epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На шляхах волі

Уступ
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XІX
XX
XXІ
XXІІ
XXІІІ
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII


 

Уступ

 

Спыніся, дружа, ды падумай:

Твая дарога так далёка,

А ў небе цьміцца павалока —

Устануць хмары чорным тлумам,

Цябе сустрэнуць грозным шумам

У падарожжы адзінокім,

Цябе агорне полаг ночы,

Ты смех пачуеш патарочы,—

Ці будзе водгук тваім думам?

        Дарога, ведаю, цяжкая,

Ды вольна будзе мне ў пуціне:

Злажу я песню той краіне,

Што ў свет сваіх дарог шукае,

І песня водгулле спаткае,

І ў сэрцы след яе не згіне.

Вясенні звон гудзе ў прасторы,

Скрозь полаг цьмы ірдзяцца зоры,

«Ідзі ж, ідзі!» — мне штось гукае…

 

I

Было іх двое ў пятай роце

        Сто дваццаць трэцяга палка.

Вайны крывавая рука

Іх пазганяла здаляка,

І першы з іх быў на адлёце —

Чарга сачыла юнака.

Яго бацькі дзесь на Валыні,

Цяпер па той бок рубяжа.

Пад ціскам буры-грабяжа

На ўсход адкінута мяжа.

І меў ён смутак па дзяўчыне.

        Юнак той — прапаршчык Дзяжа.

У росце мерны, цёмна-русы,

Шырокі ў персях і плячах,

З сукрытай думкаю ў ачах,

Любіў ён слухаць мар спакусы

І ў іх прыгожыя абрусы

Агортваць свой няпэўны шлях.

У вольны час на бераг Камы

Выходзіў ён адзін і там,

Забыўшы ўвесь статутны хлам,

        У марах марыў край той самы,

Той самы дом, дзе каля брамы

Правёў пярун па дубе шрам.

А над рачулкаю бліскучай

Цягнуўся верб купчасты вал;

Між іх зялёненькі прагал

З травою мяккаю, пахучай

Глядзеў усмешкаю дрыгучай,

І ззяў на ім расы крыштал.

Пры доме сад быў ніштаваты,

        Прасторны двор і агарод,

Дзе нарабіў дарожак крот,

Дзе мак і сонечнік цыбаты

На сонцы ткалі свае шаты,

А гарбузы паўзлі на плот.

Гародчык чысценькі на дзіва

Так песціць думку юнака,

Бо там яе, яе рука

Саджала кветачкі рупліва;

А ён адзін хадзіў маўкліва

        І мілай постаці шукаў.

І быў яго той дзень шчаслівы,

Калі яе, ну хоць здалёк,

На міг кароткі ўловіць зрок,

Уловіць погляд баязлівы

Ці ўчуе песень пералівы

На полі ў сонечны дзянёк.

Да сэрца радасць прылівала,

І лёгка так было тады,

Пʼяніў той вобраз малады;

        Да тых спатканняў сэрцу мала,

І сэрца зараз смуткавала,

Яго зноў клікала туды.

І помніць ён адно спатканне,

Такі выпадак быў дзіўны.

На рэчцы стрэліся яны,

І тут юнак ад нечакання

Затросся трэпетам кахання

І з кладкі скінуўся, дурны!

Яна зірнула, і на твары

        Адбіўся страх, а потым смех

У вочках ясненькіх прабег.

На момант спалі з хлопца чары—

За светлы міг так многа кары!

І як смяяцца ёй не грэх?

Зачырванеўся — ці ж не сорам?—

Хоць ты на свеце не жыві!

І пал астыў, агонь крыві.

І як не грэх тым вочкам-зорам

Так пацяшацца гэтым горам.

        Як ён там боўтаўся ў гразі!

Ды той выпадак-прыключэнне

Яму якраз быў на руку,

Бо паспрыяў ён бедаку

Ажыццявіць яго прагненне

Спазнацца з Насцяю з Засцення,

Што там жыла на хутарку.

Яна — сялянская дзяўчына,

Зімою ў горадзе жыла,

Дзе гімназісткаю была.

        Яе краса — ўсяму прычына,

І смуткаваў па ёй хлапчына,

Тады студэнт, з таго сяла,

Дзе бацька меў пасаду ў школе.

Стары настаўнік, педагог,

Навуку сеяў, колькі мог,

А летам сын гуляў на волі,

Хадзіў па лесе і па полі,

І вось раз Насцю падсцярог.

І з таго дня, з тае часіны

        Ён толькі й думаў, што аб ёй,

Аб Насці мілай, дарагой,

А там шчаслівыя хвіліны

Спаткання з любаю дзяўчынай,

Няясны зоў і неспакой.

А потым шчырае каханне,

Адказны зрок і сэрца клік,

Салодкіх мар бясконцы лік

І патаемнае спатканне,

І тое першае прызнанне,

        Што слухаў месяц-маладзік.

Не раз яны ў цішы зацятай

Сядзелі ціханька ўдваіх,

А зоркі зорылі на іх,

І цвіркаў штось кажан над хатай,

І нейкай мараю крылатай

Глядзеў прастор нябёс нямых.

Яна даверліва і шчыра

Хіліла голаў да пляча

«Свайго студэнта-паніча»,

        Бо часам ён такі прыдзіра —

Яго пужаў дзявочы вырай,

З ім жарты строіла дзяўча.

Праходзіў час, тускнела лета,

Смугою сцелючы прастор,

Губляла поле свой убор.

Ліхая цьмілася прымета —

Збіралася навала дзе-та,

І здань вайны плыла з-за гор.

І грымнуў раптам гром з Карпатаў,

        З-пад тых Дунайскіх берагоў,

І пасць крывавых абцугоў

Раскрыла прагна рот зубаты.

І жах прайшоў, як біч, па хатах

Іржавым звонам ланцугоў.

Мятнуўся віхар паднавальны

І пыл узняў людскіх пакут.

І месца кожнае і кут

Пачулі плачу жуд крыштальны.

Вайне, крыві прывет ухвальны

        Пісаў дваранскі шалапут.

Вайна! вайна! Вось тое слова,

Што цяжкім каменем лягло,

Бы хмары чорнае крыло,

І зачыніла свет сурова,

Страхоццем поўніла галовы

І смуткам сэрцы абвіло.

Была гадзіна то цяжкая,

І завярцелася жыццё

У грозным віры, бы смяццё,

        За плынню плынь цякла людская,

Адна сюды, адтуль другая,

Як прыбярэжнае трысцё.

І ў той агульнай суматосе

Жыццё утраціла цану.

А за чыю, чыю віну

Яму пакутаваць прыйшлося?

За што ў крывавым тым пракосе

Ссушылі долю не адну?

Каго ж паклікаць да адказу?

        Браты! Успомніць час аб ім,

Аб зверу лютым, заклятым,

Што сее ў нас вайны заразу,

Што сэрца, вочы нам замазаў

І глушыць бразгатам пустым.

 

          Пакінуў ён у тую восень

Сваю Валынь і бацькаў дом,

І дуб, пабіты перуном,

І крыж збуцвелы між трох сосен,

Дзе іх сачыла неба просінь,

        І сад, і лаўку пад акном.

Вось трэці год з тае часіны,

Як развіталіся яны.

Падзеі грозныя вайны,

Неспадзяваныя навіны

Не сцерлі з памяці хлапчыны

Той гоман радасці-вясны.

        І дзе яна? Што з домам стала?

Чаму лістоў адтуль няма?

Іх год чакае, ды дарма.

І дзе яго сямʼя прапала?

Няўжо скрышыла ўсё навала,

Глынула воражая цьма?

Пісала ж Насця той вясною:

«Мой мілы, любы, дарагі!

Мне не пазбыць свае тугі:

У сне, наяве ты са мною,

Са мной ты кожнаю парою,

Ты мой адзін, ніхто другі.

Я часта-часта шлю маленне

        У патаемнай цішыне,

Каб быў хутчэй канец вайне.

Ды хто пачуе клік тамлення?

Хто сцішыць боль майго сумнення?

Ці прыйдзеш, любы, да мяне?

У нас тут дома неспакойна —

Падходзіць фронт, бягуць усе,

Гарматны гук зямлю трасе,

А наша армія бяззбройна,

Адходзіць тлумна і нястройна —

        І Бог Расіі не ўпасе!

Калецтва, смерць! Растуць магілы...

Зямля ў крыві і ў моры слёз...

І гэты цёмны, страшны лёс...

Не за сябе дрыжу я, мілы,

А тых мне жаль, хто, поўны сілы,

Выносіць голаву на плёс...

Але няхай цябе ўбароніць

Мой голас сэрца, дарагі!

Далёка нашы берагі.

        Ды вецер хмары перагоніць,

І сонца твар свой нам адслоніць,

Душа пазбавіцца смугі».

І з дому вестак не было —

          І з таго часу ад Настусі.

Усё там здарыцца магло,

І ён за іх таміцца мусіў,

І ныла сэрца ў нейкай скрусе,

Згрызоты хмурылі чало.

Занята родная краіна,

        Пяройдзен нейкі Рубікон,

Сюды пасунуўся кардон.

Там, можа, любая дзяўчына

Пакуту зносіць, як Айчына,

Дзе вораг чыніць свой закон.

А можа, Насця добраахвотна

Яго змяняла на каго,

І мо на ворага яго —

Дзявоча сэрца мімалётна.

І ён у думках тых журботна

        Чаго ні думае, чаго!

Падхопяць мары-палятушкі,

На крыллях зманных паімчаць,

Каб нейкі новы сказ пачаць

І гэты сказ завіць у стужкі,

Ды сэрца радасцю пагушкаць,

І збіць крывавую пячаць.

Вось ён — герой, ваяка слаўны,

На фронце робіць там прарыў,

Дарогу войску расчыніў —

        Такі ён кемны там, упраўны,

І фронт наседжаны, аддаўны,

Скрышыў ён, знішчыў, разбурыў...

Ён гоніць ворагаў з Засцення,

Дзе Насця томіцца даўно...

І так за звеннямі звяно

Пляце-складае летуценне,

То ў радасць горне, то ў суценне

Сваё прывіднае руно...

          А перад ім струменіць Кама

        У хвалях сонца з вышыні,

Бы сее дожджыкам агні,

А грэбень гор у сіняй раме,

У люстры водаў сцеле плямы,

Бы сталь кладзе на струмяні.

          — Здарова, красная дзявіца,

Барыс Міхайлавіч Дзяжа!

Аб чым задумаўся, душа?

Паручнік статны, бледналіцы

Паўстаў прад ім, як нейкі рыцар,

        І мары другу распужаў.

Паручнік Далін родам з Дону.

Казак вясёлы, патрыёт,

Пабыў на фронце роўна год,

Быў у баях такіх шалёных,

Дзе гіблі ў момант батальёны,—

Ён пападаў у пераплёт!

Вакол зямля агнём палала,

Хадзілі ходарам віхры

Слупамі смертнымі ўгары!

        Душа нямела, замірала,

Надзея гасла, прападала —

Ой, захлынешся ў тым віры.

Яму ж схадзіла ўсё шчасліва,

Прад боем толькі думаць мог:

«Ах, хоць бы раніла, даў Бог!»

І храбра йшоў ён, хоць на дзіва

Душа траслася баязліва,

Каб смерцю «слаўнаю» не лёг.

І раз такі шрапнеллю ўражай

        Пасекла Даліну сцягно.

І як зрабілася яно,

У першы момант не заўважыў,

І толькі потым, як бы сажы

Ўваччу мільгнула валакно.

Упаў. Ачнуўся на насілках

І чуе радасці прыліў —

«Я ранен, я астаўся жыў!»

І ходзіць шчасце па ўсіх жылках,

І чуе ён сябе асілкам —

        «Я споўніў доўг, я кроў праліў!»

Ляжаў два месяцы ў шпіталі.

Сястрычка там была адна —

Не забываецца яна!

На славу з ёю пагулялі!..

Адтуль у тыл глыбокі далей,

Вайны ж развязка не відна.

А зараз ён у пятай роце,

Ды толькі ж Даліну не міл

Труслівы, брудны, тыльны пыл,

        Дзе ўсе жывуць у той турбоце,

Каб акапацца на рабоце

І захаваць надалей тыл,

Дзе ўсякіх строгасцей так многа,

Дзе гэты тыльны генерал

Прыходзіць часта ў дзікі шал,

З сябе стратэга корчыць, Бога,

А сам не ведае нічога,

Стары муштроўшчык і капрал.

— Эй, друг Барыс! пакінь журботы,—

        Не мар аб кралечках тайком!

Заклічам іх мы вечарком,

Каханне купім і залёты

І сцішым лішнія турботы

Сваім уласным кашальком.

Ёсць тут адна душа-красуня —

Фугасным бʼе цябе агнём!

А вочы свецяць майскім днём...

Эх, друг Дзяжа! Прылашчыць Груня —

І Магамет на рай свой плюне!

        Жыві, брат, сённяшнім жыццём!

Бяры, што можна ўзяць сягоння,

А заўтра ў Богавых руках,

І заўтра можа быць нам крах.

Зірнем жа радасці ў бяздонне

І на дзявочае улонне

Прыхілім тленны мы свой прах.

— Паручнік, мілы забулдыга!

Зайздрошчу я табе, ей-ей!

Не маеш іншых ты ідэй,

Як толькі выкарыстаць з міга,—

Табе лягчэй і зносіць іга,

Што душыць свет і ўсіх людзей.

— Барыс! мы — пыл, нішто ў сусвеце,

І ты яго не зменіш, брат,

Як не змяніў яго Сакрат.

Пакуль жа молад ты і ў цвеце,

Жыві, пусціўшы на ўзві-вецер

Сурʼёзны гэты светагляд.

 

— А я, паручнік, не магу так

        Глядзець на свет, на сэнс жыцця

Як на мінуты забыцця,

І я не ў сіле пазбыць смутак,

Бо людзі ўперліся ў закутак

Замест прагрэсу, развіцця.

Ідзе жывое вынішчэнне

Жывой энергіі, дабра,

Грыміць крывавая ігра —

Псіхоз і мозгу атручэнне.

Варʼяцтва, шалу спалучэнне,—

Пара задумацца, пара!

— Ты памыляешся, мой мілы:

Вайна — такі жыцця закон,

І над усім пануе ён,

А пацыфізм пусты, завілы

Над ім ані не мае сілы,

Жыве ў крыві яго дракон!

 

Вось так у вольныя часіны

Яны гуторылі не раз.

Было — спрачаліся падчас,

І кеплі горкія і кпіны

Былі па адрасу айчыны,

Не ўсё ж бо ладненька у нас;

І хоць характары ў іх розны,

Але здружыліся яны:

Адна плынь несла іх чаўны,

Адзін гнаў вецер іх марозны,

І вёз адзін іх нейкі возны

Па сцежках буры і вайны.

 

II

          Па-над Камай гук гарматны,

Молат бʼе і ўдзень і ўночы...

Што куеш там, брат рабочы?

Што прыгнуўся над варштатам?

Ці гатуеш «дар» салдатам?

Ці доўг плаціш неаплатны?

Што ж спусціў ты ў землю вочы?

Тут жалеза, сталь Урала

На снарады, на жарэлы,

                  Каб калечыць, нішчыць целы.

Колькі ўжо іх там прапала!

Ды крыві яшчэ ўсё мала...

Падымай жа молат смела,

Моцна бі ў чэсць капіталу!

Там рабочы, там сяляне...

Іх сагналі брат на брата,

Рве шрапнель іх і граната,

Бʼюць друг дружку, бо ў тумане

Іх галовы і ў дурмане...

                  Куй гасцінцы для салдата!

Куй жа, покі моцы стане!

          Молат бʼе, варштат скрыгоча,

Пас дрыжыць, гудуць машыны,

Мітусенне, рэў звярыны

Рэжуць вушы, бʼюць у вочы...

Так, не весел ты, рабочы,

Гнеш панура сваю спіну,

Мозаг думаць тут не хоча...

 

                    * * *

 

Панурыя малюнкі паўночнае краіны,

          Як строгі вы і смутны!

І бачу хмуры лес, дзе піхты і яліны

Няветлым салашом развесілі галіны,

            І голас мне іх чутны,

          Як водгулле чужыны.

І бачу тыя горы я над Камаю-ракою,

Дзе гром грымеў гарматны.

Суровы, грозны від іх у вечным супакоі,

Стаяць яны маўкліва над сіняю лукою

          І ў люстры вод гранатных

                      Любуюцца сабою.

За цёмным віадукам, што ў насыпе чыгункі,

          Пры лесе ёсць даліна.

Тут грозны Бог вайны пісаў свае рысункі —

Акопы, ямы, дрот і розныя рыштункі.

          Тут шэрая людзіна

          Цярпела муштру-ўсчункі.

З усіх канцоў Расіі зганяліся народы

          Па волі капіталу

У імя «праў народных», пад сцягам лжэ-свабоды,

                  І мучылі іх тут, ахвяр варожай згоды,

          Ахвяр таго ж Ваала,

                  Для царскай асалоды.

А там, пад віадукам, грукочучы, вагоны

          Каціліся няспынна.

Ішлі-плылі на захад салдацкія калоны,

Туды, дзе вір крывавы свой гімн спяваў шалёны,

          І гінулі бязвінна

          У віры тым мільёны.

І згінулі навекі... Нікому невядомы

                        Імёны вашы, брацце!

І золак новых дзён, і буры іншай громы

Не відны вам, не чутны — заснулі нерухома:

Пад смертнаю пячаццю

Зямляныя харомы.

        На пляцоўцы пятай роты,

        Дзе калыша вецер дроты

        Над акопным цёмным валам,

        Спахмурнелі дзядзькі-глоты:

        Ох, пачнуцца тут згрызоты

                    З тым брыгадным генералам!

        Ротны бледзен не па меры,

        Холад чуюць афіцэры

        Ды хаваюць свае трусы.

        Фронт разгорнут, доўгі, шэры,

          Камандзіры, нібы зверы,

          Пазіраюць, круцяць вусы.

                    — Не падгадзіць мне, рабята!

          Нашай роты людзі-хваты,—

          Еш вачамі генерала!

                          Генерал Пржылуцкі — дока,

                              Строгі зрок, арліна вока —

                              Знойдзе раптам недахваты,

                              Цягне ўсіх на кожным кроку,

                              Лае зблізку і здалёку.

                    — Едзе! едзе!

                    — Пятая рота, ррраўня-я-яйсь!

          Бы не тыя сталі людзі,

          Колькі могуць, пучаць грудзі,

          І галовы ўбок направа

                      Ды чакаюць, што тут будзе,

          Што брыгадны ім прысудзіць.

          Генерал ідзе рухава,

          З ім палкоўнік, батальённы,

          Як падданы, як прыгонны,

          Ну, дрыгучая струна.

          Ротны зорыць міг кардонны,

          Каб падаць той голас звонны

          Ды спаліць, як з перуна.

                  І гаркнуў настырна,

                    Маладзецкі брава:

                    — Пятая рота, смі-і-ірна!

                    — Раўненне направа!

              Генерал ідзе, бы сокал,

            І арлом глядзіць навокал,

          Ротны тут пад казырок,

          Ідзе з рапартам з прыскокам,

          За апошнім цвёрдым крокам

          Стаў чаканіць назубок.

          Уздоўж фронту йдзе брыгадны,

                  Непрыступны, неўспагадны,

          Вострым поглядам стрыжэ.

          Белы вус, як снег калядны,

          Смех хавае неразгадны,

          Бы ахвяру сцеражэ.

          Прывітаўся досыць ветна,

          І усмешка чуць заметна,—

          Нібы ў гумары, відаць.

          І адразу нечакана

            Запусціў, як бы з нагана,

                                  І што слова, то і «маць».

          — Мерцвякі вы! Мерцвякі вы!

          Што раскіслі тут, як слівы?

          Дзе ваяцкі ваш запал?

          Што за войска? Зброд паршывы!—

          Аж затросся вус той сівы,

          Матам крые генерал.

          — Да-с, паручнік, слабавата!

          Што за людзі ў вас? цялята!..

          Ну-с, заняцца маршыроўкай!

                    Ротны выступіў заўзята,

            І пайшлі ганяць салдата,

            З амуніцыяй, з вінтоўкай.

            Доўга роту муштравалі,

            Тхнуць салдату не давалі,

            Бегам беглі, шлі пяхотам,

            Ну, ўсю мудрасць спрабавалі

            І каманду падавалі

            У гразь легчы срэдзь балота.

            — Што, спацелі, суччы дзеці?

                        Мала елі спіны плеці?!

              Да-с, паручнік, танкавата!

              У вас людзі ў беге слабы,

              Не салдаты яны — бабы,—

              Дрэнна выпраўка ў салдата!..

Вам на фронт, на фронт пара бы!

А вы, кадры, ажырэлі,

Толку мала з вас на дзеле —

Мурлачы ўсё ўнь якія!

Акуратны, гладкі ў целе...

              Пад арэшт на дзве нядзелі!

Толькі й служыце з-пад кія!

Распушыў усіх брыгадны,

Будзь ён тры разы няладны!

І пушыў усіх наўмысля,

Бо служака ён прыкладны

І яму тыл больш прынадны,

Чым пазіцыі на Вісле.

А нарэшце, на закуску,

Усіх злаяўшы па-руску,

              Выступае ён з прамовай.

— Не даваць жа немцу спуску!

Бі яго адважна, грузка —

Немца біць для нас не нова:

Бі агнём,

Калі штыком,

Штык зламаў — крышы прыкладам,

Збіў прыклад — жар кулаком,

А кулак пабіў — кусайся,

              Поўзай гадам,

              Рві, грызі,

              У прах разі,

              А ў палон жывым не дайся:

              Няхай помняць супастаты,

              Што значаць бравыя салдаты.

 

III

Ой, што ж гэта па дарозе

      Круціць, коціць пыл?

Што там сунецца ў пагрозе,

      Муціць небасхіл?

Млеюць далі ў смужнай сіні,

      У паветры — гар.

Ходзяць цені па даліне,

Вар на полі, вар!

Няма ў небе хмар, святлютка,

          Скуль жа гром той, гуд?

Ой, ліхая ходзіць чутка —

        Будзе ўсім капут!

Уцякаюць, бягуць людзі,

      Скрогат, скрып калёс.

Прэцца ліха, гора блудзіць

      Між старых бяроз.

Па дарогах бітых, цьмяных

      Паўстаюць крыжы.

Хто іх злічыць? хто ўспамяне,

                        Апяе, скажы?

Ой куды вы, ой куды вы

      Бяжыце, людцы?

Не пабачаць роднай нівы

      Дзеці і айцы.

Свет нязнаны, невядомы,

      Край чужы — не брат.

Кінуў дом, не знойдзеш дому

        І дарог назад...

Не пытае ў мора вецер,

      Не пытае ў хваль,

Добра ім ці не на свеце

      Разліваць свой жаль.

Між прысады ўздоўж дарогі

      Колаў грукат, скрып.

Плач зацяты, енк знямогі

      І прадсмертны хрып.

 

Засценне — хутарок прыўдалы,

Стаіць на рэчачцы Стружку,

Як бы ў зялёным кажушку.

        Вакол вясёлыя прагалы,

Дзе ўвесну звоняць перавалы,

Дубовы гай на беражку,

А над рачулкаю шумлівай,

Як бы калышучы струмень,

Бабулькі вербы цэлы дзень

Схіляюць вецечка рупліва

І штось шапочуць ёй жычліва,

Схаваўшы хвалі яе ў цень.

Між верб сям-там блішчаць ракіты,

        На сонцы мыючы лісты,

Алешнік ціснецца густы

Сямʼёю дружнай, сакавітай,

І сцелюць шоўкі-аксаміты

Над рэчкай травы і кусты.

Вакол двара, на самай горцы,

Стаяць таполі і дубы,

На сонца вынесшы чубы,

Бы тыя волаты-дазорцы,

І моц чуваць у іх гаворцы,

        Чуць вецер чэпіць іх слабы.

          Сама сядзіба ўжо не нова.

Відаць, даўно гаспадары

Збіраюць, складваюць дары

І пыняць рупна, адмыслова,

Ва ўсім парадак і ахова

І лад заведзены стары.

Выгодна, крэпенька і стала

Збудован гэты хутарок,

Дзе абмяркован кожны крок,

        Дзе кожна рэч мясцінку знала

І свайго месца пільнавала,—

Прыхільны, слаўненькі куток!

      Глядзяць на поўдзень вокны хаты.

У ціхай прохладзі раслін

Бялеюць сцены між галін,

Дзе топаль стройны, зухаваты

Абпёр плячо на дуб кашлаты,

Як брат яго ці родны сын.

Між стромкіх ліп, бяроз і клёнаў

        На сонцы песціцца садок.

Купчастых вішань паясок

Абводзіць некалькі тут гоняў

Пад сад адведзеных загонаў

І апяразвае грудок.

Як ветлы погляд гаспадыні,

На клумбачках за дзірваном

Красуюць краскі пад акном,

Гараць півоны, веаргіні,

Нібы пышлівыя княгіні,

        І пах стаіць над цветніком,

А з гэтай горкі, з вокан хаты

На многа-многа вёрст відаць —

Унь там палі і сенажаць,

Гайкі і лес, курган зацяты,

Узгорʼя грэбень сіняваты,

Дзе вісне смужная пячаць.

      Туды шыбуецца дарога,

Адтуль цяпер плыве бяда,

Людское ліха і нуда

        І гэта цёмная трывога,

Што не міне, відаць, нікога,

І ўсякіх страхаў чарада.

Вось гэта немая пагроза

І гэты страх і непакой

Сюды пабеглі талакой,

Карцяць у мыслях, як заноза,

І веюць подыхам мароза,

Ківаюць страшнаю рукой.

Няма, мінулася ахвота

        З даўнейшым жарам працаваць—

Пайшлі сыны ўсе ваяваць.

Ідзе, кульгаючы, работа,

А тут яшчэ адна згрызота —

У свет збірайся вандраваць!

        Нявесел, хмур стары Галута,

Вайна — вось чым завязан свет.

Канца ж яе няма прымет.

Ой, будзе кепска, будзе крута:

Ліхая блізіцца мінута,

        На ўсё жыццё пакіне след!

Не спіць стары. Няма спакою

Ад гэтых думак і згрызот —

Няшчасце тут, каля варот!

І часта, часта ранічкою

Або вячэрняю парою

Ён ловіць водгулле грымот.

І гром штодзень расце, мацнее,

А па шляху ад смужных гор

Цалюткі дзень ад ранніх зор,

        Як доўгі хвост страшыдла-змея,

Фурманкі валяць. Пыл-завея

Курыць, бы ўзрушыўся віхор.

Імчацца брычкі, плывуць кары,

Шыбуюць панскае дабро —

Хрусталь, дываны, серабро,

А побач дзед, сухі, паджары,

З тупой пакораю на твары

Вязе сялянскае дзярмо.

На возе розная надоба:

        Мяшочкі, посцілкі, вузлы,

А ў гэтых бэбахах — малы.

Ляжыць, струпелы ад хваробы,

Страсло ў дарозе ўсе вантробы...

Эх, бедны хлопчык, лёс твой злы!

Адстанеш, мусіць, ты ў дарозе

Ад родных гоняў і сямʼі,

Прыпынак знойдзеш ты ў ламʼі,

Памёршы тут, на гэтым возе,

І пахаваюць пры бярозе,

        Гарбок насыпаўшы зямлі.

Сядзіць з ім поплеч яго маці,

Азызлы, вылушчаны твар.

Няма надзей на ім, ні мар.

Часамі схіліцца к дзіцяці...

Ой, ненадоўга яго хваціць—

Вярзе ў гарачцы, паліць жар.

І толькі зрэдка яго вочы

Глядзяць у шкло глухіх нябёс.

Не бачыць неба гэтых слёз,

        Не чуе неба енк жаночы,

І памагчы яно не хоча,

Глядзіць без літасці на воз.

А двое большанькіх за дзедам

У духаце густой, цяжкой

Дыбаюць мернаю ступой —

Паклажы многа й так на гнедым.

А там за імі тым жа следам

Ідзе ды йдзе людскі прыбой,

Ідзе павальна, безрассудна,

        Ані пратэсту, ні жальбы,

Ніхто не слухае мальбы,

А ў падарожжы цяжка, брудна,

Расчуліць сэрца гэтак трудна,

Калі ў ім звер паўстаў грубы.

        Глядзіць Галута, а самога

Агорне страх і пройме боль.

Куды, куды бяжыш ты, голь?

Ой, у дарозе гора многа!

Ой, горка з хлеба жыць чужога

        Ой, не прыгорне тая роль!

Не раз спыняліся фурманкі

Тут начаваць пад хутарком,

А наша Насця вечарком

Або на досвіце ў заранкі

Ішла да бежанкі-сялянкі,

Дзяцей паіла малаком,

Давала хлеба на дарогу

І з імі гутаркі вяла,

Бо доля ж іх пякельна-зла,

        І як не даць ім дапамогі?

А Насця мае жаль к нябогам,

І ў сэрцы сцелецца імгла.

Ой, колькі ж гора і пакуты!

Ці хопіць сілы іх здалець?

Ой, цягне ліха сваю сець,

Ачнуўся звер, крывавы, люты...

Няма ёй шчасця ні мінуты,

І як тут сэрцам не балець?..

        Ходзіць ліха бязвокае,

        Ходзіць ліха бязвухае,

Бязногае, бязрукае,

А ўсё згледзіць, падслухае,

У ваконца пастукае,

Нішчыць поле шырокае,

Сушыць мора глыбокае,

На задворках галёкае.

Ходзіць ліха разлогамі,

Ходзіць ліха узмежкамі,

Дарогамі і сцежкамі,

        Туляецца пад стрэшкамі.

Ліху дзверы адчынены,

Ліха ўвойдзе праз шчыліны,

Пераскочыць парожачкі,

Не спытаўшы дарожачкі.

Як жа з ліхам змагаціся?

У каго б тут спытаціся?

Была надзея, ды прапала,

Адходзіць армія назад.

Няма ні стрэльбаў, ні гармат.

        Находзіць страшная навала,

Нядоўга наша сіла брала,

І безліч знішчана салдат!

А колькі ходзіць розных чутак!

Чаго, чаго тут не вярзуць!

І паняволі возьме жудзь,

Калі прыкоціцца іх скрутак.

А сэнс адзін — не добры скутак —

Бяжы, ратуй хоць што-нібудзь!

Бо вораг злы, бясконца люты,

        Бо немец — звер і людаед,

Якога і не бачыў свет!

Ён чыніць гвалт, нідзе не чуты...

І гэтым страхам думкі скуты.

Наробіць, ой наробіць бед!

Ну, як тут быць? Ну, што чыніці?

Куды ж тут бегчы, уцякаць?

Ці лепей ліха тут чакаць

І дабравольна паланіцца?

У перамот сышліся ніці,

        І галава гудзе, як кадзь.

          — Скажы, як ты мяркуеш, Насця?

Часамі дома ўвечары

З сямʼёю раіцца стары,

Бо ўжо глядзіць на двор няшчасце,

І ўсё адходзяць нашы часці.

А вораг цісне з-за гары.

Сваё у Насці меркаванне,

Свае згрызоты і бяда.

Вядома, хаты ёй шкада,

        Ды ёй не страшна вандраванне,

Бо там жаданае спатканне,

Чым сэрца цешыць малада.

А прыйдзе вораг — і між імі

Рубеж паложыцца, парог,

Не будзе к міламу дарог,

І сэрца жалю многа прыме,

А на пісульцы яго імя

Не блісне зоркаю ў вачох.

І кажа Насця: «А вядома,

        Складаць манаткі трэба нам,

У Луцк заедзем хоць, а там,

Як можна будзе, зноў дадому».

А бацька важыць па-другому,

Але памоўківае сам.

Г а л у т а

  А што, калі і Луцк пакінуць?

        Н а с ц я

Паедзем далей.

Г а л у т а

А куды?

Эх, прападзеш там без яды!

Н а с ц я

Ці не ўсё роўна, дзе ні гінуць?

        І тут з цябе ўсю душу вынуць...

Г а л у т а

Эх, розум, розум малады!

На сваім котлішчы, дачушка,

Табе паможа вугал, куст,

А там пакрыўдзіць кожны хлюст,

Тут — гаспадар ты, а там — служка...

Запахне, ой, хлябка краюшка,

І крупнік прыйдзецца пад густ.

А з гаспадаркаю што стане,

З набыткам нашым і дабром,

        Прыдбаным з гэтакім трудом?

Браўна не знойдзеш у паркане,

Расцягнуць сцены ўсе дазвання,

І будзе воўк гаспадаром.

Свае часамі горш за звера,

Страшней за ворагаў ліхіх...

Лепш выпіць гора тут кяліх —

Ёсць усяму на свеце мера.

А покі што, мае намеры —

Не кідаць котлішчаў сваіх!

        Такога погляду на рэчы

Дзяржыцца цвёрда наш стары

І да апошняе пары,

Хоць знае, што на свае плечы

Цяжар кладзе нечалавечы —

Унукі з ім, нявесткі тры...

Як убароніць іх ад звера?

А на вайне свой і чужы

Скідае ўсякія гужы —

Яму вядома іх манера,—

        Сваім і то малая вера...

І за дачку сваю дрыжы.

Таксама трэба сёе-тое

На ўсякі выпадак прыбраць —

Наваліць гэтакая раць,

Расцягне, знішчыць набытое.

І ён паціху са старою

Мяркуе, дзе як што схаваць.

Пад дубам тым, што гром калісьці

Залысіў шчытную кару,

        Капае яміну-нару

І нішчыць след у жоўтым лісці...

Няхай для хатняе карысці

Хоць раз паслужыць і пярун.

          Але ў кароткі час як многа

Часамі здарыцца падзей!..

Гарматы бухалі радзей,

Нібы ўляглася і трывога,

Аціхла нават і дарога,

І не відаць на ёй людзей.

        «А мо абыдзецца ўсё страхам,

І не падасца фронт назад?»

І раптам — на табе — загад!

Збірацца борзда, адным махам,—

На ўсіх павеяла тут жахам,

Глыбей у тыл, рад ці не рад!

Г а л у т а

Збірацца? ехаць? кідаць хату

І ўсё, што ў хаце і ў хлявах,

У свірне, клуні, на палях,

Яшчэ не прыбраных, не зжатых?..

        О, будзь жа ты, вайна, праклята!

За што, за што нам гэты жах?

        Прыбіты страшнаю навінай,

Зусім збянтэжыўся стары.

Г а л у т а

Загад? а чорт яго бяры!

Я лепей здохну пад адрынай,

Але кутка свайго не рыну,

З свае не вылезу нары.

        Найшло няшчасце на Засценне,

Знямеў на момант хутарок,

        І апусціўся дзень у мрок,

Бы ў часе нейкага зацьмення,

А потым лямант, галашэнне,

Дзіцячы плач, выццё жанок.

Адзін Галута, хмуры, строгі,

Свае не страціў галавы.

Г а л у т а

Я астаюся тут, а вы

Мяркуйце самі ўжо, нябогі:

Калі не страшны вам дарогі,

На іх вы маеце правы.

М а ц і

        Ах, што пляцеш ты? Хіба можна,

Ты ж памяркуй адно як след:

Пускаць адных жанчын у свет?

Да іх і пень пакрыўдзіць кожны,

А час няпэўны і трывожны —

Пабіць адразу лепш кабет!

Н я в е с т к а

Як без цябе нам ехаць, тата?

Няхай нас лепей тут пабʼюць,

Чым выбірацца з дзецьмі ў пуць.

І куды ехаць? дзе нам хата?

        Цяпер няма і ў браце брата...

І дзеці нашы прападуць

І самі згінем, як сабакі,

Дык лепш усім пагінуць тут,

Няхай агорне родны кут...

Ох, дзеткі, дзеткі-небаракі!

Няма ў вас татачкі-ваякі.

Яму і вам і ўсім — капут!

Г а л у т а

Я ж не ганю вас, мае дзеткі,

А гоніць нас усіх вайна,

        Праклята будзь навек яна!

У лес бягайце, у палеткі,

Хавайцеся там неўзаметкі —

Няхай мая будзе віна!..

 

                    * * *

 

        І сумятня пайшла ў Засценні.

Жывёлу гайда ў хмызнякі

На ўсякі выпадак такі,

І раптам — стой! адно імгненне —

І нечаканае здарэнне:

Імчацца ў хутар казакі!

        Блішчаць, зіхцяць на сонцы пікі.

Тух-тух! — грукочуць капыты.

Праз пожні валяць і платы,

Бы нейкі шквал нясецца дзікі,

І свіст, і гіканне, і крыкі —

Страшней за ворагаў браты!

К а з а к

Эй, хрэн стары! чаго марудзіш?

Чаму не выпаўніў прыказ?

Дык пакідай жа двор ураз!

Каціся вон у тры міга,

        Каб не была тут і нага,

Іначай здраднік царскі будзеш!

Г а л у т а

          Каціцца вон? Куды, казача?

Усюды знойдзе нас бяда.

К а з а к

Пагавару з табой інача,—

Пад клуню, хлопчыкі, айда!

          Стаіць Галута, з тропу збіты,

Яму няўцямкі, неўзнакі,

А тыя чэрці, казакі,

Адно махнуліся праз жыта,

        І — клуня полымем абвіта,

Змяяцца белыя дымкі.

Тах-тах-тах! дзесь кулямёты

Забарабанілі ў кустох!

Ніжэй к сядлу казак прылёг,

Махнуў стралою у вароты,

Каб не папасці ў пераплёты,—

І зніклі ўсе яны ў палёх.

І сціхла ўсё. Замоўклі стрэлы.

Прапалі ў полі казакі,

        А агнявыя языкі

І дым клубясты, едкі, белы

У неба рвуцца грозна, смела

Ды плач даносіцца з лукі.

Абняў Галута дуб пабіты,

Шчакой прыпаўшы да кары.

Г а л у т а

Гары, дабро маё, гары!

У неба йдзі агнём, набытак,

Бо небам мы даўно забыты,

І мы тут больш не ўладары.

 

IV

Дык так: пуціны пераняты —

Заўзяты вораг перамог!

Кардон цяпер між імі лёг...

Ой, думкі, думкі-арляняты!

Не вырвацца вам з роднай хаты,

І да яго няма дарог!

І як паведаміць мілога,

Што тут, закінута, адна,

Па ім маркоціцца яна?

        У Насці планаў розных многа,

Ды з планаў тых няма нічога —

Адны лятункі і мана.

        Сябе Настуся дакарае,

Чаму з Засцення не ўцяклі.

Ці мала месца на зямлі?

Ну, што цяпер ім з свайго краю,

Дзе запануе гэта зграя,

А калі выйдзе, то калі?

