было светла, радасна і яшчэ там нешта было, бо ты ведала, што я цябе люблю. А цяпер ты раптам кажаш, што можа я цябе і ніколі не любіў.

— За словы, Марцін, лёгка ўчапіцца, але ж не ў словах тут сіла, а ў факце.

— Якая ты нудная, Ніна! — з болем у голасе прамовіў Шулевіч. — Я не ведаю, чаго ты хочаш ад мяне.

— Ну, не злуйся, Марцін, мой мілы, мой харошы! Люблю ж я цябе, — з ласкавасцю ў голасе сказала Ніна і памкнулася да яго, каб прыгарнуцца.

Шулевіч зморшчыўся і махнуў рукою, як бы ад дакучлівай мухі баронячыся.

— Ужо чуў гэта я... Ніна! — не дзеці мы. Пара ўжо і дзелам заняцца, не век жа лізацца нам, — груба адрэзаў Шулевіч. — Досыць ужо гэтага мяшчанскага шчасця! Ты толькі падумай, Ніна, якую каніцель разводзім мы тут, навошта мы час трацім. Не трэба забывацца, хто і дзе мы, якія грамадскія і рэвалюцыйныя задачы стаяць перад намі. Мы павінны быць авангардам рэвалюцыйнага пралетарыяту, мы павінны працярэбліваць дарогі ідэям камунізму і ўсясветнай рэвалюцыі, а не сядзець абняўшыся, ахаць ды вохаць і распускаць нюні: любіць — не любіць... Не хватае яшчэ для паўнаты гэтай ідыліі сарваць кветачку і гадаць, зрываючы пялёстачкі: «любіць — не любіць, пацалуе — плюне, к сэрцу прыжме — к чорту пашле»... Цьфу, якая гадасць! Да якога мяшчанства можна дакаціцца.

То бледнасць, то чырвань выступалі на яе твары. Слухала, але чула толькі словы, сэнсу ж іх улавіць не магла. Адно толькі ясна было ёй: яна тут лішняя, нялюбая, — прыелася яму. Усё, што можна было ўзяць ад яе, узята, і больш яна яму не патрэбна.

— Марцін! я ўсюды пайду за табою, на якое хочаш змаганне пайду. Я буду верным памочнікам табе, ні на крок не адстану ад цябе. Я многа не патрабую ад жыцця, бо я выгадавалася ў бядоце і ў цяжкай працы. Я ўмею працаваць і магу працаваць.

Яна панізіла голас і напомніла яму:

— Ты ж казаў мне, што знайшоў у ва мне друга-таварыша, і я паверыла табе, паверыла са ўсёю шчырасцю свайго сэрца. Я хачу быць тваім таварышам-другам.

Шулевіч панура слухаў, не пазіраючы на яе.

— Так, я думаў знайсці ў табе друга, але памыліўся. Што зрабіла ты да гэтага часу для рэвалюцыі? Ты мала працуеш над сабою, ты не актыўна. Ты нават даходзіш да такога мяшчанства, што пачынаеш падвівацца, як якая-небудзь буржуазная паненка. Ніна! я памыліўся ў табе. Ну, што ж! мы павінны вучыцца на нашых памылках. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Я чую, што ты цягнеш мяне ў мяшчанскае балота. Заняўшыся сабою, мы забыліся аб інтарэсах пралетарыяту. З-за цябе я закінуў навуку, адстаў, у доўг залез, ты зрабіла мяне праступнікам, бо я растраціу шэсць рублёў мопраўскіх грошай, ты разбіла маю мару, маю лепшую мару аб таварышу-другу. Я насіў, я песціў, калыхаў яе ў калысцы майго сэрца. Я так прагна, я так палка шукаў у табе гэтага друга і не знайшоў яго! — трагічна выкрыкнуў ён апошнія словы.

Шулевіч увайшоў у ролю прамоўцы. «Самая лепшая абарона — перайсці ў наступленне», — падумаў ён і зачасціў, засыпаў звонкімі словамі. Чым больш гаварыў ён, тым меней заставалася ў Ніны сумнення, што яна тут непатрэбна, што яна абманута гэтымі прыгожымі гучнымі словамі і што ёй не ўтрымаць яго пры сабе. Ды нашто? Якая карысць з гэтага? Яму проста хочацца адвязацца ад яе, але ён не адважваецца сказаць гэта проста і адкрыта. Горка і крыўдна стала ёй.

— Слухай, Марцін! — цвёрда сказала яна. — Нашто ты ломіш гэтую камедыю? Чаму не хватае ў цябе смеласці сказаць мне проста: «Пайшла к чорту, ты мне не патрэбна!» Цяпер ты мне развязаў вочы, і я ўбачыла, хто ты такі. Я думала, ты — сталы чалавек, я паверыла табе, што ты рэвалюцыянер. Ты ж толькі апаскуджваеш гэтае вялікае слова і прыкрываеш ім сваю брыдоту. Я не хачу нікому быць абузаю, але нашто ты зводзіш мяне? Нашто ты мне лгаў? Нашто ты лжэш цяпер — і мне і самому сабе. Скажы, якога друга-таварыша шукаў ты ўва мне?

— Ты не можаш сваім розумам зразумець мяне, — пачаў ён, але змоўк у той момант, калі Ніна з усмешкаю, поўнаю знявагі, і з дакорам паківала галавою.

— Кінь, Марцін! Можа ты і добры... камедыянт, але цяпер я бачу ўсю тваю мізэрную істоту. Табе проста трэба было маё цела... Ты помніш, як часта кідаўся ты і цяпер кідаешся словам «мяшчанства»? Ты гэтым «мяшчанствам» збіў мяне з тропу, з дарогі. Праз гэтае «мяшчанства» ты зрабіў мяне няшчаснаю. Ды я ўжо гаварыць аб гэтым не буду... Я прыйшла да цябе як да блізкага мне чалавека, бо ў мяне няма больш блізкага, як ты... якім ты быў для мяне яшчэ нядаўна... Я хацела пагаварыць з табою аб выніках нашай блізкасці, як нам далей быць, а ты мне пачаў жалавацца на мяне, што я цябе зрабіла няшчасным... Хто ж ты пасля гэтага? У цябе ёсць многа звонкіх слоў, гучных слоў, выберы ж з іх самае адпаведнае табе і прылажы да сябе.

Ніна крута павярнулася, каб выйсці.

— Пастой, Ніна... Як жа гэта? Аборт там, ці што?.. Я дапамагу табе.

Яна ўскінула на яго вочы, поўныя гневу і нянавісці.

— Не смей прыкранацца да мяне, бо я плюну ў твае зладзейскія вочы, няшчасны... самец!

Як аплявушаны, стаяў ён на месцы, і нейкая крывая ўсмешка застыла на яго губах.

— Хацеў затрымаць, пагаварыць, выясніць, аналізаваць, дапамагчы, а яна плюнула на мяне... Сама вінавата.

 

 

XVI

Як ніколі ў жыцці, адчувала Ніна сваё адзіноцтва і боль абманутай дзяўчыны. Паверыла ў сваё шчасце, і так балюча і жорстка пакарана за гэта! І асабліва цяжкі былі для яе першыя мінуты тады, як выйшла на вуліцу. Куды ж ёй цяпер дзецца? Што рабіць? Ногі кудысь неслі яе, але яна не зважала гэтага. На вуліцы было пуста і глуха, дзьмуў халодны сустрэчны вецер, на гарачы твар падалі дробныя кроплі дажджу. У яе душы было таксама пуста і цёмна, як і на гэтай вуліцы. Не магла нават сабраць сваіх мыслей і хоць на чым-небудзь спыніцца. Нейк раптам усё на свеце апусцела для яе, не было за што зачапіцца, каб не ўпасці ў бяздонне. Свежае паветра і гэты халодны дождж прывялі яе ў памяць.

«Куды ж я іду?» — падумала дзяўчына. Азірнулася назад: была патайная надзея, што ён дагоніць яе, верне. Ззаду па мокрым тратуары пачуліся чыесь крокі. Напэўна ён. Але яна не вернецца. Не, не вернецца! І з заміраннем сэрца прыпыніла свой крок. Не, гэта не ён. Мінуў яе, прайшоў далей. Незнаёмы чалавек, чужы. Усе ёй тут чужыя, а яна адна, адна, як ніхто на свеце, адна з сваёю крыўдаю, з сваім болем. Яна павярнула на другую вуліцу. Тут святлей і больш людна. Азірнулася яшчэ раз. Па другі бок вуліцы поруч з ёю нырала ў цемнаце нейчая постаць. Ці мала хто ідзе? Але гэтая постаць незаметна для Ніны таксама павярнула на гэту вуліцу, куды пайшла і яна. Прайсці гэтаю вуліцаю і павярнуць направа — якраз выйдзеш к рабфаку. Але ёй туды не хочацца ісці. Лепш тут пахадзіць. Па яе твары пазнаюць аб цяжкай крыўдзе яе, аб грубым зняважанні, што ёй прыйшлося зазнаць. Можа хто-небудзь і парадуецца ўсяму гэтаму.

