epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На раздарожжы

Пры шляху шырокім,

Дзе стаіць камора,

Я на свет радзіўся

Пад глухі шум бору,

Позняю парою,

Восенню гнілою.

 

Па шляху тым бітым

І удзень і ўночы

Пешкі і з вазамі

  Валіць люд рабочы,

Бы яго хто гоніць,

Аж той шлях гамоніць.

 

Ў розныя старонкі

Каля той каморы

Распаўзліся сцежак

Шэрыя узоры —

Вузкія, глухія

Сцежачкі крывыя.

 

І мая, бы восень,

  Доля невясёла,

І куды ні гляну —

Глуха навакола,

Смутна аддаленне,

Хмызнякі, каменне...

 

І мяне людская

Хваля падхапіла,

І ў глыбокім віры

Моцна закруціла,

І нясе з сабою

  Цяжкаю ступою.

 

Толькі ж не па шляху

Носяць мяне ногі, —

Вузкі мае сцежкі,

Зараслі дарогі.

Я іду-дыбаю,

А куды — не знаю!

 

2/І 1911


02.01.1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938