А можа так і будзе далей,

        Забраным станецца іх край,

І згіне родны абычай,

І ўсё залье чужая хваля,

Бо не спрацівішся навале?

Тады ўсё роднае — бывай!

А тое шчасце, што каханне

Павабна так суліла ім?

Няўжо развеецца, як дым?

Няўжо дарогі іх спаткання

Прапалі ў жудасным тумане,

        У гэтым віры заклятым?

          І жаль, і страх, душы тамленне.

А што нясе наступны час?

Дзень у вачах яе пагас,

Кладзецца мрок на аддаленне,

І націскаецца суценне

На гэты жудасны абраз.

          Змоўклі громы.

          Жудзь і ціша

          Невядомы

                        Страх калыша.

          Дзе ж той вораг?

          Дзе навала?

          І ў тых горах

          Ціха стала.

          У знямозе

          Млеюць далі,

          Па дарозе

          Люд не валіць.

          Пуста, глуха,

                          Нема, жудка.

          Як ні слухай —

          Нікагутка!

          Гэта ціша

          Так варожа!

          Ліха выйшла

          У падарожжа!

          Безгалоўе,

          Паланенне —

          Момант поўны

                        Напружэння!

Было і страшна і журботна...

Заслала дымам пастаўнік.

Зрабіў пажар сваё і ўнік,

А гаспадар стаіць гаротна,

Глядзіць на спаленае котла

І шэпча штось, бы чараўнік,

І вус трасецца пасівелы:

Чаго ж чакаць цяпер ад тых,

Ад ворагаў ад заклятых,

        Калі свой брат, казак здзічэлы,

Будынкі паліць у дзень белы

І скуры драць гатоў з сваіх?

Прыйшло, відаць, на ўсё згіненне —

Спалілі клуню, спаляць дом,

І пойдзе ўсё дабро суздром,

Скаціне будзе вынішчэнне,

Пустэля стане, разбурэнне —

Парадак, лад ідуць на злом.

 

        Стары ўздыхае сіратліва

        Ды ў двор ідзе чакаць «гасцей»,

Заве старую і дзяцей,

Што пахаваліся пужліва,—

Лепш разам быць, чакаць маўкліва

І свайго лёсу і падзей.

Сямʼя сабралася памалу,

Нібы трывогі ніякой,

Улёгся трохі непакой —

Пранесла першую навалу.

Наш лёс ваенны, знаць, прапалы,

        Бо аўстрыякі за ракой.

Ідуць напорна і заўзята

Калоны іх і ланцугі...

Ша! грымнуў стрэл... адзін, другі,

Часцей, гучней равуць гарматы,

Бой разгараецца зацяты,

Дымяцца ўзгоркі і лагі,

Дрыжаць, калоцяцца паземы,

Агні выбухваюць, і дым

Кладзецца покрывам рудым.

        Усцяжны гуд, зацята-немы

Пужае ціш пяшчотнай дрэмы

І ломіць грукатам густым.

І лес, што мроіў па-над рэчкай,

Якоча, крышыцца, гудзе,

То тут, то там вяршок спадзе,

Галіны сыплюцца, бы грэчка,

І свеціць збіты ствол, як свечка,—

Няма збавення тут нідзе!

Прапалі ў дыме аўстрыякі,

        Агнём іх скошаны рады.

Гух-гух! — гудзе на ўсе лады,

І кулямёт дзесь зататакаў...

Ідзе атака на атаку...

Зноў падаецца фронт сюды.

          Знаць, нам прыйшла падмога ў часе.

Ці ўжо дайшлі да той мяжы,

Дзе лягуць моцна рубяжы,

Дзе будзе выпіта ўся чаша,

Дзе пераможа сіла наша,

        А ім паставяцца крыжы?

Глядзіць Настуся ў аняменні

На гэты жах, пякельны вар,

Дзе смерць — бязлітасны ўладар,

Дзе чыніць Бог вайны знішчэнне,

І шэпча Насця ў амярцвенні:

«О Божа! Колькі там ахвяр!»

А бой бурліць, няма развязкі,

Рэзервы гоніць аўстрыяк.

Ідуць палкі другіх ваяк,

        Мундзіры сінія і каскі.

Гудзе зямля ад груку, ляску,

І загудзе яна не так!

Паўзуць страшылішчы-гарматы,

Ідуць-гудзяць браневікі,

І раптам — жыж! дзесь з-за ракі

У іх рэзервы бʼюць гранаты:

Залеглі ў полі супастаты,

Растуць акопы, раўчакі,

І разʼярыўся вораг люты!

        Джуг-джуг-джуг! бух-бух! ра-ррах!

Здаецца, усё скрышыў у прах

Сталёвы гад, у бронь закуты,

І шле ды шле клубкі атруты,

Смерць выкідаючы і жах.

Дрыжыць зямля, паветра вые,

Шумяць, хістаюцца дубы,

І дыму коцяцца клубы,

І чмышуць віхры агнявыя,

А сцены стогнуць, як жывыя,

        Ад нечуванае пальбы.

          Настуся цьмяна памятае,

          Што потым здарылася тут:

          Яе збіў з ног страшэнны гуд.

          Пад рукі хтось яе хапае,

          Ўваччу мільгае цьма густая,

          У доме страх і перапуд,

          А потым грукат, шум пякельны,

          Шатанскі рогат, скогат, піск,

          А варʼяцення дзікі віск

                        У гром зліваецца суцэльны,

          І вее холад падзямельны,

          І чуе цемры яна ціск.

          І дзе яна? Усюды сцены.

          Руку ўзняла — і там сцяна.

Глядзіць — яна тут не адна:

Бацькі і дзеці і Алена...

І зразумець не можа змены —

Душа ўскалыхнута да дна.

І ўсе маўчаць, прыпаўшы к долу,

        Трасуцца ў страсе, а ўгары,

Здаецца, крышацца муры,

Як бы ў вялізарныя колы

Шатан запрэжан дзікі, голы

І круціць чорныя віры.

Яна ачулася памалу,

І ўсё тут ясна стала ёй —

Яна у пограбе з сямʼёй,

Не ўцяміць толькі, як загнала

Сюды шалёная навала,

        І душу муціць неспакой,

А кожны грук і дрыгаценне

У сэрцы болем аддаюць,

І мысль адна — «Забʼюць, забʼюць!»

І душаць сцены і каменне.

А дзе ратунак? дзе збавенне?

Душа агортваецца ў жудзь.

          Малы быў час ці час вялікі

Тамлення жудасных мінут,

Ніхто сказаць не можа тут.

        Але сціхае голас дзікі,

Крывавы, жорсткі, безʼязыкі,

Сляпы, бязлітасны прысуд.

Глушэе гром, радзеюць гукі,

І толькі дзесьці з-за ракі

Гурчаць яшчэ браневікі,

Ды збоку ухнуць два-тры стукі,

І загрыміць, бы воз па бруку,

Пустое водгулле з лукі.

Г а л у т а

О Божа, Божа, твая воля!

        Такое пекла, такі страх!

Мабыць, усё змяшалі ў прах,

Паклалі боразны і ролі

Грымоты гэтыя на полі,

Пажалі, выкасілі гмах...

 

                                                                              Н а с ц я

                                                        Ды што ўздыхаць ужо аб гэтым!

                                                        Душа была б хаця жыва.

                                                        Народ кладзецца, як трава,

                                                        І сыплецца адцвіўшым цветам.

                                                        І сам не ўгледзіш сонца, свету —

                                                        Усім, знаць, доля такава!

 

                                                                              Г а л у т а

 

Ну, пацішэла, дзякуй Богу!

Абы канец — ці так, ці сяк...

Ох, дасца гэта ліха ў знак!..

Хто ж мае верх і перамогу?

Ша! тупат, грук чуваць з дарогі!

        Ці наш ідзе, ці аўстрыяк?

          На двор выходзіць — полаг ночы

Кладзецца-сцелецца ў палях.

Павозак скрып, гамоніць гмах.

То здань вайны у цемры крочыць,—

І вораг ворага тут сочыць,

А смерць туляецца ў кустах.

І рух там нейкі на дарозе,

І гоман здушаны, чужы,

І енк, і грук — зямля дрыжыць.

        Ці не параненых вывозяць

У той працэсіі-абозе

Пад чорным покрывам імжы?

А там, бы змей паводзіць вокам,

Блісь-блісь! І ўставіць пільны зрок

У ноч у гэтую, у мрок,

А потым — шуг ламаным крокам

Увысь пад самыя аблокі,

Жахнуўшы удоўж і ўпапярок!

Трывожна ўсюды, неспакойна,

        Снуюць-успыхваюць агні,

І ходзяць цені ў цішыні,

І гэта ціш гняце забойна,

Ды толькі зрэдка гук падвойны,

Як гром, гудзе ўдалечыні.

          Не спалі ноч усю ў Засценні.

І ноч прайшла, світае дзень,

Глядзіць нярадасна пругмень,

У дрэў аголена карэнне,

Пабіты комлі... Разбурэнне

        Вітае сонечны прамень.

Абходзіць двор стары Галута

І робіць боязна агляд

Знішчэння гэтага і страт.

І лютаваў жа бой тут люты!

На ямах дол. Страха бы здзьмута,

Сцяну ў хляве прабіў снарад.

Дзве грушы вывернуты ў садзе,

У трох мясцах пабіла плот,

Не абмінула і гарод —

        Уцехі мала ў тым аглядзе!

Ой, ліха-горачка насядзе!

Эх, не пазбавіцца бядот!..

 

Зірнуў стары — ідуць салдаты!

Не нашы, не, і афіцэр —

Гатунку іншага каўнер —

І прыглядаюцца да хаты.

Ось ліха дзе! ось дзе, бяда, ты!

Што ж іх за замысел-намер?

І рукі дрогнулі ў старога —

        Забраны ён, вядома рэч,

Але ідзе ім насустрэч

І пакладаецца на Бога.

Начальнік іх зірнуў так строга —

А ты маўчы і не пярэч!

І стаў Галуту распытоўваць —

Па мове нібы сваякі,

Але ўсё ўцяміць не з рукі.

Стары ўслухоўваецца ў словы,

Яны ж гучаць няёмка, нова,

        А сэнс жа гутаркі такі:

Кватэра трэба афіцэру,

Яны ідуць агледзець дом —

Стары ўшалопаў, хоць з трудом,

Вядзе у хату на кватэру,

А сам ён трусіцца праз меру,

Ды што паробіш з чужаком?

 

Вядзе «гасцей» стары ў святліцу,

Ці рад гасцям тым, ці не рад.

Прыйшлі, зірнулі і назад...

        Галута можа пахваліцца —

Пад густ прыйшлася бакавіца,

Паручнік сам знайшоў там лад.

Ён будзе тут час некаторы —

Няхай прабачыць гаспадар:

Вайна кладзе на ўсіх цяжар,

А мірным людзям ён не вораг,

І ад яго не будзе гора,—

І прыязджак глядзіць у твар.

          Стары гадае і варожыць,

        Як гэты выпадак прыняць:

Няўжо запыніцца тут раць?

Няўжо на грозным раздарожжы

Рубеж і ім вайна паложыць,

Каб іх у вір у свой заняць?

Адно здзівіла тут старога:

Страхотны вораг, чужакі,

Лагодней шмат, чым казакі,—

Няма ў іх сквапу да чужога

І не расцягваюць нічога,

        Не то, што нашы хапакі.

І сам начальнік не сваволіць,

Сурʼёзны, строгі на пагляд,

Сабою відны хлопец, хват,

Гадоў пад дваццаць пяць, не болей,

Але начальніцкаю роляй

Не злоўжывае, як наш брат.

І ў доме ён нейк непрыкметны,

Як бы яго тут і няма.

Стары палохаўся дарма.

        Уважны «госць» яго, шляхетны,

З усімі роўны і прыветны,

Да сэрца блізка ўсё прымаў

І ўсім цікавіўся: звычаем,

Укладам, працаю, жыццём

І іншым нашынскім стаццём,

І нашай песняю, і краем,

І нават нашым Мікалаем,

Нядобрай памяці, царом.

Ён сам па ўласнаму пачыну

        Паведаў некалькі навін

Пра скутак жудасных хвілін —

За рэчку рускі іх адкінуў.

Ён сам не вораг славяніну,

Бо ён таксама славянін.

 

А час плыве сваёй чаргою.

І дзень мінаецца, другі,

Прымоўклі ўзгоркі і лагі,

І лёс вайны закрыт смугою,

А фронт вычварнаю дугою

        У рэчку ўпёрся і лугі.

Так апынуліся няждана

Галута сам, а з ім і ўсе,

У прыфрантовай паласе,

Дзе часам нагла-нечакана

Пад спевы грознага баяна

Сталёвы сеецца пасеў.

На небяспечным раздарожжы,

На тых пярэсмыках вайны

Іх налучае лёс дзіўны.

        Пужае Насцю стан варожы.

Яе і вабіць і трывожыць

Спакусы голас патайны...

Настуся спотайку ў самоце

Мяркуе план адзін цішком,

Як развітацца з хутарком.

Бы тую пташку на адлёце,

І непакой і страх калоціць.

Бо як пакінуць бацькаў дом?

Глядзіць раз Насця ў тыя далі,

        Дзе фронт хаваецца цяпер.

Эх, як жа выканаць намер?!

І раптам думкі ёй спужалі,

Сама дзяўчына задрыжала:

Прад ёю госць іх, афіцэр!

 

V

Вось ён, той міг, часіна тая,

Што ставіць грозную мяжу!

У полк заклікалі Дзяжу.

Ён з першых рук загад чытае...

Бывай ты, служба тылавая!

На фронт, у цёмную імжу!

          Адно Барыса тут здзівіла:

Яму здавалася раней

Мінута гэтая страшней,

        І хоць жа фронт глядзеў не міла,

Але знайшлася ў яго сіла

На рэчы глянуць спакайней.

        І мабыць так усё ў жыцці тым:

Значней, складаней здаляка,—

Мільгае думка ў юнака,—

Туманам рэчы апавіты,

А ўсутыч стаў — і маска збіта:

Відаць не тое, што чакаў.

А змена тым не менш адчута,

        Адчута моцна, ўсім нутром,

Як бы хто гакнуў тапаром...

Была ж ўсяго адна мінута,

Каб павярнуць яго лёс крута —

Чыркнуць разок, другі пяром!

І ён ужо не тут, не ў тыле,

І вырысоўваецца ўраз

Малюнак іншы і абраз,

Другія мыслі захадзілі

І гэны тыл загарадзілі,

        Хоць ён і быў тут значны час.

А ў сэрцы родзіцца жаданне

Паведаць людзям навіну —

Ён заўтра едзе на вайну!

Пачуць ён хоча спагаданне.

І ў ім такое адчуванне,

Як бы ўжо сам на смерць зірнуў.

            І ён з узрушаным настроем

Ідзе на вольны свет з палка.

Навокал тая ж талака:

        Праходзяць роты з мерным боем

Пад барабан, пад песні, ў зброі,

Пад звон лапат і кацялка.

Абеду час. Ідуць з вучэння

З усіх канцоў, з усіх дарог.

Салдат разводзяць па шатрох,

І тая ж муштра, настаўленне,

З закрасай пэўнаю злучэнне

Дзядзькоў сярдзітых, не дай Бог,

А тыя прапаршчыкі, брава

        Правёўшы роты пад шатры,

Ідуць па пары і па тры,

Ідуць-чаканяць левай-правай,

Як вымагаецца «уставам»

І на манер — усё згары!

Яны жывуць праграмай тылу

І носяць мыслі ўпатайку

Адбыць і ўсю вайну ў палку,

Бо фронт, пазіцыі пастыла

Глядзяць варожа і няміла,

        Што ні кажы, што ні талкуй.

          Глядзіць Барыс і адчувае,

Што ён адсечаны ад іх,

А гэты час прайшоў, як міг,

І гэта служба тылавая

Кудысь далёка адплывае —

У край нямы хвілін былых.

І паўстае ў яго пытанне:

Куды ж маршрут яму дадуць?

І думкі розныя брыдуць.

        Ён зноў чытае прадпісанне —

І чуе ў сэрцы хваляванне —

К Валыні лёсы павядуць:

Паўднёвы захад, дзе Брусілаў!

Ён гэты фронт гадаў даўно,

І так выходзіць,— вось яно!

Расце надзея з новай сілай

Знайсці яе ў краіне мілай,

І мары спраўдзяцца... Дзіўно!

          І гэта дзіўнае злучэнне

        Тлумачыць ён як добры знак,

І веру песціць тут юнак

У лёс, у тое прызначэнне,

Калі адчуеш палягчэнне,

Трывога ж ціснецца, аднак.

Ну, што ж? Стаяць даволі збоку,

Ліпець з дня ў дзень, як на калу!

І прыкра быць ужо ў тылу

Ды на вайну глядзець здалёку,

У франтавых на відавоку,

        І слухаць кпіны іх, гулу.

Пара й яму зазнаць акопы.

Не ён адзін — такіх мільён.

Пануе жудасны палон

На страшных могілках Еўропы,

Дзе курганы растуць, бы копы,

Без жадных напісаў, імён.

          І ў падсвядомасці сукрыта

Устаў супроць вайны пратэст,

Дзе смерць крывавы ладзіць фэст,

        Дзе ўсё заблутана, завіта

І сэнс дзе нейкі ёсць нібыта,

І мудрасць нейкая, і змест.

У гэтым прыкрым перамоце

Пачуццяў, ўражанняў і дум

Надзённы нікне клопат, шум.

Жыў-быў Дзяжа у пятай роце,

Цяпер на грозным павароце,

Дзе шлях адзін — сысці на глум...

Ды што гадаць? К чаму гаданне?

        Нашто наперад забягаць,

Ад смутных думак знемагаць,

Калі няма ім апраўдання?

Далоў хірлявае ваганне,

Хірлявай спадчыны пячаць!

 

          Пачуць ён хоча голас мужны,

Махнуць рукой на цёмны вір,

Бо ў ім ты — бурбалка-пухір:

Пакуль пануе звон ланцужны,

То твой пратэст — крык недалужны,

        І ты ў істоце — дэзерцір.

У гэтых думках-разважанні,

Мінуўшы Слудскай плошчы рог,

Ступае ён на свой парог...

Знімай і складвай рыштаванне —

Пара зыходзіць з скрыжавання

На момант сцішаных дарог!

Ды невялікія тут зборы,

Не накладзеш і чамадан:

Бінокль ды корцік, ды наган,

        Бялізны пары дзве-тры, шпоры —

Фарсіў у іх праз час каторы,

Каб больш густы пусціць туман,—

Кніжок сякіх-такіх з дзясятак,

І «Кніга прапаршчыка» то ж,

Хоць ёй цана ламаны грош,

Ды пісьмы, некалькі нататак,

І дысертацыі пачатак

На тэму штось пра Запарож.

Ён іх складае дзелавіта

        І штось высвіствае пад нос.

Дзяншчык яго, Лузгін Фядос,

Стаіць разважліва, бы ўрыты,

Такім учынкам з тропу збіты,

І моўчкі ўзважвае свой лёс.

Спытацца хоча і не смее,

Маўчыць, пакуль не скажа «сам».

Пачын належыць «гаспадам» —

Ён этыкеты разумее

І абыходзіцца умее,

        Каб дагадзіць «афіцарам».

Д з я ж а

Дык так, Фядос: на фронт, брат, еду,

І не пабачыш майго следу!

Л у з г і н

На фронт?! Эх, ваша благароддзе!

Шкада, скажу, шкада, ей-права!

І чалавек вы ў сваім родзе...

Жывым вярнуцца вам, у славе!

Д з я ж а

Дзякуй, браце!

Л у з г і н

Рад старацца!

Зрабіць бы, ваша благароддзе,

                                                                                                замірэнне—

        Даволі пакармілі вошай,

Патрацілі таксама грошай,

А толку што? Знішчэнне, разбурэнне!

Д з я ж а

Не тое кажаш ты, нябога:

Тады канец ліхой вайне,

Калі на нашай старане

Выяўна стане перамога.

Так пастаноўлена ўжо строга,

І лёс той немца не міне.

Л у з г і н

Што так яно, то так,

        Усё то справядліва,

Ды немец не дурак

І бʼе нас, бʼе на дзіва.

Бракуе нам чагось,

Чагосьці нестае.

Эх, рускае авось!

На справе ж... не тае.

Паваліш напралом —

Калі, сячы і рэж!

Але сцяны ілбом

        Не, дудкі — не прабʼеш!

Д з я ж а

Сказаць, не надта ты ваяка.

А ведаеш ты воінскі статут?

Сказалі — і ўсё тут,

І мусіш збіць, брат, немца, аўстрыяка

І ўсё варожае атроддзе.

Л у з г і н

Так точна, ваша благароддзе.

 

          Ў канцы, пагутарыўшы гэтак,

  Ён адпускае дзяншчыка,

А сам, як злодзей, спатайка

        Пераглядае амулеты,

Яе лісты, яе партрэты,

Дзе след пакінула рука,

Рука Галутавае дочкі.

У соты, тысячны ўжо раз

На гэты моліцца абраз,

Глядзіць на губкі яе, вочкі,

На бровы, тонкія шнурочкі,

Што цалаваў калісь не раз.

І ўсё ў ёй міла і павабна.

        І дабрата, і строгасць рыс,

І косы, спушчаныя ўніз,

Што з плеч на грудзі віснуць зграбна,

І стужка сіняя ядвабна,

І твару ветлага абрыс.

Глядзіць уважна, пранікліва

На рысы любыя яе,

І шмат што ў памяці ўстае

З пары мінулае шчаслівай,

Калі жыццё ім так жычліва

        Суліла радасці свае.

І вынікаюць, як жывыя,

І вечары і тыя дні,

Калі між блізкіх і радні

Мінуты бавіў веснавыя...

Эх, сцежкі, межы палявыя!

Юнацтва зорныя агні!

І безразважныя парывы,

І чары далечаў нямых...

Эх, колькі сонца было ў іх!

        Раслі, рунелі буйна нівы

Надзей і мар яго імклівых,

Вайна ж змяла ўсё ў адзін міг.

        Ён чуе холаду дыханне,

Як бы ўзвіліся груганы,

І паўстае прывід вайны.

Душа прыходзіць ў садрыганне —

Няўжо прапала ўсё дазвання?

І страх шугае патайны.

Жыццё і смерць, святло і цені...

        Як многа ў тым жыцці дарог

І хараства ў яго вірох,

Дзе ў несупынным ходзе-змене

Бліскочуць ясныя праменні

І далі сцелюцца ў вянкох!

Дакуль жа будзеце вы, людзі,

Цярпець, трасціся і дрыжаць,

Як пад касою сенажаць,

У гэтым жаху і аблудзе?

Хто вас падыме, хто абудзіць,

        Каб збіць крывавую пячаць?

Над геніямі будзе геній

Непараўнаны і дзіўны,

Хто знішчыць жудасы вайны

І вырве ўсе яе карэнні

Ды кіне засеў поўнай жменяй,

Каб згоды колас рос буйны.

          У гэтым віхры дум, развагі,

Ўспамінкаў светлых аб былым

Зʼявіўся Далін перад ім.

Д а л і н

        Здароў, Барыс, здароў, міляга!

Куды складаешся, брацяга?

Аб чым задумаўся, аб чым?

        Дзяжа прыходзіць ў замяшанне,

Хавае торапка партрэт,

Каб замясці яго і след.

Д з я ж а

Ды вось... дарога, вандраванне...

Я думаў сам на развітанне

Табе занесці свой прывет.

Д а л і н

На фронт? Ну, што ж? Віншую, брат!

        З «Георгіем» варочайся назад,

З «Георгіем», ядры яго качан!

І чын цягні не ніжай капітана,

На славу нам, на зайздрасць англічан.

На зло турэцкаму султану.

Д з я ж а

Ды ўжо ж трэба пастарацца,

Немца трохі пашчапаць,

Каб нашага серба-братца

Аўстрыяк не смеў чапаць.

Д а л і н

Так, брат, едзеш... Жалка, жалка!..

        А скажу табе, Барыс:

Фронт, акопы — мой дэвіз!

Хоць бываюць перапалкі,

Выбрык Бертачкі-нахалкі,

«Чамаданны» бенефіс,

Хоць у кожную мінуту

Там чакае цябе смерць,

Хоць пазнаеш жорстка-люта,

Па чым таго ліха чвэрць,—

На фронце, дружа, прыямней,

        Інтымней, ведаеш, дружней.

Падвохаў, хітрыкаў і подкапаў няма,—

Там адналітная і дружная сямʼя.

          І людзі там шчырэй —

          Такая ўжо абстаўка:

          За шкурны дабрабыт

          Не лепяцца, як пʼяўка.

Не цягнуцца адзін перад другім.

І той жа чалавек, а выглядзіць не тым.

А тыл? О, гнойны тыл!

        Падседжванне, жучэнне,

І гэтае агіднае лаўчэнне,

Старанне з усіх жыл

І здольнасцей і сіл,

Каб мець забеспячэнне,

Каб у тылу прымазацца навекі,

Вайну адбыць у якасці калекі.

Узяць — хоць ротны наш:

Муштроўшчык, ну смех чысты,

Дзе трэба — ляжа лістам,

        Прыходзіць проста ў раж

І чыніць ералаш,

Каб спраўным быць службістам.

Пытанне: а нашто

Камедыя ўся гэта?

Адказ адзін —

Прабыць тут яшчэ з лета!

А там, глядзіш, і кончыцца вайна...

Наскрозь відаць яны,

Прахвоставы сыны,

        Хоць мысль іх патайна!..

Да ворагаў нянавісцю гараць,

Ваякі ўсе на словах...

Ваюе, седзячы па сховах,

Іх шкурная, труслівая ўся шаць!..

Абрыдла ўсё тут мне,

Праціўны стаўся тыл —

Калекцыя гандлярскіх рыл,

Нажыва на вайне...

Ды досыць на той конт!..

        На фронт, Барыс, на фронт!

Д з я ж а

Паручнік сёння злы без меры.

Не быў бы то ён франтавік:

Як брытву, вывастрыў язык!

Я рад за гэтую паперу:

Няма падставы кавалеру

Мяне аднесці ў той жа лік.

Але нашто вініць агулам

І гэтак жорстка нападаць?

Каму ахвота прападаць

        І стравай быць чарвям, акулам?

І ясна: лепей дзе за шулам

Вайну-варʼяцтва пераждаць...

Калі ўжо быць тут пракурорам,

То трэба браць маштаб шырэй:

А хто ў тылу вядзе ўвесь рэй?

Чаму пад воражым напорам

Мы так адкочваемся скора,

Краіны трацячы, людзей?

Чаму у нас маўчаць гарматы?

        А Сухамлін, а Мясаед?

Палёг без толку лепшы цвет,

Мільёны страчаны салдатаў!

А што ў сталіцы робяць хваты,

Распуцін — сорам на ўвесь свет?

Сярод салдат нездаваленне,

З народу выжмалі ўвесь сок!

Паручнік, жарты з ім набок!

Народ наш прагне замірэння,

Няма ў ім веры, ні цярпення...

        Вось дзе завязаны клубок!

Д а л і н

А ну цябе к чарцям —

Ты ліха ўсё варожыш,

Ну прыйдзе ліха к нам,—

Яго не пастрыножыш.

Начхай ты на яго,

Не будзь такім прарокам.

А тыл, брат,— ого-го!

Падкруцім мы яго,

Падкруцім ненарокам!

        Там будзе лепш відно,

Куды махнуцца нам...

Скажу табе адно,

І будзе так яно:

Расіі не аддам,

Нікому не аддам!..

Атрутны тыл,

Паганы тыл!

Ўсё на адзін

Пароблена капыл!..

        На фронт!

На фронт —

Развеяць брудны пыл!

 

VI

Ідуць, плывуць людскія хвалі

Наперарэз адны другім.

Няма канца, супыну ім.

Іх шум глухі ўбіраюць далі,

І на нявідныя скрыжалі

Кладуцца напісы тугі.

З усіх краін Русі ярэмнай

Ідуць без скарг яе сыны

На зоў драпежніцкі вайны,

        Ідуць на глум, на здзек дарэмны

З пакорай вечнай, неадʼемнай

Карміць сабою бурʼяны

І сеяць косці дзе папала,

Карпаты кроўю паліваць,

А на стаходдзе класці гаць,

Навекі лёгшы трупным валам,

Дзе ўжо палегла дармагалам

Нікім не злічаная раць.

        Плывуць струмені і патокі

                      З сялянскіх хат і гарадоў.

        Эх, колькі сірат будзе, ўдоў!

        Каго вартуе лёс бязвокі?

        Каму адлічвае ўжо крокі

        У шуме-стуку паяздоў?

Жывуць сваім жыццём чыгункі,

Людскія хвалі несучы

У кожны момант дня, начы.

Тут прычытанне, пацалункі

І разнастайныя малюнкі,

        Дзе разам плач і смех гучыць,

Дзе тупат ног пад звон манерак

Выводзіць хвацка трапака —

Знай, моў, данскога казака!

Ідзе Урал, Кубань і Церак...

Прашчай, прашчай жа, родны бераг!

І тахт, як меч, сячэ рука.

У гэтым віхры нестрыманым,

Дзе ўсё — адзін імклівы рух,

Салдат забудзе ўсё вакруг —

        Хоць тут сябе пачуе панам,

Над лёсам грозным і нязнаным

Узнёсшы высака свой дух.

Ды час прабʼе. Гудок, сігналы,

І закішыць усё людзьмі,

А паравоз шыпіць, дыміць...

Збірай, ваяка, прычандалы!..

І шум, і крык, і свіст прыўдалы...

Глушэй, глушэй зямля грыміць.

          Семафоры,

          Касагоры —

Поезд знік, яго няма.

        Хто астаўся,

        Развітаўся,

Будзе слухаць, ды дарма.

        Голас родны

      Свет халодны

Не, сюды не данясе!

        Вобраз мілы —

        Сон застылы,

        Ззянне сонейка ў расе.

          Не пачуеш,

          Не пабачыш —

Ззяў ты, промень, ды пагас.

          Засмуткуеш,

          Мо заплачаш —

Ці загоіць раны час?

 

Гучаць, грамыхаюць вагоны,

Бягуць на захад цягнікі,

Вязуць людзей, браневікі

        І зброю розную, патроны —

Ўсё для вайны, для абароны,

Бо лозунг выкінут такі.

Адтуль ідзе другая хваля.

У тых вагонах смутак, ціш,

А знак на іх — чырвоны крыж.

Вязуць ахвяр ліхіх баталій.

Сям-там мільгне сястрыца-краля

Касынка белая і брыж,

Ды доктар строгі ў акулярах

        Кіўнецца ценем у вакне.

Ляжаць ваякі ў цяжкім сне,

Як бы ў насланні нейкім, чарах,

А мары, зманлівыя мары,

Снуюць прывід у цішыне.

Туды, сюды бягуць вагоны,

Снуецца ўсё наўкол вайны:

Надзеі голас патайны,

І прага славы, і праклёны,

І спекуляцыі шалёнай

        Разгон шырокі і буйны.

          Вось тыя зʼявы і малюнкі,

Вайны адбітак-рукапіс,

Што наглядаў цяпер Барыс.

Сячэ, сячэ прастор чыгунка,

Бягуць, бы ткуцца, рэйкі-стрункі,

А ён, бы коціцца ўсё ўніз.

А так, уніз, у вір бурлівы,

Дзе не адзін прапаў чаўнок,

Дзе кроўю зліты кожны крок.

        І хто стрымае бег імклівы?

Хто спыніць громаў пералівы,

Стрымае ўзбураны паток?

Ляжаць навокала прасторы

У неасяжных рубяжах,

У нейкі сум агорнут шлях,

Глядзяць панура лес і горы,

Паўночных рэчак вадазборы

У цёмных, пахмурных брыжах

Ялін і піхт. Хаўтурным тонам

        Звініць акорд прастораў тых

У ззянні іскраў залатых,

Калі свой сноп, вянок чырвоны,

Рассцеле сонца на разгоны

Маўклівых далечаў пустых.

Маркотна, сцішна і бязлюдна,

І томіць гэты краявід —

Хмызы ды лесу цёмны шчыт,

Бы спіць усё сном неабудным.

Дарога цягнецца марудна,

        Як тэй тканіны зрэбны ніт.

          Гручыць машына, чмыша дымам,

Мінае воласці, павет.

Губерня нова — новы свет.

Ды ўсё ў дарозе ідзе міма,

Мільгнуўшы толькі прад вачыма,

Як летуцень юнацкіх лет.

Дарога ж доўгая бясконца.

Але чым далей, тым святлей,

Глядзеў прастор і весялеў,

        Прыветней ткаліся красёнцы

Дарог у полі. Само сонца

Свяціла радасней, мілей.

Было нейк соладка-журботна

У сэрцы «прапара» Дзяжы

На раздарожжы-рубяжы,

І беглі думкі мімалётна,

Як беглі далечаў палотны

Пад тонкай посцілкай імжы.

Вайсковай публікі найболей

        Усюды погляд сустракаў —

Шынель, з нашыўкаю рукаў.

Чыны ўсіх рангаў, розных роляй,

Чыёйся змушаныя воляй

Па розных ростанях блукаць.

Былі ваякі ўсіх пастацый,

Але між імі «земгусар»

Найболей меў ваяцкіх чар.

Як лёгка ён рашаў лёс нацый!

Як спрыцен быў да камбінацый!

        Які ў стратэгіі меў дар!

А як заядла, як упарта

Стаяў, хлабыснуўшы вінца,

За «да пабеднага канца»!

Як тыкаў важна перст у карту!

І Дарданелаў не на жарты

Чакаў, як выніку-вянца.

І франтавыя афіцэры,

Ў баях пабыўшыя не раз,

Не мелі гэтакіх украс:

        У тых больш простыя манеры,

А самі болей яны шэры,

Чым земгусарскі лабатрас.

І аб турэцкіх Дарданелах,

Вайне бліжэй зірнуўшы ў твар,

Не мелі ў сэрцы гэтых мар:

Хто спрабаваў крывавы келіх,

Не тое скажа аб Ямелях,

Хай будзе ён хоць «земгусар».

          Дзяжа на ўсё глядзеў бачліва,

        Бы ўсё стараўся разгадаць

І тлумачэнне сваё даць.

І не адзін паток шумлівы

У падарожжы мітуслівым

Яму прыйшлося наглядаць.

Вайсковы люд і люд цывільны

Вакзалы поўнілі сабой.

Туды, сюды біў іх прыбой.

І на задворках жмаўся шчыльна

Народ з-пад Горадні, з-пад Вільні,

        Бядою ўзрушаны, журбой.

          Аж сэрца ныла, на іх глядзя.

Ды прыглядзеліся да іх

І сустрачалі, як чужых,

І адмаўлялі ў добрай радзе —

Няхай калее ці йдзе крадзе,

Няхай да дна пʼе свой кяліх!

Каму да іх якое дзела?

Каму баліць тут галава,

Што люд кладзецца, як трава,

        Што гноіць землю сваім целам,

Што тут жанчына аўдавела,

Што сірацее тут дзятва?

Няшчасце, гора так вялікі!

Пакута плёскае праз край!

А ты глядзі і не зважай!

А ты маўчы, як безʼязыкі!

А ты не слухай енку, крыку,

Сваёю сцежкаю дыбай!

          Барыс у часе астановак

        Хадзіў вакзалы аглядаць —

Сюды цягнула штось, відаць:

Ці чары вочак, тонкіх бровак,

Ці проста вера — між галовак

Галоўку тую напаткаць,—

Магло ж так стацца ў падарожжы,

І ён узрушваўся не раз,

Знаёмы ловячы абраз,

Бо ўжо і здань адна прыгожа,

Калі напомніць яна можа

        Той мілы сон, што жывіць нас.

          Дарога ж з кожнаю часінай

Усё ішла, ішла на спад,

І Курск адсунуўся назад.

Дзяжа любуецца Ўкраінай,

Як чарнавокаю дзяўчынай,

І беллю снежнай яе хат,

Яе прасторам і разгонам,

Яе бязмежнай шырынёй

І той пяшчотнай цішынёй,

        Што аддае сугучным звонам,

І нейкім радасным палонам,

І нейкай мудрай глыбінёй.

І ўсё тут поўна мяккіх чараў:

І роўнядзь ціхая палёў,

І постаць стромкіх тапалёў,

І нібы ўсыпаныя жарам

Шляхі сланечнікаў пад Ярам,

І пасмы-віткі плецянёў,

Дзе купы вішань і чарэшань

        І між іх кучмы спелых сліў

Вартуюць яблыкаў наліў —

Бурштын з багрою перамешан!

У гаму колераў расквечан

Гародчык, сад і мора ніў.

Дзяжа лавіў у захапленні

Малюнкаў тых жывую плынь:

Яны нагадвалі Валынь

І Насцю мілую, Засценне,

І дзён юнацкіх летуценне,

        І нават клумбы веаргінь.

          У гэтай змене зʼяў дарожных,

Настрояў, думак і разваг

К канцу падходзіў яго шлях.

І тут, калі сказаць так можна,

Каб разагнаць рой дум трывожных,

Прыгоду даў яму Алах.

Перон. Ён ходзіць. Ранавата.

Чытае напіс — Канатоп,

Ступае крокаў дзесяць — стоп!

        Прад ім дзяўчына.

Д з я ў ч ы н а

Вінавата,

Я Вас прашу, прашу, як брата,—

(А ў тых вачах праменняў сноп),—

          Мне трэба ў Кіеў,

          Трэба спешна

          І канечна!

А людзі — ну, звяры ліхія!

Прашу, малю — не дамалюся,

І больш прасіць ужо баюся...

        Дык будзьце добры так, ласкавы

Падвезці хоць бы да Палтавы!

          І вочы цьмяняцца журбою,

А ў твары столькі хараства,

Што хіба дзерава, жарства

Яе не крануцца мальбою.

Д з я ж а

Зрабіце ласку! Можна, можна!

Чаму ж «сястры» ды не ўдружыць,

На радасць сум не палажыць?

Я там адзін. Купэ парожна.

                                І ён расшаркаўся бязбожна,

        Каб той дзяўчыне услужыць.

Д з я ў ч ы н а

О, хай вам шчасце пашле неба

За вашу ласку, дабрату!

Ды мне той роскашы не трэба —

Хоць прыпыніцца б дзе ў куту.

Таўкуся цэлыя два дні,

Не сходзячы з вакзала.

А ехаць — а ні-ні.

А каб не вы, то пэўна б тут прапала!

          О, як я вам удзячна!..

Д з я ж а

Э, што! паслуга тут нязначна!

          Вайшлі ў вагон. Яна пужліва

Са страхам-боязню ў вачах

Чуць запынілася ў дзвярах,

І думкі ходзяць мітусліва,

А ён гаворыць ёй жычліва:

«Адкіньце ваш дарэмны страх!»