Некалькі часу хадзіла Ніна па вуліцы. Яна думала аб сваім апошнім спатканні, успамінала ўсё, што казаў ён і што сказала яна. Перадумала ўсё, узважыла кожнае сваё і яго слова. Часамі брала сумленне, ці не сказала яна чаго-небудзь такога, што магло б пашкодзіць ёй, выклікаўшы такі канец, ці не яна сама вінавата. Можа і праўда, што залішне многа думала аб сваім шчасці і замінала яму несці пэўныя грамадскія абавязкі. Яна ўспомніла, што прапусціла некалькі сходаў ячэйкі.

Былі моманты, калі яна гатова была прызнаць сваю віну і апраўдаць яго, і ў такія мінуты ёй было яшчэ цяжэй.

— Ніна! — пачула яна.

Здрыганулася дзяўчына, ступіла крок назад, азірнулася.

Прыветна ўсміхаючыся, Сымон параўняўся з ёю.

— Дамоў ідзеш, Ніна? — спытаў ён і ўзяў яе за руку.

Цяпер толькі прыпомніла Ніна цёмную постаць, што мільгнула ў яе ваччу. Напэўна гэта і быў Сымон. Што яму трэба ад яе? І чаму ён так запытаў? Няўжо ён ведае ўсё? Няўжо сачыў за ёю? Ніна ведала, скарэй адчувала гэта, што Сымон як бы трохі кахае яе, але ёй не было калі спыніцца на гэтым, бо сама была ахоплена і аслеплена сваім няшчасцем.

Яна пастаралася перамагчы сябе, каб затаіць цяжкі стан свае душы. Яна спадзявалася пачуць насміханне, кпіны, здзек з яе няшчасця. Ну што ж? — ёй усё роўна.

— Пройдземся, Ніна, з табою хоць раз у жыцці.

— Пройдземся.

Што было гаварыць ёй?

Некалькі хвілін яны маўчалі. Ніна йшла панурая.

— Ты як бы чымся засмучана, Ніна? — у голасе Сымона была ласка і спагаданне яе смутку. — Чаго так нявесела галаву павесіла? — дадаў ён.

— Да так, трохі не па сабе мне, Сымонка.

І раптам, закрыўшы рукою твар, горка-горка наўзрыд заплакала дзяўчына.

На вуліцы было цёмна, бязлюдна.

— Што з табою, Ніна? Ніначка, што здарылася? Чаго ты плачаш?

— Пусці мяне! — здушаным голасам прамовіла яна.

— Гэта было б не па-таварыску, Ніна. Нікуды не пушчу цябе. Супакойся, Ніначка!

Гэты плач і гэтыя слёзы болем аддаліся ў Сымоне. Ён як бы нейк страціўся і не ведаў, што яму рабіць. Уцяшаў як мог. Гаварыў ёй, але гутарка яго была няскладная, збітая. Словы не слухалі яго, заікаўся. У голасе ж яго была шчырасць сапраўднага друга, гатовага адгукнуцца на чужое гора і тым болей на яе гора.

Будынак рабфака быў недалёка. У такім стане паказацца ёй там нельга. Ёй трэба выплакацца, выліць сваё гора.

— Вернемся, паходзім яшчэ, Ніначка! Табе трэба супакоіцца. Тут нікога няма.

Яна пакорна пайшла за ім і ўсё ўздрыгвала ад задушанага плачу.

— Перастань, Ніначка! Ну, галубка мая, не трэба так!.. Ніна! Я — магіла: нікому ні-ні. Скажы, што з табою?

Як моцна пакрыўджанае дзіця, палажыла яна галаву на яго плячо і ўсё моўчкі плакала. Ёй было так цяжка і горка. Пякучы боль рваў ёй грудзі.

Сымон не знаходзіў слоў і маўчаў. Сэрца яго балела за любую дзяўчыну і за самога сябе было яму горка. Але ў той жа час яму было так прыятна, што на яго плячы вылівае сваё гора бедная дзяўчына. Яму хацелася сказаць ёй, як дорага яна для яго, як ён любіць яе, але ён баяўся сказаць гэта цяпер: нашто ёй каханне яго, калі яна палюбіла другога і з-за гэтага другога плача цяпер.

— Я ведаю, Ніна, чаго ты плачаш, — з ноткаю засмучэння пачаў Сымон. — Можа я і не ўсё ведаю, але я шмат чаго ведаю. Не падумай толькі, Ніна, што я хачу прычыніць табе боль або я думаю аб табе нядобра. І я перамучыўся, перабалеў з-за цябе, Ніна. Я аб гэтым нікому не казаў, толькі чорныя радкі на паперы асталіся як след маіх бяссонных начэй і майго жалю... Ну, але ж гэта для цябе, Ніна, можа і нецікава.

Ніна выцерла слёзы і цяжка ўздыхнула. Адгалоскі плачу і перажытага болю яшчэ калыхалі яе грудзі, і гэты ўздых выйшаў яшчэ больш цяжкім.

— Ты добры, Сымон! Даруй, калі з-за мяне перажыў ты горкія мінуты! Не варта я таго!

Яна як бы яшчэ хацела штось сказаць, але зноў замкнулася ў сабе і змоўкла. Памаўчаў і Сымон.

— Ты сама не ведаеш, Ніна, якая ты слаўная, мілая. А хто не ўмее цябе ацаніць, плюнь таму ў вочы... Ніна, ты любіш Шулевіча?

— Кончана ў мяне з ім... Сымон, цяжка мне гаварыць аб гэтым.

— Ён зводзіць, Ніна, цябе. Не вер яму. Ён любіць толькі самаго сябе.

— У мяне з ім усё кончана. Не будзем гаварыць аб ім.

— І з-за яго ты столькі перанесла, Ніна, так горка плакала... Ты яго і цяпер, Ніна, любіш?

— Павер мне, Сымон, усё кончана. Мне горка і крыўдна, што я паверыла яму, паверыла як чалавеку, а гэтага чалавека ў ім і не аказалася. Я любіла яго... а можа мне гэта толькі здавалася. Я сама не магу разабрацца ў гэтым. Можа я і сама вінавата... Калі-небудзь я табе ўсё раскажу, а цяпер пакінь мяне адну, Сымон.

— Я ведаю, Ніна, табе нецікава быць са мною?

— Сымонка, дарагі, ты памыляешся. Мне проста трэба сабраць свае мыслі, сябе ў парадак прывесці. За мяне ты не бойся. Я магу сябе ў рукі ўзяць.

— Ты, маладзец, Ніначка! Помні, што ўсё гэта хоць і балюча, але ж гэта толькі нашы асабістыя болі. А ёсць яшчэ і болі грамадскія. Хто не перасіліць сваіх боляў, то які ж ён грамадскі працаўнік? Мне цяжка, Ніна, з-за цябе і з-за сябе самога. Але памятай, што Сымон, хоць ён і Галыза, — з ноткаю жарту сказаў ён, — ніколі цябе не забудзе і, калі трэба, дапаможа табе.

— Веру табе, Сымон. Сэрца тваё залатое.

— Дай жа мне слова, што ты будзеш маім прыяцелем і возьмеш сябе ў рукі.

Ніна ўсміхнулася і паціснула яму руку.

— Даю... Ну, пойдзем разам, — перадумала яна.

І яны накіраваліся ў будынак рабфака.

 

 

XVII

 

Астаўшыся адзін, Шулевіч пачуў нейкую пустату. Развязка, да якой ён ішоў, выйшла нечаканая. Ён ніяк не спадзяваўся, што Ніна выявіць такую цвёрдасць і так смела кіне яму абвінавачанне. Думаў яе пабіць, а пабітым аказаўся сам. У першую мінуту хацеў кінуцца дагнаць яе, вярнуць, але потым стрымаўся. У чым жа віна яго? У тым, што ён пакахаў дзяўчыну і разышоўся з ёю? І хіба ён вінаваты, што яго каханне да яе заглухла ў ім? І няўжо было б лепей, каб яны не разыходзіліся, нягледзячы на тое, што яго каханне прайшло? Няўжо лепей было б і далей абманваць яе, казаць ёй аб сваім каханні?

