epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На руінах прошласці

Праз пяць гадоў я зноў наведаў Вусце,

Прытулак дум, абраны мной куток,

Дзе высіцца Вусцянскі мой грудок

І вецер лёгенька гайдаецца на кусце.

 

Іду на груд павольнаю ступою.

Сумотна мне, бо я цяпер адзін,

Мне шмат чаго прыходзіць на ўспамін,

І нікну я паныла галавою.

 

Грудок усё ж такі, як быў, прыветны,

        Гваздзічка белая, чабор на ім,

Ды ўжо гляджу я поглядам другім,

Як дуб стары, астаўшыся бяздзетным.

 

Стаю, маўчу, мясціны аглядаю, —

Змяніліся, і трудна іх пазнаць.

Дубоў маіх паменшылася раць,

Як і людзей у родным нашым краі.

 

Бязлюддзе, ціш. Высокаю травою

Вусцянскія сялібы зараслі.

Бярэзнічак заняўся на зямлі,

        Атульвае разложыстую хвою.

 

 

Дарожкі той, што бегла к Балачанцы,

Няма нідзе — згубілася ў траве,

У памяці ж маёй яна жыве,

Як шмат з таго, што знікла на палянцы.

 

І тых, з кім я так блізка быў знаёмы,

Ужо няма: хто выселіўся сам

К апошнім тым на свеце рубяжам,

Дзе крыж стаіць журботна-нерухомы;

 

Другіх вайна ў далёкі свет пагнала,

        І многа іх не вернецца назад;

А трэціх вынішчыў, пабіў фашысцкі кат,

І родная зямля іх не прыбрала.

 

І ўсё мне тут, дзе вокам я ні кіну,

Нагадвае аб жорсткасцях вайны.

Знявечаны лясы, а параснік буйны

Жыве і тчэ спрадвечную тканіну.

 

Ідзе жыццё, буяюць яго сілы, —

Хай паспрабуе хто суняць яго, спыніць.

Снуе жыццё за ніццю сваю ніць,

        І моцныя для ўзлёту яго крылы.

 

Я ведаю — загояцца ўсе раны:

З пажарышч край паўстане, расцвіце

Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце, —

Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны!

 

І толькі мне адно сягоння горка:

Няма таго, з кім думкі я дзяліў,

З кім тут стаяў, з кім я шчаслівы быў, —

Пагасла ты, яснюсенькая зорка.

 

08.07.1945–9.08.1945


08.07.1945-09.08.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945