Вайшла, прысела насупроці.

Ёй трохі сорамна, відаць,

        А ў вочках — радасці пячаць,

І вязнуць словы ў яе роце.

Ды не па ўласнай жа ахвоце

Ёй так прыйшлося вандраваць.

Але нялоўкасць, замяшанне

Прайшлі як бачыш, і яна —

Хіба яе гэта віна? —

Была шчасліва тым спатканнем,

Што налучылася ёй раннем,

Калі марнела там адна.

        Між імі гутарка жывая,

Чым дальш, цячэ-плыве вальней,

І высвятляецца паўней,

Адкуль яна і хто такая.

Яе «сястрой» ён называе,

Ды ў вочы зорыць выразней.

Яна з Чарнігаўшчыны родам,

Дачка ляснічага сама.

У Галі мацеры няма,

І ёй сказаць тут мімаходам,

        Жыццё не надта было мёдам,

Вясенька зводзіцца дарма.

І ўсё ідзе нейк крыва, бокам,

Не так, як думае дзяўча,

І мары нішчацца з пляча

Або агортваюцца мрокам,

І хоць бы раз, хоць бы нарокам

Ёй голас шчасця прагучаў!

Ну, праўда, ёсць і выключэнні:

Спатканне іх таму прыклад,—

        «Сястра» ўсміхаецца і «брат»,

І ён дарожнаму здарэнню,

Па ўласнаму яго сцвярджэнню,

Не менш «сястрыцы» сваёй рад.

Д з я ж а

          Скажыце, Галя,— як сястрыцу,

Дазвольце так вас называць,—

Што вас змушае вандраваць

У нашу слаўную сталіцу?

          І вочы ўтупіла дзявіца,

Ды што утойвацца, скрываць?

        І Галя вочы падымае,

А ў тых вачах такі прываб!

Яна не шчырая была б,

Каб не сказаць, што ў сэрцы мае.

Г а л я

Скажу вам праўду: пазаўчора

Мне прыслан ліст...

Знаёмы мой, артылерыст...

У лазарэце ляжыць хворы

Ці ад кантузій, ці ад ран...

Ён афіцэр сам, капітан.

                          І Галя вочы сарамліва

Зноў апускае і маўчыць,

За кожным словам ён сачыць

І ловіць рух яе маўкліва,

А ў тоне шчырым і праўдзівым

Штось блізка-роднае гучыць.

І ён тут Насцю ўспамінае

Ды сам не ведае, чаго

Находзіць смутак на яго,

І думка верціцца дурная,

        Што Насця знаць яго не знае,

Мо пакахала ўжо каго.

І што між імі нечакана

Ужо паложаны парог,

Бы крыж на стыку дзвюх дарог,

Бы промень нейкі ў хмары кануў.

І лёгкі мут, як цень туману,

Прабег-мільгнуў ў яго вачох.

І згас агонь у ім жывы.

Зірнула Галя, штось згадала.

Г а л я

        Я, мусіць, сум на вас нагнала.

Аб чым задумаліся вы?

          Яна зірнула яму ў вочы

І запытала, але так,

Што быў падкуплены юнак

Такою шчырасцю дзявочай,

І ён прызнаўся ёй ахвоча,

Калі было з ім што і як.

Бо ёсць жа моцнае жаданне

Усё паведаць, расказаць,

        Тамленне тое развязаць,

Што называецца каханнем,

Мо каб знайсці падмацаванне

І сум той з сэрца разагнаць.

А Галя слухае уважна,

Як брата добрая сястра,

Спрыяння поўная, дабра.

Сама, як зорка недасяжна.

Бясконца вабіць, нібы дражніць

Яго спакусная мара —

        Абняць «сястру», прыпасці тварам

І на грудзях яе крутых

Згрызот пазбавіцца на міг.

Каб не паддацца гэтым чарам,

Гаворыць ён аб Насці з жарам,

Аб днях, у сонца завітых,

А потым Насціным партрэтам

Ён ілюструе свой расказ —

Кахання палкага абраз,—

А сам жа потайкам пры гэтым

        Глядзіць, цікавасцю задзеты,

«Сястрыцын» ловячы выраз.

Г а л я

Якая мілая дзяўчына!

Як не пакахаць такую!

І зразумелая прычына,

Што наш герой па ёй смуткуе.

Д з я ж а

А чаму «наш»? Было б прыемна,

Каб на мяне свае правы

Ды прадʼявілі б, ну, і... вы,

Але надзея то дарэмна.

                А Галя строга і так міла

Барысу пальцам пагразіла.

Г а л я

Няверныя, зайздросныя мужчыны:

Ім мала аднае дзяўчыны!

 

          Так жартаўліва і так проста

Вядзецца гутарка ў іх,

І ехаць весела ўдваіх.

А тым жа часам блізка ростань,

І сэрца смуціцца чагосьці,

Разлукі блізіцца ўжо міг.

        І ён настаў. Прад імі Кіеў,

І поезд зменшвае свой ход.

Вакзал. Перон. Кішыць народ,

Гудзе ўстрывожаны стыхіяй.

І сэрца ў гэтым шуме ные,

«Сястра» ж рыхтуецца ў адлёт.

Д з я ж а

Заходзіць зорка мая ў хмару...

Што ж мне сказаць на развітанне?

Г а л я

А вы мне дайце абяцанне —

Вось адрас мой — чыркнуць слоў пару.

        Я буду рада несказана,

Мой брат, выпадкам напатканы,

Пачуць, мець вестачку аб вас

І ўспомніць слаўны гэты час,

Што правяла я разам з вамі,

І будзем добрымі сябрамі?

Д з я ж а

Ахвотна, Галя, ды з умовай —

І мне таксама падаць слова,

Мой слаўны друг, мая сястра!

Г а л я

Ну, мне схадзіць якраз пара...

        Шчаслівы будзьце і здаровы!

Д з я ж а

Сястрыцы з братцам

Можна і... пацалавацца.

 

VII

Той час прайшоў. Забыты жахі.

Крыжы на могілках згнілі.

Дажджамі змыта кроў з зямлі.

Змянілі твар свой тыя гмахі,

Дзе смерці шворыліся страхі,

Свае ахвяры сцераглі.

Пазбыта ўсё, прыціхла гора,

Прытуплен боль у сэрцы тых,

Хто страціў блізкіх, дарагіх,

        Як лёсу звыклая пакора,

І глухне водгулле віхора

У далях вечна маладых.

          Але жывуць яшчэ ўспаміны

Аб гэтай жудаснай вайне

Не толькі ў нашай старане,

Дзе след знішчэння, след руіны

І да апошняе часіны

Аб жахах сведчаць выяўней.

Як нейкі сон, мільгнуцца цені

        Мінулых дзён, былых падзей,

Адломкі зманлівых надзей,

І аднаўляюцца зноў звенні

У ланцузе пакут, цярпення

Вайною ўзрушаных людзей...

          Пакуль Дзяжа яшчэ ў дарозе,

Пара ў Засценне зазірнуць —

Той хутар нельга абмінуць

І нельга кінуць на парозе

Адну дзяўчыну крозы крозіць,

        Каб потым моцна кульгануць.

          Ды так. Адна стаяла Насця,

На фронт прыціхшы гледзючы.

Шукала, бедная, ключы,

Каб ёй за той рубеж папасці,

Ды, як на грэх ці на няшчасце,

Тут госць падходзіць да дзяўчы.

Ідзе, нясмелы і пачцівы...

Яшчэ адзін ступае крок,

Руку бярэ пад казырок

        Ды погляд кідае жычлівы,

Такі выразны, хоць маўклівы,

Нібы надуманы знарок.

А ў с т р ы я к

          Прабачайце, панна!..

          Чым так засмучоны?.

          Ці не там каханы,

          Паннін нарачоны?

Ад гэтых слоў, ад нечакання

Прыходзіць Насця ў замяшанне.

Зірнула ў вочы, і усмешка —

        Такі дзявочы ўжо звычай —

Змяняе смутак і адчай.

У міг канчаецца замешка,

Як у ігры — арол ці рэшка?

Вось сэрца іх і разгадай!

Н а с ц я

А хіба ж не ўсё роўна вам,

Дзе мой каханы, тут ці там?

А ў с т р ы я к

Даруйце мне, я мо няўдала

І недарэчы запытаў,

Ды панна гэтак паглядала,

        Як бы ляцець туды жадала

І праз драты і сець застаў.

Але стаяць тут небяспечна:

Бо свой жа кроўны, друг ці брат,

Можа выпусціць снарад,

Бо ж вайна бесчалавечна,

Слепавока, недарэчна,

І такіх выпадкаў шмат...

          І раптам, нібы ў пацвярджэнне

Знячэўку сказаных ім слоў,

        Пачуўся гук з тых берагоў,

Выццё і жудкае шыпенне...

Яшчэ хвіліна, яшчэ мгненне,

І — ррах! аж дым і чад пайшоў.

Настуся, бы аслупянела,

Збялела ўся як палатно —

Крывінкі ў твары не відно.

А ў с т р ы я к

За мною, панна! борзда! смела!

Калі жыццё вам недадзела:

Нас тут змятуць, як парахно!

              Хапае Насцю ён за рукі,

А над галовамі іх зноў

Гудзе, вішчыць, аж стыне кроў.

Дзяўча бязвольна, без панукі

Уніз з ім коціцца у лукі,

Пад сцяты спад крутых ганоў.

І тут, за горкаю ў даліне,

Знаходзяць сховішча яны —

Іх схоў надзейны, зацішны,

Ды страшна, моташна дзяўчыне:

        Ці так ці сяк яна загіне —

Ёй голас шэпча патайны.

Н а с ц я

О Божа мой! Дзе мама? тата?

Што з дзецьмі? дзе наша сямʼя?

Адна схавалася тут я!..

Рука сваіх на нас паднята!..

Ды чым жа дзеці вінаваты?

Ох, доля, долечка мая!

А ў с т р ы я к

Будзьце мужны — пройдзе ліха,

Вы надзей не трацце,

        Бо ж вайна: з яе кяліха

Пʼюць атруту брацці...

Няхай панна тут пабудзе,

Покі бʼюць гарматы,—

Схоў тут добры ад арудзій,—

Я ж схаджу дахаты.

Н а с ц я

Не хадзіце!.. Божа мілы!

Ён пайшоў туды! чаго?

Прападзе, забʼюць яго,

Пахаваюць без магілы!..

        Ой, блазніца я, блазніца!

Хто прасіў яго сюды?

          Ён наклікаў нам бяды,

          Ён наш вораг, чужаніца!

          Шкадаваць яго? ніколі!

          Ён пайшоў аддаць загад

          Нашых біць з сваіх гармат,

          Хоць і супраць сваёй волі!

Стаіць Настуся за гарою.

Навокал гром, яна адна...

        Што ж? Піць няшчасце, дык да дна!

А думак звадлівыя роі

Плывуць і кружацца над ёю,

У вір зацягвае вайна.

І гэты вобраз чужаніцы,

Што раптам вынікнуў і знік,

Нібы спакуснік-чараўнік,

Мільгае ў шатах таямніцы,

Пераступаючы граніцы,—

У сэрца свой закон, язык.

        Хто ён такі і скуль ён родам?

Хоць вораг ён, а быў як брат:

Адвёў ад смерці, ад гармат,—

На думкі прыйдзе мімаходам,

І нават стане яго шкода,—

Вярнуўся б хоць сюды назад.

Тым часам сціхла страляніна

З зарэчнай выгнутай дугі,

Што нікне ў полагу смугі.

Яшчэ прайшла адна хвіліна,

        Маўчыць знямелая даліна,

Маўчаць таксама і лагі.

Ёй страшна тут адной і жудка,

Яна не верыць цішыне

І гэтай здрадніцкай вайне

І ловіць вухам гукі пудка,

Але спакойна і ціхутка

На іх, на нашай старане.

Глядзіць дзяўчына, штось гадае

Ды йдзе разважліва лужком

        І думкі думае цішком

І тропкі-сцежкі разглядае,

А мо яшчэ што-хто згадае?

Аж зірк — і ён бяжыць трушком!

Настуся раптам пасмялела,

Бо страшна ёй, што ні кажы,

А з ім зручней, хоць ён чужы,

Да іскры іскра паляцела,

Хоць Насця й думаць не хацела

Аб кім другім, апроч Дзяжы.

Н а с ц я

        Скажыце, пане афіцэру,

Не будуць больш ужо страляць?

А ў с т р ы я к

Аб гэтым вашым штабам знаць,

А мне як ведаць іх намеры?

Пасыпалі крыху няпрошаных гасцей,

Шукаючы напэўна батарэй.

Пашчупалі налева і направа —

Звычайная на фронце справа.

На гэты раз сышло шчасліва,

І вашы дома цэлы ўсе.

        Але што новы міг нясе?

Вайна так зменліва, імгліва,

А вас мне шкода асабліва.

Як жыць у гэтай паласе,

Пад грукат грозны страляніны,

Дзе смерць вандруе штохвіліну

І душу муціць і трасе?

Н а с ц я

А што рабіць? Мы тут адны,

Дарогі пераняты,

І ноччу стаўся дзень відны,

        Як ноч сляпы, зацяты...

Ды будзем жыць нейк тут —

Авось нас выратуе цуд.

А ў с т р ы я к

На свеце людзі ёсць усюды,

А вы тут, панна, не адны.

Не пакладайцеся на цуды,

Бо аджылі свой век яны.

Давайце лепш падбаем самі,

Як захавацца ад гармат,

Бо фронт не зрушыцца назад,

        Прынамсі гэтымі часамі:

Вайна ўжо цягнецца гадамі,

А яшчэ возьме часу шмат...

Н а с ц я

Ох, нярадасныя ж весці

Аб вайне сказалі вы:

Будзе фронт стаяць на месце,

Каб усё спаліць і змесці!

Хто ж тут вытрывае ўрэшце,

З пекла вылезе жывы?

А ў с т р ы я к

Каго забʼюць, хто будзе тут жывы —

        Ўсё гэта марнае гаданне,

Дарэмнае пытанне —

Не варта турбаваць на гэта галавы.

А трэба, панна, мець прыпынак

На той выпадак, як адтуль,

Накіраваўшы зевы руль,

Пашле вам рускі ваш начынак:

Не захавае нас будынак

І ад шрапнельных нават куль!

Н а с ц я

Зямля прыпыніць нас усіх,

        Далёкіх, блізкіх і чужых.

А ў с т р ы я к

Эх, панна мілая!

Не трэба быць такой:

Я за здароўе вам,

А вы мне за ўпакой!

А вось наконт зямлі,

То гэта справядліва,

          І выхад вы знайшлі.

        Дык віват, панна, віват!

 

Жыццё спавольна, скокам-бокам,

        І тут вайшло ў свае правы.

Зямлю парэзалі равы,

А фронт міглівым сваім вокам

Глядзеў, змагаючыся з мрокам,

З-пад хмура ссунутай брывы.

Паўзла тады бясшумна пляма,

Халодны бляск, па скронях гор

І вырывалася ў прастор,

А следам гулкіх стрэлаў гаму

Гарматы кідалі за браму

        У дрот завітых сваіх нор.

Гулі гарматы несціхана,

Калі здалёк, калі зблізка,

І чыясь грозная рука

Гразіла людзям пастаянна,

А гоман мараў, мілы, зманны,

У светлых далечах блукаў.

Такая ўжо ўласцівасць наша —

Ад цёмных будняў уцякаць,

Каб адплаціць сабе ў сто краць

        За гора выпітага чашу

І мары выпусціць на пашу,

Каб шчасця ў марах пашукаць.

          Але вярнуся я ў Засценне,

Дзе трохі звыкліся з вайной

І дзе з надзеяй патайной

Канца чакалі, замірэння,

Ды фронт стаяў, як знак цярпення,

Завіты сеткай драцяной.

Стары Галута зноў паціху

        Абходы робіць на дварэ —

Ахвота ўсё ж яго бярэ

Падбаць аб справах сваіх крыху,

І, прызвычаіўшыся к ліху,

Папар пад жыта ён арэ.

А з поля прыйдзе, каля дому

Работу знойдзе зноў стары:

Бы крот капаецца ў нары,

Сваю палепшвае харому,—

Той госць, чужак, памог старому

        Зямлянку зладзіць у гары.

І нават выслаў на падмогу

Ён, вораг наш, сваіх салдат!

Хіба ж зрабіў бы так свой брат?

Ёсць дзе схавацца, дзякуй Богу,

Калі дадуць з-пад тога логу,

Засыплюць нашы жа з гармат!

І вось Галута ў тым кірунку

Пайшоў і шмат яшчэ далей —

Скаціну такжа пажалей.

        Нашто ж цярпець і ёй усчункі?

І тут не хітрыя рахункі,

І так спакойней і смялей...

          Зямлянка ўсіх надзейна туліць

І нават песціць малышоў:

Такіх прыўдалых салашоў

Ніякі стрэл не перакуліць.

Зямлянка забаўкі ім суліць,

Нібы Вялікдзень ім прыйшоў.

Для іх цікава гэта змена,

        І новы быт, і новы стан,

І невядомы той шатан,

Што здрыгане часамі сцены,

І гуд крылатае сірэны;

Той шум, што ўзніме араплан.

А гэты рух у блізкім тыле,

Нямоўчны гром калёс машын!

Нібы шалёны нейкі млын:

Браневікі, аўтамабілі,

Матацыклеты ў кожнай хвілі,

        Ці ж мала дзецям тут навін?

Жанкі таксама каля хаты

Ці ў агародзе вядуць рэй —

З работай час ідзе хутчэй,

І дзень, работаю заняты,

Разводзіць думак рой зацяты,

І ноч праходзіць весялей.

Не век жа будзе стан вось гэты,

І прыйдзе нейкі ўсё ж канец,

Апошні ўзложыць свой вянец,

        Акорд апошні будзе спеты,

Бо што жыццё без жаднай мэты?

Прыйдзі ж, ты, міру пасланец!

Прыйдзі, знімі ярмо тамлення,

З народаў крыж пакут знімі,

Бо свет усеяны касцьмі,

Бо дух сышоў людскі ў зацьменне,

Бо гасне радасці праменне,

Бо твар зямлі абліт слязьмі.

          Няма ж надзей на мір жаданы,

        Канец вайне губляўся ў цьме,

І фронт гатовіўся к зіме,

Прыціхшы, злы, неразгаданы,

Стаіўшы здрадніцкія планы

І нешта маючы на ўме.

Мінуў і месяц з той часіны,

Як фронт спыніўся і заціх,

А Насця ў думках патайных

Чакае зручнае часіны,

Каб кінуць дом свае айчыны

        І перабрацца да сваіх.

Яе падчас грызе сумленне,

Чаго сядзіць спакойна тут?

Чаму не возьме часць пакут

І боляў тых, таго мучэння,

Таго бясконцага цярпення,

Што на сябе нясе там люд?

Ды як адолець ёй парогі,

Дазоры, варты і драты?

Не, марны план яе, пусты!

        Яна не пройдзе стан аблогі —

Няма мажлівасці, ні змогі

Прайсці праз гэтыя платы.

І тут бывала нечакана,

Бы злодзей, спотайку, няўзнак,

На думкі прыйдзе аўстрыяк.

Які ён добры, выхаваны —

Хоць прылажы яго да раны,

Хоць ён і вораг як-ніяк!

І пойдуць думкі мімаволі

        У іншы бок, як на той грэх.

Іх госць, Ян Крочак, родам чэх,

Настаўнік быў у чэшскай школе,

Цяпер жа стаўся ў іншай ролі,

Вайны прайшоўшы курс наспех.

Ён не чужаецца іх дому,

Гатовы ўсім дапамагчы

І ад бяды засцерагчы.

Яму прызнаны, як нікому,

На гэтым страшным пераломе,

        Дзе вір вайны іх налучыў.

Часамі зручнаю часінай,

Пад голас сцішаны вайны

Гаворку распачнуць яны

З сваіх прыгод, свае краіны

І аб той чэхавай айчыне,

Дзе рост культуры так буйны.

Як ён натхнёна і ахвотна

Аб школе гутарку вядзе!

Няма тут школ такіх нідзе,

        Хоць ён іх бачыў мімалётна;

Але уражанне журботна:

Душа баліць — на іх глядзець..

          І Насця ўсё прыпамінае,

Ці лепш — прыпомніцца само.

Згрызоты, план яе — дармо!

Сама не ведае, не знае,

Дзе думка-веюшка лунае,

Распрогшы клопату ярмо.

 

VIII

Гаварыла вольха-маці

Свайму коціку-дзіцяці:

«Не збірайся ў свет нязнаны,

Бо спаткаеш лёс паганы,

А ці хопіць табе змогі

У чужыне стаць на ногі?

Не шукай жа, сынку любы,

У вандроўцы сабе згубы!»

Адказаў сын ёй на гэта:

        «Вандраванне — мая мэта.

Сам не рад я вандраваці,

Ды такі ўжо мой лёс, маці!»

          Аклікала верба хвалю,

          Што бурліла ў перавале:

          «Стой, спыніся: там парогі!

          Разабʼешся ў іх, нябога!»

          «Ну, што ж? — хваля адказала:—

          Рэчка волю мне звязала!»

                        Запыталася былінка

                        У малюсенькай пылінкі:

          «Ты куды ляціш, малая?

          Бачыш, сонца як палае!

Прападзеш, згарыш бясследна,

Мой пылок, маленькі, бедны!»

А пылінка адказала:

«Сонца волю мне звязала,

Асляпіла мае вочы —

Мусіць гэтак сонца хоча...

Дай жа, дай жа мне параду —

        І згарэць я ў сонцы рада!»

          Бы золак пахмурнага рання,

Сціха, нясмела, здаляка

Мільгаўся вобраз чужака.

Як невядомае насланне,

Пісала ў сэрцы заклінанне

Чыясь спакусная рука.

Ды не зважала перш дзяўчына,

Што ўспомніць часам і аб ім,

Аб афіцэрыку чужым...

        Не — тут не гэтая прычына,

Хоць ён і голец-малайчына,

Прыгожы, з сэрцам залатым,

А проста ёй было цікава

Пазнаць крыху бліжэй яго,

Ну хоць як ворага свайго,

Бо вораг быў у такой славе,

Што гвалты чыніць і расправы,—

Аб ім набаялі ўсяго!

А гэты «вораг» такі мілы,

        Такі адзыўлівы, жывы,

Шануе людскасці правы,

Не злоўжывае правам сілы

І ў гэтым стане іх пахілым

Ім не прынізіў галавы.

Наадварот — як нейкі родны,

Як блізкі прыяцель іх, брат,

Рабіў і робіць дабра шмат,

І гэта ў час ліхі, разбродны,

Калі свет жорсткі стаў, халодны,

        Калі ачнуўся ў людзях кат.

Цікавасць гэтая законна,

І Насцю нечага вініць,

Што часам Крочака прысніць:

Дарога снам незабаронна —

Заўважыць трэба бесстаронна,—

У іх свая пуціна-ніць.

І вось па гэтай пуцявіне

Праявы розныя брылі,

Як цені-блескі па зямлі,

        Ды аздаблялі яў дзяўчыне,

І ўжо па новай ручаіне

Яе прыгоды паплылі.

          Настане раніца, бывала,

І тое, што спляцецца ў сне,

Як нейкі спеў яе вясне,

Спакусна вабіць, парывае,

І гэты сон перажывае

Яна ў дрымотнай цішыне.

І хваля радасці часамі,

        Усплыўшы з потайных глыбінь.

Захопіць Насцю ў сваю плынь,

І пойдуць думкі, пойдуць самі,

Услаўшы сцежкі абрусамі,

У край чароўны, у яснасць-сінь.

А ўстане раніцай з пасцелі,

Яна — што грэх ужо таіць? —

К люстэрцы зараз падбяжыць

І пасмы русае кудзелі

Заўе старанней, паднядзеліць

        І лішні час тут пастаіць.

А потым з пэўнай засцярогай,

З дзявочай хітрасцю яна

Тайком падыдзе да акна.

Забʼецца ў сэрцы штось трывогай,

Калі мільгнецца профіль строгі

І фрэнчык з шэрага сукна.

Ён ходзіць тут, бы штось шукае,

Заняты чымся, як відаць,

А чым? — не трудна адгадаць.

        Шчаслівы смех яе блукае,

Ды наша Насця не такая,

Каб тут жа знак які падаць.

Назад падасца далей, глыбей,

Вачэй не зводзіць з юнака

І пазірае здаляка...

Эх, сэрца дзеўчае не рыбʼе:

Ёй шкода чэха! Выйсці хіба,

Сустрэць знянацку чужака?

Але ці гожа, ці прыстойна?

        Не — для дзяўчыны не з рукі

На крок адважыцца такі.

А сэрца бʼецца неспакойна,

На волю просіцца настойна,

Ну, хоць пад тыя вішнякі,

Дзе так зацішна, так журботна...

І праўда, лепш пайсці туды,

Замесці там свае сляды.

Яна выходзіць бесклапотна,

А ты, мой чэх, шнуруй самотна.

        А ёй-то што? такой бяды!

          І так вось, спокваля, украдкам,

Самой Настусі неўзнакі,

Ёй лёс надарыўся такі

І непрадбачаным парадкам

Дзявочым думкам і загадкам

Рысуе новыя шляхі.

          Яна ў садку адна-адненька.

Гарыць у кропельках расы

Адбітак вечнае красы.

        У лісцю конік дзесь затрэнькаў,

І пчолы такжа памаленьку

У хор зліваюць галасы.

У вішняку шчабечуць птушкі.

У іх свой клопат і свой лад,

Свае павіннасці, загад.

А там, з-за смужна-сіняй дужкі,

Што павіваецца істужкай,

Грыміць пярэклічка гармат.

Паветра поўняць тыя гукі,

        Дрыжыць надземʼе і зямля,

І дрэвы ходзяць да камля,

Як бы ад болю ці ад мукі,

І стогнуць сцішаныя лукі,

І нібы вохкае ралля,

І так усе дні і ўсе ночы

Грыміць-гугухкае дзесь гром,

Віхруе віхрам-перуном.

А тут лагодна чмель бармоча

І ветрык з дрэвамі шапоча...

        Як ціха тут, пад іх шатром!

          Яна ўглядаецца кудысьці

У той засмучаны прастор,

Дзе спынен воражы напор,

Дзе людзі гінуць без карысці,

І ёй тут зноў, як і калісьці,

У сэрца ціснецца дакор.

Былых настрояў адгалоскі

І водгук мар яе былых

Нясуць гарчэчы ёй кяліх —

        Ідуць на спад, як неданоскі,

Яе каханне, вернасць, слёзкі...

О стыд які — дзе ўлада іх?

Яна і так і сяк мяркуе,

Каб апраўдаць душы той стан

І разагнаць ліхі туман.

Хіба ж ёй шчырасці бракуе?

Хіба ж аб мілым не смуткуе?

Хіба ж адважыцца на зман?

І з сэрца выліцца гатовы

        І думкі шчырыя і словы —

          «Любы, мілы, незабыўны!

          Ты пачуй мяне хоць раз:

          Час мінулы, міг наш дзіўны —

          Непарушны, непарыўны,

          І агонь той не пагас.

          Я з табою ўсюды-ўсюды.

          Кожны момант, кожны міг.

          Думкі-мары-песні-гуды,

          Іх, цябе я не пазбуду,

                        Радасць чэрпаю бо ў іх.

          Дзе ж ты, любы? Хоць прысніся:

          Радасць, шчасце — тыя сны.

          Дык вярніся,

          Адгукніся,

          Светлы сон мае вясны!»

Ды што хітрыць, крывіць душою?

Навошта лгаць самой сабе

У тых прызывах і кляцьбе,

Калі апошняю парою

        Ён, гэты чэх, стаіць прад ёю

У нейкай стоенай журбе?

Ён з ёю ўсюды ўдзень і ўночы,

У часе бур і цішыні,

Нібы закляты, насланы.

Як цень, у мыслях яе крочыць

І запаўняе свет дзявочы

І яў трывожыць ёй і сны.

Няўжо яна — і хто дасць веры? —

Кахае Крочака? — Мана!

        Ну, смех, фацэцыя адна!

І не было таго ў намеры,

І не ў яе гэта манеры

Змяняць Барыса на блазна!

Ён, праўда, гэты, сімпатычны,

Высокі лоб і ясны твар,

Як неба майскае без хмар,

І голас звонкі і музычны,

І сам такі ён энергічны,

А вочы свецяцца, як жар.

                І думкі Насціны паволі

Палоніць зноў чэх, а Барыс

У дзеўчых марах дзесь павіс

І загубіўся мімаволі,

На нейкі час зышоўшы з ролі

І апусціўшыся наніз.

Ну, што ж? Дзяжа цяпер далёка,

Аб ім і вестачак няма,

І не пашлеш яму пісьма.

Яна ж зусім тут адзінока,

        А што ён, чэх, папаў на вока,

Яна не рада і сама.

І тым жа часам патаёма —

Ці ж можна ёй паслаць дакор? —

Ускіне вочы на свой двор

І вухам ловіць крок знаёмы,

І ўсё то робіць несвядома,

Развагам тым наперакор!

І ёсць у Насці прадчуванне —

Жаданняў, мусібыць, сляды,—

        Што прыйдзе чэх яе сюды!

І... ша! міжвольнае дрыжанне

І лёгкі трэпет хвалявання —

Ідзе Ян Крочак сапраўды!

Яна ўся радасць і імкненне,

У вочках блеск, на губках смех —

Выяўны знак яе уцех,

І твар цвіце ад здавалення.

Яшчэ хвілінка, яшчэ мгненне —

І руку ёй паціснуў чэх.

К р о ч а к

        Аб кім жа гэта панна марыць

У паэтычным вішняку?

Н а с ц я

Жаданне ведаць усё — старыць,

А старасць вам не на руку.

К р о ч а к

А з маладосці толку мала —

Такі, відаць, ужо мой кон.

Н а с ц я

Які журботны тон!

Пусціць бы слёзку не мяшала!

К р о ч а к

У гэтай галіне —

Даруйце мне —

        Мастак ваш брат,

А не салдат.

Н а с ц я

Хто мерыў нашы слёзы?

Ох, плача і салдат!..

На людзях весел, рад,

А сэрца торкаюць занозы.

І пэўна ж часам, небарача,

І не слязьмі — крывёй заплача.

К р о ч а к

Бывае ўсяк —

Залежыць гэта ад ваяк.

Н а с ц я

        А, выбачайце,— самі вы

Наконта слёзак якавы?

Няўжо не плакалі ні разу,

Не палічыце за абразу?

Ці, можа, вы з свае ахвоты

Ваяцкія ўзялі турботы?

К р о ч а к

О не!.. Змяняць па добрай волі

Паказку школьную на штык?!

Я, выбачайце, не разнік.

Пайсці ахвотаю? ніколі!

        Я вам скажу яшчэ і болей.

Я шанаваць людзей прывык.

Я не гвалтоўнік, не насільнік,

Я — славянін і ваш прыхільнік.

Ці плакаў я? Скажу адкрыта —

Не надта борзды я да слёз.

Я сіратою ў нэндзы рос.

Гарчэча ж дзён малых забыта,

А радасць дружбы не набыта,

І друга сэрца не даў лёс.

        Так вось і жыў, бы воўк-аблетак.

Чаго мне шкода — школы, дзетак.

Але было адно здарэнне,

Ці эпізод, вярней сказаць,

Калі я слёз не мог здзяржаць.

Быў люты бой. Кроў, разбурэнне...

Пачаў ваш рускі адступленне,

З Карпатаў зрушылася раць.

Шоў я ў рэзерве і ў даліне

Дзіцятка бачу пры жанчыне.

        Яна ляжыць, і губы сцяты,

А рукі — крыжам на зямлі,

Бы моліць, каб сынка ўзялі.

А хлопчык — ах і вачаняты! —

Глядзіць, бы мыслямі заняты:

Што гэта значыць? і калі

Ачнешся ты і ўстанеш, маці?..

Гадкоў не больш, як два, дзіцяці.

Пайшлі мы далей. На прывале,

Паходам стомлены, я лёг.

        Але ўсю ноч заснуць не мог,

І нейкі жаль гарачай хваляй

Шугаў мяне, і ўсё стаялі

Ён і яна ў маіх вачах:

Яна з прастрэленай грудзінай,

А хлопчык з мудрай сваёй мінай.

Гняло мяне штось, як загадка:

Нашто ўсё гэта і к чаму

Выводзіць з нутраў боль і цьму?

За што, за што забіта матка?

        Што стане з бедным хлапчаняткам?

Каму паскардзіцца? Каму?

Хто зблутаў, збэрсаў яго ніці?..

І плакаў Ян над гэтым дзіцем!..

У сцятых вуснах той жанчыны,

У раскрыжованых руках

Я прачытаў нязмерны жах,

Дакор, прысуд за гвалт звярыны,

Што людзі чыняць над людзінай,

І ўсёй культуры іхняй крах.

        Дзіця і маці — сымбаль вечны

Таго, што ёсць больш чалавечна...

Яны чужыя мне.

Я іх не знаю, хто яны,

Але я востра адчуваю

Сваю віну, і ў той віне

          Мільён няшчасных прабывае,

Не ўсведамляючы віны.

Ці можа быць нам апраўданне?

Куды мы прыйдзем з нашым злом?

        За зло мы ўсе адказ нясём...

          Дзяўчына слухала з адданнем

І кожны сказ апавядання

Ўбірала ўсім сваім нутром.

Н а с ц я

Які вы добры, чалавечны!

Даруйце мне мой тон —

Фальшывы стаўся ён

І, можа, недарэчны.

Вы так балюча, так глыбока

Адчулі жах вайны!..

        Вы слаўны і дзіўны

І гэтак адзінокі!

Мне проста сорамна прад вамі...

Ды ў чым жа тут віна?

Каму ж міла вайна

І гэты гвалт над намі?

          І штось яшчэ сказаць хацела,

Ды раптам нейкі жаль пашыб,

І мімаволі горкі ўсхліп

Ускалыхнуў яе ўсё цела,

        Бо сэрца дужа набалела,

Бо ў ім засеў калючы шып.

Закрыла твар яна рукамі,

Каб слёзам волі больш не даць

І з болем сэрца саўладаць,

Ды слёзы беглі, беглі самі,

А ветрык зюкаў з вішнякамі —

У іх свой клопат, як відаць.

К р о ч а к

Не плачце, панначка, не трэба —

Даволі, досыць слёз!

        Даруйце мне, на міласць неба,

Бо гэта жалю я нанёс.

Ну, годзі ж! плакаць так ці можна?

          І ён рукою асцярожна

Яе плячо крануў, патрос.

Яна скланіла галоў ніжай,

І мімаволі, незнарок,

Бы хтось памкнуў у яго бок.

І ён схіліўся яшчэ бліжай...

Мільгнула штось пакутным крыжам

        І ўсё закрыў спакусны мрок.

 

IX

Свет дзівосны

Радасць точыць,

Нехта ж злосны,

Безжалосны

Следам крочыць,

Есць нам вочы.

Шыр, прасторы

Перад намі,

А ты, гора,

        З долу, мора

Гнеш нам раме,

Бʼеш нагамі!

Свет зачынен,

Воля скута.

Хоць не вінен,

Ды павінен

Піць атруту

І пакуту.

Ростань. Грані.

        Цень. Змярканне.

Ды ў тумане

Золак гляне —

Пробліск рання

І світання.

Хваля скіне,

Хваля ўзніме.

Ты ж плыві на хвалі з хваль:

Ліха згіне,

Як у дыме.

        Дык жыві, гартуйся ў сталь!

 

Пачутак востры нейкай страты

Навёў на прапаршчыка сум,

Як улілася Галя ў тлум,

Апошні раз кіўнуўшы «брату».

Схаваў яе натоўп стракаты,

Дзе слоў акорды губіць шум.

Нападарожным шчырым словам

Ён павітаў не без прыкрас

У думках Галю яшчэ раз,

        Бо на шляху яго жыццёвым

Яна мільгнула чымся новым,

Каб жыць у мыслях доўгі час.

Ён вынуў кніжку запісную,

Лісток той з адрасам дастаў

І Галін адрас прачытаў,

Адчуўшы крыўду патайную,

Што гэту радасць, здань лясную,

Яму хтось знішчыў, не спытаў.

Такое слаўнае спатканне,

        Такое дзіўнае звяно —

І абрываецца яно,

Каб з большай сілай праканання

Яму напомніць аб змярканні:

Жыцця ж свайго няма даўно!

Бо што цяпер ён? пыл бязвольны,

Узняты ў сонцавай касе,

Што вецер круціць і нясе

Або мяняе з прахам дольным.

І ён падпаў пад лёс супольны,

        Перад якім бяссільны ўсе.

На лад журботны думкі хіляць,

Нясуць к другому рубяжу.

Героя нашага Дзяжу.

Д з я ж а

Хто волю смеў маю знясіліць

І дух мой вольны абяскрыліць

І палажыць яму мяжу?

Я жыць хачу, я прагну волі,

Хачу ў свае стаць берагі,

Мяне ж загналі ў абцугі,

        Ад плыні ўласнай адкалолі.

Я — ліст сарваны, і не болей!

Нікчэмны пыл нямой смугі.

І я з нявольніцкай пакорай,

Адвыкшы быць самім сабой,

Іду на масавы убой

У імя Молаха-пражоры,

Пратэст зацяўшы і дакоры,

І сам апраўдваю разбой.

За што ж гібець? за чэсць капралаў?

        За махляроў, што ў старане

Турботы маюць аб машне,

Бо ім мільёнаў яшчэ мала,

Ім болей трэба капіталаў

І напляваць ім на мяне!

Дык што жыццё? Адна хвіліна!

К чаму развага і журба?

Грымі ж, ваяцкая труба!

Жыві, вайна і трасяніна,

Бо патрабуе так Айчына

І... псіхалогія раба!

У цішы ды ў адзіноце

Ходзяць думкі патаёма

І знікаюць у самоце,

І нікому невядомы

Ні ўзлёты іх, ні громы,

Бо бясплодны па істоце.

Ды ўсё на свеце пераходна,

Адно змяняецца другім,

То часам добрым, то благім,

  І тое, што сягоння модна, —

Назаўтра станецца нягодна

І смешным зробіцца, пустым.

Жыццё ў сваёй агульнай плыні

Знаходзіць рэчышча само

І запражэ цябе ў ярмо,

А ткань-узор пабочных ліній

Без жалю ўсякага адкіне

І скарбы возьме пад замок.

 

І наш Барыс Дзяжа хоць-нехаць,

        Пратэст гукнуўшы ўпатайне,

Успомніць мусіў аб вайне.

Цяпер яму нядоўга ехаць,

І блізкасць фронту, яго рэха

Ужо тут чуюцца ўдвайне.