Гэтыя і падобныя пытанні ўставалі перад ім і вымагалі адказу. А ў яго вушах звінелі яе словы: «Нашто ты мне лгаў?», «Нашто ты лжэш і мне і сабе?», «Нашто ты ломіш гэтую камедыю?», «Табе трэба было маё цела»... Ад гэтых слоў яе павявала холадам, і білі яны метка, білі востра і балюча. Ці мела яна права сказаць так яму?

Тут Шулевіч ізноў як бы падзяліўся. Адзін Шулевіч адчуваў востры сорам за другога Шулевіча, а другі — усімі сіламі стараўся апраўдацца. І ў той жа час перад ім стаяў вобраз дзяўчыны, стаяў неадступным жывым дакорам... Што ж яна будзе рабіць? Аб паследках іх блізкасці хацела сказаць і не сказала. Гэта ўжо было нешта новае, што давала пэўную афарбоўку яго адносін да яе.

У галаве яго завязаўся заблутаны і заціснуты вузел.

— Цьфу! — злосна плюнуў ён. — Над чым прыходзіцца ламаць галаву, траціць мазгавую энергію! Ну, зышліся, разышліся. Узялі падатак ад свае моладасці і — квіта.

Але і такі вывад, нават аздоблены ў значнай меры ўдальствам, не даў яму заспакаення. З боку гэтае «родавае пытанне» здаецца простае і лёгкае, а як ублутаўся ў яго сам, дык і не ведаеш, дзе акно і дзе дзверы.

— Самае лепшае — зрабіць дыскусію па гэтым пытанні.

Шулевіч сеў і пачаў накідаць тэзісы для новага даклада.

Захапіўся сваім новым дакладам. Даклад аказаўся вельмі паважным, і ў працэсе абдумвання выяўляліся ўсё новыя і новыя перспектывы і вынікалі новыя аргументы за правільнасць узятай ім лініі. У захапленні казаў сабе: «Прэч буржуазнае хістанне і лірыку! Трэба факты браць так, як яны ёсць». Да даклада ён падгатуецца грунтоўна, падчытае розныя крыніцы — на скорую руку яго не скідаеш. У сувязі з дакладам можна нават узяць камандзіроўку, каб азнаёміцца з гэтаю справаю ў камсамольскіх ячэйках на месцах. Гэта самае лепшае, што можна зрабіць яму цяпер: няхай пройдзе некаторы час і ўціхне вострасць моманту ў яго адносінах да Ніны.

Толькі на трэці дзень даведалася Ніна аб яго камандзіроўцы. Сэнс гэтае камандыроўкі для яе быў ясны. Ну што ж? — так можа і лепш, па крайняй меры не засталося ніякіх пустых надзей. «Узяць сябе ў рукі», — мільганула ў яе галаве. Так сказала яна Сымону, і гэта яна зробіць, пераможа свой боль, хоць і цяжка ёй, ніхто не ведае, як цяжка.

Ужо другі месяц глядзіць яна за сабою, і чым дальш, тым больш ясна для яе, што з ёю здарылася гэтае няшчасце. Яна так баялася яго, і яно не мінула яе. Тайком хадзіла да спецыяльнай асобы, каб упэўніцца ў сваёй дзявочай бядзе. Бяда гэтая прыйшла, прыйшла і ашаламіла дзяўчыну. Вось чаму так было балюча ёй, калі прыйшла яна да блізкага чалавека, каб падзяліцца з ім сваёю прыгодаю, і не пачула ад яго ласкавага слова. Мала таго, што аплёван яе дзявочы гонар, бо ён жа кінуў яе, — ён жа абвінаваціў яе ў сваім няшчасці! Каб яна ведала, як няветла сустрэне яе, не пайшла б да яго і ніколі б не прызналася яму ў тым, у чым не хапае ў яе смеласці цяпер прызнацца таварышкам. Нашто казала яна яму аб гэтым... Ну, але ж назад не вернеш таго, што сказала. Трэба нешта зрабіць, ужыць некаторыя меры, на нешта адважыцца. Трэба з кім-небудзь парадзіцца. А можа лепш зліквідаваць усю гэтую справу цішком?

Гэтая прыгода засланіла сабою ўсё. Аб ёй многа думала, насіла яе ў сваім сэрцы, у сваіх мыслях, балела, мучылася ею. І не хацелася ёй, каб аб гэтым даведаліся ўсе. Праўда, усе ведаюць, што сышлася яна з Шулевічам. Ды ці мала хто з кім сходзіцца. Сайдуцца і разыйдуцца. Такіх здарэнняў многа, асабліва цяпер. І калі паглядзець на гэтую справу без усякіх забабонаў, проста, то што ж тут незвычайнага? Яе ж страхі і стыд — адгалоскі даўнейшых поглядаў на жанчыну, калі яна была зняволена і цалкам аддана пад уладу мужчыны. І тыя мнагалікія факты, калі сучасная жанчына перастала лічыцца з старымі поглядамі на цнатлівасць, і погляды сучаснасці на яе — усё казала Нінцы за тое, што ёй няма чаго саромецца таго, што з ёю здарылася. І тым не меней у яе няма смеласці прызнацца ў гэтым перад таварышкамі. Відаць, яшчэ моцны ў ёй тыя ніці, што звязваюць яе з мужчынаю старога часу. Ну, а што, калі б яна расказала ўсё Сымону? З Сымонам яна гуляла ў час перапынкаў. Ён быў з ёю вельмі добрым, уважлівым і далікатным. Цікава, як бы ён паглядзеў на гэта і як бы да яе аднёсся? Гэта мысль моцна засела ў галаве Ніны, але сказаць яму ўсё ж такі не адважвалася — проста ў гэтым і патрэбы не было. Але рана ці позна яна скажа яму ўсё.

Некалькі дзён Ніны не відаць было на рабфаку. У той жа дзень Сымон заўважыў гэта. Ганна Будай, таварышка яе па кватэры, на яго запытанне, што з Нінаю, сказала, што Ніна хворая. А калі вечарам ён прыйшоў даведацца яе, то аказалася, што яе адвезлі ў больніцу. Гісторыя простая: Ніна спрабавала нейкі дамарослы спосаб. Ёй стала нядобра, і яе чуць жывую адвезлі ў больніцу. Праз тыдзень яна вярнулася. Ніна значна пахудзела і была бледна, апала з твару. Але маладыя сілы і здаровы арганізм памаглі ёй скора аправіцца. Цяпер яна нават яшчэ больш пахарашэла.

Раз яна сказала Сымону:

— Ведаеш, Сымон, якая была ў мяне хвароба?

— Ангіна ў вострай форме.

Ніна ўсміхнулася.

— Гэта табе нашы дзяўчаты сказалі так, а хвароба ў мяне была другая, і табе, як свайму прыяцелю, я скажу: я рабіла аборт.

І глянула на яго.

Сымон апусціў вочы. Ён як бы не знаходзіў, што сказаць ёй на гэта, і адчуваў сябе нялоўка.

— Я думаў, Ніна, што гэта магло быць... Было б лепш, каб гэтага не здарылася.

Ніна ўздыхнула.

— Ты праўду сказаў, што было б лепш. І ўсё гэта абышло мне цяжка і балюча.

Яна прамаўчала.

— Але зато я набыла пэўную жыццёвую навуку.

— Якую?

— Па-першае, у вашым браце яшчэ моцна сядзіць старасвецкі чалавек. Трэба сядзець яму там ці не, не ведаю, але ён ёсць. І па-другое, «таварыш» і «друг», аб якіх вы, мужчыны, кажаце нам, бабам, — пустыя словы.

— Што табе ўсё гэта абышло балюча-цяжка, я з гэтым згодзен і гэтаму веру, але я ніяк не згаджуся з тваёю «навукаю».

Паміж імі адбылася гарачая спрэчка і, як відаць, у гэтай спрэчцы Ніна здалася, бо яна сказала:

— У цябе гэтага старасвецкага чалавека няма, і ты папраўдзе бачыш ува мне роўнага сабе друга.

 

 

XVIII

 

Прыслаў Сцёпка адказ на Аленчын ліст.

Гэты ліст прыйшоў да Аленкі тады, калі яна ўжо скончыла сямігодку і жыла дома. Яна ўжо нават страціла надзею на гэты ліст і пад уплывам смутнага разважання напісала некалькі лірычных вершаў. Адзін такі верш пачынаўся так:

Я вяночкам мар дзявочых

Мілы вобраз спавіла,

З ім я гутарыла ночы,

З ім шчасліва я была.

 

І сэрца забілася ў Аленкі, калі зірнула яна на канверт, на чоткі характар Сцёпкавай рукі. І ліст быў не просты, а заказны. І было ў гэтым лісце тое, чаго Аленка ніяк не спадзявалася: Сцёпкава фатаграфія! Як глянула на гэтую фатаграфію, радасцю зацвіла дзяўчына, і шчокі яе макам загарэліся. Ну, жывы Сцёпка! Як жа добра ён выйшаў! Аленка некаторы час не магла адвесці вачэй — хвацкі хлопец. Сурʼёзны, нешта думае, вочы пазіраюць кудысь далёка, лоб высокі, адкрыты, валасы назад закінуты. Твар падалікатнеў — што значыць у горадзе хлопец жыве, вучыцца! І вусікі чуць прабіваюцца. Глянула на другі бок фатаграфіі, а там напісана: «Дарагому другу дзяцінства, мілай Аленцы на ўспамін ад Сцёпкі. Мінск, 30/V 1924». Да сэрца прыгарнула Аленка Сцёпкаву фатаграфію, тайком пацалавала яе, схавала і пачала чытаць ліст.

Сцёпка паведамляў яе, што гэтым летам ён не можа прыехаць у Заборцы, хоць яму і дужа хочацца пабачыцца з Аленкаю і наогул пабыць дома. Летам ён паедзе ў далёкую акругу аж пад самае Палессе і там прабудзе аж да канца канікул. Пытаўся, як скончыла Аленка сямігодку і што думае далей рабіць. З свайго боку ён радзіць ёй не закідаць кнігу і не падаць духам: можна падгатавацца ў вуз самой, як падгатаваўся Сцёпка сам, каб паступіць на рабфак. Ён вышле ёй праграмы, а яна няхай напіша яму, якія кнігі ёй патрэбны, — і гэтыя кнігі ён ёй вышле. Не трэба зварачаць увагі на тое, што маці ёй кажа: жанчына павінна прабіваць сабе дарогу ў новае жыццё. Ён напомніў тут словы Леніна аб тым, што і кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржаваю, і напісаў, якое значэнне мае сялянка (разумеецца, адукаваная) у арганізацыі новага быту ў вёсцы. Толькі тады культура ў вёсцы паднімецца на належную вышыню, калі культурнаю стане жанчына-сялянка.

Далей апісваў Сцёпка свой погляд на паэзію і на яе значэнне як у рэвалюцыі, так і наогул у жыцці чалавека, і сам Сцёпка ні ў якім разе не зʼяўляецца праціўнікам яе. Аленка не павінна крыўдзіцца на яго за рэзкае слова яго аб паэтах, бо часта, трэба прызнацца, прыходзіцца чытаць такія вершы, што і сам Сцёпка, хоць ён ні ў якой меры не паэт, але напісаў бы лепш. На падставе некаторых прымет залічыў ён Аленку ў сапраўдныя паэты, а дзеля гэтага ніякім чынам не трэба закідаць ёй «сваю размову з музамі».

У канцы Сцёпка пісаў, што ён намеціў сабе план работы на летні час і гэты план ён пастараецца ажыццявіць у Заборцах, куды ён прыедзе на другое лета. «Ты ж, Аленка, жывучы дома, прыглядайся да балючых месц вёскі, да яе патрэб, пішы ў газету «Савецкая Беларусь», асвятляй сучаснае жыццё вёскі, змагайся з яе адмоўнымі бакамі. Гэта будзе твая першая грамадская работа. Яна незаметна ўцягне цябе ў карысную працу. Арганізуй нашых дзяўчат, чытай ім газеты — часу знойдзецца. А я прыеду — работы вам усім хваціць. Заеду на месца, напішу табе і дам свой адрас. Бывай здарова! С. Барута».

Гэты ліст надта ўзрадаваў Аленку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю. А Сцёпка яшчэ больш вырас у яе вачах. Не было таго дня, каб Аленка не паглядзела на яго фатаграфію. Такую фатаграфію прыслаў Сцёпка і матцы.

Алесь, спаткаўшы Аленку, заклікаў яе ў хату і паказаў ёй Сцёпкаву фатаграфію. Аленка паглядзела, сказала, што вельмі добра выйшаў, а пра тое, што і ёй прыслаў Сцёпка, нічога не сказала.

Раней Аленка мала зварачвала ўвагі, чытаючы газеты, на допісы з месц. Цяпер жа стала прыглядацца да іх, каб па ўзоры іх і самой напісаць, бо цяжка зрабіць першы крок. Напісала адну карэспандэнцыю, падпісала яе прозвішчам, скамбінаваным з яе і Сцёпкавага прозвішча, — «Багар». Ніхто не дагадаецца, хіба толькі Сцёпка, а ёй зразумела і прыемна. На жаль толькі, яе карэспандэнцыю чамусьці не змясцілі. Напэўна, не дайшла. Затое ж у часе жніва Аленка падгаварыла чараду дзяўчат і з імі хадзіла жаць жыта ўдаве Тэклі, бо сама яна была хворая, а сын яе адбываў лагерны збор.

Незаметна для Аленкі прайшло гэтае лета.

Настала восень, забушавалі вятры. Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. Заляскалі церніцы па дварах каля сялянскіх хат, застукалі цапы на таках... Аднатонныя песні спявала восень, жалобна шумеў аголены лес. Вечарамі падслепаватыя вокны сялянскіх хат мільгалі сваімі цьмянымі бляскамі з-пад стрэх, як прыжмураныя і патускнелыя старэцкія вочы з-пад навіслых брывей.

У Заборцах было некалькі хат, больш прасторных і светлых, дзе ў доўгія асеннія вечары збіралася моладзь. Схадзіліся на вячоркі дзяўчаты з прасніцамі і калаўроткамі, а да іх далучаліся хлопцы. Не столькі было тут той работы, колькі смеху, жартаў, песень і ўсяго таго, што трэба моладасці. Адпаведна свайму густу і свайму культурнаму стану знаходзіла яна сабе і забаўкі. Да Аленкі таксама прыходзілі яе таварышкі. Натуральным парадкам тут рабіўся пэўны падбор і падзел моладзі. Вакол Аленкі гуртавалася больш моладзь новага кірунку, моладзь граматная, любіўшая кнігу, моладзь, што шукала дарог у новае жыццё. Аленчына хата ў насмешку была празвана «Рабфакам». Так празвалі яе хлопцы, прадстаўнікі старога сяла. Праходзячы вечарам каля хаты Андрэевых, яны дзіка свісталі, гагокалі, адпускалі непрыстойныя жарты. А потым хтось з іх і песню злажыў пра Аленку:

 

 

Вось і стала я вучоная,

Непрыступная, чырвоная,

Не хачу за гаспадарыка,

А падай мне камісарыка.

 

 

Аленцы было гэта вельмі прыкра, але яна старалася не зважаць на такія выхадкі.

Незадоўга да сёмай гадавіны рэвалюцыі сабралася заборцаўская моладзь у школе. Тут была і Аленка і яе таварышкі: Маня Гулька, Марынка Пракапчук, Люба Андручэня і хлопцы: Мікіта Дудзік, Макарка Лагун і другія. Гатаваліся да свята. Была рэпетыцыя, збіраліся паставіць адну з новых пʼес Галубка. Рэпетыцыя вялася пад кіраўніцтвам настаўніка Амяльяна Рэдзькі. Артысты захапіліся сваімі ролямі і выконвалі іх старанна.

— Выдатна! — пахвальваў настаўнік артыстаў. Як толькі скончылася рэпетыцыя, у школу ўвайшоў малады незнаёмы хлопец, высокі, чарнявы, з бліскучымі вачыма, стройны і досыць прыгожы. Яго паяўленне тут было нечаканым і зацікавіла маладых артыстаў. Настаўнік падышоў да яго. Незнаёмы хлопец назваў сябе і сказаў, чаго ён сюды прыехаў, пасля чаго настаўнік прамовіў да моладзі:

— Прыехаў таварыш з Мінска па справах камсамольскай ячэйкі.

Настаўнік выйшаў, а малады хлопец падышоў да моладзі, паздароўкаўся.

— Дазвольце быць знаёмым з вамі. Маё прозвішча — Шулевіч. Я хачу пазнаёміцца з вашаю работаю і наогул, як вы жывяце, у чым вам трэба дапамагчы.

Шулевіч пабываў у некалькіх месцах. Камандзіроўка яго аказалася вельмі цікавая, але тую ролю, дзеля якой ён выехаў з горада, выпаўніць было цяжка: усё гэта — інтымныя людскія справы, як падысці да іх? Праўда, сабраў ён многа цікавага матэрыялу, яго закідалі пытаннямі, скардзіліся на тое, што мала літаратуры і што цэнтр не заўсёды чутак да культурных патрэб на месцах. Гэтае знаёмства з камсамольскімі ячэйкамі на месцах навяло Шулевіча на мысль напісаць другі даклад — аб патрэбах і дапамозе камсамольскім арганізацыям на вёсках.