Куды ні глянь — адны мундзіры,

Салдаты, сёстры, дактары,

І генерал мільгне стары,

Слуга прастолу грозны, шчыры...

У сумятні у той, ў віры

  Душа ўнікае без пары.

 

Д з я ж а

Складаная і страшная махіна!

А нечая ж рука

Кіруе здаляка —

Пад нумарам тут кожная людзіна!

Плыве, брыдзе,

Не губіцца нідзе,

Пакуль не прападзе,

Як нейкая скаціна.

І гарката усведамлення,

        Што ты — бязвольны пыл, труха,

Зноў падкрадаецца сціха,

А ў душу сходзіць атупенне

І з гэтым лёсам прымірэнне —

Забʼюць, скалечаць там — няхай.

Абы сысці з дарог блукання,

Пазбыць стан гэты крыжавы,

Як лішні клопат з галавы —

Абрыдла быць на скрыжаванні

У прыкрых думках-разважанні.

        Хутчэй бы слуп той межавы!

На трэці дзень разлукі з Галяй

Спыніўся поезд і... канец!

Выходзь з машыны, маладзец!

Няма табе дарожак далей,

Ніхто не выкажа тут жалю...

Этап. Маршрут.

Фронт блізка тут,

І на пазіцыях юнец!

Усе фармальнасці адбыты

        І па парадку, як адны,

Па чыну рапарты зданы.

І ён на свеце не забыты:

Знайшоў свой нумар тут — і квіта:

Ваюй, забыўшы мары-сны!

І тут Барыс адчуў адразу,

Што ён папаў на іншы свет,

Дзе кожны міг кладзе свой след,

Дзе ўсе храбрацца для паказу

І трусасць лічаць за абразу,

        Хоць носяць трусасці прыгнет.

У таварыстве ж гэтым новым

Яго сустрэлі звысака,

Як сустракаюць навіка,

І часта холадам зімовым

Ад жартаў веяла суровых,

Што так зніжалі юнака.

 

А д з і н а ф і ц э р

Ну, што ў тылу? А як гульнулі?

 

Д р у г і а ф і ц э р

Па вас даўно тут плачуць кулі.

 

Т рэ ц і

А аўстрыяцкі «чамадан» —

        Яго вы, баценька, не чулі —

Такія тут падносіць дулі,

Што пылам ляжаш на дырван.

 

Ч а ц в ё р т ы

Заробіш чын, здабудзеш крыж,

А смерць пакажа табе шыш.

 

Д р у г і

Часцей без крыжа і без чына

Пад крыж уложаць і — каюк!

 

Т р э ц і

Найгорш, калі без ног, без рук

Валяцца будзеш, як дубіна,

На хлебе сукінага сына,

        Пакуль не выкінуць на брук.

 

П е р ш ы

І прападзе жыцця ўся асалода:

Хоць не зусім ты будзеш слабы,

Ды не падкоцішся да бабы

І не прадоўжыш свайго роду!

 

Ч а ц в ё р т ы

Пакута, большая за дантаўскае пекла:

Вайна і смерць, прад ёю ўсё паблекла!

 

Дзяжа з усмешкай напускною,

У тон не трапячы ніяк,

Уважна слухае ваяк,

        Ідучы сценкаю глухою,

А сам з надзеяй патайною

Мяркуе ўсё ж такі інак.

І сапраўды: не ўсе ж палягуць,

Не ўсіх жа вынішчыць вайна,—

Людская псіхіка дзіўна,

І воля жыць абходзіць плягу:

Чым бліжай смерць — жыць больша прага,

І прагі той душа паўна.

Ідуць, жартуюць афіцэры.

        Яны спаткалі юнака

У штабе гэтага ж палка.

І раптам вораг замажджэрыў!

Яны на дол, а гэты «шэры»

Стаіць і зорыць звысака.

 

А ф і ц э р ы

Не варта, прапаршчык, рызыкаваць!

 

Д з я ж а

Мне трэба смеласць гартаваць,

 

І гэта першае хрышчэнне

Ён, спакушаючы свой лёс,

Адважна, храбра перанёс

        На зайздрасць «храбрым», на здзіўленне

І тым здабыў іх адабрэнне,

Адразу ў іх вачах узрос.

На фронце здраднае зацішша,

Акопы вымерлі нібы,

Няма напружанай стральбы.

Маўчаць даліны і узвышшы,

І толькі вецер дрот калыша

Ды гладзіць насыпы-гарбы.

Спакой бывае і прад громам,

        Як замлявае спёка-вар.

Гатуюць ворагі удар,

Гатуюць скрыта-патаёма,

Калі ж ён бухне — невядома,

І колькі возьме ён ахвяр?

Як нейкі сон, бязладны, тлумны,

Быў першы момант для Дзяжы

На гэтым новым рубяжы:

Дарога, фронт, крок неразумны —

Усё ўспрыняў ён безраздумна,

        Бы сам сабе ён стаў чужы.

І толькі тут, у першай роце,

Дзе ён залічан быў ва ўзвод,

Пачаў разблутваць перамот

І меркаваць на адзіноце

Аб новай чыннасці, рабоце,

Сабраўшы мыслей той разлёт.

І хоць ваенныя навукі

Ён там праходзіў у тылу

І меў за гэта пахвалу,

        Ды тут ён чуўся, як бязрукі:

Вайна ў зямлі, яе тут згукі,

А не манеўры на далу.

 

Ён разглядацца стаў патрохі,

Шалопаць сам ды разважаць,

У чым спружыны тут ляжаць,

І аглядзеў акопы-лёхі,

Дзе чэзнуць людзі-замазохі —

Вайны жывая сенажаць.

І азнаёміўся са ўзводам,

        З участкам ротным і сваім

І з гэтым месцам заклятым —

Між двух узгоркаў пераходам,

Дзе ўжо паклалі шмат народу,

І сёння двух знялі на ім,

Бо фронт і ў часе перадышкі,

У дол урыўшыся, равы,

Бурліць, як віхар агнявы:

Не, не — ды выбухнуць успышкі

Жыцця нервовага адрыжкі,

        Ці грозны покліч баявы.

А часам проста для забавы —

Акопы ж іх — рукой падаць,—

Каб аўстрыяку назаляць,

Салдацік знойдзецца рухавы,

На бруствер чучала паставіць:

                                                            Яны ж таксама з свайго боку,

                                                            Каб адплаціць за гэты зман,

                                                            У вочы пусцяць нам туман —

                                                                    І жарт і смерць ідуць на воку

                                                                  У кожны час, на кожным кроку,

                                                                  Дзе дух людскі аплёў дурман.

                                                        Адзін выпадак тут балюча

                                                        Засеў у памяці Дзяжы.

                                                        Ён першы раз у бліндажы.

                                                        У бойніцу праз дрот калючы

                                                        Глядзеў Барыс на тыя кручы,

                                                      Адкуль нас вораг старажыў.

                                                      І вось з акопаў аўстрыяцкіх,

                                                      Ён бачыць, вылез аўстрыяк,

                                                      Ківае ў наш бок, робіць знак,

                                                    А выгляд бравы і ваяцкі.

                                                    Медалі, крыж блішчаць, як цацкі,

                                                    А з нашай бойніцы — пак! пак!

                                                        — Но, но! — гукнуў ён і сярдзіта

                                                    Патрос на нашых кулаком,

                                                    Ваду бярэ ён кацялком,

                                                    Мундзір знімае дзелавіта —

                                                    Памыцца хоча тут і квіта, —

                                                    Залюбавацца смельчаком!

                                                  Яшчэ з дзясятак нашых стрэлаў,

                                                  Ды пудла ўсё даюць стралкі,

                                                  А кулі рэжуцца ў валкі.

                                                  А аўстрыяк хоць бы што — цэлы,

                                                  Умыўся, вынуў ручнік белы,—

                                                  Страляць нейк проста не з рукі.

 

                                                                                    Н а ш с а л д а т

 

                                                    Глядзі ты, чорт! замоўлены, ці што?

                                                    І не пападзе ў яго ніхто!

                                                  Вось штуку выкінуў, дык лоўка!

 

Д з я ж а

                                                              А ну-ка, дай сваю вінтоўку!

                                                    Бярэ ён стрэльбу, жмурыць вока,

                                                    Наводзіць мушку ў смельчака

                                                    І пальцам дужку жме слягка,

                                                    Бух! грымнуў стрэл з нары глыбокай.

                                                    Асеў, зваліўся храбры дока

                                                    На белы покрыў ручніка.

                                                    Дзяжа ад бойніцы адходзіць

                                                    І атрасае рукавы,

                                                    А сам бляды, як васкавы —

                                                    Што ж ён зрабіў, забойца, злодзей?!

                                                    І ён спакою не знаходзіць —

                                                    Прад ім забіты, як жывы.

                                                  Як цень, з ім ходзіць тое зданне,

                                                  Бы непраглядная імгла

                                                  На душу цемраю лягла.

                                                  Няма, не знойдзеш апраўдання

                                                  Пры ўсіх аргумантах, жаданні:

                                                    Забіў, як злодзей, з-за вугла,

                                                    Без помсты, злосці, без падставы —

                                                    Што за чмута? што за чума?

                                                    Быў чалавек, цяпер няма!

                                                    З-за нейкай брудаснай забавы,

                                                    За грош цвілы дзяшовай славы

                                                      Так загубіць жыццё дарма!

                                                              Ён ходзіць, шворыцца ў акопах,

                                                          А прад вачыма — аўстрыяк,

                                                          І не адчэпіцца ніяк,

                                                        Як бы крывёю хто накропаў

                                                          Учынак злы ва ўсіх абхопах,

                                                            Навесіў каінаўскі знак.

Вось вораг, моў! прашу страляць!

Да афіцэраў сваёй роты

У схоў глыбокі земляны

Барыс, пануры і дзіўны,

        Нясе пякельныя згрызоты,

Грэх неабдуманай дурноты,—

Як прымуць гэта ўсё яны?

Іх трое тут, а з ім чацвёра:

Сам падпаручнік Мурава,

Ва ўзводах прапаршчыкі два

Па прозвішчу Гаец, Зажора.

На фронце сходзяцца ўсе скора,

Бо там абстаўка такава.

Гаец уголас ліст чытае

        І слінкі з зайздрасці глытае.

 

П р а п а р ш ч ы к Г а е ц

І піша — парадую цішком

Вас добраю навінай:

Шустоўскім каньяком

І нежынскай рабінай.

Каньяк, рабіна — шык,

Апошні моды крык!

 

П р а п а р ш ч ы к а ж о р а

Пашлі яму, гасподзь,

Георгія і рану!..

Эх, немачная плоць!

        Яе не пабароць,—

Нарэзацца б дапʼяна!

Без выпіўкі, без баб —

Нявольнік ты і раб!

 

Г а е ц

Лаўкач ён з лаўкачоў,

Наш прапаршчык Сычоў!

Хапіла ўсюды там яго

Натуры энергічнай —

Палкоўніка пакрыўдзіў аднаго

У справе рамантычнай!

        Адважыўся на смелы крок.

З-пад носа кралю павалок!

 

З а ж о р а

Ах, што б ён здох!

Ну што за жох!..

Варочаўся б скарэй

Выжыга наш, Андрэй,

Ды вёз бы ўсе трафеі тыя

Пад пераможны клік — ура!

На славу бацюшкі цара,

На радасць матушкі Расіі.

                                      Дзяжа сядзеў, маўчаў панура,—

Што ім сказаць? усе — звяры,

Здзічэлі, седзячы ў нары...

Сама ў душы сціхала бура,

Хоць часта шорхне яго скура,

Як здань запусціць кіпцюры...

 

П а д п а р у ч н і к М у р а в а

Вы, прапаршчык Дзяжа,

Сягоння на рабоце,

З дванаццаці гадзін

Дзяжурыце па роце.

 

X

Дзяжа трохвёрстку разглядае,

Каб уясніць акопны план.

І раптам спаў з вачэй туман:

Пастой,— Падгаіна... Рудая...

Да гэта ж вёска і ёсць тая!

А дзе Засценне? дзе Раван?

На карце назвы, як жывыя,

Растуць, варушацца хутчэй,

І нікнуць літары з вачэй,

        У плямкі сходзяцца сляпыя

Ці гнуцца ў кульбачкі крывыя,

Каб скрыць імя сваё ямчэй.

А вось яно, вось дзе Засценне!

Бы кропка, значыцца кружок

І змейка-рысачка — Стружок!

І ясна ўсё, няма сумнення...

Па карце робіць вылічэнне —

Як блізка вабны беражок!

Бярэ маштаб, кладзе, раўняе —

        Ад нашай лініі вёрст шэсць!

Адкрыцце гэтае і весць

Усё сабою засланяе

І ўвесь настрой яго мяняе,

І сэрца томіць нешта, есць.

Бязладны тлум глухіх парываў

Няясных вобразаў, праяў

У міг адзін прад ім паўстаў,

І аднавіліся так жыва

Мінуты дзён былых жычлівых,

        Што ў гэтай буры пагубляў.

Ён карту складвае, хавае,

Ідзе ў зямлі паўздоўж дратоў,

Калючых гідасных платоў,

І гэта лёха грабавая

На момант мыслі разбівае,—

А як надзейны гэты схоў?

                                                            А што, калі адтуль мартыры —

                                                            Хіба што ёсць дзіўнога ў тым? —

                                                            Агнём распрыжацца крутым

                                                            Якраз вось тут, у гэтай дзіры?

                                                            І ляжа трупам ён у жвіры,

                                                            Як лёг і той, забіты ім?

                                                            І пэўна жджэ яго расплата

                                                            За грэх, за пролітую кроў:

                                                            Ён больш, чым Каін, вінаваты,

                                                            Бо і не ведае ён брата —

                                                            Каго забіў, са свету звёў?

Акопам сунецца ён далей

Між цёмных выступаў зямлі,

І разам думкі з ім ішлі,

        І страхі ўсюды выступалі,—

У кожны момант кожнай хвалі

Свае надзённасці былі.

Паміж траверсаў-ушчалопаў

Шарэюць постаці салдат,

Што свой выконваюць нарад,

Яму так жудасна ў акопу!

Ідзе да іх, бы збіты з тропу,

Ён проста ім як людзям рад.

 

Д з я ж а

Што, хлопцы, добрага у вас?

 

У н ц е р К р а й к а

        Да так што нічаво.

Ён там глядзіць на нас,

А мы тут на яво.

 

Д з я ж а

А што б рабілі вы,

Каб вораг стаў з акопаў выпаўзаць?

 

К р а й к а

Мы пачалі б яго лузаць.

 

Д з я ж а

Ну, малайцы, і дух ваш баявы!..

А дзе здабыў Георгія ты, брат?

 

К р а й к а

На Сане, ваша бродзь, каля Карпат.

 

Д з я ж а

Ну, раскажы, за што і як

        Здабыў пачэсны гэты знак?

 

К р а й к а

Была задача баявая

Нашай роце:

Заняць узгорак каля гаю

На балоце,

Заняць, што б там ні стала,

Хоць памры ўсе без астатку.

Анцілерыя мал-мала

У аўстрыякаў пастраляла,

Сказаць, ужо больш для парадку,

        Пайшлі мы гэта ў наступленне,

А ён як сыпне з кулямётаў,

Так і шчапае нашу роту!

І не даюць нам падкраплення.

Залеглі мы на відавоку,—

Ну, не падступішся ніяк.

Мы акапаліся сяк-так,

А дальш не сунешся ні кроку.

Ляжым так гэта, я ж цікую

І сцяміў, дзе іх кулямёт,

        І дакладаю рэч такую,

Сам выклікаюся ў паход.

Далі звяно.

Маўчком,

Паўзком

Мы, як вужы,

Шыбуемся каля мяжы.

І нас ім не відно.

Падпаўзлі і — шусь знянацку!

Адабралі мы іх цацку.

                                        Іх чацвёра,

А нас пяць.

Анямелі і маўчаць,

Падымаюць рукі ўгору

І без слова

Просяць літасці ў нас.

Мы штыкамі іх — раз-раз!

І — гатова!

Наша ўзяла і — канец!

 

Д з я ж а

Ну, і маладзец!

        Ваяк адмысловы!

 

Але не тое, не, не тое

Сказаць хацелася яму,

Ды не сказаў таго. Чаму?

Ён думкі тыя ў сабе тоіць,

І часам лепш сказаць пустое,

Чым іх адкрыць абы-каму.

Ён зноў адзін, пясчынка ў моры,

З дарогі здзьмуты ветрам пыл

Сярод варожых яму сіл.

        Паслухаў — шолах поўніць норы,

Зірнуў — там ноч спускае шторы,

І гасне ў мроку небасхіл.

Патоп цямраны нерухома

Струменіць сон, спакой зямлі,

А ты не спі, ты не драмлі:

Што будзе ўночы, невядома —

Зарніцы бліскаюць, і громы

На левым флангу загулі,

І віск-выццё, ды так жа нудна,

        Прарэжа мрок, як ураган,

Нібы застогне сам шатан,

Каб сон навеяць непрабудны.

І не паддацца страху трудна,

Ніжэй панікнеш на дырван.

Ці не пачнецца наступленне

Ці з іх ці з нашай стараны?

Чаго ўсхадзіліся яны?

Як жудка ў гэтым сутарэнні!

На чыстым доле, без сумнення,

Гарматы больш яшчэ страшны.

Але выходзіць ён з акопу,—

На версе дышыцца вальней,

А ноч становіцца цямней,

І скрозь цямраную затопу

Не возьмуць следу яго, тропу,

І тут глядзець на ўсё зручней.

Знаходзіць добрую мясціну,

Гарбок зямлі — прыродны шчыт,

І забяспечан ён, прыкрыт.

        Зарніца! стрэл! І сноп раскінуў

Чырвоных стужак на даліну

У наш бок іхні дынаміт.

Блісь-блісь! успыхваюць бліскаўкі,

Агністанітныя брыжы,

І мрок хістаецца, дрыжыць,

Бы нейкі люты звер загаўкаў,

Скрышыўшы ўсякія застаўкі,

Варожы, прагны і чужы.

Звініць зямля зацятым звонам,

        І стогне ноч, галосіць даль,

Ёй грудзі рве жалеза, сталь,

І над зямлёю засмучона

Звісае дымная заслона

Ды йдзе ў паветра сінеч-смаль.

Ў акопе гутараць салдаты.

 

А д з і н с а л д а т

Ну, гэта — глупства, так

Палохае нас толькі аўстрыяк.

 

Д р у г і с а л д а т

Але бяруцца штось заўзята

(І ў багародзіцу іх маць).

 

Т р э ц і с а л д а т

        Але і нашы не маўчаць —

Грымяць не кепска, таўставата!

 

П е р ш ы

А нашы што? Цяля укралі ў Бога?

Хапае гэтага дабра —

Мінулася галодная пара,

Калі не мелі мы нічога:

Ні патронаў, ні снарадаў,

Хадзілі з голым кулаком

Ды адбіваліся штыком,

А нас лупілі, як тых гадаў.

        Цяпер жа фабрыкі, заводы

І робяць толькі на вайну —

Снарадны голад наш мінуў:

Вайна цягнуцца будзе годы.

 

Д р у г і

Сядзіць на фабрыцы рабочы

Там, у тылу, і дні і ночы

Ды робіць гэтае дабро

Табе ў пашчэнку, у рабро —

На фронт, нябось, і ён не хоча,

Куе, машынаю грукоча,

        Каб меў ты ўставіць чым пяро.

Мы вас, моў, там не забываем —

І самі тож не дурачкі! —

Ваюйце толькі, землячкі!

І мы вам, брацце, памагаем!

 

П е р ш ы

Вось то-та і яно!

А не было б прыпасаў,

І скончылі б вайну тым часам!

А так канца ёй не відно.

 

Т р э ц і

Няма канца, канец яшчэ не скора...

        А дома усё гібне, прападае,

І сам тут прападзеш, як мыш рудая!..

Эх, гора наша, гора!

Ніхто не спагадае...

Эх, маць твая такая!

 

Д р у г і

Чаго зажаліўся так горка?

Хіба не помняць аб салдату?

Хіба не шлюць нашаму брату

Кусочкаў мыла і махоркі?

І мыйся, і куры,

        І ворага з Расеюшкі туры!

 

П е р ш ы

Ну, вось і сціхла страляніна...

Калі ўжо стануць наступаць,

Тады не так пачнуць шчапаць,

Сабʼюць на сукінага сына

Акопы ўсе і ўсе драты,

І самі выскачаць, краты,

Са шчылін гэтых, з гэтых нор —

Не той, брат, будзе калянкор!

 

Т р э ц і

Ніхто не хоча замірэння,

        І кожны прагне верх узяць.

Эх, растакоўская іх маць!

Яшчэ ўсё мала разбурэння,

Ўсё за вайну яшчэ стаяць.

А ўсунуць бы сюды такіх ваяк,

Староннікаў вайны,

Што на вайну глядзяць са стараны,

Ды паганяць бы іх, як кручаных сабак,

Няхай бы спробавалі смак

І наступлення і атак,—

        Не тое пра вайну сказалі б тут яны!

 

Д з я ж а

А штаб паведаміць па-свойску:

«На фронце ўсё без перамен»

І «превосходный» дух у войску.

І ён сядзеў, сядзеў і слухаў

І фронт усутыч назіраў.

Гарматны стрэл то заміраў,

То дзесь у месцы іншым бухаў

Зацята, здушана і глуха,

Нібы там вохкала гара.

        Ракеты ўдоўж акопных ліній

Віліся ў небе матыльком,

Як бы падмігвалі цішком

Засланай цемраддзю нізіне,

Не стой, разведчык, на даліне,

На землю кідайся нічком!

Будзь чуйным, дружа,— смерць вартуе

Тут кожны міг твой, кожны крок,—

Падступства копіцца здалёк,

І вораг пастку тут гатуе,

        І брата брат не паратуе,

Калі ім паў на вочы мрок.

Зямлю і мора, высь над долам

Насыціў злобай дух вайны,

Бы ходзіць нехта патайны,

Ліхі і злы, з панурым чолам

І ў сэрца лье атрутны шолам,

Каб кроўю змочваць дырваны.

Бяжыць хвіліна за хвілінай,

Дзяжа не спіць, не можа спаць,

        Хоць сон і хіліць прыдрамаць,

А думкі ткуць сваю тканіну.

Ці сніць, ці бачыць ён айчыну?

Засценне ж тут, рукой падаць!

І гэта блізкасць так хвалюе.

Прад ім, бы той агністы слуп,

Стаіць пабіты громам дуб,

А Насцю бачыць як жывую,

Бы хто ў вачах яе малюе!

Як міл ён, вобраз той, і люб!

        А ў галаве ўстаюць пытанні,

Нястрымна лезуць раз-параз.

Але хто ж дасць на іх адказ?

І ў сэрцы родзіцца жаданне

Развеяць мрок таго нязнання,

Што так гняце і томіць нас.

І ён глядзіць у мрок імглівы,

У тую сторану зямлі,

Дзе дні вясёлыя плылі,

А з імі песень пералівы,

        Дзе лета з поклічам тужлівым

У вырай неслі жураўлі.

І як дзіўно: на трэцім леце —

Бы нейкі лёс ёсць сапраўды —

Ён зноў закінуты сюды,

Прайшоўшы пэўны круг па свеце

І гэты лёс ён запрымеціў

Яшчэ ў тылу, яшчэ тады.

Дазнацца трэба, здабыць весці,

Дабіцца мэты тут адной —

        Няпраўдай, праўдаю, маной:

Туды, на той бок, пералезці,

Пра ўсё даведацца на месцы,

Якою б ні было цаной!

Вось тое цвёрдае рашэнне

І пастанова і дэвіз,

Што ставіць сам сабе Барыс,

І ён пяройдзе без сумнення,

Бо сцежкі ведае ў Засценне,

Ён знае кожны роў і хмыз.

                Жыццё ж мільёнамі дарожак,

У мнагалучнасці праяў

Ідзе няспынна ў гаме зʼяў,

Каго прыбʼе, каму паможа,

Каго ў халодны дол уложыць.

Дзяжа ўсё гэта назіраў.

І ўсе штодзённыя праявы

Калецтва, смерці і пакут

На душу клалі толькі мут,

Не так зражае шал крывавы,

        Сышоўшы ў стан звычайнай справы,

І ўсё звычайным стала тут.

Але не фронтам, не вайною,

Не драбязлівасцю разваг,

Што ты — нікчэмнасць, пыл і прах,

Сарваны ліст і кучка гною,—

Жыве ён думкаю адною:

Як смелы выпаўніць замах?

Ён разглядзеў усе мясцінкі,

Да кроплі вывучыў раён

        І сотні розных тут імён,

Усе узгоркі і далінкі,

Балотцы, кусцікі, маршчынкі —

Усё, што вычытаць мог ён.

І ўсё прымаў ён пад увагу:

Законы строгія вайны,

І намер гэты патайны,

І афіцэрскую прысягу,

І рызыкоўнасць, і адвагу,

І дэзерцірства без віны.

        Але ж ён, праўда, так мяркуе:

Туды прабрацца і назад,

Калі на добры выйдзе лад —

Ён тут нічым не рызыкуе,

Наадварот — за рэч такую

Здабудзе славы сабе шмат.

Аб ім напішуць і ў газетах,

І ў «Огоньку» дадуць партрэт,

Яго праславяць на ўвесь свет;

А не дасягне сваёй мэты,

        Што ж? сам паплаціцца за гэта,

І марна згіне яго след.

А можа быць і не загіне,

У горшым выпадку палон,

Калі такі ўжо яго кон,

І ад вайны там адпачыне:

У гэтым віры-трасяніне

Такіх налічыцца мільён.

А тут у «Рускім інвалідзе»

Старанна выведзе пісец:

        «...Прапаў без весці», і — канец.

Да Насці гэта вестка прыйдзе,

І будзе ўсё ў законным відзе —

Ідзі, з кім люба, пад вянец!

 

Намечан дзень і час назначан,

Калі ён рушыцца ў паход,

Усё абдумана ўпярод,

І кожны выпадак прадбачан —

Уводзіць самая задача,

Вось гэта труднасць, пераход...

        Надлеццем сон у дзве гадзіны,

Калі ўстае туман-дымок,

Найболей крэпак і глыбок...

Прывет вам, родныя мясціны!

Ды як спаткаеце вы сына,

Што к вам набліжвае свой крок?

 

XI

Бліскучы полаг, пас чырвоны

Фарбуе пожарам усход.

Дзень вось-вось рушыцца ў паход,

Прарваўшы змрочныя заслоны,

І вецер дзесь у дроце звоніць,

Шугае вольны свой палёт.

У пушчы срэбраных прысадаў,

Дзе Млечны Шлях век-векам лёг

Тускнее дыямент-мурог,

        І сходзяць зоры ўжо з пасадаў,

А прадусходняя прахлада

Вандруе з ветрам па палёх.

Эх, ноч, таварышка сакрэтаў!

Не рассыпай свае імжы,

Яшчэ хоць трохі паслужы.

Мінуць бы хоць узгорак гэты,

У той лажок дайсці б да свету,

Дзе хмызу сцелюцца брыжы.

Але знімае ноч сутану

        І беліць пасмы валасоў

І блеску светлых абрусоў,

А на бязмежную паляну

Выносіць дзень свой сцяг баграны

Пад гімны ранніх галасоў.

Прыпыні, вандроўнік смелы,

Ты свой крок!

Возьме вораг на прыцэлы

Неўзнарок.

Прыпыніся, дальш ні кроку —

                Хтось ідзе.

Ліха спераду і збоку —

Быць бядзе!

Эх, паложыш сваю голаў

Без пары!

Прытуліся ніжэй к долу

І замры!

Стрэл! другі! і каля вуха,

Як пчала,

Куля вусцішна і глуха

                Загула.

 

Прыпаў к зямлі наш небарака,

А сэрца стукае, бы звон.

Няўжо канец? Няўжо палон?

Глядзіць — палеглі аўстрыякі,

Іх трое там, паўзуць, як ракі,

А кулі свішчуць наўздагон.

Дык гэта нашы іх спужалі!

Дзяжа ўздыхнуў крыху лягчэй

Ды зноў паўзе, паўзе хутчэй.

        Як толькі можа цісне далей,

Каб не тырчаць наверсе паляй

І каб схавацца дзе лаўчэй.

Там нібы зараснік унізе

Ўстае, агорнуты ў туман,—

Ці чарнабыльнік, ці бурʼян,—

Чытаць так цяжка ў гэтай кнізе,

Дзе ўсё заблутана, бы ў глызе,

І вока ўводзіць толькі ў зман.

І ён шыбуе на ачосы,

        Бо сходзіць час, радзее мрок,

Жаданы ж бераг так далёк.

На твар яго сцякаюць росы,

А думкі кружацца, як восы,

І не знаходзіць схову зрок.

Зірнуў узбоч — і мімаволі

Умлеў, знямеў і страціў рух:

Паўзе з ім нехта ў кроках двух!

 

Д з я ж а

Ты хто? — Маўчыць, ляжыць на доле.

А як разгледзеў, яшчэ болей

        Перахваціла яму дух.

Глядзіць з-пад кучмы валасатай

Замест вачэй сляпы правал,

І зубы шчэрацца ў аскал,

Бы кпіны строяць з свайго брата,

Што зацягнула ў вір пракляты

Варʼяцтва цёмнае і шал.

Прадраў Дзяжу мароз па скуры,

Застыў ні мёртвы ні жывы,

І шапка злазіць з галавы —

        Чаруюць яміны, дзве дзюры,

Бы вочы смерці з-пад пячуры,

Нажамі рэжа смех крывы.

У гэтым смеху безгалосым,

У зроку мёртвым і сляпым

Быў злучан жах, дакор жывым,

Пратэст, праклён галодных, босых,

Што леглі скошаным пракосам

На корм драпежнікам людскім.

Дзяжа, праняты дзікім страхам,

        Схапіўся, кінуўся ў кусты,

А следам гнаўся смех пусты,

Гарохам сыпаўся над гмахам,

Дзе косці, змешаныя з прахам,

Паклалі скрытыя масты.

Дабег. Упаў. Зірнуў, паслухаў —

Страляюць дзесь... Бурʼян, трава

Ды чэзлых кусцікаў са два —

Мясцінка досыць ціха, глуха.

Усё ж з бяды ён выйшаў суха...

        Чаго спалохаўся, дзівак?

На рэчы глянуў больш цвяроза

І разважаць пачаў ён тут,

З чаго той страх і перапуд

І гэта смешная пагроза?

А ў мыслях торкае заноза,

Ці не дарэмны яго труд?

Ды і назад няма звароту —

Ляжы, не рухайся, маўчы.

Адпачывай аж да начы,

        Ці план складай, ці спі ў ахвоту,

А да цямна пакінь турботу —

Мінуты доўгія лічы.

Расчыніла неба сені,

Пазганяла сонца цені,

Пасушыла вільгаць, росы,

Распусціла ў небе косы.

Дзень па свеце пахаджае,

Людзям думкі нараджае,

Дарыць шчодра ім надзеі,

  У шчаслівы край вядзе іх.

Эх вы, думкі-вывітушкі!

Ды няверныя вы служкі:

Посул шчасця вам вялікі,

А плод — шып калючы, дзікі!

Тускнее дзень. Находзіць вечар,

Разводзіць змрокі па лагох.

Звісае пыл ускрай дарог.

У полаг смалі і сінечы

Даль ахінае свае плечы,

І ноч ступае на парог.

У полі горача і парна.

Паветра спёрта. Томіць вар,

І адчуваецца цяжар.

На поўдні водбліск велізарны

Па небе сцелецца вычварна

Крывавым слупам аж да хмар.

Пара! пара! І час прыходзіць.

Глушэе мрок. Ну, гайда ў пуць...

Надзея, сум і страх і жудзь...

        Гусцее цемрадзь на заходзе —

Там хмары ў грозным хараводзе,

Зарніцы сеючы, плывуць.

А фронт адсвечвае трывожна

Успышкай стрэлаў і ракет,

Грукочуць громы ім услед.

Дзяжа з аглядкай, асцярожна

Паўзе упарта і заложна,

Грымотным хмарам шле прывет.

Дзве найтруднейшыя задачы:

        Узяць калючы дрот у лоб

І перабрацца за акоп —

Ніяк не пройдзеш ты іначай.

Памылка ўсякая, няўдача

Палон пацягне або гроб.

Залёг пад сеткай пад калючай,

Глядзіць, напружыў слух і зрок,

Вымае ножніцы і — чок!

І гэты «чок», як стогн балючы,

Варваўся ў цішу, злы, скрыпучы.

        Дзяжа стаіўся і — маўчок!

Счакаў, падстрыг яшчэ драціну,

Адвёў, параніўшы, руку,—

Бы ў сець папаўся к павуку,

І вязне ў гнуснай павуціне,

Назад не выбераш пуціны —

Гані страх прэч! будзь начыку!

Мільгнулі цені над акопам,

Пачуўся шум і тукат ног,

Хрусціць жарства дзесь, як гарох...

        І раптам — блісь агнём-патопам!

У небе спуджаным галопам

Імчыцца гром, трасе разлог,

Находзіць хмара, пасмы сцеле

І ўся палошчацца ў агні.

Эх, вецер-друг! загамані!

Гушчэй, гушчэй звівай кудзелю!

Глыбей, глыбей у падзямелю

Вартаўнікоў ты загані!

І шугнуў дождж імклівым гонам,

        Як срэбра важкі, бы жывы,

Пацёк на долы, паплавы.

Рэж смела дрот, праходзь заслону —

Няма ні скрогату, ні звону,

Мінай акопы і равы!

Дзяжа, скрываўлены, абдзёрты,

Паўзе, як вуж, цярэбіць дрот

І выпаўз з гідасных варот.

Прад ім акоп. Раздумʼе к чорту!

Раз, два і — гоп! парогі сцёрты.

        Надворʼе служыць — упярод!..

Ужо другога дня світанне

Сваю выконвае чаргу

І гоніць прэч імглу, смугу.

Астаўся ззаду шлях блукання,

Цяжарны шлях пакут, туляння,

Каб збыць няпэўнасць і тугу.

І вось нарэшце хутар гэты,

І двор, і дом, і дуб, і сад.

Ці будзе хто яму тут рад,

Як і ў былыя колісь леты?

Ці будзе ласкай абагрэты?

Ці тут засеў чужы салдат?

 

Д з я ж а

Цярпенне, друг, цярпенне,

Як цешыў Курапаткін:

Развеюцца сумненні

І марныя дагадкі!

 

Ён выбраў пункт сабе прыўдалы

Для забяспекі, спасцярог,

У вішняку густым залёг,

        Каб вокны бачыць, двор, прагалы

І каб не згінуць дармагалам

На мілым стыку дзвюх дарог.

Сядзіць ён, мокры, адубелы,

Паходам змучаны, худы,

Адзін між ворагаў, бяды.

Пускае сонца ў неба стрэлы,

А ён, затоены, знямелы,

Шукае прошласці сляды.

Вайны і фронту адгалоскі

        І франтавы няспынны рух

Плывуць, разносяцца вакруг —

Гучаць маторы і павозкі,

І несціханы шум і лёскат

І гром адрывісты — гух-гух!

Але Барыс не тым заняты —

Вачэй не зводзіць ён з двара.

Ужо б, здавалася, пара

І выйсці добрым людзям з хаты!

Няўжо там пуста і зацята

        І ў ёй няма гаспадара?

Яму так сцішна тут і сумна:

Ён тут адзін і ўсім чужы.

Раняюць кропель капяжы

І штось гамоняць мнагадумна...

Стаяць без стрэх, унь, хаты, гумна,

А ў полі туляцца крыжы...

Ша — сокат чуецца курыны!

Як смешна гэта і дзіўно!

Не чуў яго даўно-даўно.

        І нібы нейкія пружыны

Яго ўзнялі у міг адзіны,

І сэрца радасці паўно...

Ён далей робіць спасцярогі

Ды думкі пестуе цішком,

Што не пакінут імі дом.

І бачыць — выйшаў басаногі

Сам гаспадар, пануры, строгі...

Кудысь пасунуўся лажком.

Дзяжа адразу весялее

        І камбінуе новы план

Туды прабрацца за паркан.

І раптам сэрца яго млее:

Ў вакне мільгае хтось, бялее,

Як лёгкі ранішні туман.

І думкі ўсе, і ўся істота,

І ўсе парывы ў тым акне.

Няўжо ўтрывае, не гукне?

Не: лепш спыніць, уняць блазноту,

Ён не парушыць адзіноты —

        Няхай сама сюды зірне!

Ён ловіць гук чуллівым слухам.

Спадае зашчапка з крука,

Мільгае зграбная рука,

І пад яе прыгожым рухам

Узбоч плывуць дзве створкі духам,

А між іх постаць... чужака!

Відаць, ён толькі што з пасцелі...

І хто такі ён, гэты жох?

Так ашукаў! ах, што б ты здох!..

        Нюх маеш добры, прыяцелю:

Не хібіў, шэльма, спрытна цэліў

На фронт... сардэчных перамог!

Нядобрых думак і дагадак

У ім віхнуўся цэлы жмут,

Як неўсвядомлены прысуд...

Ну што ж, такі вайны парадак...

А ён, шальмец, бадзёр і гладак

І пэўна спрытны баламут!..

Як бы кагось шукае ў садзе.

        Пытанне толькі ў тым — каго?

Ну, зразумела, не яго.

Дзяжа, як воўк той у засадзе,

Глядзіць, аддаўшыся абладзе

Бяссілля гэтага свайго.

Чужак, упэўнены, фарсісты,

Крутнуўся выкрутам ўюна

І знік дзесь з проразі акна.

Але ў паветры свежым, чыстым

Плыве матыўчык маршу свістам —

        На тое ж моладасць, вясна.

Дзяжа сядзіць і пільна сочыць,

Як самы шчыры вартаўнік,

А сэрца піша свой дняўнік,

І сэрца іншых вестак хоча —

Шукае постаці дзявочай,

Але яе і след тут знік.

Ідзе хвіліна і другая,

І многа іх, такіх хвілін,

Ды мала, скупа ўсё навін,

        І томіць гэта нем глухая.

Глядзіць — аж зноў ён выплывае...

Так, афіцэр! Ідзе адзін.

Мундзір дагнаны, як уліты,

А кепка ссунута набок.

Смуглявы твар і цвёрды крок,

Як бы з металу ўвесь адбіты,

І вусы чорныя падбрыты,

А зрок удумліў і глыбок.

Дзяжа знямеў — што ж будзе далей?

        Глядзіць, як злодзей, з-за куста...

Відаць, ён ходзіць неспраста,

Ці не чакае свае кралі?

Ці не чужое шчасце ўкралі?

Эх, справа, мусіць, нечыста!