У дарозе закалыхаў Шулевіч і свае мыслі аб Ніне.

Калі разабрацца строга, то не ён, а яна кінула яго ды яшчэ так груба, скандальна. Ніхто ў жыцці не нагаварыў яму столькі абразлівых слоў, як яна. Ці ж можа такая асоба зразумець цябе? А ён і дапамогу гатоў быў ёй даць, а калі яна плюнула на яго, то чым жа ён вінаваты? Яму часам станавілася шкода сябе самога, ён і цяпер так востра адчувае патрэбу ў жанчыне-другу, якая зразумела б яго. І няўжо не знойдзе ён ніколі такога друга? Перад Нінаю была ў яго Жэня, Ксеня, Оля. Але гэта ўсё не тое. І цяпер, ведучы размову з Макаркам Лагуном, ён прыглядаўся, праўда ўрыўкам, незаметна, да дзяўчат. «Слаўная дзяўчына» — падумаў ён аб Аленцы. Нарэшце ён запытаў яе:

— А вы, таварыш, камсамолка?

— Не, не камсамолка, — адказала, усміхнуўшыся, Аленка.

— Няма іх покі што ў нас, — паінфармаваў Дудзік.

— Такія слаўныя дзяўчаты і не камсамолкі, — заўважыў Шулевіч і звярнуўся да дзяўчат з кароткай прамоваю.

Выслухаўшы прамову, Марынка Пракапчук зусім нечакана для прамоўцы запытала:

— Калі ў камсамолкі пойдуць вясковыя, то што будуць рабіць вашы гарадскія?

— Як што будуць рабіць? — крыху замяшаўся Шулевіч.

— Паадбіваюць ад іх усіх камсамольцаў, — жартам адказала Марынка.

Усе засмяяліся.

— Дурныя нашы дзяўчаты, плятуць няведама што, — азваўся Лагун.

У Заборцах Шулевічу прыйшлося заначаваць. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Калі ён даведаўся, што Аленка збіраецца далей вучыцца, то адобрыў яе намер.

— Я вітаю ўсіх, хто ідзе ў навуку, — казаў ён, падсеўшы да Аленкі. — А вам проста грэх марнець у глушы. Вы павінны прабіць сабе дарогу і вырвацца на шырокія прасторы жыцця.

— А дзе такія шырокія прасторы жыцця? — запытала Аленка.

— У шырокіх размахах грамадскай работы, работы па замацаванні тых пазіцый, што заваёваны Вялікім Кастрычнікам.

— А хіба ж у глушы няма такіх прастораў?

— Глуш заглушыць вас. Трэба пажыць у горадзе, павучыцца, развіць і ўзброіць прыродны свой розум, тады і ў глушы не страшна.

— Я і хачу вучыцца. А потым бы я зноў вярнулася ў вёску: працавала б у ёй. Ну, настаўніцаю ў школе.

Шулевіч паглядзеў ёй у вочы.

— Вы, Алена, такі чалавек, што адразу хіліць да сябе. Бываюць на свеце такія людзі. Ніколі іх не знаў, а спаткаеш, скажаш слова, пачуеш ад яго, і ўжо здаецца, што ты яго даўно-даўно ведаеш. Проста ён як бы родны табе, блізкі твой друг... Давайце будзем прыяцелямі?

Аленка паглядзела на яго бачлівым поглядам.

— А ў вас, мусібыць, многа такіх прыяцеляў?

Шулевіч уздыхнуў.

— Іх вельмі цяжка знайсці.

— А вы іх усё шукаеце? І чаму вы думаеце, што я была б вашым прыяцелем?

— Так адчуваецца. Мне так здаецца.

Аленка засмяялася.

— У нас у вёсцы кажуць, калі каму што здаецца: «перахрысціся — не будзе здавацца».

— З вамі трэба гаварыць асцярожна.

— І трэба заўсёды думаць, што гаворыш. Гэта мая мама так кажа.

Шулевіч змоўк і пабарабаніў пальцамі.

— А дзе ж вы вучыцеся? — запытала зноў Аленка.

— На другім курсе рабфака.

— А ці ведаеце вы... Баруту Сцяпана?

— Ведаю... А вы яго як ведаеце? — здзівіўся Шулевіч.

— Ды гэта ж наш хлопец, зямляк мой.

— А я і не ведаў.

— А як жа — вучыліся разам! І я на яго трохі сярдзіта.

— За што?

— За тое, што да гэтага часу не знайшоў ён у мне прыяцеля.

Шулевічу штось цюкнула.

— А ён вам піша? — запытаўся Шулевіч.

— Вы яшчэ запытаеце, аб чым піша?

«Ці не напісаў ён пра мяне чаго?» — падумаў Шулевіч і пастараўся перавесці гутарку на другое.

На развітанні Шулевіч доўга дзяржаў руку Аленкі ў сваёй руцэ і прасіў Аленку напісаць яму, ён ахвотна адкажа на яе ліст, гатоў дапамагчы ёй усімі спосабамі, як таварыш, як прыяцель. А калі Аленка надумаецца прыехаць у Мінск, то смела можа зайсці на яго кватэру: трэба раз і назаўсёды пакончыць з гэтым мяшчанствам — новае жыццё трэба будаваць на новых асновах.

 

 

XIX

 

Недалёка ад «святога калодзежа», улева ад дарогі на Загорʼе, спрадвеку ляжыць гіблае месца, Гнілое балота. Ніхто не памятае, з якіх часоў утварылася яно тут. Ні легенд, ні паданняў не засталося аб ім. Яно займае велізарную плошчу, валок на дзесяць. Сям-там на гэтым балоце пападаюцца невялічкія астраўкі жорсткай буйной асакі, гайкі высокіх мятлістых чаротаў. Зялёнымі шлякамі цягнецца шыракалісны аер, і голасцябляны цыбаты сітняк звешваецца над смаліста-чорнаю гладдзю «чортавых акон», аздобленых круглымі вадзянымі лопухамі. Ні чалавек, ні жывёла не можа ступіць на гэтыя нетры Гнілога балота. Так і ляжыць яно, засланае прэллю гнілых туманоў, поўнае машкары, камарэчы, разносячы заразу. За балотам пачынаюцца Сухія груды. Няма карысці заборцаўцам і ад гэтых грудоў, бо іх выжарвае сонца, і не расце на іх трава. Прабавалі засяваць іх сям-там, ды кінулі, бо на сіняпёсе нічога не расло, а падвезці гною было і трудна па разбітай грэблі побач Гнілога балота і не выгадна. Так і пуставалі, аблогам ляжалі і тое балота і тыя груды.

Аб гэтым Гнілым балоце і аб гэтых Сухіх грудах часта думае Сцяпан Барута. Яны так жывы ў яго памяці, што ён памятае кожную драбніцу іх. Ведае ён, што Сухія груды крута спускаюцца да глыбокай даліны рэчкі Міранкі. Па яго меркаванні, Гнілое балота ляжыць вышэй жолаба рэчкі. Сама сабою напрошваецца думка — прарэзаць глыбокім каналам грудзі Сухіх грудоў і спусціць Гнілое балота ў Міранку, каб на яго месцы зазелянеў пышны луг. Ідэя, над якою варта падумаць. Гэта была б яго першая падваліна пад «зруб для новага калодзежа».

Яшчэ тады, калі Сцёпка спрачаўся з Сымонам Галызаю аб марнай траце слоў, у ім жыла гэтая ідэя. Але яна была першым і толькі адным маленькім звенцам у сістэме Сцёпкавага плана работы на вёсцы. Гэты план ён звязаў з ідэяй эканамічнай культуры краіны. Чым больш думаў і разважаў Сцёпка над сваім планам, тым цвярдзей умацоўваўся над канечнаю яго патрэбаю, тым больш рэальнае афармленне прымаў ён.

Па Сцёпкавай думцы, рост эканамічнай моцы краіны толькі тады пойдзе належным ходам, калі мерапрыемствы дзяржавы не толькі сустрэнуць поўнае падтрыманне самога сялянства, але калі само сялянства пойдзе на дапамогу дзяржаве. А для гэтага трэба выхаваць у ім грамадскую дысцыпліну, уласны пачын і прывычку весці работы калектывам. Сродкам для такога выхавання могуць быць саюзы, якія Сцёпка назваў бы «калектывамі працы». Грамадскай работы для такіх «калектываў працы» знойдзецца ў кожнай сялібе. Сцёпка і хоча на практыцы спрабаваць, ці можна выступаць з прапагандаю такіх саюзаў. З гэтымі думкамі і ехаў ён у свае Заборцы пасля двух гадоў разлукі з імі.

Цяпер Сцёпка быў ужо сталым юнаком. Шыракаплечы, моцны як дуб, ён рабіў уражанне спакойнага чалавека, упэўненага ў сваіх сілах. Шэрыя вочы яго пазіралі ўдумліва і сурʼёзна, а часамі насмешліва.

Яго паяўленне ў Заборцах было цэлаю праяваю вясковага жыцця, бо ў свой час ён нарабіў столькі шуму ў сяле, што аб ім доўга гаварылі і прарочылі яму нялюдскую долю.

Аказалася ж, што ён вярнуўся жывы і здаровы і ў вус сабе не дзьме.

Завярнуўшы ў свой двор, Сцёпка спаткаўся з бацькам. І сын і бацька спыніліся, моўчкі паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Сурʼёзнасць раптам зышла з твару Міхайлы Баруты, а вочы засвяціліся радасцю.

— Глядзіце, што за дуб! І бура не зваліць! — і нота здавалення пачулася ў голасе Баруты-бацькі.

— Дармо, бацька! Досыць пад бурамі гнуцца!

І бацька і сын павіталіся за руку.

— А нічога сабе кормяць там вас, дальбог... Ну, маладзец, што на бацьку не зацяўся. Пойдзем жа ў хату... Давай свой «чумадан».

Не зрабілі і двух крокаў, як з хаты выбегла маці.

— Ах, сыночак мой, Сцёпачка! — і са слязьмі кінулася да сына.

— Папрабуй узяць яго на рукі, — пажартаваў Міхайла.

Усе трое ўвайшлі ў хату. Зараз жа прыбег і Юрка; Алеся не было дома, у полі быў. Маці закідала сына пытаннямі, плакала і смяялася. А Сцёпка паважна расчыніў пакоўны чамадан і вынуў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі, а потым вывалак боты на бацькаву нагу, а для братоў дастаў кусок матэрыі на кашулі, карандашы і сшыткі. Юрка зараз жа пабег з карандашом на вуліцу пахваліцца сваім гасцінцам і нават распісаўся некалькі разоў на сценах. Падышлі сваякі і суседзі. А па Заборцах скора пайшла гутарка, што Сцёпка «навалок» дадому дабра.

Пад вечар таго ж самага дня пайшоў Сцёпка за сяло.

— Куды ж ты, сынок, пойдзеш? — запытала маці.

— Прайдуся пад «святы калодзеж».

— Хаця ж ты, сынок, не чапай яго, — затрывожылася маці.

— Не, — махнуў рукою Сцёпка, — зусім не тое ў мяне на ўме.

А потым, запыніўшыся, сказаў да бацькі:

— Ведаеш, тата, што я тут хачу рабіць?

— Ну?

— Думаю папрабаваць спусціць Гнілое балота ў Міранку.

Паглядзеў Міхайла на сына, і твар яго нейк змяніўся.

— Вось гэтая, брат, думка была і ў мяне, дальбог!

Памаўчаў.

— Уся справа ў тым, каб знайсці рукі, — сказаў ён, — ну, і трэба галава, каб магла пакіраваць гэтаю справаю.

— Эге, — весела азваўся сын, — калі такая думка была ў цябе, то яна, напэўна, была і ў другіх галовах.

— Ты што ж хочаш сказаць, што мая галава горшая за другія?

— Не, я толькі хачу сказаць, што Гнілое балота не будзе балотам.

— Ну, але ж гэта трохі цяжэй, ніж раскідаць «святы калодзеж».

— Пабачым.

Сцёпка выйшаў, а Міхайла стаяў на двары, пазіраў услед сыну і штось разважаў, а потым кіўнуў сам сабе галавою: «Ёсць у хлопца галава: бач ты, што замысліў!.. Ну, ну... Славу сабе набыў бы. Цікава, кудою думае канал павесці?».

Праходзячы каля «святога калодзежа», Сцёпка запыніўся. Новы крыж і зруб паспелі пасівець ужо за гэты час. Сцёпку прыпомнілася тая ноч, калі ён з хлопцамі разбурвалі гэты калодзеж. «Разбурыць трэба самую ідэю, а зруб і крыж — гэта што?» — падумаў Сцёпка і пайшоў далей. Мінут праз дзесяць ён стаяў над Гнілым балотам і прагным поглядам азіраў яго тапаграфію, яго зялёныя шаты аераў, чаротаў, сітняку і пышных купін. З аднаго боку над балотам цягнуўся вал досыць правільным паўкругам. На гэтым вале, пахіліўшыся над балотам, стаяў старэнькі-старэнькі дуб, тоўсты і нізкі, з сухім верхам. «Ці не было тут калі возера?» — думаў Сцёпка. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Груды былі значна ніжэй процілеглага вала. Так, ён не памыліўся: на вока заметна, што балота ляжыць вышэй даліны Міранкі. Спусціўся ў даліну, пастаяў, штось мяркуючы, а потым павярнуў назад да Гнілога балота, лічачы крокі. Тысяча восемсот крокаў, трохі болей вярсты.

Гэты агляд зусім задаволіў Сцёпку — можна смела прыступаць да работы. Як добры знак, улічваў Сцёпка і тое, што сказаў яму бацька.

«Ну, балота, пабарукаемся з табою, патрывожым твой спакой!»

Ужо змяркалася, калі Сцёпка падыходзіў да Заборцаў. А на вуліцы бабка Агата казала суседцы Таклюсі:

— Каля «святога калодзежа» стаяў і пазіраў. А потым снаваў паміж рэчкаю і Гнілым балотам! — бабка Агата гаварыла гэта таямнічым голасам.

— На душы ў яго неспакойна! — аўтарытэтна адказала Таклюся. — «Святы калодзеж» у яго з памяці не выходзіць.

І тут жа перадала адно здарэнне са студэнтам, які знімаў срэбра з Божай Маткі. «Увесь час потым Божая Матка ў вачах яму стаяла. І што ж? Розуму тронуўся!.. Гэта ж ім не жарты!»

У той жа вечар у хаце Кандрата Гугі адбыўся сход, скліканы з прычыны прыезду Сцёпкі. Сцёпка сам праз Юрку паслаў запрашэнне Аленцы. Сабралася многа хлопцаў і дзяўчат.

— Таварышы, — звярнуўся Гуга да сходу, — да нас прыехаў наш таварыш і зямляк, Сцяпан Барута. З намі ён прабудзе ўсё лета. У яго ёсць план работы, аб якім ён і даложыць вам.

У кароткіх і простых словах расказаў Сцёпка сходу аб задачах эканамічнага адраджэння краіны, аб ролі рабочых і сялянства і ў першую чаргу аб ролі актыўнай моладзі ў гэтым эканамічным будаўніцтве. Затым ён перайшоў да свайго плана. Па меры таго як выкладаў Сцёпка свой план, слухачы ўсё больш і больш захапляліся ім. І не так вабіла і прыцягвала іх тая карысць, што можа быць у выніку ажыццяўлення Сцёпкавага плана, як самы размах і веліч той задачы, што ўставала перад імі. А калі далей Сцёпка загаварыў аб арганізацыі «калектываў працы», аб іх задачах і дзейнасці, то ўсе як адзін тут жа пастанавілі скласці такі калектыў.

— Ды тут і старыя бабы запішуцца, калі прачуюць, што з Гнілога балота можна сена сабраць, — заўважыла Марынка Пракапчук.

«Добры пачатак», — думаў Сцёпка.

Аленка чакала Сцёпку, як яны і ўгаварыліся, на сцежцы каля Дзямʼянавай клуні.

— Я сёння ж хацеў пабачыцца з табою, Аленка, і запрашэнне табе паслаў. Ну, пакажыся ж, што ты за чалавек?

— Які ўжо там з мяне чалавек? — засаромелася Аленка.

— І чалавек і дзяўчына ты адлічная, — паглядзеўшы на Аленку, сказаў Сцёпка.

— Я вельмі рада, калі гаворыш праўду.

— Ну, як жа твая падгатоўка?

— Слаба, — то тое, то другое замінае, і часу малавата.

— А ведаеш, Аленка, што? — можа б ты ў педагагічны тэхнікум спрабавала? Так бы ў канцы лета і паехала б.

— У Мінск?

— Але. Падумай. Справа там наладжана добра... Ёсць сэнс.

— А хіба ў тэхнікум! І сама я трохі думала аб ім.