І раптам спрытны афіцэрык

Арлом зірнуў, змяніўся ўраз.

Не йдзе — бяжыць пад пералаз!

Дзяжа ўсхвалёваны без меры,

Глядзіць, вачам сваім не верыць —

  Выходзіць Насця ў той жа час.

І як яны абое рады!

Яна... адкінут сорам, страх,

Глядзіць з адданасцю ў вачах.

Ідуць шчаслівыя ў прысады,

А ты ў цяню сырой прахлады

Усведамляй свой поўны крах!

І гэта што ж — яму адплата

За вернасць, шчырасць, бездань мук?

За раны ног яго і рук?

    За ўсё, што ён захоўваў свята?

І ўсё аплёвана, распята,

Пад ногі кінута на брук!

А ў давяршэнне ўсяго болю

І горкай крыўды і пакут

На лаўку поруч селі тут,

Парывам, жартам даўшы волю...

І хто прыдумаць можа болей

Бесчалавечна-злы прысуд?

 

Ё н

Ну, як адпачывалі?..

        Вы трошкі бледнаваты,

І вочкі вашы вінаваты,

Як бы яны мне што салгалі!

 

Н а с ц я

А вы не будзьце так ахвочы

Заглядаць у мае вочы.

 

Ё н

Ну, як не заглядаць у іх,

Калі яны і вабяць, і палоняць,

І сэрцу многа так гамоняць

У кожны час, у кожны міг?

 

Н а с ц я

На свеце многа слоў пустых,

        І ў гэтых словах праўда тоне.

А я вам мала даю веры,

Бо ведаю — ваш брат

Не надта плача з-за дзяўчат,

І асабліва афіцэры.

 

Ё н

Я слоў сваіх не кідаю на вецер:

Вы для мяне — мілейшая на свеце!

 

Н а с ц я

Не смейце лгаць, а то ўзлуюся

І буду чубіць вас — вось так!

Зрывае кветачку Настуся

І жартам бʼе яго няўзнак.

Ён ловіць руку балаўную

Ды туліць Насцю і цалуе.

 

Д з я ж а

Ў маёй забытай тут асобе

Прымі, Настуся, прывітанне!

І ціха стала, як у гробе.

Знямелі жарты іх, каханне.

А ён, абшарпаны дратамі,

Са следам высахшай крыві,

Стаіць прад імі, як прывід,

        Глядзіць халоднымі вачамі,

Акцёр ва ўласнай сваёй драме,

І смех блукае злы, крывы.

 

Ё н

Вы хто такі, нязваны кавалер?

 

Д з я ж а

Я — рускі афіцэр,

Шаноўны ўража!

А рэшту хай яна даскажа —

Больш пікантна

І са смакам...

Віншую, новая Антанта,—

        Саюз Расіі з аўстрыякам!

 

К р о ч а к

Прашу, мой добры гаспадзіне,

Камедый не ламаць!

 

Д з я ж а

А я прашу вас памаўчаць,

А ваш запал няхай астыне!

 

К р о ч а к

Не забывайце, хто і дзе вы:

Я вас як шпега задзяржу!

 

Д з я ж а

Цішэй! Стрымайце выбух гневу,

Пасмейце пікнуць — улажу!

 

Н а с ц я

Барыс! Злітуйся, супакойся.

 

Д з я ж а

        Баішся, Насця? За каго? Не бойся:

Не буду вам тут замінаць

І аб былым успамінаць.

Вось картачка, лісты,

Мая святыня, амулеты.

Цяпер яны мне — гук пусты,

Вазьмі назад іх ад Дзяжы:

Чужая стала для мяне ты,

А я табе даўно чужы.

Бывай! Бывай!

                І павярнуўся рэзка, крута,

Пайшоў уніз пад схіл гары,

Дзе змрочнасць тояць гушчары.

Прыбіта Насця і прыгнута.

У сэрцы цемра і пакута —

Канец ганебны, без пары!

 

 

XII

У гушчары кустоў брызгліны,

Дзе межаваўся з ярам сад,

Нырнуў Барыс у цёмны спад

Пад навісь горкае каліны...

На сонцы песцяцца галіны...

Няма! Не вернецца назад!

Нібы прыглушаная громам,

Стаяла Насця ў немаце,

А ў сэрцы голас трымацеў...

Як дух, зʼявіўся патаёма

І знік... О, сорам ёй і дому,

Куды зайшла у дураце!

 

Н а с ц я

Любы!

Вярніся! выслухай! даруй!

За ім пабегла пад гару,

І словы ласкі шэпчуць губы...

Няма! Не верне яна згубы!

Віна яе. Плач і гаруй!

Застыла Насця ў немым горы.

        Канец, і шчасця ёй няма!

Хто пахаваў яго? сама!

Ён вечным будзе ёй дакорам,

І на паваблівае «ўчора»

Кладзецца сённяшняя цьма.

 

Н а с ц я

Разбіта чара асалоды...

Мой любы, дарагі!

Хоць боль мае тугі!

Пачуй!..

                                                                                Замерзла плынь пад лёдам,

                                              Пакінуў назаўсёды!..

                                        Даруй!

                Няшчасная дзяўчына!

Што я нарабіла,

Навек яго згубіла!

                    Ой, горкая ж часіна!

                                      І заламала Насця рукі.

    Што будзе з ім?

                        Ён тут адзін,

                        Як непрызнаны брат і сын,

                                                        Апаражніўшы келіх мукі.

                        Ох, сэрца звадлівыя згукі!

                        Вас жывіць сокамі палын!

                        І чэх не меней быў збянтэжан:

                        Здзівіў і з тропу збіў нашчэнт

                        Неспадзяваны інцыдэнт.

Як паступіць яму належыць?

І як прайшоў усе іх межы

Яго праціўнік, канкурэнт?

Злавіць яго ў адну хвіліну!

        Прыняць рад энергічных мер:

Ён вораг — рускі афіцэр.

Яго абразіў і дзяўчыну!

І чэх на «брата-славяніна»

Гатовы кінуцца, як звер.

І як ён схібіў, збавіў тону,

Прыняў пасіўна так удар!

Успомніць сорам — як шкаляр!

І, каб узняць сваю персону,

Наш чэх, не трацячы фасону,

        Як леў, намерыўся ў гушчар.

Ступае крок, глядзіць — на доле

Ляжыць астаўлены пакет.

Дык вось які ён, «амулет»!

Эх, панна, граеш ты дзве ролі!

За ім пабегла з такім болем,

Каб замяніць сабой партрэт!

І зайздрасць чэха забірае,

Падняў пакет, яе лісты,

Імчыцца ў зараснік густы,

І кроў у жылах яго грае.

Эх, песня даўняя, старая!

А вечна новая ўсё ты!

І бачыць — Насця ў смутку, жалю

Стаіць панылая, адна.

Туга ў яе вачах відна,

Як бы прысуд яны чыталі

На цёмнай, жудаснай скрыжалі,

Каб гора вычарпаць да дна.

Падходзіць бліжай — не зважае,

Стаіць нязрушана, маўчыць,

І зоў яго дарма гучыць.

Стаіць далёкая, чужая,

Бо томіць штось яе, пужае —

Не чэх на мыслях у дзяўчы.

 

К р о ч а к

Дык гэта ваш сардэчны друг?..

Прашу даць тлумачэнне:

Што значыць ваша засмучэнне?

Каго ж кахаеце з нас двух?

          І слоў яго не чуе Насця.

        Няма ёй радасці, уцех:

Жыццё разбіў ёй гэты чэх.

І сэрца кроіцца на часці.

На дол гатова яна ўпасці,

Каб замаліць нявольны грэх.

 

К р о ч а к

Скажыце ж мне хоць слова,

Чаму вы раптам сталі сухі

І да пытанняў маіх глухі?

Мне гэта змена ваша нова!

Ці ўжо забыты вамі я,

        І песня скончана мая,

І паплылі навекі хвалі,

Гукнуўшы песняй аб вясне,

І прамільгнулі, як у сне,

І маё шчасце пахавалі,

І мне — стаяць у старане,

Бо ж вы чужынца, вы мяне

Ніколі не кахалі?

 

Н а с ц я

У часе смутку пахавання

Не гаварыце аб каханні

        І не трывожце сэрца раны —

Я гэтак жорстка пакарана

За тыя добрыя хвіліны,

Што з вамі бавіла не раз,

І вось прыйшоў расплаты час:

У сум абернуты ўспаміны...

Сябе віню я, а не вас:

Стрымаць парываў не змагла

І сэрцу волю я дала.

Але праведзена граніца,

        На ёй пастаўлены капец,

Парог паложаны — канец!

Забудзьце ж вы мяне, блазніцу.

 

К р о ч а к

Апошнюю прашу я ласку:

Пакіньце на ўспамін

Мне гэту картачку, як казку,

Як невясёлую развязку

У шчасця ўкрадзеных хвілін.

 

Н а с ц я

Не добры лёс яе і мой —

Не ўспамінайце мне аб ёй!

                І тут жа картачку-злашчасце,

Кунежных слоў на ёй радкі

Яна парвала на шматкі,

Каб выразней канец пакласці

Спакусам гэтым і напасці,

Што налучылі неўзнакі,

Сама ж парывіста і хутка

Мільгнула ў проразі галін

І знікла ў некалькі хвілін.

У садзе стала пуста, жудка...

        Эх, Насця, Насця-баламутка!

І ты адна, і чэх адзін.

А дзе ж Барыс? а дзе ён, сведка

Свайго пасмешышча і здрад?

Не бачыць бы лепш цябе, сад,

Не знаць бы лепш вас, мары-кветкі

Стала чужога недаедкі!

Ці ж ёсць другі такі варʼят?

Бо хто ж так верны быў дзяўчыне?

Хто марыў-сніў, як ён, аб ёй?

        І хто цяпер яе герой?

Чужак у афіцэрскім чыне,

Што на яе ж зямлі-айчыне

Гвалтоўнасць чыніць і разбой!

              У крыўдзе, гневе, абурэнні,

У сэрцы тоячы разлад,

Пакінуў здрадлівы ён сад.

Вось і канец яго сумненню!..

Дык цешся з мілага здарэння!

Вітай спатканне з ёю, брат!

        Куды ж ён пойдзе і што скажа?

Чужынец стаў гаспадаром,

Дзявочых мар уладаром —

Свет засланіла маска ўражжа...

А палажэнне нехлямяжа:

Варожасць, здрадлівасць кругом.

                  Кустамі, тропкамі глухімі

Ён разглядаецца, ідзе

У смутных думках і нудзе

І сам не знае, што прадпрыме,

        І ўсё стускнела, як у дыме,

Няма прасветліны нідзе.

Прысеў нарэшце ў дзікім рове,

Не горне ўсё ж яго палон,

Трымае ўсё яшчэ фасон...

А можа сніць, што ён у схове,

Што Насця з ворагам у змове?

Увы! сапраўднасць, а не сон.

Падпёр ён галаву рукой,

Спусціўшы вочы ў дзірваны,

        Сядзіць, застылы, дзервяны,

А думкі ўюцца талакою,

У сумятні, у непакою,

Нібы над трупам груганы.

              Як дзіўна ўсё гэта сплялося!

Якая вычварнасць дарог!

І выдумаць бы так не змог...

Пустэча, глухасць, безгалоссе.

Нічога больш не засталося

З таго, чым жыў, што так бярог.

        У гразь утоптаны парывы.

Вянок юнацкіх яго мар

Дарэмна ёй нёс ён як дар,

І бег іх радасна-імклівы

Туман агортвае імглівы

Ды туліць гэты цёмны яр.

І адступіла ўсё нейк далей,

Кудысь адсунулася ўбок

І ахінулася ў дымок.

Ні болю вострага, ні жалю,

        І струны сэрца аддрыжалі,

А ён глядзіць на ўсё здалёк.

Над ім, развесіўшы галіны,

Як маці, хіліцца вярба,

Сама пакута і журба.

Разносіць вецер пах расліны

Ды ціха ўздрыгваюць даліны —

Грыміць дзесь гулкая пальба.

І мімаволі ўспамінае

Акопы, роту сваю, полк.

        Узяць не можа сабе ў толк,

Як захапіла мысль блазная

І гэта забаўка дурная

Туляцца між франтоў, як воўк.

Але цяпер яму ўсё роўна:

Забʼюць — няхай, ну што з таго?

Ён толькі хоча аднаго,

Душа адным жаданнем поўна:

Забыцца, сцішыцца бязмоўна —

Ён безудзельны да ўсяго.

        І мыслі блытаюцца, гаснуць.

Абрыўкі вобразаў і слоў

То мільгацяць, то нікнуць зноў,

У тлум зліваюцца няясны,

Каб узысці на шлях уласны —

Пуціну вычварную сноў.

І хвалі сну кунежнай ласкай

Праходзяць лёгенька над ім

І ткуць чароўны свой кілім

Ды шчодра дараць зʼявы-краскі

        І рэчаіснасць лучаць з казкай,

Каб разагнаць тускноту-дым...

                    Расплюшчыў вочы — што за дзіва?

Гарыць зямля і ўсё кругом,

Усюды выбухі і гром.

Снарады выюць праразліва,

Дрыжыць, хістаецца жахліва

Над ім вярба сваім шатром.

Трасецца цемра, як жывая,

Гарыць, купаецца ў агнёх,

        Сталёвы сыплецца гарох

І горкі, долы засявае,

І віскам моташным спявае

Пальбою ўзрушаны разлог.

                  Дзяжа, аглушаны, знямелы,

Ляжыць ні мёртвы ні жывы,

Узняць не смее галавы.

Мурашкі бегаюць па целе —

Аж грудзі ломяць залпы-стрэлы,

А ў нос бʼе дым парахавы.

        І мысляў ён сабраць не можа,

Адкуль, дзе, што яно? і як

Сюды ён трапіў, небарак?

Мацнуў сырое сваё ложа,

І ясна ўстала падарожжа...

Ды што рабіць яму, аднак?

 

Д з я ж а

Перш за ўсё: развага,

Ацэнка абстаноўкі:

Што добра, а што блага,

Каб вывесці высноўкі.

        І думка з вострасцю балючай

Малюнкі піша перад ім

Ды ўсё гаворыць аб адным:

Як выйсці суха з гэтай бучы?

Атака будзе немінуча...

Адно: застацца б хоць жывым!

Унь там успыхваюць зарніцы,

Сюды імкне снарадны лёт!

Папаў, папаў у пераплёт!

А дзе акопныя граніцы?..

        Стой! Гэта з нашых бʼюць пазіцый.

Дзяржы кірунак на усход!

Барыс на момант весялее —

Ён кліч пазіцый улавіў,

Не так гняце яго адрыў,

І ў сэрцы туліцца надзея,

Што, хоць і верыць ён не смее,

Збавенне прыйдзе, будзе жыў.

І робіць далей спасцярогі.

З другога боку, чуе ён,

        Чарга снарадаў наўздагон

Ляціць з варожае дарогі.

Аж дрыгацяць над ім разлогі —

Падайся ніжай пад адхон!

Ён бліжай туліцца к карэнню,

З зямлёю лучыцца шчытней.

А ў галаве ўстае ясней

Малюнак бою, наступлення

І небяспека палажэння,

І сэнс усіх гэтых падзей.

        Ляжыць у рове, як у склепе.

Трасе, аж носіць яго страх,

І смерці чуецца замах —

Вось-вось асколкамі залепіць!

І дзе ад іх схавацца лепей?

А жыць жа хочацца як — ах!

І жаль агортвае, самота.

Няўжо настаў апошні час,

І згіне ўсё, патухне ўраз?

Як томіць гэта адзінота!

        На задні план сышлі згрызоты,

Агонь і жар у сэрцы згас.

                  Але ён робіць намаганне,

Каб зноў сябе перамагчы

І скінуць страху абручы.

«Ці сяду?» — верціцца пытанне.

Мінута вострая вагання,

І ён садзіцца на карчы.

                                                            Навокал пекла, гром усцяжны,

                                                            Зямля ўся ў віхрах агнявых,

                                                            Няма на ёй мясцін жывых.

                                                            І раптам стоп! у колькі сажнях

                                                            Салдат мільгаецца адважны

                                                            І не знікае з галавы!

                                                          Дзяжа ўздрыгнуўся! Тфу ты — зданне!

                                                          Прывід, той самы аўстрыяк,

                                                          Забіты колісь ім смяляк!

                                                          Барыса томіць прадчуванне,

                                                          Што гэта ёсць напамінанне,

                                                        Аб смерці ўласнай яго знак.

 

Д з я ж а

                                                          Забʼюць, ну што ж!

                                                          Ад лёсу не ўцячы.

                                                          Маўчы!..

                                                          О Божа! дапамож

                                                          Даждаць канца начы!..

                                                          Наступлення ўсе адзнакі, —

                                                          Шалёныя галопы

                                                          На іхнія акопы.

                                                          А яны дзе, аўстрыякі?

Ён разглядаецца наўкола —

Ці не падацца трохі ўзад,

        Каб лепш схавацца ад гармат?

Але баіцца рушыць з долу

Ды прыгінае ніжай голаў,

Як праляціць над ім снарад.

Глядзіць, нібы святлеюць далі

Скрозь дым і выбухаў агні...

Эй, хлопча, голаву прыгні!

Асколкі жудасныя сталі

Сіпеннем дзікім засвісталі

У пекле грому, траскатні.

        Вярба хіснулася вярхушкай,

І сук, нібы рука з пляча,

Наніз шугнуў каля карча,

Барыса ж нібы хто загушкаў,

На дол спусціў, як на падушку,

Няма і болю згарача.

Наадварот, нейк лёгка стала,

Нібы прыкрыла яму скронь

Чыясь лагодная далонь

І прыглушыла віск метала,

        І аддаляецца навала

І ураганны той агонь,

І толькі ціхім, мяккім звонам,

Акордам стомленай зямлі

Дзесь аклікаюцца палі

Ды нібы шэпча засмучона

Вярба, схіліўшыся каронай:

«Ляжы, мой голубе, драмлі!»

 

 

XIII

Мінуўшы добрую траціну

Крывавых сцежак і дарог,

Спыніцца мушу на «Шляхох»,

І на кароткую хвіліну

Згарну паэмы я тканіну

Ды за яе зірну парог.

                  У шуме бурнага патоку,

У гаме розных песень, слоў,

Парнас усплыў наверх ізноў.

        Парнас мой бедны! ты — без клёку

Ты ад жыцця стаіш здалёку,

Табе крычаць ужо — далоў!

І марна ўсё тваё старанне,

Хоць ты аб сцену біцца рад,

Каб мець найлепшы атэстат,

Але няма табе нізвання

Ані пахвал, ані прызнання —

Спяваеш ты, да неўпапад!

Не здолен ты папасці ў жылу,

        У песнях тон патрэбны ўзяць

На ўсе сто процантаў, на яць.

Таксама ты не маеш сілы,

Каб ухіліцца ад ухілу

І тыпа нашых дзён падаць.

І страшна мне за лёс паэмы:

Мой крытык возьме строгі тон,

Ухілаў знойдзе ў ёй мільён

І несучаснасць самой тэмы,

Дакоры кіне, што я — немы,

        Глухі на зовы нашых дзён.

І скажа: «Досыць нам блукання

Па збітых, пройдзеных «шляхах»,

Пішы аб сённяшніх франтох!

Давай героіку змагання,

Сучаснасць, волі гартаванне,

Трыумфы новых перамог!»

                  Што я скажу яму на гэта?

Ён пусціць зноў у вочы пыл

І іншы знойдзе тут ухіл.

        Але ў машыны і ў паэта

Свая канструкцыя і мэта,

А кожын — спец на свой капыл.

Яшчэ не скончана дарога,

Яшчэ ў клубок не звіта ніць —

Былое ў сэрцы гаманіць...

Дык не судзі, мой крытык, строга

Работы ўперадзе так многа,—

Я ў іншы круг хачу ступіць.

                  Гудзе казарма, як паводка,

        Чуваць адразу — скрышан лёд:

Узяў уладу сам народ —

І справа проста і каротка!

Ды можа гэта — яшчэ плётка,

А праўды ўсёй — наплакаў кот?

                  Ўжо колькі дзён, як ходзяць чуткі

І ўрэшце вось прыйшлі сюды,

Што ў Петраградзе нелады:

Аб рэвалюцыі пагудкі —

Яе не спыніш, брат, не — дудкі! —

        Гудуць, шумяць на ўсе лады.

Падзея, братцы, немалая.

Дума, студэнты, маракі,

Салдаты ўсе і казакі

Пайшлі насупраць Мікалая!

Сталіца бунтамі палае,

Міністры зніклі, як шпакі.

                  Дзядзькі прыціхлі, з тропу збіты,

І нават строгасць спала з іх —

Кранула вестка гэта ўсіх:

        Няўжо ад трону цар адшыты?

Адрокся, кажуць, сам і — квіта!

Ну, як то сам? няма дурных!

Бо дзе ж то відана, чувана,

Каб вось такія ўладары

Ды самі злазілі з гары

Або мянялі годнасць пана

На ролю простага Івана —

Вось панства, моў, Іван — бяры!

Відаць, прыпёрлі добра к плоту,

        Калі нямілым стаўся трон

І сам прастолу зрокся ён!

Настала свята для галоты —

Папіў ён «кровушкі» ў ахвоту,—

Не гонім, але проша вон!..

Навіны, братцы, дык навіны:

Цару і то ўшчамілі хвост!..

Што ж будзе далей? вось дзе гвозд?..

Ну, падвялі там лоўка міну!

Гані вайне, брат, штык у спіну,

        Валі туды ж яе, пад мост!..

«Ўстаць! смірна!» — гаркнула каманда,

Гнучы ўсю гутарку ў дугу.

Знямела рота, ні гу-гу!

Ідзе паручнік, ротны Гланда,

А з ім і прапаршчыкаў банда

Паважна сунецца ўнагу.

А самі ўсе яны сурʼёзны

І свой захоўваюць фасон,

Спяваць гатовы ў адзін тон,

        Хоць, можа, думаюць і розна.

Паручнік кінуў погляд грозна.

Ды так салдатам кажа ён.

 

Р о т н ы Г л а н д а

Рабята, слухайце сюды!

Адбыўся ў нас пераварот:

Уладу ў рукі ўзяў народ,

Бо лад стары быў — нікуды

І паў, аджыў свае гады.

Цяпер Дзяржаўная дума

Абрала новы ўрад сама:

                                    Гучкова,

                  Мілюкова,

                  Князя Львова

І іншых дэмакратаў,

Што цвёрда сталі за народ

І ў першы чарод

За вас, рабята!

Народу воля такава.

Найвыдатнейшая ж персона, галава —

Керэнскі, адвакат.

        Ён шчыры дэмакрат,

Ад галавы, сказаць, да пят.

Цяпер дадуць зямлі народу

І поўную свабоду:

Што хочаш гавары,

Ды толькі не дуры,

Бо першае, што новы ўрад

Патрабаваў ад нас, салдат,

Дык гэта, братцы,—

Дысцыпліна!

        І вы павінны пастарацца

Намовам розным не паддацца

І ворагу на страх

Трымаць высока сцяг

Грамадзяніна!

Няхай не цешыцца наш вораг,

Аб рэвалюцыі пачуўшы весць,

Што рэвалюцыя нас зʼесць

І баявы падмочыць порах.

Пакажам жа яму, чаго мы варты,

        Што волю мы умеем шанаваць

І будзем далей ваяваць,

Крышыць яго, біць не на жарты...

Яшчэ раз, братцы, дысцыпліна

І служба перш за ўсё, рабята!

На вас глядзіць уся краіна.

Трымайце ж сцяг грамадзяніна

І салдата!

                  Панове афіцэры,

Бярыце ўзводы!

        Замест славеснасці пустой

Займіцеся работаю другой:

Байцам тлумачце сэнс свабоды

І ўрада новага намеры.

Чытайце ім «Русское слово»,

Дзе ўсё апісана падробна

І, я сказаў бы, беспадобна,

І прышчапляйце дух здаровы.

Прызналі ўсе пераварот:

І глаўны штаб, і ўвесь народ!

                                      Чытае ротны настаўленне,

Як самы шчыры дэмакрат,

На новы шлях вядзе салдат,

Знаходзіць бурнае натхненне

Рассыпаць шчодрае хваленне,

Каб узнясці Часовы ўрад.

Паручнік Далін сочыць збоку,

Як Гланда робіць змену вех,

Ды толькі ў вус пускае смех:

Ну і спрытняга ж, ну і дока —

        Перарадзіўся ў момант вока!

Ну чым, скажыце, не стратэг?

                  Пабралі прапаршчыкі ўзводы,

На нары селі і давай

Распісваць воінам тут рай,

І перавагі, і выгоды

Ад заваёванай свабоды,

Але адно ты, воін, знай:

Вайна яшчэ ў сваім разгары,

Яшчэ гудзе прызыўны звон:

        Гані з Расіі немца вон!

Крытычны час, гусцеюць хмары,

Прынесці трэба нам ахвяры,

Каб спажываць свабоды плён.

Экскурсы робяць хто як можа

У глыб гісторыі, вякоў —

Штурмуюць факт з усіх бакоў,

Бо рэвалюцыя пахожа

Ў жыцці людзей на раздарожжа,

Дзе з тропу зводзяць прастакоў.

        Гамоняць прапаршчыкі з жарам,

Між імі — вер ім ці не вер —

Ёсць і рэвалюцыянер,

Што да народу стаяў тварам,

І вось прыйшоў час яго марам

Ператварыцца ў факт цяпер.

                  Трашчаць салдацкія галовы

Ад гэтай процьмы новых слоў,

Ды беднаваты іх улоў.

Адно ім ясна з той прамовы:

        Пагоняць іх, хоць лад і новы,

На бойню зноў, як тых валоў.

Глядзі, тут нешта не ўсё ладна:

Пераварот зрабіў свой брат.

Ці ж за вайну стаіць салдат?

Чаму начальства так спагадна

І ў тон адзін спявае складна,

І кожны стаўся дэмакрат?

Няверʼе, сум бярэ салдата:

На ліха ж той пераварот?

        Пра мір сказалі б наўпярод,

Дык не, пра мір маўчаць зацята!

Хіба ім выбраць дэпутата

Разблутаць гэты перамот?

                  Паручнік Далін скуп на словы:

Не агітатар ён — салдат,

Ён рэвалюцыі не рад —

Разваляць армію прамовы!

Глядзіць ён скоса, хмурыць бровы —

Вайна праіграная, брат!

        Але і ён паддаўся плыні

На волю выпушчаных слоў

І хоча сам вучыць «аслоў».

 

П а р у ч н і к Д а л і н

Салдаты! Русь святая згіне,

Калі вайну салдат пакіне,

Што, бачу, ён зрабіць гатоў.

Мільёны шкурнікаў, брадзяг,

Нікчэмства, прах

Шалаецца ў тылох

Без дзела, без дарог.

        Ні абавязкаў, ні сумлення,

Ні ў чым ніякага адказу.

Адно іх толькі прызначэнне:

Насіць заразу

Разлажэння!

Цяпер яны,

Не нюхаўшы вайны,

Прахвосты, дэзерціры,

Узнімуць голас, крык аб згодзе:

Паваявалі, моў, і годзе!

        Далоў вайну! мы хочам міру!

Што ім вайна? Што ім Айчына?

Нарэшце, што свабода ім?

Глухія словы, маска, грым!

Цяпер жа знята з іх ляйчына —

Не смей крануць грамадзяніна!

Грамадзянін ты, сукін сын?

Вашывы струп і гной на целе,

Чартапалох!..

Ганіце вон такіх прайдох,

        Каб тут яны і не смярдзелі!

У чым жа сэнс перавароту?

Адмесці гніль і ўсю брыдоту,

Дарогу даць таму,

Што чэсна і здарова,

А з гніллю, шкурніцтвам

Расправіцца сурова!..

Салдаты мы, нам трэба ваяваць,

А на ўсё іншае — пляваць!

                  Вось так паручнік адчыкрыжыў

        Сваю праграму, свой пагляд,

Але не ўсцешыў тым салдат.

Не, тут прыгнуцца трэба ніжай,

Каб падысці да праўды бліжай —

Хай слова скажа тут свой брат.

                  Як патрывожаныя пчолы,

Шуміць, гудзе салдацкі рой.

Распаўся ўвесь казённы строй.

Салдат, падняўшы свае полы,

Ідзе на мітынгі з стадолы.

        Ён — цэнтр увагі, ён герой.

За ім, як хлопцы за дзяўчынай,

Прафесар ходзіць і студэнт,

Часамі поп, інтэлігент.

Цікавяцца ўсе «ніжнім чынам»,

Бо толькі ён сваёй айчыне

На шчасце можа даць патэнт.

А што ж рабіць яму? Парадкі

І дысцыпліну захаваць

І здольнасць далей ваяваць,

        Каб на абедзве на лапаткі

Шпурнуць, прыціснуць немца гладка

І волю тым застрахаваць.

                  Грымяць прамовы, слоў багата,

І што ні момант, што ні час

Абвестка новая, прыказ,

Сюды, туды шлі дэлегата,

Ад кожнай роты па салдату,

А то і некалькі зараз.

Растуць, буяюць камітэты,

        Канца не ведае іх штат —

На дэлегаце дэлегат,

Адозвы множацца, газеты,

У ход пайшлі «эсэр», «кадэты»,

І ўсе крычаць: ваюй, салдат!

Але салдаты не ахвочы

Да гэтых лозунгаў і слоў.

Даволі, годзе ўжо ліць кроў!

Даволі пыл пускаць у вочы!

Няхай ваюе той, хто хоча,—

        Не трэба ім вайны — далоў!

Вядуць кірунак свой салдаты,

І хоць Керэнскі той — эсэр,

Ды і яму не надта вер —

У іх свае ёсць дэпутаты...

Ідуць дыскусіі, дэбаты,

Набок адсунут афіцэр.

                  Злыя ходзяць афіцэры.

Горкі смех іх крывіць губы —

Расшрубованы ўсе шрубы:

        Няма войска, ёсць зброд шэры.

Што ж? свядомасць — дысцыпліна,

Усчувай іх толькі словам,

Ды бяда: пустым галовам

Больш патрэбна — што? — дубіна!

А прыказ той чаго варты

Знамяніты, нумар першы?!

Развалілі войска, шэршні,

Далі ў рукі немцу карты!

Распярэзана «кабылка»...

        Вось дзе свята ёй, дык свята!

Не, не зробіш з халуя ты

Угаворамі асілка!

Мітынгуюць, гарладзёры,

Самі топяцца ж у брудзе...

                  Гіне Русь, дабра не будзе,

Бо няма ні ў чым апоры!

Разброд, разлад. Няма надзеі.

Расце анархія, развал.

Старарэжымшчык генерал

        І паказацца ўжо не смее,

І кадр палкоўніцкі радзее,

Змывае ўсё салдацкі шквал.

А ў пятай роце Клім Сафонаў,

Яфрэйтар, ён жа дэлегат,

Чытае з прыціскам даклад.

Тлумачыць новыя законы

Наконт вайны і абароны

І дэкларацыі салдат.

 

Д э л е г а т С а ф о н а ў

Таварышы! пад націскам Саветаў

        Рабочых і Салдацкіх Дэпутатаў

Прыказ па войску выйшаў гэты.

Дык вось, таварышы салдаты!

Наўперад мы былі рабамі,

За глупства нас каралі строга,

Казарма нам была астрогам.

Цяпер жа самі мы з вусамі,

Свабода нам дана,

І вось яна:

У карты хочаш граць ты — грай!

        Задумаў у тэатр — валяй!

Бо ты цяпер не «ніжні чын»,

А, як і ўсе, грамадзянін!

Дысцыплінарнае ўзысканне

Касуецца дазвання:

Папаўся ты ў бяду,

Адказвай па суду!

А што да «блага» і «высока» родзіі —

Шабаш, і зваць так годзе іх!

Заві па чыну,

        Дадаўшы «гаспадзіна»:

Гаспадзін капітан,

Гаспадзін палкоўнік,—

Як іх паказвае каптан,

Які хто з іх чыноўнік.

А вось наконта замірэння,

Дык справа глухавата,

Але не зрушыш ты салдата

За буржуёў у наступленне!

Ёсць партыя адна —

За нас, таварышы, яна!

 

 

XIV

Шумяць на сходзе афіцэры

Сто дваццаць трэцяга палка,

Як паўнаводная рака.

Прыняць якіясь трэба меры,

Каб не распоўзся натоўп шэры,

Ды зноў за рогі ўзяць быка.

У войску пала дысцыпліна,

І лейцы выпушчаны з рук.

Салдат глядзіць, як той бірук,

        Служыць не хоча больш Айчыне,—

Расшрубавалася машына,

Прапала армія, каюк!

Не ходзяць роты на вучэнне,

Упаў нашчэнт ваяцкі дух.

Салдат к вайне стаў нем і глух.

Адно няшчасце і мучэнне

Глядзець на тое разлажэнне,

На дэзерцірскі гэты рух.

Рабіць штось трэба, даваць раду,

        Намеціць нейкі сталы план,

Каб анархічны знішчыць стан,

Ці так ці сяк прыйсці да ладу

І выйсці з тога заняпаду,

Развеяць моташны туман.

                  Палкоўнік Грун сядзіць суровы.

Ён — камандзір і старшыня,

Сам абвясціў павестку дня.

Ну, што ж? такі ўжо звычай новы:

Не ступіш кроку без прамовы,

        Ды Бог не дасць — не зʼесць свіння.

Але скрабе яго сумненне:

Ці проймеш словамі салдат?

Вайну прасвішча адвакат,

Хоць ён змяніў сваё адзенне

І ўзяўся за «аздараўленне»,

Каб зноў завесці ў войску лад.

 

П а л к о ў н і к Г р у н

Давайце зоймемся мы справай.

Нам трэба абсудзіць,

Як прынцып вольнасці.

        З ваяцкай здольнасцю,

Са службай пагадзіць,

Як справіцца з распушчанай аравай.

Не будзем мы граха таіць

І закрываць на факты вочы:

Мікроб анархіі салдата точыць,

Няважна справа ў нас стаіць!

Пустуюць каравулы,

І з цэлага палка ў нарад

Сабраць не можам мы салдат,

        Пайшлі адлучкі і прагулы.

Салдат не хоча службы несці,

Не аддае начальству чэсці.

Няма на фронце папаўнення,

Бо маршавыя роты

Дарогай сыплюцца ў разлёты,

А там, на месце назначэння,

Звычайным сталася яўленне:

Замест салдат —

Пусты мандат

        І лозунг куцы:

«Мір без анексій і кантрыбуцый!»

Няможна далей, гаспада,

Цярпець анархіі такой:

Пад цвёрдаю рукой

Быць мусіць грамада,

І Керанскі сам гэта зразумеў...

 

Г о л а с

Па часе розум дураку

Ці пойдзе толькі на руку?

 

Д р у г і г о л а с

Каб розум той наўперад меў!

 

П а л к о ў н і к Г р у н

        Бярэцца курс на дысцыпліну,

І сам салдацкі камітэт

Павінен тут пракласці след

І нацягнуць тужэй ляйчыну.

Намацаць трэба сарцавіну,

Каб адабраць, ну, самы цвет:

Не дэзерціраў-гарладзёраў,

Не здраднікаў-бальшавікоў,

А дысцыплінаваных стралкоў,

Пакласца б можна на каторых,—

        У іх павінна быць апора!

Вось метад наш якоў.

І мой стражэйшы вам наказ:

Я трэбую ад вас,

Ад афіцэраў, свайго брата,—

Не пакідаць нідзе салдата!

Быць з ім часцей.

Усчуцце — слова

І прамова,

Няхай свядомасць іх расце,

        Парадак мусім мы завесці:

Пытанне гэта — справа чэсці,

Наш доўг і абавязак,

Чакаць не трэба тут указак,

Бо згіне армія — свабода прападзе,

І Русь утопіцца ў бядзе.

У гэтым вось пытанні

І выкажам свой погляд, меркаванне.

                  Запалу многа і напору:

З дзесятак рук паднята ўгору,

        Бо на хваробу гаварэння

Хварэлі ўсе без выключэння:

Палкоўнік баявы,

І поўны генерал,

І прапар, і капрал,

І просты радавы.

 

П а л к о ў н і к Г р у н

Капітан Кунашын!

Слова ваша.

                  Кунашын, строгі і смуглявы,

Старой закваскі капітан.

        На рукаве — адзнакі ран,

А на грудзях — прызнанне славы.

Зірнуў налева і направа,

Адсунуў трохі ўбок наган.

 

К а п і т а н К у н а ш ы н

                  Бясспрэчна, гаспада:

                  Парадак — гэта так!

                  Да толькі вось бяда:

                  Прамовы — ерунда,

                  А выбары — пусцяк!

Ці мысліма, начыстую сказаць,

        Развязаны натоўп ды словамі звязаць?

Не цешцеся ілюзіяй, што вы

Прамовамі адновіце дух войску баявы.

Крычы да хрыпаты,

Аратарствуй, хоць трэсні,

А фронт напомніў ты —

І скончаны ўсе песні.

Што тыя камітэты?

Навошта іх паслугі?

Не пройдзе нумар гэты,

        Дарэмныя патугі,

Бо погляд вузкалобы,

Што гэтыя хваробы

Ды вылечыш без пугі.

Ну дзе ж, скажыце, бачана,

Ёсць прыклад дзе-нібудзь,

Каб дух ваяцкі страчаны

Прамовамі вярнуць?

Начальства ашальмована,

Разбіт аўтарытэт,

        І армія пахована,

Бо — глупства камітэт!

Ці ж то не ідыёцтва,

Не поўнае банкроцтва:

Вайна і... галасаванне?!.

Куды ж тут ваяванне?

Вядуць у войску прапаганду

Супроць вайны і афіцэраў.

Прыняць нам трэба меры

І абясшкодзіць гэту банду!

        А пропаведзь братання,

Прадажніцкага брацтва!

Ці ж гэта не варʼяцтва,

Скажыце, грамадзяне?

Няшчасны шпак,

А з ім праступная арава

У войску правіць сваё права,

Дзе трэба строгасць і кулак,

Іначай тут не будзе ладу.

Прэч капялюшную ўсю шэльму!

        Адно тут трэба: смерць за здраду

І вешаць агентаў Вільгельма:

Бальшавікоў і дэзерціраў

І іхніх камандзіраў!

                  Пранёсся шум, як ураган,

І крыкі «Брава, капітан!»

 

П а л к о ў н і к Г р у н

Я мушу вам зазначыць, капітан:

Не можам парушаць мы рэчаў стан —

Свабода ўсім дана,

Хоць войску шкодная яна,

        А ў час вайны і небяспечна

І, можа, нават недарэчна.

Прызналі мы Часовы ўрад,

Нам трэба выканаць загад

І ў межах новага закону

Павінны вынайсці шляхі,

Каб непарадак зжыць ліхі

І ўсё аддаць на абарону...

                  Слова мае прапаршчык Грынчар!

 

Г а л а с ы

Зажар, Грынчар, зажар!

                                          Грынчар — юрыст. Быў пракурорам

І старажылам у палку.

Прымаў і важыў тут муку,

За час вайны не ведаў гора:

Ён акапаўся не са ўчора,

Бо меў за спінаю руку.

 

П р а п а р ш ч ы к Г р ы н ч а р

                  Не буду я рабіць ацэнкі

                  Ні новых форм,

                  Ні новых норм,

                  Але ў наяўнасці ёсць сцэнкі,

                                    Што ўжо на нашыя пашчэнкі

                  Замах вядзе салдацкі шторм.

                  Не далей як учора

                  Праходжу я таўчок

                  І чую — землячок

                  З таварышам гуторыць:

                  — Па шапцы афіцэраў!

                  Гнаць вон усіх дачыста:

                  Яны не нашай веры,

                  І ўсе яны, халеры,

                                      Імперыялісты

                  Ды ўсё глядзяць у прызму,

                  Пад хвост капіталізму!

                  Адшыць іх тут і — баста,

                  Бо шкодная нам каста.

                  Не трэба рэвалюцыі,

                  Ніякай кантрыбуцыі

                  І нэксіі зубастай!

Вось вам узорыкі настрояў,

Паняцця масы радавой.

        Куды вядзе такі развой?

Чым будзеш крыць такіх герояў?

А іх не двое і не трое

У абстаноўцы тылавой!

На што іх думка скіравана?

Чаму ім вораг — афіцэр?

Куды глядзіць здзічэлы звер?

О, гэты звер позна ці рана,

Бальшавіком нашпігаваны,

Не так завые, як цяпер!

        Пакуль што ён глядзіць шакалам,

Трусліва тоіцца ў цішы,

Здалёк паказвае шышы

І толькі робіцца нахалам,

Бо ўсё праходзіць дармагалам,

Якіх рашэнняў ні пішы.

Паколькі кара скасавана,

Дык і не выйдзе нічарта.

Вот Ахілесава пята!

Не проймеш словамі балвана,

        І згодзен я тут з капітанам,

Што камітэты — суята!

На чым яны ўгрунтуюць права?

Дзе сіла іхніх пастаноў?

Мараль заместа бізуноў?

Лібералізм — якая слава!

Ідылістычная забава

Ідылістычных свістуноў!

                  Цяпер наконт аддання чэсці.

Сказаць, не новая ўжо весць...

        Пахерыць к чорту гэту чэсць.

Як непатрэбную, адмесці

І прах ад ног яе атрэсці,

Каб не было таго, што ёсць.

Глядзіш — махнулі вам рукою —

Ці то салдат, ці то матрос,

Нібы руку к ілбу панёс.

І што ж? З ухмылачкай такою

Састроіў жарцік над табою:

Ты казырнуў — ён длубнуў нос!

                Не, гаспада: на голым слове,

На агітацыі адной

Мы селі ў лужыну з вайной.

Парадак будзе пры умове,

Калі закон што найсуровей

Махне па вольніцы блазной.

                  Яшчэ прамовы ў тым жа тоне

Ліліся доўга. Пад канец

Выходзіць прапаршчык Дунец.

Ён у прамоўніцкім разгоне

        Аддаў падатак «абароне»,

А далей так казаў блазнец.

 

П р а п а р ш ч ы к Д у н е ц

На радасным прадвесні

                  Новай эры

У паніку ўдаліся афіцэры

І безнадзейныя спяваюць песні.

Ім страшна стала,

Свабода пудзілам зʼявілася для іх,

Чужынцам між сваіх,

І выбіла з сядла разгульная навала.

        З усіх старон

Я чую тут хаўтурны звон —

Хаваюць армію, Расію

Ды слёзы льюць па дысцыпліне

І па пахованай дубіне,

Чакаюць новага месію

З паднятым кулаком

На страх бальшавіком,

На іх зламанне шыі.

Спытаюся ж я вас,

        Калегі-афіцэры,

Што ж вы і ў якой меры

Зрабілі ў гэты час?

                  Салдаты —

                  Супастаты,

                  Адбіліся ад рук,

                  Яны ўсё вінаваты,

                  Майстры ўсялякіх штук.

Між намі і салдатам

Ляжыць правал глыбокі.

        Чаму ж мы адзінокі

З няпрызнаным мандатам?

Сайдзіце з вышак на нізіны

І чалавечым языком

Загаманіце з земляком,

Без злосці, без дубіны.

У нас з ім сувязі няма,

Мы топчамся дарма.

                  Сцерці межы

                  І адзнакі:

                          Ты — салдат,

                  Я — афіцэр!

                  Вецер свежы,

                  Час інакі.

                  Рад, не рад,

                  А фактам вер.

Даволі совацца ўпацёмку

І скаголіць!

 

І р а н і ч н ы г о л а с

Вуснамі дзіцёнка

Ісціна глаголе.

 

        У іншы бок пайшлі прамовы,

Другі матыў гучыць у іх.

Што ні прамова — новы штрых

Тут і маральныя асновы,

І вера ў розум наш здаровы,

У моц традыцый баявых.

Надзеі ёсць. Не ўсё прапала,

І толькі шчыра ўзяцца варт,

Адкінуць смешачкі і жарт,

А падысці да справы стала,

        І такіх прыкладаў не мала,

Калі і слова дае гарт.

Патрэбна сувязь больш жывая,

Бліжэй стаць трэба да салдат,

А хто сапраўды дэмакрат,

Той больш у іх і выйгравае.

Нам шкодзіць звычка векавая,

Каб на дубіне строіць лад.

Вітаць нам трэба камітэты

І выбіраць людзей сваіх,

        Каб націск там рабіць на іх,

Праводзіць, ставіць свае мэты,

Каб прынцып выкарыстаць гэты

У інтарэсах баявых,

Расію мець на відавоку

І здольнасць войска ваяваць —

Свабоду трэба захаваць.

Карысці мала, няма клёку

Глядзець з пагардай, стаўшы збоку,

І толькі ўсё крытыкаваць.

        А «крытыкі» маўчаць сурова,

Хіба хто рэпліку падасць,

Калі што трапіцца пад «масць»,

І толькі хмураць лоб і бровы.

Ну, што ж? Старацца ўсе гатовы,

Калі на ўсіх прыйшла напасць.

 

П а л к о ў н і к Г р у н

                  Аформім меры нашы,

Каб іх выконваць строга,

З нас трэбуецца многа,

Ды гэта нас няхай не страшыць.

        З шэрай масай шынялей,

Ці люба гэта, ці не люба,

Разгорнем тэмп работы швыдкі

Праз гутаркі і чыткі

І абярнём казармы ў клубы.

Запросім і прафесароў

І дыспуты наладзім,

У лужыну пасадзім

Староннікаў анархіі і іншых вухароў,

Афіцэр не толькі камандзір —

        Ён ёсць настаўнік, правадыр.

Падцягнем нашы роты

І павядзём іх роўнаю дарогай.

Дык з Божай дапамогай

Прыступім да работы!

 

П а р у ч н і к Д а л і н

Я не хачу ламаць камедый тут,

Абарачаць трагедыю на фарс.

У гразь зляцеў бог Марс

І выпусціў свой жгут.

Не буду я сябе дурачыць —

        Прашу на фронт мяне назначыць!

Я не палітык, не прамоўнік,

Не будзе тут з мяне карысці,

Не бачу я другога выйсця.

Вось рапарт, гаспадзін палкоўнік!

Я не мастак расхлёбваць куцярму

І гэту блытаніну.

 

П а л к о ў н і к Г р у н

Вы кідаеце полк у цяжкую часіну.

Як афіцэру і грамадзяніну,

Вам трэба помніць дысцыпліну.

        Ну, што ж? я рапарт ваш прыму.

 

 

XV

Цяплом дыхнуў лагодны вецер,

Вясне пракладваючы тор

У кожны закутак і двор,

Гусцей загуў у голым вецці,

І радасць волі запрымеціў

Марозам здушаны прастор.

Аселі гурбы на сувеях,

І гаманлівыя раўкі

Пабеглі з гор ва ўсе бакі.

        Само паветра ласкавее...

Што ж за навіны і падзеі

Нясуць вясеннія дзянькі?

Пытанне гэта ўсіх цікавіць:

Вайскоўцаў, простых грамадзян,

Інтэлігенцыю, сялян

І ўсіх, што дотык мелі ў справе

Вайны і міру неўзабаве,

І тых, што песцілі свой план.

Было ж нямала гэтых планаў

        І меркаванняў і надзей,

І той ці іншы дабрадзей

На свой манер пускаў туману,

Сябе, другіх яшчэ дурманіў,

Хоць і смяшыў ужо людзей.

Такім смяхоццем сталі мары

Наконт Басфору, Дарданел —

Навекі выслізнуў тунель,

І галічанскія абшары

Дарэмна бралі з нас ахвяры —

        Ганебна селі тут на мель.

Але настырныя ваякі,

«Айчыны верныя сыны»,

У свае веравалі сны.

І распіналіся пісакі

На розны лад, на тон усякі

І не выходзілі з вайны.

Вайна ж на фронце замірала,

Вайна ў тылу пайшла на спад —

Не тым жыве цяпер салдат:

        Патрэбаю надзённай стала —

Перакаваць меч на арала

Ды йсці дамоў заводзіць лад.

Ды покі што казарма жыва,

Кішаць салдатамі тылы.

Але з іх толк ужо малы:

Не цягне возу конік сівы

І час праводзіць дурасліва

Ды тоіць замысел свой злы.

                  Салдат абʼектам стаў увагі

        Вакол яго не моўкне бой,

Яго ўсе цягнуць на бок свой,

Ідуць з паклонам да сярмягі

І языкамі замест шпагі

Заядла бʼюцца між сабой.

У войску рэй вядуць эсэры.

Эсэру ўторыць меншавік —

Кадэт даўно са сцэны знік,

Але й эсэрам няма веры:

І іх бракуе герой шэры —

        Яму больш зручны бальшавік.

                  У пятай роце наш Сафонаў,

Цяпер эсэр і дэлегат,

Сабраў вакол сябе салдат.

Ён быў на сходзе гарнізону

І сам стаяў за «абарону»,

Але цяпер даў крок назад.

 

С а ф о н а ў

Усякіх там было прамоў,

І добрых і благіх,—

У конскай галаве не змесціш іх!

        Быў лозунг кінуты: «Дамоў!»

«Вайна палацам, мір халупам!

Даволі быць буржуйскім слупам,

За іх машну

Вясці вайну!

Далоў яе! далоў!»

І што ж? Каторыя былі там буржуазы,

Кадэты і афіцарʼё,

Ашчэрыліся, як звярʼё,

Гармідар паднялі, заразы:

        «Прадажнік! вон будзь ласкаў!

Далоў, Вільгельмаўскі халуй!».

Падняўся дзікі алялюй,

Але наш брат у масе пляскаў.

 

А д з і н с а л д а т

О, трасца матары і скула ім у бок!

Не хочуць міру,

Бо нагулялі сабе жыру.

Не, дудкі, галубок!

Ваюйце самі на здароўе

І сабе на безгалоўе!

 

Д р у г і с а л д а т

        Пастой, брат, не фарсі,

Не пераскочыўшы, не гопай:

Прыпруць — і пойдзеш у акопы,

І хвігу ты зʼясі.

 

П е р ш ы с а л д а т

Затонкая кішка,

Не вытрымае пуп,

А мір табе не люб —

Шукай сабе дружка,

Паслушных дуракоў.

А я, брат, не такоў:

        Абветраюць дарогі

І — давай Бог ногі!

 

У з в о д н ы Т а л а л а й

Ну, гэта спосаб стараваты.

Не варт было цара скідаць

Дзеля таго, каб драла даць,

Ды зноў падмазваць салам пяты.

 

П е р ш ы с а л д а т

А мне то што, вон з іх душа!

 

С а ф о н а ў

Цыц, хлопцы! ша!

Таму, як мы ёсць грамадзяне,

Павінны ж мы парадак мець

        І ў лес не перці, як мядзведзь,

І не хадзіць, як у тумане.

Тут розум трэба і развага.

І лозунг нейкі мець адзін,

Калі ты ёсць грамадзянін,

А не даўбешка і не шляга:

Ты пойдзеш, я пайду і ўсе,

Дык нас паловяць пакрысе,

І будзе зноў старая пляга...

Палітыка і тактыка адна:

        Не скончана вайна.

А іхняя дэмакратыя

Не лепш ад той, што носам землю рые:

Заклікалі яе да згоды —

Давайце, моў, вайну канчаць!

Заключым мір, прыбʼём пячаць

І адстаронім перашкоды,

Бо ўсе стаміліся народы.

Яны ж, як ідалы, маўчаць.

Ніякі чорт на мір не йдзе.

        Нам трэба быць у грамадзе,

А ўжо мы самі грамадою

Пакончым з рознаю брыдою.

 

Г о л а с

Дык, значыцца, не будзе міру?

Няма канца, згінь ваша маць!

 

С а ф о н а ў

Пакуль што будзем фронт трымаць.

 

Г о л а с

Ды гніць ізноў у жвіру,

Валяцца, як калода,

У брудзе, у гнаю.

Дык чхаць мне на тваю свабоду

        І рэвалюцыю тваю!

Падумаеш — знайшліся камандзіры

І гэтакія гогі —

За месяц выраслі ў іх рогі —

На затычкі для дзіры.

Зʼявіліся другія афіцэры

Ды рассусольваюць паперы.

Шалаюцца, як сукіны сыны,

Залезшы ў новыя паны.

                  Зірнуў Сафонаў зверавата,

        Абразы гэтакай не знёс

І чмыхнуў у кірпаты нос:

Старарэжымным яшчэ матам

Пакрыў сярдзітага салдата,

А з ім і скептыкаў наўскос.

 

С а ф о н а ў

Ты — долата і квач!

Што ж мір, па-твоему, калач?

Ці ліверная каўбаса?

Зарваў капейку, на таўчок

Пайшоў, купіў за пятачок?

        Пляце, не змыслячы ні пса.

Не ты адзін да міру падак,

Але павінен быць парадак

І форма і закон:

Без формы, без закону

І будзеш ты ядроны,

Якім і быў спакон.

А рэвалюцыя табе не цётка,

Расправа тут каротка.

А прыйдзе пастанова,

        Дык здохні ці памры,

Але чакай свае пары

І ані шэп, ні слова!

                  З запалам, нават з абурэннем

Сафонаў вывергнуў свой гнеў,

Аж нос яго пачырванеў.

Але, заўважыўшы сіпенне,

Салдацкіх мас нездавальненне,

Ён тут жа зараз прысмірнеў.

Ахамянуўся, што даў маху

        І меру трохі перабраў

У дачыненні сваіх праў.

З ілба ён ссоўвае папаху

І, каб унікнуць свайго краху,

Ідзе, як кажуць, на ура.

 

С а ф о н а ў

                  Таварышы! Мы — вольны,

Сказаць, і раўнапраўны —

Тут спрэчкі марнатраўны:

Інтэрас наш — супольны.

Дык слухайце, стралкі:

        Што ёсць вайна?

Тут справа ўсім ясна,

І вывад вось які —

Буржуі, імперыялісты

І ўсякія яшчэ там брандахлысты,

Каторыя таўсцеюць ад вайны

І карк нагульваюць двайны,

Псуюць усё яны:

Сказаць тут з пазвалення,

Разводзяць антымоніі

        Аб рознай аўтаноміі

І іншай гегемоніі,—

Дык вось дзе зла карэнне!

Ім, бачыш ты, выгодна

На карк уссесці нам.

Дык бі іх па шыям,

Бо пропаведзь іх шкодна!

А як жа мы, каторыя

Рабочы і салдат?

Адрознены наш брат

        Ад іншай катэгорыі.

Мы ёсць дэмакратыя,

І наша цяпер сіла.

Хто супраць нас — магіла,

І мы цяпер не тыя!

Парадак, так: павінны мець

І слухаць пастаноў,

Вайну ж — далоў!

Дык вось як разумець!

                  Грымеў Сафонаў, а прамова

        Ніяк не клеілася ў лад.

Пацеў наш бедны дэлегат,

Бо закідаць ён мусіў слова

Аб гарнізоннай пастанове

Наконт паслушнасці салдат.

 

Л у з г і н

Дык як жа разумець:

Калі вайну далоў,

Чаго ж нам тут марнець?

Пускалі б нас дамоў!

 

С а ф о н а ў

Ты ёсць нестраяўшчына,

        І розуму ў цябе ні сукіна сына.

                  Хто пусціць нас?

                                                                        Раз!

                  Хто ўлада, галава?

                                                                        Два!

Калі народ праз выбарных сваіх

Выносіць пастановы,

Мікіць тут, безгаловы:

Выконваць трэба іх!

Аб міру ёсць старанне.

        Пакуль яго няма,

Дык не скулі дарма,

Чакай яго прызнання

І кожную часіну

Ты помні дысцыпліну:

Чым больш яна крапчэй,

Тым будзе мір хутчэй.

 

Г а л а с ы

Кадэцкія прамовы!

  Далоў!

Не слухайце іх слоў

І голасу іх змовы.

Абраць другога дэлегата,

Каб ён стаяў за свайго брата!

                                                          Буржуячы,

                                                          Паслугачы!

                  Загуў «народ», ад чыйго імя

Абраны быў наш дэлегат,

І дэлегацтву ён не рад.

Вось і адчытвайся прад імі,

Перад галовамі пустымі!

        Вось і эсэр і дэмакрат!

Падняўся шум і крык бязладны,

Аж пена плёскае праз край.

Урэшце ўзводны Талалай

Усё пакрыў камандай ўладнай

І мацюгом прыбіў трохрадным

Два словы: «смірна!» і «слушай!»

Заціхла ўсё: каманды сіла

Яшчэ жыла дзесь у нутрох,

І грозны ўзводны перамог.

        Акінуў роту ён астыла,

Як бы гатовы даць у рыла

Таму, хто ступіць за парог

Салдацкай службы, дысцыпліны.

Па праву старшага ён сам

У грозьбе зʼесці ўсіх «з кішкам»

Казаў прамову дзве хвіліны

Ды слоў насыпаў з паўасміны,

Хоць з мацяршчынай папалам.

 

У з в о д н ы Т а л а л а й

                  Салдаты вы ці зброд?

                                    Чаго дзярэце горла?

                  Захоўвайце чарод,

                  Выходзьце напярод,

                  Калі каму прыпёрла,

                  І сып тут да адказу,

                  Але не ўсе, не зразу!..

                  Ваякі! Міру хочаце, а самі

                  Гатовы грызціся зубамі!

Дык вось выходзь сюды каторы

І на ўсе застаўкі валяй,

        Калі найшоў шалтай-балтай,

І языком варочай горы.

Чаго ж вы змоўклі, гарладзёры?

Хто хоча слова? налятай!

 

Ц і х і г о л а с

Бурдзін, Бурдзін Мікішка!

Ану, брат, секані і — крышка!

                  Бурдзін, з запушчанай чупрынай,

Са збітай шапкаю назад,

Выходзіць з натаўпу салдат,

Ідзе з зняважліваю мінай,

        А рукі зложаны за спінай —

Відаць адразу у ім хват.

 

Б у р д з і н

Дык вось, таварышы-салдаты,

Аб чым і як гавораць дэлегаты:

Спяваюць песні нам

Не горш, як афіцэры,

І іхнія засвоілі манеры,

Што ўжо адкінута як хлам.

Наш брат ім — сівалдай,

Маўчы, не разважай:

        Ты быў і ёсць чорт шэры.

А што да дысцыпліны —

Мазоляць яго вушы

І розум яго глушаць,

Каб мы былі машыны,

Каб нас прыбраць у рукі

І намі верхаводзіць —

Мы ведаем іх штукі,

Усіх іх благародзій!

Нябось аб міру глуха

        Вядуць яны размовы.

Выконвай пастановы

Гучкова, Мілюкова

І іншага псяюхі.

На сукінага сына

Далася дысцыпліна,

Каб ёй спяваць хвалебны?

Каму яна патрэбна?

Буржуям, генералам,

Каторыя з дваран.

        Пускаюць нам туман,

Выдумваюць пужалы,

Каб воля не прапала.

Хто верыць, той — баран.

Не трэба іх турбацыі!

Далоў іх махінацыі

І іх увесь дурман!

А біцца больш не хочам мы

З нямецкімі рабочымі

І нішчыць іх сялян!

        Далоў вайну праклятую

І шацію брухатую!

Давай нам замірэнне!

Даволі нам крыві!

Як хоча хто, жыві.

Вось наша разуменне!

Далоў вайну! далоў акопы

І ўсе кадэцкія захопы!

                  І рота грымнула, як лава:

«Брава, Бурдзін, брава:

        Вось гэта голас! Маладзец!

Далоў Сафонава! Канец!»

 

У з в о д н ы Т а л а л а й

Так-то так — далоў захопы

      і акопы!

Але скажы ты мне, Бурдзін:

Ці быў ты ў іх хоць раз адзін?

 

Г а л а с ы

Кадру, кадру гнаць на фронт!

Даволі іх тут песціць!

Пара ім з даху злезці,

Каб не псаваць тут гонт!

 

 

XVI

Як пад коўдрай снегавою

                  Дубянела поле,

Ніклі вербы галавою

                  У надрэчным доле.

Як прынёс жа ходыр-вецер

                  Чуткі аб прадвесні,

Згайданулі вербы вецце

                  У супольнай песні.

Як схадзіў жа снег з узгоркаў

                                      І гулі патокі,

Вербы сцішанай гаворкай

                  Іх віталі крокі.

А як грымнулі імкліва

                  З лесу перавалы,

Вербы слухалі пужліва

                  Голас іх навалы.

А як рэчка разлілася,

                  Скінуўшы паводдзе,

Галасілі вербы ў страсе,

                                    Кленучы разводдзе.

                  Шуміць паводка бурнай плыні.

Старыя змыты берагі,

Пачаты новыя шляхі,

А я падходжу к палавіне

Сваіх «Шляхоў», і ў іх пуціне

Мне голас чуецца другі.

І перш чым рушыцца ў дарогу,

У паэтычны іх прагал,

Зраблю кароткі тут прывал,

        Крыху падумаю пра змогу,

Ці траплю стаць з жыццём у ногу,

Ці ёсць для гэтага запал.

                  Жыццё не йдзе, а шкваліць бурай,

І што ні момант, што ні час

Расце парыў і творчасць мас,

І за падмуркамі падмурак

Узводзіць моцная натура —

Нядаўні раб і свінапас.

Краіна грозная Саветаў,

        Саюз рабочых і сялян,

Сягае ўперад, як тытан,

І ўзлёт фантазіі паэтаў

Праўсходзіць поступ яе гэты,

Разбіўшы ў прах адвечны зман.

І гэты поступ чуюць горы,

І нетры цёмныя зямлі,

І нашы ціхія палі,

Дзе з веку ў век свае узоры

Пісалі сохі ў нэндзы-горы

        Ды смутак сеялі ў раллі.

Знікаюць межы і загоны —

Прытулкі быльніку, шыпшын —

Пад пераможны гук машын,

А на званіцах моўкнуць звоны,

Бо ўзносіць сцяг на іх чырвоны

Рука згуртованых дружын.

Балоты, гіблыя балоты,

Дрыгвы і хмызніку брыжы,

Дзе толькі сыкалі вужы

        Ды палахлівыя чароты

Шуршэлі шолахам сумоты

Над рудай жыжкаю іржы,

Цяпер прыемна цешаць вока,

Як стэпы, пожнямі ляжаць;

На іх буяе сенажаць,

На іх красуюць ніў валокі,

На іх паложана глыбока

Размаху творчага пячаць.

                  У гэтым поступе-тварэнні,

        У віры-віхры нашых дзён

Паэм і песень ёсць мільён,

І ёсць прастор для іх натхнення,—

Для паэтычнага бурлення

Шырокі ёсць табе разгон!

Але чаму ж ты скуп, паэце?

Твае дзе творчыя шляхі?

Ці ты сляпы? ці ты глухі?

Ці ты жывеш у ліхалецці?

Ці ты што маеш на прымеце?

        Ці тоіш намысел ліхі?

                  Такія закіды-дакоры

Ты чуў, паэце, і не раз,

І трохі чысцілі Парнас.

У тым ты бачыш ліха, гора,

Што ты «парнаскім» разгаворам

Адводзіш выкрадзены час,

Адбыўшы службу, пасяджэнне,

І не адно — штук пяць на дзень,

Калі прамоўца-авадзень,

        Пачаўшы нуднае гудзенне,

Звядзе на ноль тваё натхненне

І мыслі вытравіць у пень;

Той час, калі зняможа цела

І атупее галава,

Сядзіш, аслеплая сава,

І вобраз творыцца нясмела,

І словы ткуцца дубянела,

І мыслі нікнуць, як трава.

                  Я спачуваю ўсёй душою

        Тваім згрызотам, мілы брат,

Бо ў гэтых скаргах праўды шмат,

Бо як не згодзішся з табою,

Калі прамоваю-імглою

І мух атруціць іншы хват!

Прызнаць тут можна апраўданне,

Прывесці рад другіх прычын,

Каб згладзіць кволы твой пачын,

Але пастаў жа запытанне:

Ці зжыў, паэце, ты хістанне?

        Адказ дай ясны і адзін!

Рассунь жа засаўкі няверы,

Спусціся з гор крыху наніз,

Пакуль у сценах не закіс,

Ды расчыні ты шырай дзверы

І вокам збольшага хоць змерай

Жыцця жывога рукапіс!

Паслухай — тукат, рух мільёнаў.

Шуміць зямля, гудзе завод —

Вялікі чуецца паход.

        У тэмпе бурнага разгону

Пад сцягам багрыста-чырвоным

Рубеж кладзе наш кожны год.

Смялей на шлях жывое працы!

Выходзь, паэце, на прастор!

На варце стань, ідзі ў дазор

І поўны пульс жыцця намацай

І ў мур выводжаных палацаў

Сваю ўлажы цагліну — твор!

                  Жыццё ж так казачна-імкліва

        Паспець за ім так цяжка мне,

Каб на шырокім палатне

Нарысаваць яго завівы,

Адбіць і хвалі пералівы

На самай страшнай вышыне.

І я стаю на скрыжаванні

Сваіх пісьменніцкіх дарог —

Ва ўсе канцы заве разлог:

І сённяшніх зарніц блісканне,

І наша заўтрашняе ранне,

        І гром ўчарашніх перамог,

І ўсё, чым сэрца поўна, жыва,

Ды не знайшло ў акордах слоў

Адбіткаў яркіх, галасоў...

Плыве, бяжыць паток імклівы.

Хай будзе ж бег яго шчаслівы,

А мой хай будзе добры лоў.

                  Цяпер варочаюся к тэме.

Далейшы сказ пачну з таго —

Трудней за ўсё пачаць яго,—

        Што да герояў у паэме,

Хоць іх і так страката племя,

Яшчэ дадам тут аднаго.

Ён па прафесіі — рабочы,

А па паходжанні — латыш.

З-пад Рыгі трапіў за Іртыш,

Этапаў многа перакрочыў

За тое, што за лёс сірочы

Гатовы быў пайсці на крыж.

Ды грымнуў гром над царскай брамай,

        З няволі вырваўся народ.

Вярнуўся Шкунда на завод

У Матавіліху над Камай,

Знайшоў таварышаў тых самых,

Што з ім траплялі ў пераплёт.

Жыццё навокал гнала хвалі,

Кіпела воляю, гуло,

І многа радасці было,

Але і ў бурным перавале

Няволю новую кавалі.

        І Шкунда ўзяўся за вясло.

Перш-наперш тут жа, на заводзе,

З рабочых-перадавікоў

Злажыў актыў бальшавікоў,

Як камень, цвёрдых па прыродзе,

Каб абаронцам перашкодзіць,

Эсэрам і меншавіком...

                  Таварыш Шкунда ў гарнізоне

Не так даўно наверх усплыў.

Хоць ён вайскоўцам і не быў,

        Але ў вайсковай плаваў зоне

І вельмі шкодзіў «абароне»

І на салдата меў уплыў.

Худы, касцісты, даўгавязы,

Пануры трохі на пагляд,

Ён вёў работу між салдат,

Не саступаючы ні разу

З свае пазіцыі і базы

І не адходзячы назад.

І ўсюды ж дойдзе ён, паспее,

        І ўжо здарэння не міне,

Стаяць не будзе ў старане,

А падалье свайго алею,

Няхай ад злосці хоць шалее

Гарлівы дбальнік аб вайне.

Ці выпраўляюць на фронт роту

Пры дэлегатах ад палка

І настаўляюць земляка,

Каб гладка там рабіў «работу»

І не паддаўся ні на ёту

        На шкодны зоў бальшавіка,

Глядзіш — а Шкунда ўжо, як злыдзень,

Выходзіць з натаўпу ўпярод,

Махае кепкаю ў народ

І пачынае «злы дух-скідзень»,

Ці выйдзе што тут, ці не выйдзе,

Казаць якраз наадварот.

 

Ш к у н д а

                  Таварышы салдаты!

                  Буржуйскія халопы

                  Вас гоняць у акопы,

                                      Каб нішчыць свайго ж брата.

                  Дык слухайце, што вам скажу я,

                                            І чуйце:

                  За пузатага буржуя

                                            Не ваюйце!

Салдат, рабочы, селянін

Злучыць павінны фронт адзін:

Паўстаць супроць капіталістаў

І ўладу знішчыць іх дачыста,

Каб свой завесці іншы лад.

        Дык павярніце штык назад!

Не слухайце кадэцкага літання

І іх падбрэхічаў-ваякаў!

З салдатам-немцам, з аўстрыякам

Вядзеце там братанне!

                  І шум узнімецца страшэнны,

Крычыць і штацкі і ваенны:

                  — Далоў вільгельмаўскага шпега!

Штыком заткнуць падлюзе рот! —

Шалее проста патрыёт,

        Ад злосці стаўшы бялей снегу.

 

Г а л а с ы

Дзяржы праступніка і збега —

Расію губіць гэты зброд!

                  Але сапсована абедня

І ўвесь казённы той настрой,

Што нясе тхлінаю старой,

І як не злосць тут слухаць «брэдні»?

Ці ж ён не вырадак паследні,

Дарогі цёмнае герой?

І перад ротай пры народзе

        Прамоўца выступіць другі,

Каб выскрабці ўплыў благі,

А Шкунда знік і змыўся, злодзей.

Ён вечна ў бойках і паходзе

І не збіваецца з нагі.

Ці правяць мітынгі эсэры

Ды строчаць швы-істужкі слоў,

Каб дух узняць ваяцкі зноў

Ды ў бойку рушыць натоўп шэры,

А ім утораць афіцэры

        І націскаюць на «арлоў»,

І тут ён трапіць акуратна

І зручна выбера свой час,

Каб у мазоль салдацкіх мас

Пусціць стралу сваю бясплатна

Ды зноў пра доўг напомніць «братні»

Без розных выкрутаў-закрас.

Злуюць эсэры і кадэты

За бальшавіцкі той раскол,

І ўсе засыкаюць вакол,

        І асабліва эпалеты,

А Шкундзе свята — момант гэты,

Яму пляваць на іх дазвол!

Ідзе к сваім. Іх тут не многа,

Затое ж большасць іх з салдат,

І кожны біць буржуя рад,

Каб не пакінуць ад старога

Ні качарэжкі, ні парога,

Каб не знайшло дарог назад.

І Шкунда імі задаволен,

        Бо цяжка іх было сабраць.

Расце патроху яго раць,

І здольнасць мае яго воін

Па часці загваздак, расколін

І Шкунду можа падтрымаць.

Яны па ротах і па ўзводах

Вядуць работу ціхачом

І бальшавіцкім таўкачом

З мазгоў вылузваюць «свабоду»,

Бо што салдату за выгода

        Буржуйскім быць папіхачом?

Ваюй — за што? за інтарэсы

Эксплуататараў-падлюг,

За ненаедны іх лантух.

Ён белы свет табе завесіў,

А ты пішчы пад яго прэсам,

Пішчы, заціснуты ў катух.

Буржуй, банкір, капіталісты

І псярні розныя дваран

Пʼюць кроў рабочых і сялян,

        А наш эсэр, сацыялісты,

З кадэтам разам сцелюць лістам

І замацоўваюць іх стан!

Яны стаяць за наступленне.

Супроць каго ж тут наступаць?

За што братоў сваіх знішчаць?

Прыходзіць час паразумення,

Зрабіць нам трэба замірэнне

І нешта іншае пачаць.

А што пачаць? Тут трэба розум,

        Каб разабраць, як што к чаму,

Ды ўжо прыйсці ўсім к аднаму,

Каб скінуць трутняў з свайго возу:

Капіталісцкую занозу

І буржуазную чуму.

Дык грымнуць трэба моцна, ёмка,

Каб крывасосы-кажаны,

Эксплуататары, паны,

Пайшлі на вецер, як саломка,

І да канца патрэбна ломка,

        Каб з вечнай выбрацца маны!

Хто ж нам бліжэй? і больш спрыяе?

Адказ адзін — бальшавікі.

Далоў вайну! — іх клік такі.

Вайна варожай усёй зграі!

Уласць Саветам у край з краю!

Хіба ж нам гэта не з рукі?

                  На гэты троп навёў іх Шкунда.

Пад град насмешак злых і кпін

Ён доўгі час быў тут адзін,

        Сярод вайскоўцаў, як у тундры,

І бралі Шкунду на цугундры,

Але ён гнаў і гнаў свой клін.

На рынак пойдзе, на таўкучкі,

Абʼект нацэліць — земляка,

Пачне гаворку здаляка

І дабярэцца да калючкі.

Глядзіш — салдат збярэцца кучка,

Ён не шкадуе языка:

Распіша ўсе табе праграмы,

        Эсэраў возьме на прыцэл

І існасць іх паводзін, дзел

І меншавіцкія ўсе плямы

На сонца выведзе таксама,

Кадэтам вынесшы расстрэл.

Дзяўбе заложна і цярпліва

Гадзіны дзве і больш падрад,

Каб прышчапіць другі пагляд

На гэты ход падзей імклівы

І на ўсе класавыя звівы

        І хто ёсць вораг нам, хто брат.

Салдат, рабочы — вось дзве сілы,

І трэба брацкі ім саюз,

Каб змесці ўвесь варожы фуз

І скінуць гнёт і зман завілы,

Узяўшы згоднікаў у вілы,

Як непатрэбны шкодны груз.

Сваімі ўласнымі рукамі

Мы, беднякі, пралетарыят,

Павінны свой завесці лад.

        Плячо ў плячо з бальшавікамі!

Хто за вайну, таго штыкамі!

Далоў гнілы Часовы ўрад!

                  У часе гэтакіх паходаў

Яму траплялася не раз

Пачуць і смех, і шум-галас,

І зубаскальства канаводаў

Прабегла-жульніцкага зброду

І безыменных цёмных мас.

Не мала стычак і баталій

        І злосных лаянак-пагроз

На гэтым фронце перанёс,

Ды як яго ні шальмавалі

Усякіх колераў каналлі,

Ён у вачах салдацкіх рос

І не зважаў на смех і кпіны,

На злосны свіст, на дзікі вой,

У праўдзе ўпэўнены сваёй,

Ішоў сваёю пуцявінай,

Ні перад чым не гнуў ён спіны,

        Такі быў новы мой герой.

 

 

XVII

Настаў і дзень. Апалі росы.

У хвалях сінечы-смугі

Узгоркі песцяцца, лагі,

Вандруе ветрык на ачосы

Ды сцеле белыя пракосы —

Ваўністых хмарак мурагі.

Зямля кунежыцца ў праменнях,

І радасць сочыцца, плыве,

А пад вярбою на траве,

        Абняўшы голае карэнне,

Ляжыць Барыс у недаўменні —

Ці ён жыве, ці не жыве.

І зварухнуцца ён не можа,

Як бы у спіну ўбілі кол.

Дзе ён? што робіцца вакол?

Прабуе ўстаць, ды ўстаць не гожа,

І ломіць косці боль і гложа...

І хтось бярэ яго упол,

Кладзе на бок, затым на плечы...

        Ён чуе дотыкі рукі...

Нясуць, ці што? вось дзівакі!

Няхай нясуць — ён не пярэчыць —

Такія дзеюцца з ім рэчы!

І што за выпадак такі?

Нібы ляціць, плыве ў прасторы

На нейкім дзіўным караблі,

І не відаць нідзе зямлі

У невядомым гэтым моры,

І мора штось шуміць, гаворыць,

        І песні чуюцца ўдалі.

Ачнуўся, глянуў — вось дык дзіва:

Ляжыць у гушкалцы на дне

На нейкім брудным палатне!

Яго калышуць дурасліва,

І чыйся зрок глядзіць маўкліва,

Як бы у цьмяным цяжкім сне.

 

Д з я ж а

Тфу, чорт! ці я ў паходзе?

Куды мяне шыбуюць кары?..

                  Эй, слухай, брат:

                                      Ты хто, салдат?

 

С а н і т а р

Так точна, ваша благароддзе!

                  Санітары!

                  Глядзіць Барыс, як непрытомны.

                  У выцвіўшых вачах

                  Здзіўленне, страх,

А ў галаве так цёмна, цёмна!

 

Д з я ж а

                  Я ранены ці хворы?..

Да дзе ж я, чорт вас пабяры?!

                  Адставіць разгаворы!

        У ногу! Раз, два, тры!

 

С а н і т а р

Ляжыце, ваша благароддзе,—

Кантужаныя вы!

 

Д р у г і с а н і т а р

Вярзе абы-што, калабродзіць,

Але не выбіла каманды з галавы!

 

Д з я ж а

                  Дзе мае ногі?!

                  Не чую ног!..

                  Язык у роце перасох!

                  Глыток вады, на міласць Бога!

 

С а н і т а р

                  Ёсць, ёсць у нас

                                    Вадзічка пра запас!

                  Вось баклажка,

                  Палыкнеце!..

                  Як жа так, каб без вады,

                  А бывае ўсё на свеце.

                  Вас кантузіла не цяжка —

                  Цэлы рукі і галяшкі —

                  Суха выйшамшы з бяды.

 

Д р у г і с а н і т а р

Такой кантузіі, ранення

Чакаюць, як збавення.

 

П е р ш ы с а н і т а р

                  На пункцік заімчым раз-раз!..

                  Агледзяць дактары —

                  На то ж яны майстры,—

                  У тыл адправяць вас,

                  З бальніцы да бальніцы

                  Пад доглядам сястрыцы.