— Ну, як жа ты жывеш, Аленка?

— А нічога... А як ты, Сцёпка, пасталеў, проста хоць куды!

— А Шулевічу ты пісала?

— Не, буду я пісаць чорт ведае каму! Скажы, што ён за чалавек?

— Пустазвон і... дзяўчат зводзіць. І горш за ўсё — дзяўчаты яго любяць.

— А цябе хіба не любяць?

Сцёпка ўздыхнуў, а потым сказаў:

— Я хацеў бы, каб мяне пакахала... ну, адна яна.

— Хто? — ціха спытала Аленка.

— Тая, каторую я пацалую.

Абняў Сцёпка Аленку і пацалаваў.

— Дурны ж ты: яна даўно-даўно цябе любіць. — І Аленка сама прыгарнулася да Сцёпкі. Пацалаваў яе Сцёпка, а потым сказаў:

— Ты, Аленка, памятай: ніхто цябе так не палюбіць, як я. Адну цябе пакахаў і больш нікога не хачу.

— Ты праўду кажаш?

— Каб не асушыць мне балота, калі я лгу, — пакляўся Сцёпка.

— Цяпер я паверу табе, — засмяялася Аленка. — Які ж ты мілы, дарагі, слаўны і смешны!

Слаўная была гэтая ноч, шкада толькі, што борзда світаюць такія харошыя ночы.

 

 

XX

 

Яшчэ зранку на другі дзень па Заборцах панеслася гутарка аб Сцёпку. Адны казалі, што хлопец крануўся розуму і гэта ёсць божая кара за «святы калодзеж». Такія гутаркі былі пушчаны бабкамі Агатаю і Таклюсяю. Другія, наадварот, казалі, што мазгі яго працуюць вельмі добра і што шмат якім бацькам не мяшала б мець такога сына. А калі прайшла чутка, што Сцёпка задумаў асушыць Гнілое балота, то адразу не ведалі, што на гэта сказаць і якое даць тлумачэнне такому смеламу замаху. Адным словам, Сцёпка зрабіўся цікавейшым чалавекам, якога яшчэ не было ў Заборцах.

Пра ўсе гэтыя толкі даведаўся Сцёпка, бо ў яго ж тут былі і сапраўдныя прыяцелі. Усё гэта Сцёпка ўзяў пад увагу і вечарам склікаў сход у школе. Ніколі не было ў Заборцах такога мнагалюднага сходу. Сцёпка гаварыў так проста і разумна, што яго слухалі з вялікай цікавасцю. Канчаючы сваю прамову, ён сказаў:

— Я спадзяюся, шаноўныя дзядзькі-грамадзяне, што вы дапаможаце нам, маладым, сваім розумам і багатаю жыццёваю практыкаю, і грамадою мы ў два месяцы скончым гэтую работу.

— Бач, з якою павагаю гаворыць аб старэйшых! — таўхануў локцем свайго суседа Мікалай Зубнік.

— Так, гэта ён — маладзец! — адазваўся сусед Лукаш Гудач.

А калі пасля Сцёпкі слова ўзяў настаўнік Амяльян Пятровіч, усімі паважаная асоба, і падтрымаў Сцёпку па ўсіх пунктах, сказаўшы пра яго як пра аднаго з самых лепшых сваіх вучняў, якім ён смела можа ганарыцца, то Сцёпка яшчэ больш вырас у вачах сялян.

— Што ж? — у добры час.

— Паможам — для сябе ж, ні для каго.

Сцёпка пакланіўся сходу.

— Я так і ведаў, шаноўныя дзядзькі, што вы дапаможаце нам.

Зашумелі, зазвінелі маладымі галасамі і звонам рыдлёвак Сухія груды. Дваццаць хлопцаў і сем дзяўчат прыйшлі на работу. І работа закіпела адразу. Паставілі дзве высокія тычкі з саламянымі мётламі каля рэчкі Міранкі, вызначылі месца, дзе павінен прайсці канал, і правялі дзве роўныя барозначкі пад шнур на адлегласці ў сажань адна ад другой. Далёка тыя тычкі, чуць згледзіць зоркае маладое вока. Залацеюць на першых праменнях сонца пяскі Сухіх грудоў, сівым туманом атулілася Гнілое балота, а старэнькі дубок, што за балотам, маўкліва стаіць і грэе на сонцы сваю лысую галаву ды пасмейваецца. «Ану, паваюйце»,— як бы падзадорвае моладзь. Трывожыцца Аленка: «Ці здолееш ты, Сцёпачка, да канца работу давесці?» — думае яна. А Сцёпка, сурʼёзны і спакойны, парадак работы наладжвае, ад балота заставу пакідае, каб у канал вада не найшла, рабоце не шкодзіла. Размеркавалі хлопцы работу сабе.

— Даеш два сажні на брата?! — чуецца голас.

— Не гарачыся, таварышы! — спыняе Сцёпка. — Памалу, паволі возьмемся, каб не таміцца адразу, — работы нам будзе. Канал тут, хлопцы, будзе глыбокі: тут самая высокая часць груду, а далей пойдзе лягчэй.

— Пачынаем! — гукнуў Макар Лагун. Зашорхалі рыдлёўкі ў зямлі, паляцелі кідкі направа і налева.

— Павольней, павольней, хлопчыкі! — стрымлівае Сцёпка заўзятых таварышаў і сам кідае ў паветра зямлю. Расце земляны вал, ніжэй у дол уваходзяць землякопы.

— Адпачні, хлопцы! — падае Сцёпка каманду.

Вылазяць маладыя работнікі, твары іх ад работы разгарэліся, весела жартамі перакідваюцца ў часе адпачынку.

Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца.

— Вось нам і змена прыйшла, — кажуць старэйшыя хлопцы.

— Малайцы, хлопцы! — пахвальвае іх Сцёпка. — Вучыцеся гуртам працаваць. Акуратненька, браткі, капайце, вось як тут пачалі: зверху шырока, а падніз вузей.

Старыя заборцаўцы — раскіданыя хмары пасля навальніцы. Яны яшчэ не сталкаваліся, ні да якога пэўнага погляду не прыйшлі. Адны ходзяць ды ў вус пасміхаюцца: заядла штось адразу моладзь узялася, глядзі, каб назаўтра ж не астыла. Другія проста не даюць веры, каб можна было на работу столькі народу паставіць. Трэціх зайздрасць трохі і страх забірае, каб з носам не астацца. Чацвёртыя на вока прыкідваюць, колькі б з гэтага Гнілога балота можна сена сабраць. На адным толькі ўсе сходзіліся: Гнілое балота прыцягвала цяпер увагу кожнага з іх. Проста цікава было, што з гэтага выйдзе. І пасля поўдня ўжо то той, то другі заверне пад Гнілое балота, хоць здалёк паглядзець, што там робіцца.

Дзядзька Сымон тайком захапіў рыдлёўку і таксама папёр на Сухія груды. Схаваў рыдлёўку ў кустах, а сам на месца работы падыходзіць, крок прыпыняе, разглядаецца. Бачыць — высокі вал расце, дружна ў паветры зямля мільгае, толькі шапкі і хусткі землякопаў відаць. Сам сабою смех набягае на губы дзядзькі Сымона. Ідзе работа, а дзядзька Сымон і параду любіць даць. Падыходзіць.

— Памажы вам... — пачынае дзядзька Сымон і не канчае: богавай дапамогі ім не трэба.

— Піянер! — загукалі хлопцы з рову. — Ура, дзядзька Сымон прыйшоў!

— А чаму гэта, дзядзька, без рыдлёўкі? — запытаў яго хтось.

— Я толькі проста паглядзець хачу.

— Добра ўжо і тое, што дзядзька хоць і паглядзець прыйшоў.

— Эх вы! — сказаў дзядзька Сымон і крута ў кусты павярнуў, а адтуль з рыдлёўкаю ідзе.

— Брава, брава, дзядзька Сымон!

— А вы што ж думалі, уломак дзядзька Сымон?

І, захапіўшы дзялянку зямлі, пачаў кідаць яе не горш маладых.

— Не бойся, Аленка, — гаворыць да яе цішком Сцёпка, — глядзі, унь яшчэ два дзядзькі каля балота пахаджваюць.

Аленка радасна ўсміхаецца яму, у вочы заглядае.

І праўда, што ні дзень, новыя работнікі прыбываюць. Не прыйдзе адзін, на яго месца два стануць. Сама ўжо праца пакарае, захапляе чалавека, бо ў гэтай дружнай грамадскай працы так многа і музыкі, і паэзіі, і сілы, і хараства.