                  Глядзіш, а ён і пройдзе, час.

 

Д р у г і с а н і т а р

Вайна, няхай яе багі.

Пакутуй без віны...

І рад бы быў другі

        Астацца без нагі,

Каб выбрацца з вайны,

Абы не ваяваць

Ды дух у целе захаваць.

Эх, глуміцца народ!

Зямля — адна трупярня —

Гніюць і гінуць марна,

Разносячы смурод.

  Унь колькі іх,

Няпрыбраных «герояў»!

        Палеглі ў адзін міг

  Па двое і па трое —

Хоць гаць гаці ці штабелі

                                                                        складай.

Чаргі чакай, няшчасны

                                                                        сівалдай,—

Зямлі сырое!

Тут, брат, табе і мір,

І жонка тут, і дзеці...

І ўсё табе на свеце

Заменіць голы жвір!

Гнаіся тут, як тля,

        Нічога больш не трэба,

І вось табе зямля

І неба!

                  Барыс, зняможаны, разбіты,

У мгле дрымоты, забыцця

Адчуў дыханне, пульс жыцця.

Дык ён жывы і не забыты,

Вярнуўся з страшнага нябыту,

Бездапаможны, як дзіця.

Ачуўся трохі, і заслона

        Паволі споўзвае з вачэй,

І ява чуецца ярчэй.

Астаўся збоку вір шалёны,

Ён з пасці выбраўся дракона,

І думка ў іншы бок цячэ,

Пачуцце прыязні, падзякі

Да гэтых простых двух салдат

Аддаць ён з поўным сэрцам рад.

Ён мае права, як і ўсякі,

Зазнаўшы горычы ваякі,

        На знак увагі і дагляд.

Кантужан ён, але не ўцяміць,

Як гэта здарылася з ім

І што было там перад тым,—

Служыць не хоча яму памяць:

Імгла наўсцяж і ў мыслях замець,

І ўсё агорнута, бы ў дым...

                  Фронт узрушан,

                  Расцярушан,

                  Перастройка,

                                    Сумятня!

                  Трупаў крушні,

                  Трупаў крушні —

                  Шла тут бойка

                  Аж да дня.

                                Стогне поле —

                  Просіць, моліць,

                  Лямантуе,

                  Хто жывы.

                  Эх, саколю

                                    Мой, саколю!

                  Не ўратуеш

                  Галавы!

                                Праклятая

                  Смерць лятае,

                  Век малады

                  Ператне.

                  Не спытае,

                  Не спытае

                  Твае згоды —

                                    Жыць ці не.

                                Няма змогі!..

                  Хто бязногі,

                  Хто бязрукі...

                  «Піць! вады!»

                  Жаху многа,

                  Жаху многа!

                  Бездань мукі

                  І нуды!

                                Смерць і жудасць...

                                        Трупаў груды —

                  Дрот увешан

                  Імі ўвесь!

                  Трупы ўсюды,

                  Трупы ўсюды!

                  Штаб усцешан —

                  Слава, чэсць!

                                Адалелі!

                  Далей смела!

                  Агонь беглы —

                                    Жар з гармат!

                  Каму дзела,

                  Каму дзела,

                  Колькі легла

                  Тут салдат!

                                Што прапажа?

                  Ды хто скажа,

                  Колькі згіне

                  Вас, братоў?

                  Колькі ляжа,

                                    Колькі ляжа

                  На чужыне

                  Між дратоў!

                                Будзе новы

                  Бой суровы,

                  Вас, як смецце,

                  Растрасуць.

                  А за што вы,

                  А за што вы

                  Аддаеце

                                    Цвет-красу?

                                Вынішчэнне,

                  Разбурэнне,

                  Калатуша,

                  Смерць і кроў.

                  «Наступленне!

                  Наступленне!

                  Фронт наш рушыў,

                  Ломіць зноў!»

                                Так героі

                                    Тылу роем,

                  Лоб схаваўшы,

                  Загудуць:

                  «Мы іх кроем!

                  Мы іх кроем!

                  Слава паўшым!

                  Смелым будзь!»

Хіснуўся фронт у гэтым месце,

Пазіцый здаўшы цэлы рад.

Падаўся вораг трохі ўзад,

        Каб закрапіцца далей дзесьці

Ды на ражон дарма не лезці

І фланг не ставіць пад ахват.

Аддаў вайскам прыказ Брусілаў,

І нашы рушыліся зноў

На Яраслаў, на Галіч, Львоў,

Акопы бралі жывасілам,

Траву Галіцыі расіла

Старой ярэмнай Русі кроў.

Былі палонныя, трафеі,

        Ці можа самі ў рукі шлі

Сыны славянскае зямлі,

Ці то іх зводзілі надзеі,

Што рускі цар з іх зніме шлеі,

Ці думкі іншыя былі,—

Няхай тут спецы скажуць слова,

Як гэта здарыцца магло

І колькі нашых палягло,

А я тым часам напалову

Урэжу доўгую прамову,

        Каб лішніх спрэчак не было,

Трымацца бліжай буду тэмы,

І трэба ж пару слоў сказаць,

Каб той вузельчык развязаць,

Што ў шлях увязаны паэмы,

І тыя дзеўчыя паземы

Ну хоць бы цьмяна паказаць.

                  Але прашу я прабачэння:

Для самакрытыкі тут сам

Наўперад слова сабе дам.

        Бярэ, бярэ мяне сумненне

Наконт Галуты і Засцення,

І сум паведаю тут вам:

Засценне — хутар, а Галута

І сам я бачу, што кулак,

Жыве адзін, як ваўкалак.

Цяпер мне з ім адна пакута,

Ён мне паэму ўсю заблутаў

І настрой знізіў як-ніяк.

Нятрапны тон узят адразу,

        І можна тут сказаць адно:

Паэма начата даўно,

Пачата хутарскім паказам.

Дык няхай коціцца ўжо разам

І гэта прыкрае звяно.

                  Напілася поле крыві,

Нежывых пасцягвалі ў ямы,

І кончыўся першы акт драмы.

Хто жывы астаўся — жыві!

Месячык выплыў з-за гаю,

        Невясёлы, тусклы, бы хворы.

Задрыжалі боязна зоры,

Пажар над вёскай шугае.

У Засценні страх і трывога —

Зноў сунецца ліха, навала...

А дзе ж гэта Насця прапала?

Сумота ў Галуты старога!

Аўстрыякі выйшлі, няма,

Не вярнуўся чэх-пастаялец...

І, сказаць, не кепскі быў малец.

        І гняце старога дума...

                  Я не суджу Настусі строга.

Мне проста дзеўчыны шкада:

Такая сталася бяда —

Адзін пакінуў, а другога,

Таксама любага, мілога,

Пакінуць змусіла нуда.

І так ёй, беднай, цяжка, горка:

Зусім, зусім цяпер адна.

І горш за ўсё — яе віна —

        Такая стрэча з ім, гаворка!..

Пагасла, знікла яе зорка,

І горыч выпіта да дна.

І ўсё агорнута ў змярканне:

Той час, далёкі ўжо, стары,

Спатканні з ім і вечары

І пісьмы, поўныя прызнання

У гэтай шчырасці кахання,

І ўсё памерла без пары.

І хто развее ёй тускноту?

        Такі туман на сэрцы злёг!..

Ну, што ж? пяройдзены парог...

А ўсё праз вецер і дуроту...

Няма, няма назад звароту,

Не нойдзеш к прошламу дарог!

І хоць бы ведаць, што з ім? дзе ён?..

Барыс прад ёю, бы жывы,

Не сходзіць з сэрца, з галавы.

І цень журботнае падзеі

Наводзіць змрочнасць, болем вее,

        Снуецца ў шолаху ліствы.

І гэта — кара ёй, адплата:

Там людзі гінуць на вайне,

Яна ж стаяла ў старане

Ды толькі ткала шчасця шаты,

Забыўшы мілага і брата,

Праступкі чынячы ўдвайне.

Заглухлі добрыя парывы

З-за гэтых дурасцей пустых,

І ў сэрцы боль яе прыціх,

        На вочы паў ёй зман імглівы,

Бо чэх надарыўся учцівы

І сэрца звёў яе з пуці.

                  Гаруе Насця і бічуе

Сама сябе за свой парыў,

І смутак душу ёй акрыў.

Канец! ніколі не пачуе,

Дзе ён паднюе, паначуе

І ці здароў ён там, ці жыў...

Журботна ў доме, пуста ў садзе,

        Ёй цяжка тут, ды што рабіць?

Пакінуць дом, усё забыць,

Канец пакласці гэтай звадзе!..

А сэрца з мыслямі ў разладзе,

І жыць ёй хочацца, любіць.

                  Панеслі Насцю думкі-мары

Туды, за тыя рубяжы,

Дзе ў сінім полагу імжы

Над Луцкам можа ўстаюць хмары,

І раптам гром адтуль ударыў,

        Раз-пораз бʼе, зямля дрыжыць.

 

Загрымелі нечакана,

                  Загулі гарматы,

Крышаць, ломяць фронт зацяты,

                  Грузкі крок чаканяць.

Гухнуў выбух за рачулкай

                  Агнявым фантанам,

Далі ўзбуджаным вулканам

                  Застагналі гулка.

Расступіліся там нетры,

                                      Віск, шаленства сталі,

Грукат, ляск. Віруюць хвалі,

                  Бы гарыць паветра.

У акопах, дзе сеў вораг,

                  Дым і сцены праху.

Людзі, бледныя ад страху,

                  Пакідаюць норы.

І пайшла мітусяніна,

                  Сімфонія пекла!

Нават сонца стала блеклым...

                                      Уцякай, дзяўчына!..

Надвячорак і ўвесь вечар

                  І ўсю ноч да ранку

Грукацела беспрастанку

                  Бойня-калачэча.

А назаўтра — трупы. Ямы,

                  Бітыя фургоны,

На здрасованых загонах

                  Крывавыя плямы.

Пацішэла. Моўкнуць громы.

                                    Далей дзесь грукоча.

Не вярнуўся ў хутар Крочак.

                  Дзе ён? невядома!

Зноў Галута стаў падданы

                  Той жа царскай Русі.

А Настуся? дзе Настуся?

                  Пайшла лячыць раны.

 

 

XVIII

                  Зямля! дзе край тваім прасторам?..

Эй, поле, поле! раскажы,

Каго вартуюць тут крыжы,

У дол уткнутыя наскора?

Чыё пахована тут гора

На галічанскім рубяжы?

                  Маўчыць здрасованае поле,

Зацятасць тояць і равы,

Дзе плуг прайшоўся баявы,

        І іх адыграна ўжо роля,

І толькі вецер дзесь скаголіць,

Адзін астаўшыся жывы.

А войска — два віхры варожых —

У схватцы смертнай, баявой.

На тэрыторыі другой,

На новым полі-раздарожжы

Крыжы, калецтва, гора множыць,

Касцьмі засейвае шлях свой.

І ўсё — у імя вызвалення!

        За шчасце нацый, дабрабыт

Узняў бог Марс фальшывы шчыт,

Навёўшы сон і адурэнне,

Ды нёс няволю, разбурэнне

Яго акованы капыт.

Раслі штодзень, шточас магілы,

Знікалі з дымам гарады,

А троп сахі, плугоў брады

Заносіў вецер горкім пылам,

Каб палыном і чарнабылам

        Аздобіць Марсавы сляды...

                  На ўсход адчынена дарога.

Праходзяць нашы зноў палкі,

Віхрацца ў полі казакі,

Як бы і страшнага такога

Тут не здаралася нічога,

І песні жараць землякі.

Набег, пранёсся шквал крывавы —

Чарговы вагар-перакат,

Як той раптоўны летні град,

        Раёнам Грубешава, Равы.

Дала вайна багата стравы,

Глынуўшы тысячы салдат.

І стала ціха. На Карпаты

Зноў націскаецца той шквал,

Каб што найбольшы ўзяць прагал.

Не йдуць у лік людскія страты —

Гані, пакуль настрой узняты,

Пакуль не вытахся запал!

                  Сышла зара. З глыбінь багровых,

        Абрус заслаўшы агнявы,

Цікуе сонца з сінявы

На дол, на змятыя дубровы,

На зруйнаваныя будовы

І на забітых і жывых.

Сявец бліскучы поўнай жменяй

Вясёлкі сыпле з вышыні

І сее зернеткі-агні.

Лагодна сочацца струмені,

Ірдзяцца радасцю праменні

        І ў буйных росах і на пні.

Ляжаць разгорнутыя далі,

Злучыўшы з небам берагі,

У тонкай намітцы смугі.

Плыві, хто вольны, плыткай хваляй

У свет шырокі далей, далей

На тыя цьмяныя кругі!

                  Абмеркавала мая Насця

Падзеі ўсе ліхіх мінут.

Адзін, адзін ёй выхад тут:

        Самой на плечы крыж ускласці

Агульных боляў і няшчасця

І часць людскіх узяць пакут.

Далоў ваганне і сумненне!..

Глухімі сценкамі, лужком

Ідзе адно дзяўчо цішком.

На ўсход, на ўсход — адно збавенне!

Прашчай жа, роднае Засценне,

Юнацтва мары, бацькаў дом!

                  Маркотна ёй і страшнавата

        У невядомых берагох,

На цёмных ростанях дарог,

Дзе ўсё маўкліва і зацята.

Яна староніцца салдата,

Як злодзей туліцца ў кустох.

Ды небяспечна і тулянне:

Шпіёнкай могуць палічыць,

Па штабах стануць валачыць.

То лепш прыгодам на спатканне

Ісці адкрыта, без вагання,

        Каб лішніх бед не налучыць.

Прынята новае рашэнне,

І, адганяючы той страх,

Яна зварочвае на шлях.

Жывы паток жывых струменняў

Ўвабраў яе ў сваё імкненне,

У неакрэслены абсяг.

                  Грыміць, гудзе дарога,

                  Грукоча дзіка, тлумна,

                  А далі сочаць строга,

                                    Зацята, мнагадумна.

                  Ідуць байцы, як хвалі,

                  У скатках цераз плечы,

                  А сонца зорыць з жалем

                  На іх з глыбінь-сінечы.

                  Ахутаныя пылам,

                  Аглушаныя громам,

                  Ідуць яны к магілам

                  Далёкім, невядомым.

                  Паўзуць, гудуць гарматы,

                                    Сталёвыя драконы,

                  А з крыжа Бог распяты

                  Глядзіць так засмучона.

                  Гурчаць аўтамабілі,

                  Сярдзіты іх пагрозы.

                  На вёрсты і на мілі

                  Расцягнуты абозы.

                  Нястрымны рух, імкненне.

                  Двухколкі, людзі, коні,

                  А ўзбоч у задуменні

                                    Ляжаць пустыя гоні.

                  Імклівіць, коціць хваля

                  Бязглуздага знішчэння.

                  У гэтым перавале

                    І смерць і разбурэнне.

                  Насустрач грознай плыні

                  Ідуць другія хвалі,

                  Маўклівы, як пустыні,

                  Як сцёртыя скрыжалі.

                  Пад знакам «крыж чырвоны»

                                    Праходзяць іх дарогі.

                  І колькі эшалонаў

                  Бязрукіх і бязногіх!

Дзяўчыне страшна з непрывычкі,

Няёмка ёй, ідзе хутчэй

Пад стрэлы тысячы вачэй.

Яе прымаюць за «сястрычку»

І жарцік пусцяць невялічкі,

Было б дзяўчыне весялей.

А то і песню, адпаведна

        Спатканню з краляю «сястрой»,

Зацягне вухар і герой,

А ўвесь узвод трубою меднай,

Як нейкі гімн жыцця пабедны,

Прыпеў падхопіць: «Дзеўка, стой!

Пабалуемся з табой!»

На момант труднасці забыты

Вайны, паходнага жыцця,

Ну хоць мінута забыцця.

А сыдзе момант-міг, і квіта —

        У цёмны колер зноў спавіта

Жыццё, блуканне без пуця.

А Насця толькі ўтупіць вочы

Ды загарыцца ўся, бы мак,

Пад жарты вольныя ваяк.

Ды што зрабіць? Усе ахвочы

Парушыць трохі стыд дзявочы,

Разведку робячы няўзнак.

Ды покі што яе дарога,

Сказаць, не так ужо страшна,

        Як сабе мысліла яна.

А ў гэтых жартах што ліхога?

Ваяк не судзіць Насця строга,

І ім даруецца віна.

Такіх выпадкаў мімалётных,

Нязначных стрэч, пустых, як сон,

Ў жыцці налічыцца мільён,

Іх час праносіць беззваротна

Паводле прыказкі журботнай:

«З вачэй далоў — і з сэрца вон».

      Прайшлі палкі і іх абозы,

Бязлюдней робіцца крыху

І прастарней на тым шляху.

Старыя ветлыя бярозы,

Пастаўшы ў вычварныя позы,

Вярхамі сходзяцца ў страху.

У іх цяньку сядзіць прывольна

Палонных гурт у колькі сот,

Папаску робяць без клапот

Ды кураць з нашымі супольна

        І, як відаць, усе давольны —

Усё ж бо нейкі паварот.

К таму ж у ворага ў баклажках

Сям-там знайшоўся добры ром,

Каб улагодзіць тым дабром

І ад канвойных мець паблажку.

Сядзяць, шынелі нараспашку,

Пусціўшы выпраўку на злом.

Сядзяць, гутораць хто як можа,

На свой манер, на свой узор.

        Забыты штучны іх раздор,

Ды і якая ў іх варожа,

У мас працоўных з Віслы, Сожа,

З Уральскіх і Карпацкіх гор?

                  Мінае Насця табар шэры,

Папаску мірную, прывал,

З прысад выходзіць на прагал,

А там шыбуюць афіцэры —

Адзенне іх і іх манеры,

І не пазбыт у іх капрал:

        Чаканяць крокі пехадрала,

Нясуць камандны гонар свой,

Не панікаюць галавой,

І тут карона з іх не спала,

Ім і ў палоне гора мала,

І больш пачэсны ім канвой.

Глядзіць — змяншаюць крок паволі.

Слабее ляск іх звонкіх шпор,

І ўраз спыняюцца — затор.

У Насці сэрца мімаволі

        Ў грудзях застукала да болі,—

А пара воч глядзіць ва ўпор!

Зірнула Насця, задрыжала —

Ці вочы ёй заслаў туман?

Іх пастаялец, Крочак Ян!

Не, пастаялец сказаць мала:

Яна ж яго і цалавала,—

Нашто уводзіць сябе ў зман?

Хацела збегчы ад той стрэчы

І не пазнаць тых палкіх воч,

        З дарогі кінуцца наўзбоч,

Ды позна ўжо і ці дарэчы

Хаваць пачутак чалавечы,

А вочы ж чорныя, як ноч!

Яна глядзіць у замяшанні.

І Крочак такжа сам не свой.

Ківае ветла галавой

І ў незвычайным хваляванні

З радоў бяжыць ёй на спатканне

І не зважае на канвой.

 

К р о ч а к

        Вы, панна?! якім чынам?

 

Н а с ц я

Хіба ж мне свет сышоўся клінам?

Дарога вольна, свет адчынен...

Іду к сваім,

Мо там карысна буду чым —

Пры дзеле кожны быць павінен.

 

К р о ч а к

Ах, панна!

Я так шчаслівы бачыць вас,

Хоць можа і ў астатні раз,

Бо шчасце гэтак зманна!..

        Я — ваш палонны... дубальтовы...

І без дазволу ад канвою

Не маю права выйсці з строю,

Каб вам сказаць хоць два-тры словы...

А што скажу?

Вы так суровы

І скупы сталі на размовы,

І я пастаўлен за мяжу...

Ды я давольны ўжо і тым,

Што мы паветрам дыхаем адным,

        Што ў старану адну, дарогаю адною

Хоць міг адзін прайшліся вы са мною...

 

Н а с ц я

Пакіньце лепш аб гэтым —

Хай будзе яно сном...

 

К р о ч а к

Невыпітым віном,

Прыгожым пустацветам?

Так, так!.. Куды ж ідзеце,

Калі то не сакрэт?

Што маеце на мэце,

Пускаючыся ў свет?

Н а с ц я

        Не, гэта не сакрэт!

Я мела намер не са ўчора

Узяць хоць часць людскога гора —

Пайсці ў шпіталь ці ў лазарэт...

Скажыце... чулі можа вы

Аб афіцэру тым?

Што стацца магло з ім?

Ці ён жывы, ці не жывы?

Прыйшоў і знікнуў патаемна.

І мне так цяжка, непрыемна!

        І ўсё стаіць ён мне ўваччу,

Бы кара нейкая, дакораю жывою.

 

К р о ч а к

Не ведаю... не чуў.

І нікне чэх мой галавою.

                  Вось так стаяць яны, гутораць

Урыўкам, потайкам, наспех,—

Малы той гутарцы разбег,

А афіцэр канвойны зорыць,

Што там яшчэ за разгаворы

І дзе знайшоў дзяўчыну чэх?

        Глядзіць — дзяўчына варт увагі —

Павабна, свежа — макаў цвет,

А сам паручнік — сэрцаед.

Ён вус крутнуў, паправіў шпагу

І крыж — пасведчанне адвагі —

Ды мкне туды, на свежы след.

 

П а р у ч н і к

Прашу прабачыць!

Не палагаецца, калега,

Такая, так сказаць, кунега,

А самавольства і тым пача.

        Вы — афіцэр, павінны ведаць самі

І не выходзіць з свае часці.

                  І ён абводзіць іх вачамі

І запыняецца на Насці.

 

К р о ч а к

Прашу, паручнік, прабачэння!

Ды выпадак такі,

Што стала не з рукі

Унікнуць праступлення.

П а р у ч н і к

Я разумею вас.

 

К р о ч а к

Дазвольце пазнаёміць...

        Учора жыў яшчэ ў іх доме,

Ды ўсё змяніў апошні час.

Мы выбіты з пазіцый,

Я ў палоне, ну, а панна —

Яна жадала пастаянна

Застацца пры бальніцы

У якасці сястрыцы.

                  Зірнуў паручнік дурасліва,

Бы разгадаўшы тут загадку.

 

П а р у ч н і к

Ну, і іншыя матывы,

        Сказаць, сардэчнага парадку...

Эх, эх! Ваюем мы,

Мы праліваем кроў,

Дзяўчаты ж з ворагам

Іграюць у любоў!

 

К р о ч а к

Забойчы ваш манолаг,

Ды выказан наспех.

Паручнік! вы — стратэг,

Але вы не псіхолаг!

Матывы — не пярэчу,

        Ды вораг не пры чым,

І вузел іх прычын

Не ў звязку з гэтай стрэчай...

 

П а р у ч н і к

Пардон! уведзены я ў зман,

А ўсё ж аснова тут — раман!

І хто ж ён, ваш абраны,

Шчаслівейшы з смяротных,

          Што сэрца ваша раніў

І ў стан прывёў журботны?

 

Н а с ц я

Даруйце мне,

        Ды я не вінавата,

Што чуласці ў людзей

У час наш малавата.

                  Замінка ў гутарцы, маўчанне...

Паручнік толькі вус крутнуў,

Але і вокам не змаргнуў

І не збянтэжыўся нізвання.

А чэх і Насця ў замяшанні

Пра сцэнку ўспомнілі адну.

 

П а р у ч н і к

Так, жорсткі час,

        Што грэх таіць.

Згаджаюся я з вамі.

Ды жорсткасць не пра вас:

Яна не устаіць

Прад вашымі вачамі!

Хваліцца не хачу —

Хвальба мне не ўласціва,

Але не прамаўчу:

Ваш лёс цікавіць мяне жыва.

Вы хочаце ў шпіталь?

        Сястрою быць? Вось вам запіска...

Луцк. Гатэль «Кантыненталь»,

Галоўны ўрач Бадзіска.

Мой друг. Дзялілі з ім не раз

І гора і пяшчоты.

Ён зробіць ўсё для вас,

І з радасцю, ў два шчоты.

 

Н а с ц я

Шчыра дзякую і бяру назад

Я свае словы.

Якая мілая паслуга!

 

П а р у ч н і к

        Сардэчна рад!

І помніце ж вы друга,

Паручніка Чухлова...

Ну-с, добры час!

 

К р о ч а к

Дазвольце, панна Насця,

Пажадаць удачы, шчасця,

Душы спакою, сэрцу згоды

Ў апошні раз

І... назаўсёды!

 

            * * *

                  Ідзе Настуся на адгоне.

        На вочы сцелецца імжа,

Між імі шырыцца мяжа,

А побач з Насцяй цягнуць коні

Фургон закрыты, а ў фургоне

Герой мой, прапаршчык Дзяжа.

Калышуць гнуткія рэсоры.

Мільгаюць постаці бяроз,

А ён пад тухканне калёс

Дрымотна з марамі гуторыць

Пра тое, што з ім было ўчора,

        Пра Насцю і пра яе лёс.

 

 

XІX

  У ШПІТАЛІ

Палошча лісце стромкі топаль

У хвалях сонечных глыбінь.

Глядзіць у вокны неба сінь,

Зіхціць-струменіць ззянне кропель

У ясна-багрыстым патопе,

Што наступае на Валынь.

Усмешка сонечнага рання

Дрыжыць, іскрыцца за акном.

Шпіталь яшчэ абняты сном.

        Прывідны страх крывавых зданняў,

Як хваравітае насланне,

Складае вычварны разлом.

І часта той ці іншы хворы

У забыцці ці проста ў сне

З гарачкі гутарку пачне,

Падасць каманду, а каторы

Пад стогны, крыкі, разгаворы

Зубамі злосна скрыгане.

                  Дзяжа прачнуўся рана-рана,

        Чуць дзень займацца стаў на свет.

Глядзіць — палатка-лазарэт,

Бальнічны пах бʼе ў нос пагана.

Навокал з сорак душ сабрана —

Краса ваяцкая і цвет.

Барыс палатку азірае,

Калег-суседзей з дзвюх старон.

Але ў якой жа ролі ён?

І мысль пякучая, старая

Яго зноў моцна забірае.

        Да можа гэта толькі сон?

На жаль, не сон! І востра ўсталі,

Мут разганяючы, як дым,

І чэх і Насця перад ім,

І гром гармат, і скогат сталі,

І ўсё, што здарылася далей,

І ўсё, што сталася прад тым.

І гэта злучнасць зʼяў-здарэнняў.

Крушэнне мар яго і кроз,

Што так нядаўна перанёс,

        Знайшлі сваё і выражэнне

У горкім слове «паражэнне»...

Ну, што ж? відаць, такі ўжо лёс,

Суняць ён хоча горыч здрады,

Забыць той выпадак благі.

Настроіцца на лад другі,

А думкі — ў іх свае загады —

Яго нясуць у сад, прысады

На крыллях смутку і тугі.

Але сціраецца памалу

        Сардэчных боляў вастрата...

Цяпер адзін ён, сірата.

Адной ілюзіяй менш стала.

Надзеі-мары растаптала

Чыясь варожая пята...

                  А дзень ідзе сваёй чаргою,

Гучней бярэ свае правы,

А сонца з багны-сінявы

Жычліва матчынай рукою

Чароты песціць над ракою,

        Лясы, палі і паплавы.

Лагодны ветрык, бы той дбалы,

Руплівы хлопчык-пастушок,

Іграе ў срэбраны ражок

Ды гоніць хмаркі на прагалы

Бязмежных далеч гонам сталым

На аксамітны муражок.

Пачаўся рух і за сцяною

На мірных плошчах гарадка

Пад свіст залівісты гудка

        Дзесь ціха, глуха стараною

У тон з санлівай цішынёю

Гурчыць павозка ездака.

Звініць напеўная гаворка

Жанчын вясковых і дзяўчат

На свой валынскі толк і лад,

А ў прыадчыненую створку,

Як срэбра, сыплецца знадворку

Вясёлы шчэбет птушанят.

Акорды гамы, колісь чутай —

        Цяпер яно дзесь на той бок —

Плывуць, даносяцца здалёк,

І перажытыя мінуты

З налётам ціхае пакуты

У сэрца мкнуць паўторны крок.

А тым жа часам і палатка

Патроху стала ажываць,

І сям-там гутарка чуваць,

Заўвага крэпкая, нататка

З таго ці з іншага выпадку,

        Каб болей форсу захаваць.

Сям-там струменем кучаравым

Дымок расходзіцца ўгары.

Знаёмства, прыяцель стары,

Сустрэча, выпадак цікавы

І разгаворы пра забавы

Шчаслівай колішняй пары.

Змест іншых тэм — баі, раненне,

Спачынак, доктарскі агляд,

Эвакуацыя назад,

        Чыны, па службе павышэнне,

Надзеі тайныя, сумненні.

На думцы ж — далей ад гармат.

Ну, словам — тыл — іх прывілея

Ніхто сабе не мысліць зла...

Увага, ша! сястра ўвайшла!

Сястрыца, белая лілея!

Палатка разам весялее,

Як вулей, дружна загула.

І вочы ўсе, як па загаду,

        Як па камандзе — раз, два, тры!

Абарачаюцца к сястры —

Такую мае яна ўладу!

Смяецца ўсім, і ўсе ёй рады —

Дзяўчына — што ні гавары!

К таму ж і стройна і прыгожа,

А разам з тым і малада,

А стрэльне вочкамі — бяда:

Яшчэ раз ранных раніць можа

І сівавусых — крый іх Божа —

        Звядзе з пуціны без труда.

                  З усіх куткоў ёй насустрэчу

З лахматых, стрыжаных галоў

Бягуць, ляцяць патокі слоў,

І што ні слова, то дарэчы,

Адна ўжо постаць яе лечыць,

І лепш за ўсякіх дактароў.

 

А д з і н

Сястрыца, радасць наша!

 

Д р у г і

О фея добрая, ура!

 

Т р э ц і

Благаславенна боляў чаша:

        У ёй крыніца ёсць дабра —

Вы, мілая сястра!

 

Ч а ц в ё р т ы

Што новага, сястрыца?

Як доўга быць тут нам?

 

П я т ы

Мой рай — бальніца,

І век я быў бы там,

Дзе ёсць такая чараўніца.

                  А ёй не нова гэта зʼява,

І гэта стрэча, і парад,

І той вясёласці зарад.

        Яна глядзіць на ўсіх ласкава:

Хіба ж пабачыць не цікава,

Як кожны ранены ёй рад?

І проста, ветла і адкрыта

Пытае, хто прыбыў пазней,

Ці быў у доктара ці не,

І піша спісак дзелавіта,

А ў мыслях тоіць штось нібыта,

Бы план, надуманы раней.

Ды сэрца як пазнаць дзявоча

        І тайны пульс яго згадаць,

Каб дзеўчай тайнай аўладаць?

Яна сама ідзе ахвоча

Да гэтых хворых, бо не хоча

Іх непакоіць, турбаваць.

Падыдзе, спыніцца, спытае

Імя і прозвішча і часць,

Жычлівым поглядам абдасць.

І гэты погляд, яснасць мая,

Даўжэй, карочай затрымае,

        А хворым — козыры пад масць.

                  Дзяжа настроены варожа

Па раду цэламу прычын

Супроць нявернасці жанчын,

Глядзеў сурова з свайго ложа

І думаў — хоць ты і прыгожа,

Ды не кранеш мяне — амін!

І абмяркоўваў нават планы,

Які павінен выгляд мець,

Каб халадней яе сустрэць.

        Аж тут яна нейк нечакана!

Зірнула хораша, аддана,

Як можа дзеўчына глядзець.

Спытала прозвішча, зірнула.

 

С я с т р а

Барыс Міхайлавіч вы? так?

                  І на яе зірнуў юнак.

Усмешка дзеўча прамільгнула

І сэрца жорсткае кранула,

І абяззброен мой ваяк.

 

Д з я ж а

А скуль вядома вам

        Імя маё, сястрыца?

 

С я с т р а

Адказу я не дам,

Бо гэта — таямніца.

 

Д з я ж а

Мне ж так і не дано

Вайсці ў святых святое?

 

С я с т р а

Вы мысліце адно,

А вынікне не тое.

 

Д з я ж а

Вы — піфія, даруйце мне, сястрычка:

                  Патрэбны тлумачы,

                  Каб мне тут памагчы,

        Хоць кончык нітачкі убачыць невялічкі

                  І даць парады,

Як разгадаць загадкі і шарады.

 

С я с т р а

Прыйду вам на падмогу.

                  Не будзьце злы,

І выйдзеце з імглы

На верную дарогу.

 

Д з я ж а

А каб поўная гармонія была,

                  Спакой душы і сэрцу мір,

То дайце заадно ўжо і Псалтыр,

        Як шчыт, гарантыю ад зла.

 

С я с т р а

Вы ў настрою,

І гэта — добры знак,

Ды помніце, аднак,—

Было калісьці штось такое...

Зірнула хітра, пранікліва,

Кіўнула — ёй ісці пара...

Што значыць гэта ўся ігра?

Інтрыжка? жарцік дураслівы?

І ён раздумвае маўкліва,

        На што ківала тут сястра?

Сусед — паручнік — пазайздросціў:

Аб чым жа гэта наш герой

Шаптаўся доўга так з сястрой?

Няўжо пра любасці-мілосці?

І трошкі мучыўся ад злосці,

Ну проста знізіўся настрой.

 

П а р у ч н і к

                  Знаёмая?

 

Д з я ж а

                  Не болей, як і вам.

 

П а р у ч н і к

                  Аднак жа час яе візіту,

                  Ды шапатком яшчэ прыкрыты,

                            Гм!.. за сябе гаворыць сам.

Маргнуў паручнік хітравата,

Як бы раскрыўшы тайну змоў,—

Без тлумачэння ясна, моў,

Але Барыс маўчаў зацята,

Сваімі мыслямі заняты,

Каб сэнс уцяміць яе слоў.

І раптам думка, як зарніца,

Узлётам крылляў агнявых

        Рассекла мрок у адзін міг,

І стала яснай таямніца:

Была ж яшчэ адна «сястрыца» —

Аб ім была гаворка ў іх!..

І як жа гэта магло стацца —

Тут сам сябе ён пажурыў

За гэты памяці прарыў —

Забыць «сястрыцу»? забыць «братца»,

Якім не грэх пацалавацца?

Ну як пра Галю ён забыў?

                            Другою сцежкай-пуцявінай,

На украінскія палі

Яго развагі паплылі.

У сэрцы туляцца ўспаміны

Пра тыя слаўныя хвіліны,

Што разам з Галяй правялі.

І сама Галя, як жывая,

Яе даверлівасць і страх

І шчырасць ясная ў вачах,

Што гэтак хіліць, зазывае,

        Цяпер у памяці ўсплывае

І гоіць боль яго зняваг.

Успомніў ён і абяцанне

Падаць ёй вестку аб сабе...

Вось дзе разгон яго журбе!

І ён, як нейкае літанне,

Складае ў мыслях ёй пасланне

Пра свой замкнуты кругабег.

                  Прыблізна вось у якім тоне

Плыве, цячэ з душы само

        Яго журботнае пісьмо,

Граніц не знаючы ў разгоне:

                  «Мой любы друг, сястрычка Галя!

Я так пакінут, адзінок!..

Маё пісьмо — жальбы вянок,

Пакут суцэльныя скрыжалі,

І я цяпер гляджу без жалю,

Куды прычаліць мой чаўнок.

Быць можа мне і не да твару

Такім пісьмом вам дакучаць,

        Ды цяжка, Галя, мне маўчаць,

Насіць, таіць атруты чару,

І я вас выбраў як ахвяру,

Каб зняць маўклівасці пячаць.

Калі я ў мыслях кіну вокам

На ўсе падзеі гэтых дзён,

Яны ўстаюць, як цяжкі сон,

Працяты жудасцю і мрокам...

Як свежа ўсё, а як далёка

Гучыць прыглушаны іх звон!..»

                            Але ў разгар натхнёнай плыні

Пачуццяў, вобразаў і слоў

Сястра ідзе сюды ізноў

І бег лірычных думак пыніць,

Чытае спісак з важнай мінай,

Не прапускаючы чыноў.

                  Чыны і прозвішчы, імёны...

У спіску тым і мой герой.

Лірызм прапаў. Другі настрой.

Другая песня, ў іншых тонах.

        Асоб, у спіску памянёных,

Чакае доктарскі пакой.

                  Дзяжа, крыху усхваляваны,

Надзеў свой больнічны халат

Ды йдзе на доктарскі агляд,

Нясе кантузіі і раны,

Аж тут выпадак нечаканы —

Сястра... заве яго у сад!

Ну як такой сястры пярэчыць?

І не мужчына быў бы той,

        Калі б ёй раптам даў адбой.

К таму ж яшчэ, сказаць дарэчы,

Якраз аб гэтакай сустрэчы

У думках марыў мой герой.

І ён забыў настрой самотны,

Лірычны тон і дактароў,

Пачуўся нават, што здароў.

З сястрой у сад ідзе ахвотна,

Прыгодам сэрца мімалётным

Аддаць падатак ён гатоў.

        Сястра ж спытала мімаходам:

С я с т р а

Скажыце праўду, што цяпер

У вас на мыслях, кавалер?

 

Д з я ж а

Я думаю — прыемная прыгода,

                  Але жанчынам

                  Не вер ніякім чынам,

                  Сястры — і то не вер!

 

С я с т р а

Не надта мілае сцвярджэнне...

На чым заснована такое заключэнне?

І погляд гэтакі пануры?

 

Д з я ж а

        На хісткасці жаночае натуры.

 

С я с т р а

Ну, песенька старая!

На тысячы спявалася ладоў.

                  Як людзям, ёй гадоў.

Ці стойкая ж сама натура тая,

Што песеньку старую паўтарае?

                  Яна закінула галоўку

Ды зазірнула ў вочы так,

Што мой герой зусім адмяк,

Забыць гатовы забастоўку

        І тон свой строгі, устаноўку,

Ды ў рукі ўзяў сябе, аднак.

 

Д з я ж а

Не так багаты гэтым дарам,

Каб мог працівіцца я вашым чарам.

 

С я с т р а

                  Каторы ж раз

Спяваеце на гэтыя матывы?

 

Д з я ж а

Сястрыца! скептык вы на дзіва,

                  Не разгадаю вас.

Адно магу сказаць: сястра

                  На язычок вастра,

        Вузельчыкі ж яе не лёгка развязаць,

Каб разгадаць яе сакрэты і намёкі.

 

С я с т р а

Разгадка ж ім зусім тут не далёка.

 

Д з я ж а

Час з часу не лягчэй —

Канца няма палону!..

Рассуньце жа хутчэй

Таемнасці заслону!

 

С я с т р а

Даруйце мне, што я вас інтрыгую.

                  Але не вінна ў гэтым я —

                  Такая місія мая.

        Ідзіце ж унь туды — убачыце другую:

Яна разгадка недаказу,

І ясна ўсё вам стане зразу,—

І на альтанак паказала.