Яшчэ гучней загаманілі Сухія груды, а балота маўчыць панура, закрыўшыся зялёнаю коўдраю. Дзед-дуб з-за балота глядзіць на Сухія груды, як бы грамадою любуецца. А грамада працуе. Яшчэ гусцей ляцяць сінія, жоўтыя, белыя камякі зямлі, срэбрам і золатам кладучыся па адзін і па другі бок канала. На ніжэйшае месца выбіліся, яшчэ спарней выцягваецца канал. Паглядзець — любата! Усё сяло часам збіраецца тут. Адны — працаваць, другія — проста так сабе, палюбавацца. Нават чужыя людзі заходзілі сюды. Глядзяць ды галовамі трасуць.

— Сенакос, сенакос будзе! — кажуць і Гнілое балота аглядаюць.

— Спусціць бы і нам сваё балота!

— Няма каму пакамандаваць намі!

— І няма ў нас блізка такой Міранкі!

А заборцаўцаў яшчэ больш ахвота падшыбае.

Каля Гнілога балота пастануць часамі дзядзькі, глядзяць, мяркуюць, праекты строяць. Тут і тэхнікі-спецы ёсць: што ні скажа, як у сцяну ўлепіць.

— Гэта што! — па суху капаць усякі патрапіць, а вось як ты на балоце паскачаш? — часамі пачуецца і голас няверы.

— Дармо, дзядзька: і балоту пашэпчам, дамо рады, — заспакойвае Сцёпка.

— Маладыя ногі і ў балоце не гразнуць, — задорыста адгукнецца хто з моладзі.

Цяпер старых і не адгоніш адгэтуль: у смак увайшлі. Уся гэтая справа сталася блізкаю, душу мазоліла, думкі займала. А работа была нялёгкая, перашкоды былі: рассцелюць тут свае срэбраныя невады грымотныя хмары, дажджу нальюць у канал, а там работа надышла, сенакос, жніво. Рабочыя рукі адкідаліся. Але Сцёпка ўпарта вядзе сваё, ні разу не спынілася работа. У дваццатых чыслах ліпеня роўны, глыбокі, акуратны канал ляжаў між Гнілым балотам і рэчкаю. Але наперадзе было яшчэ многа работы: трэба пратоку зрабіць на балоце ды прарэзаць заставу, злучыць канал.

Тут было многа гоману і спрэчак і розных праектаў, як наладзіць работу на балоце. Адны казалі, што трэба насцілаць грэблю з двух бакоў, дзе б маглі стаяць рабочыя, каб прачысціць пратоку.

— А мы гэта зробім прасцей і скарэй, — сказаў Міхась Барута.

Ён таксама блізка да сэрца прыняў гэтую справу і дапамагаў сыну. Збілі яны дзве пары перакідных кладак з дошак і прывезлі іх. Палажылі кладкі на балота, на кладкі работнікі пасталі і пайшлі варушыць Гнілое балота. Мацюта-каваль зрабіў спецыяльныя рыдлёўкі-каўшы і сам прывёз іх сюды. Перад заставаю для вады расчысцілі шырокае месца. Работа к канцу падыходзіла. Сяло хвалявалася. З нецярплівасцю чакалі таго дня, калі будзе прарэзана застава.

Тры дні аставалася да «іспаса».

— Мы свой «фэст» наладзім, — казаў Сцёпка, бо моладзь згаварылася пусціць канал якраз у гэты дзень, калі збярэцца народ каля «святога калодзежа». Падгатаваліся як мае быць. Проціў заставы набралася многа вады з балота. На расчышчаным месцы цэлая сажалка стаяла, і вада ўсё прыбывала. Проціў уваходу ў канал зрабілі дашчаную заставу, а зямлю выбралі. Праз дошкі ў канал вада патрошку прасочвалася, і малюсенькая крынічка пакацілася па канале ў Міранку.

На «іспаса» дзень выдаўся ясны, цёплы, такі, як і два гады таму назад. Народ пачаў зʼязджацца ў Заборцы з самага ранку. Усе двары пазаймалі прыезджыя людзі. А Заборцы гулі гутаркамі аб іх канале. На Сухіх грудах каля канала народу было, як маку, і свае і чужыя. У поўдзень, калі збіраўся крэсны ход пад «святы калодзеж», хлопцы-школьнікі загаласілі:

— Ваду спускаць! Ваду спускаць!

Народ замітусіўся, паваліў агромністаю грамадою. Азірнуўся а.[йцец] Ціт і не ведаў, што думаць: ці гэта пад «святы калодзеж» народ валіць, ці на канал глядзець. Сэрца яго затрывожылася. «А можа зноў дапаможа мне гэты лайдак», — падумаў ён і з непакоем правіў святыя літанні.

Каля «святога калодзежа» спыніліся толькі старыя бабкі, калекі, а некаторыя жабракі з лерамі і гармонікамі таксама пайшлі за народам на Сухія груды.

Каля дашчанай заставы насыпалі хлопцы курганок зямлі. На гэтым курганку стаяў Сцёпка Барута і ўся моладзь, што дзень у дзень ваявала тут на фронце працы. Загарэлая, змораная цяжкаю працаю, яна была вясёлая, жывая. Яна была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу, бо падышла цяпер важная мінута, якою жылі яны ўвесь час сваёй упартай працы.

— Таварышы-грамадзяне! — зазвінеў малады голас.

Узварухнуўся народ і заціх, а на самым версе курганка стаяў без шапкі Сцяпан Барута і гаварыў:

— Мы вельмі рады, што прыйшлі вы на наш «фэст», на наша маладое свята працы. Мы працавалі, каб спусціць з быстраю рэчкаю гніль Гнілога балота, каб на яго месцы зазелянеў муравою грамадскі луг. Сотні гадоў пакланяліся вы «святому калодзежу», і сотні гадоў стаяла тут Гнілое балота, заражала паветра і разносіла хваробы. І «святы калодзеж» не памагаў вам. Таварышы! Задумайцеся над гэтым. Не «святыя калодзежы», не малітвы бацюшак дадуць вам шчасце і дабрабыт, бо шчасце і дабрабыт — у вас саміх. Тут зроблена спроба, каб паказаць сілу дружнай грамадскай працы, і вы бачыце вынікі яе, бачыце сваімі вачыма. Але мы зрабілі маленькую частку таго, што нам трэба зрабіць і што мы можам зрабіць. У нас няма добрага будынка для школы, а дзе і ніякай няма школы, у нас няма народнага дома, бібліятэкі, нашы дзеці ўлетку без догляду, нашы саламяныя стрэхі спрыяюць пажарам, нашы дарогі топяцца ў гразі, на нашых грэблях грузнуць коні, на нашых мастах калечацца людзі і жывёла. А ўсё гэта можна ўхіліць, сваімі рукамі пабудаваць новае, моцнае, прыгожае і канечна патрэбнае нам. І гэта вы зробіце, калі будзеце выступаць грамадою, дружна, згодна. Дык няхай жыве свабодная праца! Няхай закрасуюць і разаўюцца грамадскія «калектывы працы»! Няхай наша нядбаласць пройдзе разам з гэтым Гнілым балотам!

Тут Сцёпка з моладдзю, з аднаго боку, і сталыя сяляне, з другога боку, паднялі дашчаную заставу, праз якую чуць-чуць не пералівалася вада.

З шумам хлынула вада ў канал і пабегла далей і далей, несучы з сабою пясок, кусочкі дрэва, траву. Уздоўж канала стаяў па-святочнаму ўбраны народ, моўчкі слухаючы музыку вады. А з-пад «святога калодзежа» далятаў, як бы з разбітага чыгуна, нудны, гнусавы звон, але з-за шуму вады ў канале яго бадай-што і не чуваць было.

 

Праз тыдзень пасля таго, як быў пушчан канал, паехаў Сцёпка вучыцца: кончыліся летнія вакацыі. Адчуваў ён сябе вельмі добра: па-першае, яго праект — асушыць Гнілое балота — удаўся яму як лепей не трэба; па-другое, сяляне вельмі сардэчна праводзілі яго і прасілі прыехаць да іх на другое лета, і, па-трэцяе, з ім ехала і Аленка. Што яна паступіць у педтэхнікум, у Сцёпкі не было ніякага сумнення. Аленка ж была ўпэўнена, што са Сцёпкам яны нідзе не прападуць, але ім яшчэ трэба многа вучыцца, каб ужо потым рука ў руку пайсці ў шырокія прасторы жыцця.

 

[1925 — 1926]

 

 


[1925-1926]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў у 20 т. Т. 12: Аповесці. - Мінск: Беларуская навука, 2010. - 515, [3] с.