Там, у цяні купчастых ліп,

Туліўся круглы стол, як грыб.

Бародка зелені прыўдала

Наўскруг вілася ўскрай прагалу,

Прыгожа тулячы агіб.

Зірнуў пад шаты лісцяныя,

        І бачыць здзіўлены Барыс

Дзявочай постаці абрыс,

І сэрца ў нейкім смутку ные

Ды мкне яго пад сховы тыя,

Дзе спушчан зелені карніз.

Ступае крок, ідзе нясмела.

Ён тут адзін, няма сястры —

Сястра дзесь знікла ў гушчары.

Глядзіць, спыняецца знямелы:

Яна ці здань ў адзенні белым?

        Прывід мінулае пары?

 

Д з я ж а

Насця, ты?

 

Н а с ц я

                  Барыс, мой любы, залаты!

І больш чакаць яна не ў сіле,

Стрымаць не можа свой парыў,

Сама бяжыць на той прызыў,

Усё забыўшы ў гэтай хвілі,

І да яго яе ўсю хіліць

Бяздумнай радасці прыліў.

Падбегла, рукі палажыла

        Яму на плечы згарача,

Упаўшы тварам да пляча.

Хіба ж таго не заслужыла,

Каб ён зірнуў ласкава, міла,

З даўнейшай прыязню ў вачах?

А ён адводзіць яе рукі

І адступае крок назад.

 

Н а с ц я

                  Ты мне не рад?

Знімі ж з мяне хоць мае мукі

Ды дай пачуць мне тваё слова

        І не судзі мяне сурова!

 

Д з я ж а

Судзіць? а за што, Насця?

За тое, што другі

Табе больш блізкі, дарагі?

Хто ж можа сэрцу прыказаць

Да мілага пуціны завязаць,

Праграму сэрцу скласці?

Ты вольна ў выбары сваім...

Канец ілюзіям пустым!

А тое, што было,

        Травою зарасло,

Развеяна, як дым...

Я крыж паставіў над былым,

І да яго няма звароту!

 

Н а с ц я

Няма?.. І гэта ўсё? і больш нічога

Не засталося ад былога?

Яго ты кінуў, як дуроту?

 

Д з я ж а

Не: ў спадчыну пакінуты руіны

Разбітых мар у выцвіўшай красе,

І іх вятруга растрасе,

        І будзе цень адна — ўспаміны.

 

Н а с ц я

                  І не спытаеш ты мяне,

                  Чым я жыла, чым я жыву?

Які цяжар мне паў на галаву?

І смутак мой цябе ўжо не кране?

 

Д з я ж а

Я верыў, Насця, твайму смутку,

І гэты смутак мяне вёў

Між смерці, трупаў і дратоў.

Каго ж знайшоў я? баламутку,

Каб не сказаць яшчэ і горай,

        Ды каханка яе у шпорах.

 

Н а с ц я

                  Ну, што ж? хай буду вінавата,

Але ці змераў ты маю віну?

У сэрца мне ці зазірнуў

                  Вачамі друга, брата?

Ды не апраўдвацца прыйшла я,

Не для таго, каб зноў цябе вярнуць,

                  Бо сэрца не крануць,

Калі яно каханнем не палае.

                  Адно мяне таміла

        І мучыла бяскрайняю журбою —

Няведанне, што сталася з табою,

                  Ты знік, як немая магіла.

Цяпер жа я шчасліва ўжо і тым,

Што я цябе знайшла і цэлым і жывым.

Што больш казаць?.. Бывай

І ліхам ты мяне не памінай

Ды аба мне не думай ты фальшыва.

 

Д з я ж а

Ідзеш?

 

Н а с ц я

Іду. Бывай шчаслівы!

 

Д з я ж а

        І гэта ўжо — канец,

Трагічны міг развязкі?

 

Н а с ц я

Не трэба вымучанай ласкі:

Яна — цярновы мне вянец

І чарка горычы, налітая праз край.

 

Д з я ж а

Мяне ты пакідаеш?

 

Н а с ц я

Ты гэтага жадаеш.

        Бывай!

І борзда цвёрдаю ступою

Пайшла Настуся між прысад,

Не азірнуўшыся назад,

        А ён з зацятасцю тупою

Стаяў з паніклай галавою

І разважаў, хто вінават.

 

 

XX

МІТЫНГ

Братва хвалюецца глыбока

І пад настроем баявым

Гудзе патокам веснавым,

Далоў эсэраўскія блокі!

Даволі іхняе марокі —

Эсэр — буржуйскі падхалім!

Бурліць народ. Яго ж не мала!

Народ, і не абы-які,

А бунтары бальшавікі:

        Рабочых цэлая навала

І дэлегацыі з Урала

І ад палкоў прадстаўнікі.

Іх вочы — грозныя маланкі,

Іх словы — молаты і гром,

Іх рухі — штурмы напралом!

Настрой — агонь і жар вагранкі.

Дык памятайце ж, падпанкі,—

Пытанне ставіцца рабром!

Што, пакарыцца іх загаду?

        Паслухаць служак буржуёў,

Іх падхалімаў, халуёў,

Што ў іх хвасце плятуцца ззаду?

Хто ім даруе гэту здраду?

Далоў іх, гэтакіх сыноў!

                  Дык як жа тут не абурацца?

Дайсці да нізкасці такой —

Сваею ўласнаю рукой

Ва ўласным глупстве распісацца;

Аддаць загад — не бунтавацца

        Супроць вайны? Вайны якой?!

                  Драпежніцкай,

                  Грабежніцкай,

За кабалу рабочых мас,

Працоўнага сялянства!

Даволі ашуканства!

Годзі чмуціць нас!

                  Тры гады вайны праклятай!

Тры гады, як адзін дзень!

Ты ж маўчы, вайны не кратай —

        Хай знішчаюць нас у пень!..

Так бязглузда, так адкрыта

Стаць на бок купцоў, паноў!

Дэманструй, братва, і квіта!

Прэч вайну гэту! далоў!

Прэч эсэраў і кадэтаў!

Прэч, далоў меншавікоў!

Хай жыве бой за Саветы!

Вось ён, лозунг наш якоў!

                  Такі настрой на гэтым сходзе,

        Задор мяцежны, малады

Прамоўцаў, масы — грамады:

На дэманстрацыю і — годзе!

Ці той загад ім перашкодзіць?

Дарэмна, марныя труды!

                  Штурмуе вецер іх плакаты

З-за конскай звілістай дугі,

Палошча сонца іх сцягі

І напіс лозунгаў стракаты

Чытае, сыплючы дукаты

        На металічныя рагі,

Гатовы ўсе да дэманстрацый

Супроць вайны і яе мэт.

У бой за Ленінскі Савет!

За дыктатуру творчай працы!

Халупам — мір, вайна — палацам!..

Нараду скончыў камітэт.

Выходзяць блузы, гімнасцёркі —

Таварыш Шкунда іх вядзе.

Апладысменты ў грамадзе —

        Салют, увага да пяцёркі,

Паволі моўкне шум гаворкі,

І мітынг сцішана гудзе.

Усе чакаюць з нецярпеннем

Рашэння іх, сваіх людзей,

Наконт сягонняшніх падзей,

І ўжо адно іх паяўленне

Вітаюць громам адабрэння

І ў тлум сціскаюцца шчыльней.

                  — Таварышы! —

        І ўсё сціхае.

На голаў вышай грамады

Стаіць ён, жылісты, худы,—

Сам Шкунда, кепкаю махае.

 

Ш к у н д а

Рэвалюцыйныя салдаты

Разам з пралетарыятам

                  З прычыны

                  Трэцяй гадавіны

                  Вайны праклятай

Павінны выказаць сягоння

        Ўсё бальшавіцкае бяздонне

Непрымірымасці зацятай

                  І пратэсту

Вайне разбойніцкага трэсту!

Таварышы! Для гэтай мэты

                  Мы і прыйшлі сюды.

Атрэпʼе ж рознае, шкілеты,

Золатапагоннікі, кадэты

                  І хеўра іншае брыды

Расстроіць хочуць нам рады.

                                    І гэты зброд

                  Тупагаловы

                  Пускае ў ход

                  Паклёпы, змовы,

                  Правакацыі.

А гора-рэвалюцыянеры,

                  Іх падбрэхічы, эсэры

                  І меншавікі,

Прыказ зварганілі такі:

«Забараняюцца дэманстрацыі!»

                                    Таварышы! празрыста

                  Уся іх махінацыя...

 

Г о л а с

Прыслужніцтва, турбацыя

За справы імперыяліста!

 

Ш к у н д а

Таварыш, правільна,

Ды гэтага ім мала,

Бо наша партыя

Упоперак іх горла стала:

Яна адна стаіць на стражы

Патрэб рабочых і сялян

        І выкрывае ўсякі зман,

Яна адна ім праўду кажа,

А гэта праўда коле вочы

Кадэтам, афіцэрам,

Меншавікам, эсэрам

І ўсім, хто волі нам не хоча.

Ды мы наперакор

Загадам іхнім, пастановам

Напорам выступім сталёвым...

На плошчы! На прастор!

        А супроць іх варожай змовы

Мы знойдзем кованыя словы

І вынесем вайну! Вайна палацам!

Улада ўся — Саветам!..

Галасую — хто за гэта?..

На дэманстрацыю!

                  — На дэманстрацыю! — грымуча

Грамыхнуў гуд у грамадзе,

І Кама водгуллем гудзе,

Адным акордам бунту лучыць

        Свае грамады, горы-кручы

І грудзі ўзрушаных людзей.

Мільгнулі дружна сцягі-макі

Пад пругкім ветравым крылом

Жывым, палаючым агнём,

І мітынг толькі сочыць знакі

Наперад рушыць, як ваякі,

На штурм пад песенны той гром.

                  І раптам крык:

                  — Таварышы! слова!

        Гэта — бунт, правакацыя, змова!

На пагібель вас вядзе бальшавік!

                  Субʼект напорысты, кудлаты —

Эсэр, эсдэк ці то кадэт —

Адзін іх пах, адзін букет —

З натоўпу вылецеў гранатай

І тон адразу ўзяў зацяты,

Бʼючы ў прамове на тандэт.

Н а п о р ы с т ы с у бʼе к т

Гіне ў анархіі Расія,

А вы, расколы, дэзерціры,

        І знаць не знаеце аб міры,

Учынкі чыніце ліхія,

Уносіце разлад

Паміж рабочых і салдат!

Вы ідзяце на праступленне!

Дзе ваша чэсць і доўг? сумленне?

Адказнасць дзе перад Айчынай

І рэвалюцыйнай дысцыплінай?

Нам трэба мір, нам трэба згода,

Адзіны фронт

        І гарызонт:

У небяспечнасці свабода...

Вы — адшчапенцы, канаводы,

Слепакі,

Бальшавікі...

Але свабоды вам не шкода?..

 

Г о л а с з г р а м а д ы

Разводзь, разводзь, доўгавалосы,

Турусы на калёсах!

 

Д р у г і

Даволі! Не сунь носа

Ў чужое проса!

 

Т р э ц і

        Не слухайце кадэцкіх слоў!

 

Г а л а с ы

Вон! Прэч яго! Далоў!

 

І тут з натоўпу, як спружына,

На сцэну выскачыў Бурдзін,

К трыбуне — шусь! і ў міг адзін,

Не запытаўшы звання, чыну,

Тузнуў аратара і скінуў.

 

Б у р д з і н

Даволі! злазь, грамадзянін,

А то не гэтак пачастую!

 

«Г р а м а д з я н і н»

                  Я пратэстую!

        Але пратэст зацёрся ў шуме,

І сам прамоўца знік у тлуме,

Прамовай стрэльнуўшы ўпустую.

 

Ш к у н д а

Таварышы, пад сцяг!

 

Г а л а с ы

Вайна старому свету!

Улада ўся — Саветам!

На новы шлях!

                  І рушыў мітынг цвёрда ў ногу

Ад гут і камскіх берагоў

Пад шэлест чырвані сцягоў

        І вецер мітынгу ў падмогу

Шыбуе з ім ў адну дарогу.

Дарога ж звадна — будзь гатоў!

А побач з імі тлумным шляхам,

З куслівым жарцікам, смяшком

Паўзе зладзейскім ланцужком

І вораг іх, і зброд усякі,

І проста вулічнік, зявакі,

Адным зʼяднаныя душком.

Іх тлум расце, іх злоба тлее,

        І кпіны чуюцца смялей

Відовішч ім, скандальных дзей!

А чым сунімеш дуралея,

Калі занадта абнаглее

Нахабны гэты дабрадзей?

                  Такія стрэчы і праявы

У тых, што цягнуць за вайну,

Бальшавікам не ў навіну.

Ды ім пляваць на крык плюгавы

Правадыроў мяшчанскай справы,

        На іх паклёпы і ману.

Ім трэба біць з пляча ў асновы,

Па тых суках і каранёх,

Дзе вораг класавы залёг,

Ды выкрыць фальш яго і змовы

І блуд яго ўвесь ідэёвы

І сэнс ваенных перамог.

І Шкунда верыць, верыць цвёрда

У калектыўны розум мас,

На гэты ж лямант і галас

        Глядзіць зняважліва і горда —

Свішчыце ў чэсць банкіра, лорда:

Вы іх прасвішчаце якраз!

Злуе абывацель,

Разводзіць рукамі —

Не будзе спакою

З бальшавікамі!

                  Чыноўнік абуран —

                  Навошта ж прыказы?

                  У корані знішчыць

                                      Логва заразы!

А палітыканы

Сіпяць як гадзюкі,

Прарочаць няшчасце,

Розныя штукі:

                  Анархію, голад,

                  Бяскрайнасць разрухі,

                  Пагібель Расіі,

                  Вольнаму руху..

На варту закону

        Выходзяць эсэры —

Ужыць непрыменна

Нейкія меры!

А дэманстрантам што да тога?

Грыміць Інтэрнацыянал.

Вось горад. Вуліца. Квартал.

Праспект Сібірскі, шыр-дарога,

Казармы побач. Люду многа,

Разгон для мітынгу! Прывал!

Акінуў Шкунда «поле бою» —

        Ён у калоне галаўны,—

Пачаць вайну тут з-за вайны!

І кепку зняў, махнуў рукою.

Узрушан трохі, ды ў настрою

І грымнуў, кінуў перуны.

 

Ш к у н д а

                  Мінае сягоння

                  Тры роўна гады,

                  Як гіне ў акопах

                  Наш цвет малады —

                  Працоўныя масы

                                      У шэрых шынелях,

                  І гінуць завошта?

                  Разбойнікі біржы

                  На нашых касцях

                  К мільёнам крывавым

                  Пракладваюць шлях,

                  Нам глумяць галовы

                  Кадэт і эсэр,

                  Што мы за свабоду

                  Ваюем цяпер.

                                    Таварышы! Гэта —

                  Няпраўда, мана:

                  Купцу і буржую

                  Патрэбна вайна —

                  Для нашага рабства,

                  Нашай няволі

                  Патрэбна вайна ім!

                  Так, і не болей!

                  Даволі карміць нам

                  Пачварных чарвей!

                                    Зніміце, сляпыя,

                  Павязкі з вачэй!

                  А нашы ж

                  Рэ-ва-лю-цыянеры

                  Згубілі пачуцце

                  Усякае меры:

Забараняюць нам пратэсты

Супроць грабежніцкай вайны!

Гэта — саюз іх патайны

І розных змоўнікаў і бэстый!

        Яны, буржуйскія халопы,

Рыхтуюць гроб працоўным масам!

Не верце словам, выкрутасам

Магільшчыкаў і далакопаў!

                  Грыміць прамоўца на ўсю плошчу,

Натоўп расце, народу цьма.

Крык, воплеск, свіст, ну — куцярма!

А ён — худы, сухі як мошчы.

Пытлюе ворагаў і хвошча,

Нікому літасці няма.

        Развенчан Керанскі пыхлівы

І цэлы рад меншавікоў.

У гразь утоптан Мілюкоў,

Замах яго смяхотна-хцівы

Ды Дарданельскія пралівы

З усіх асуджаны бакоў.

Народу болей падсыпае.

Салдаты ціснуцца з вакон,

Буржуйкі выйшлі на балкон,

Чыноўнік вухам прыліпае,

        І нават поп з двара клыпае,

Як нейкі казачны дракон.

Сіпіць нянавісць тут і злоба,

І градам рэплікі ляцяць,

Каб падкусіць мацней, падцяць.

Гарыць варожая вантроба,

Бальшавіка гатова ўгробіць

І на крыжы яго распяць.

І раптам...— дзінь!..

Адкуль і дзе і што яно?

        Бутэлька гвазнула ў вакно!

Момант адзін —

Падняўся крык, дрыжыць казарма

Ад мацюгоў і ад пагроз —

За што стралку разбілі нос?

 

Г а л а с ы з к а з а р м ы

— Эй, сволачы! Не пройдзе гэта дарма!..

— Ану, рабятушкі, ударма!

— На пазіцыю! На плёс!

Завыў натоўп і абаронцы.

 

Г а л а с ы з в у л і ц ы

— Глядзіце — вось бальшавікі!

        — Вось іх сапраўдны твар які!

— Лупнуў, бі, трасца іх пячонцы!

— О вы, нямецкія чырвонцы!

— Дэзерціры! Вахлакі!

                  Усё звілося ў завірусе.

Салдаты мкнуць з усіх старон,

І іх не менш як батальён.

 

В а р о ж ы я г а л а с ы

— Змятай заразу з святой Русі!

— Да дысцыпліны іх прымусім!

— Улада ёсць, ёсць і закон!

 

Ш к у н д а

                                    Спакой, таварышы, спакой!

                  Тут правакацыя! Пастой!..

І ён руку падняў угору,

А сам збялеў як палатно,

Ды слоў яго ўжо не чутно.

Бушуе ўспененае мора.

І выпаўз з яго нетраў-нораў

Агідны, слізкі, цэпкі спрут

І чыніць дзікі самасуд.

 

На бруку кроў. Шматкі плакатаў.

        Сцягі... На голых камянях

У крывацёках-сіняках

Ляжыць і Шкунда... збіты, змяты...

Пытанне ўсё ж стаіць напята:

А хто ж каго тут перамог?

 

 

XXІ

ЗМОВА

На фронце ціха і злавесна.

Як пыл, асеў ваяцкі дух,

Салдатам вораг — брат і друг,

І саматугам дружна, цесна

Пра мір з ім гутараць сумесна,

Знаёмства шырачы свой круг.

Ды ўсё ж салдаты для адчэпкі,

Каб голас «доўгу» іх не грыз,

Такі паставілі дэвіз:

        «А фронт трымаць мы будзем крэпка.

Хто ў наступленне — башка ў шчэпкі,

А правакатарам біць чмыс!»

                  Між афіцэрам і салдатам

Варожасць чуецца вастрэй —

Ты, благароддзе, не дурэй

І не камандуй нашым братам.

Спраўляй памінкі сваім святам —

І самі можам весці рэй!

І генерал хай не балуе,

        Хай зменіць нораў свой круты.

Мы ім прыпомнім «доўг святы»!

Даволі быў салдат халуем,

А ваш загад прагаласуем —

Ці вешаць кішкі на драты.

                  Сышлі са сцэны генералы,

Пайшлі палкоўнікі на звод —

Іх лёс рашыў салдацкі сход,

І капітану ходу мала,

І толькі «прапар» заняпалы

        Сям-там ліпеў, як згніўшы плот.

У войску тлум і калатуша.

Хто за вайну, мільён супроць.

Другім гарачкі не пароць,

І пад шумок выносяць душы

Дамоў да жонкі, да любушы

Папесціць стомленую плоць.

                  Паныла змоўклі афіцэры,

І між салдат іх не відаць,

А між сабою не маўчаць,

        Хоць зачыняюць шчыльна дзверы,

Каб у іхнія намеры

Не пранікла «шэрых» раць.

Паручнік Далін злы, сярдзіты,

Хоць з віду і спакойны ён.

Згрызот у Даліна мільён,

Яго надзеі ўсе разбіты:

Той жа «заразай» фронт заліты.

І армія ідзе на скон,

А з ёю гіне і Расія,

        У гразь раняе воблік свой,

Ды хто парупіцца аб ёй

І гэту ганьбу з яе змые?

Ярмо цяжэйшае на шыю

Уздзене ёй нямецкі гой.

Перад калегамі ў зямлянцы

Бічуе Далін рэчаў стан

І выкрывае той «туман»,

Што напусцілі ашуканцы,

Адшчапенцы, галадранцы.

        І супроцьставіць ім свой план.

 

П а р у ч н і к Д а л і н

Шугае шал і чмут,

Салдацкая сваволя,

А мы... чаго мы тут?

Якая наша роля?

Глядзець, як салдатня,

Прыняўшы воблік звера,

Наглее дзень ад дня,

Не ведаючы меры?..

Тут слоў не шкадавалі,

        Завілістых і пышных слоў,—

Не зрушылі «аслоў»

Высокіх шціляў хвалі!

Наш глаўкагаварун,

Віхлясты хвост сабачы,

Адкінуўшы бізун,

Не вырашыў задачы.

Свабодзе і Айчыне

Супроцьпаўстала скура

І скурная натура,

        Расія ж няхай гіне:

Рабам нямыслячым яна —

Гук пусты, паўгроша ёй цана!

 

П а р у ч н і к Г у л ь б і н

Анархія, браток, зайшла далёка.

Кладзі вясло, плыві па волі рока.

 

К а п і т а н К у н а ш ы н

Непраціўленне злу?..

Ды ведай, дружа, меру:

Яно да твару больш аслу,

Чым афіцэру.

 

Г у л ь б і н

Калі быць абʼектыўным,

        Дык тут не трэба солі,

Бо мы, як гэта ні дзіўна,

Даўно ў аслінай ролі.

 

К у н а ш ы н

І ты апраўдваеш яе!

 

Г у л ь б і н

Я факты канстатую.

 

Д а л і н

                  Шаноўныя мае!

Пакінем выстралы ўпустую.

Не ў гэтым справа,

Што прадстаўляем мы сабою,—

Мы — парыі без сілы і без права,

        У шчыліны загнаны салдатнёю.

Фальшыва наша палажэнне:

Мы — ворагі, праціўнікі свабоды,

Бо мы рабілі перашкоды

Ганебнаму на фронце паражэнню.

Але цяпер — шабаш:

Сляпым і то ўжо ясна,

Што стан сучасны наш —

Гармідар і кірмаш

І армія загінула бясчасна.

        Тлень гнуснасці і смроду

Адзелася ў адзежу ліберала,

Уславіла і брацтва і свабоду,

І роўнасці ў правах злажыла оду,

І «справядлівы» мір паабяцала

У дэкларацыях высокіх канстытуцый

«Мір без анексій і без кантрыбуцый!»

І вот вам рэзультаты

«Гуманнай» іхняй ролі:

Разбэшчаны салдаты

        Як нідзе ніколі,

У арганізм жывы, адзін

Забіты востры клін,

І армію надвое раскалолі,

І арміі няма ўжо болей,

Бо смродам аддае

Жывы шчэ труп яе,

І контуры відны яе магілы.

Ёй эпітафію ўжо можна напісаць:

«Памерла «доблестная» раць

        Ад дэзерцірыі і бальшавіцкае бацылы».

 

К у н а ш ы н

Не кепска ты сказаў,

Ды я яшчэ б дадаў:

«А вылечыць яе ад гэтай дуры

Магла б рука ваеннай дыктатуры».

 

Г у л ь б і н

Па часе, капітан, рэцэпты,

Вы момант упусцілі:

Дыктатарства будуецца на сіле,

Дыктатарства без сілы — бабʼі шэпты.

На дыктатара, дружок мой, стаўка біта!

        Карнілаў выступіў, і што ж?

Шуму на рубель, карысці ні на грош —

Сам арыштаваны і — квіта!

 

К у н а ш ы н

Няверны ты Хама

І скептык мяккацелы.

Не выйшла раз — дарма,

Паўторым спосаб смелы.

Карнілаў не адзін

Русі дастойны сын,

Не ўсіх зараза захапіла,

        І не ўсе палі духам,

Ёсць верныя палкі,

Ёсць нашы казакі,—

Хіба гэта не сіла,

Не можа стаць абухам,

Каб здраду аглушыць,

Заразу задушыць

І вывесці краіну

На верную пуціну?

 

Г у л ь б і н

Хто ж зробіць усё гэта?

        Такога чарадзея

Гісторыя легендамі авее,

Уславіць песнямі паэта.

І першы я, пачуўшы яго клік,

Пайду на смерць за ім, як на пікнік,

Ды гора толькі ў тым,

Што ўсё гэта — ілюзіі і дым.

 

К у н а ш ы н

А не заслона дымавая,

Не тэорыя бяссілля, каб у ёй

Схаваць інертнасць і спакой —

        Мая, моў, хата з краю?

 

Г у л ь б і н

Заслоны розныя бываюць,

І сумятнёй актыўнасць прыкрываюць.

 

Д а л і н

Пакіньце слоўную дуэль

І дайце дасказаць мне слова.

 

Г у л ь б і н

Валяй! Няхай жыве прамова,

Хоць з прамовамі і селі мы на мель.

 

Д а л і н

Дык факт такі,

Што армія як такавая

Апошнія мінуты дажывае,

        А мы ў ёй — лішнія сукі,

Без голасу, без права,

І супраць нас

Нянавісць выклікана мас

І сям-там робіцца аблава.

Бальшавікі,

Выходзячы з свае дактрыны,

Распальваюць інстынкт звярыны,

І тэзіс іх такі:

«Афіцэрства — класавы наш вораг.

        Кладзі пад яго порах!

Бяры яго ў штыкі!»

А мы пад здрадніцкі іх шум

Не сходзім з свайго поста,

Пакорна зносім глум

Апошняга прахвоста.

Анархія расце,

Гусцее ком бязладдзя,

Мы ж цягнемся ў хвасце,

Як нейкае азаддзе.

        Мы ўсё яшчэ ў няволі

Традыцый і закона.

Закона ж і няма,

Ёсць проста — куцярма.

Дык час сказаць «даволі»!

Бо скінута заслона,

Не можам ваяваць,

Пакончым жа з гульнёю:

На фронт прапашчы напляваць

І ўзяць разлуку з салдатнёю!

 

Г у л ь б і н

        Сказаць прасцей,

Паручнік дабрадзей,—

Падацца ў дэзерціры,

Забыўшы аб вайне і міры?

 

Д а л і н

О не, дружок!

Не — гэта — першы крок,

Пачатак справы.

Не ўсімі ж наша Русь забыта,

Не ўся яна ўканец заліта

Атрутай здрадніцкай аравы.

        Дык вось мой сказ:

Настаў той час,

Калі і мы

Сказаць сваё

Павінны слова —

Даволі цьмы!

Прэч, гадаўё!

Пачнецца іншая размова.

А для таго,

Каб слова словам стала,

        То то трэба, каб яго

І сіла падтрымала.

І выхад тут адзін:

Хто Русі верны сын

І сэрца ў кім жывое —

Пад сцяг вайны! Да зброі!

Збавенне рыхтаваць!

А клік наш баявы —

Хто чэсны, хто жывы —

Расію ратаваць

        І збавіць ад турмы,

Ад здрадніцкіх намераў.

А сіла — гэта мы,

Мы, кадры афіцэраў!

Расія ёсць, быць мусіць і закон...

На Дон!

На ціхі, вольны Дон!

 

К у н а ш ы н

Правільна, паручнік, верна!

Да слоў тваіх,

Гарачых і святых,

        Я далучаюся ўсямерна...

Не кончана ігра,

І песня не дапета.

А скептык наш — ура! —

Што скажаш ты на гэта?

 

Г у л ь б і н

Ну, што ж? У добры час!

Пашлі нам, госпадзі, збавенне з Дону!

А ціхі Дон не раз

Апораю быў трону.

І гэты план,

        Шаноўны капітан,

Я цалкам адабраю,

Бо як бы ні было там,

Не хочацца і мне

Стаць санкюлотам

І жыць у іхнім раю.

Але, прызнацца шчыра,

Не верыцца штось мне,

Што сіла наша іхнюю самне

І выцягне Расію з віру.

        Давайце разважаць цвяроза

І праўдзе пазіраць у вочы смела

Напышлівая поза,

Рамантыка — не дзела,

І першае пытанне:

Пад лозунгам якім

Мы з ворагам сваім

Пачнем гэта змаганне?

А вораг — не дурак:

Ён знае, чым і як

        Завабіць мільёны.

Сказаў ім: «Смерць буржую!

Далоў вайну чужую!

Гуртуйцеся ў калоны

Рабочых і сялян!

Ганіце вон купцоў,

Паноў, святых айцоў,

Што ўводзяць вас у зман.

Бярыце іх набытак,

Бо ён не іхні — наш,

        І ўся зямля наўсцяж —

Законны наш спажытак.

Рабочым — заводы,

Зямлю — сялянству,

І поўная свабода,

Магіла ашуканству!

І сам — будзь ты ўладар

І поўны гаспадар».

А мы чым можам казырнуць

У процівагу?

        Чым можам павярнуць

К сабе сярмягу?

Абстрактнаю праграмай,

Законнасцю, парадкам?

Ці смутай гэтай самай,

Трагічнасцю выпадка?

Калі ж не прыйдуць к Дону

Дняпро, Нява і Волга,

То нашаму разгону

Песенька не доўга.

 

К у н а ш ы н

        Наперад ты не забягай,

Не стаў свайго прагнозу.

 

Г у л ь б і н

Я што? Маўчу — няхай!

І Божа памагай —

Цуд можа стаць з курʼёзу.

Падтрымліваю план —

І мне па сэрцу ён.

Я з вамі, капітан!

Няхай жыве наш Дон!

 

Д а л і н

Калі сабʼём касцяк,

        Акованы бранёю,

То лозунгі — пусцяк,

Мы пойдзем напрасцяк,

Пакончыўшы з гульнёю

У згубныя ідэі.

Ідэі-неданоскі,

І ўсё тады знямее

Ад горада да вёскі.

 

 

XXІІ

ПАСЛЯ МІТЫНГУ

Ад паўночных пушчаў дзікіх

Да стэпаў, залітых сонцам,

                  Ад раўнін да гор

Ходзіць гоман стоязыкі,

Разнастайны, мнагалікі,

Штодня новы і бясконцы,

                  Як і сам прастор;

Ходзіць тысячамі сцежак,

Дзе ступаюць толькі ногі

                  І ёсць хто жывы...

Легла цемра на узмежак,

Першы снег сець-бель мярэжыць,

Сцеле шаты на дарогі,

                  А іх бег крывы!

Разгарнуў бяздольны плечы,

Кінуў лозунг: «Меч — палацам,

                  А халупам мір!»

Навальніцай грыміць веча —

«Паўставай, голь чалавечча!

        Разнявольвай сваю працу,

                  Разнімайся ў шыр!..»

Што ж то будзе? Што паўстане

З гэтай буры-трасяніны?

                  Дзе ёй край-мяжа?

Ходзіць гоман, бы ў тумане,

Па даліне, на кургане,

Прагна ловіць сэнс навіны,

                  Што засціць імжа.

На рубеж, як грань крышталю,

        Узышлі дні ў восень тую,

                  Каб павесці рэй.

Ды не ўсім жа сонцам ззялі

Бальшавіцкіх скуткаў далі —

Суліць многім ноч пустую

                  Развой-ход падзей.

Дні прыйшлі ў грымотах бою,

У віхрах крывавай буры

                  Нёс Кастрычнік іх.

Раскалоўся свет надвое.

        Няма згоды і спакою...

Гоман светлы і пануры,

                  Злы і добры міг.

 

На нейкі час у гарнізоне

Аб Шкундзе чутак не было.

Жыццё ж па-своему цякло,

Плыло нястрыманым разгонам

Ішло няпісаным законам

Старым законнікам назло.

Дарэмна думалі кадэты,

        На мітынг зладзіўшы налёт,

Што Шкунду вывелі ў расход,—

Жывы астаўся злыдзень гэты,

Хоць скончыў мітынг лазарэтам,

Папаўшы ў люты пераплёт.

Туды занеслі чуць жывога

Сябры яго і землякі.

Прамылі раны, сінякі,

Спавілі марляй, як малога,

Ды наказалі яму строга —

        Ачуньвай, Шкунда,— пусцякі!

Ці чуў ці не ён іх наказы,

А толькі так дзянькі праз два

Шалопаць стала галава —

Памялі здорава, заразы,

І адплацілі за ўсе разы —

Душа чуць-чуць у ім жыва.

І не сышла яшчэ пухліна,

На вочы звесіла масток,

І вуха зломан быў храсток,—

        Ліхая выпала часіна!

І ён з напружанаю мінай

Сам сябе слухае здалёк.

Паварушыў нагамі — цэлы!

Вось толькі левая рука

Нібы сарвана з плечука,

І пальцы згорнуты знямела,

Ды ў тупым болю ные цела,

І прага мучыць бедака.

Спадае з памяці заслона,

        І сходзіць засцень забыцця —

Хвіліна цёмная жыцця,

Праява жорсткага закона,

І ён глядзіць вакол здзіўлёна,

Пытае сам сябе: «Дзе я?»

І раптам нібы бліскавіца

Мільгнула і сагнала мрок.

Прад ім плыве людскі паток,

На сонцы макамі іскрыцца

Плакатаў, сцягаў баграніца,

        А побач нелюдзі клубок.

І ўвесь малюнак часць за часцю,

Як сон забыты, цяжкі сон,

Паўстаў прад ім з усіх старон.

Ён адчувае шолах шчасця.

Бо мог жа там навек упасці

І кончыць бурны свой разгон.

Сайсці ж цяпер з арэны бою,

Не дачакаўшыся канца,

Не ведаць выніку-вянца,

        Падзей далейшага развою —

Не хоча з доляю такою

Мірыцца мысль яго, байца.

Экскурс ён робіць невялічкі

У галіну праблем жыцця,

Людскога лёсу, небыцця.

Чытаць жа гэтыя кантычкі,

Сказаць, у Шкунды няма звычкі

А смерць — паганая стацця,

Другія мыслі і настроі.

        Жывы, і ён шчасліў і рад.

Не час цяпер глядзець назад

І думаць думкі пра старое.

Зірнуў на дзверы — ідуць трое:

Сястра, рабочы і салдат.

Сястра не дужа маладая,

Ды ўсё ж яшчэ яна ў красе,

Ідзе, бы міласці нясе,

Хада, пастава — ну святая,

Сама княгіня выглядае,

        Перад якой маўчаць усе.

 

С я с т р а

Цішэй — не патрывожце сну,

Ступайце асцярожна,

Уголас гаварыць няможна:

Пад раніцу ён толькі і заснуў.

Падкрэпіць яго сон,

І лепш адчуе сябе ён.

 

Ш к у н д а

Правільна, сястрыца,

А я бадай-што і здароў,

Вось толькі мне вадзіцы —

Я выпʼю за маіх сяброў.

 

С я с т р а

Глядзіце — хват які!

За гэта маладзец!

 

С а л д а т

На тое ж і баец,

А немачы ваяку не з рукі.

 

Р а б о ч ы

Наш брат

Рабочы і салдат

Жывучы, як каты —

Ніякая не возьме пляга!..

Ну, здароў, міляга!

        Як крэпак ты?

 

Ш к у н д а

Як бачыш, брат, жыву,

Хоць і з пабітай абразінай.

 

С а л д а т

Парадую братву

Я добраю навінай!

А правакатарам, каторыя кадэты,

Эсэрам і афіцарышкам

Пячонкі выгрызу за гэта

І выцягну з іх кішкі!

 

С я с т р а

О госпадзі, якая злоба!..

        Пры чым жа афіцэры?..

На ўсіх найшла хвароба,

І сталі ўсе як зверы.

 

С а л д а т

Шаноўная сястра!

На ўсё свой час і мера:

Прыйшла цяпер пара

Якраз прыціснуць звера

Варожага нам класу

І выбіць яму зубы.

 

С я с т р а

Свабода не да часу,

        І воля гэта — згуба!

 

С а л д а т

Як для каго,

А нам яна — шанго,

Ядры яго качан!

Загонім мы буржуя пад тапчан!

 

С я с т р а

О, жудасць! Што за словы!

І што за выражэнні!

Не забывайце, дзе і хто вы

І з кім вы ў дачыненні!

 

С а л д а т

Быць можа яно так,

        Крыху і падкачалі,

Да мы ж гімназій не канчалі

І рэжам напрасцяк.

 

Ш к у н д а

А што чуваць у вас

І як наконт работы?

 

Р а б о ч ы

Крапчаем з часу ў час,

Ёсць цалкам нашы роты.

Не дрэмле наш народ:

Ці мітынгі, ці сход

Праводзяць абаронцы —

        Наш брат — ён тут як тут

І выкрые іх чмут

Ды вынесе на сонца.

Стараецца кадэт,

Пацее меншавік

Наконт вайны, пабед,

А вынік — адзін пшык.

 

С а л д а т

Пазнаў салдат цану

Іх словам, заклікам буржуя.

Вайна? Мы за вайну,

        І знаем, за якую!

 

С я с т р а

Так, так! На фронце цішыня,

Пазіцыі здаюць без бою,

А тут пайшла ўжо калатня —

Пабраліся ў чубкі паміж сабою.

І голавы не голавы — гнілушкі.

Эх, вы! Чые ж вы гэта служкі?

 

С а л д а т

А вам хацелася б, сястра,

Каб мы, як стада бараноў,

Пайшлі ў атаку за паноў,

        За Русь святую, за цара

Пад крыкі громкія — «Ура!».

Каб гэта шэрая скацінка,

«Хрысталюбівы» наш салдат,

На смерць ішоў, як на парад,

Ды зноў вярнулася б дубінка?

Каб гандляры, паны, папы

І поскудзь розная, клапы,

Ваенны, штацкі пісталет

Усселі зноў на наш хрыбет?

        Не, дзякуем: такіх гаспод

Пара пакласці ўжо пад спод.

На ліха нам гэта дзярмо?

І самі рады мы дамо —

Старызну прэч! На злом,

Ці хоча ці не хоча,

І свой парадак завядзём —

Мужыцкі і рабочы.

 

С я с т р а

Увабражаю, які то будзе рай!

 

С а л д а т

А думаеш, не будзе? Пачакай!

        Яшчэ папомняць нам зладзюгі,

Былыя ўладары!

Мы самі сабе слугі

І гаспадары!

 

С я с т р а

Падумаеш, героі вы якія!

А можа, служачы сабе самім,

І ворагам вы служыце ліхім

Ды топіце Расію?

 

Ш к у н д а

Тапельніцы ўжо нечага тапіць,

І труп яе на нітачцы ліпіць.

        Яго нам і не шкода:

Расія новая павінна быць

Краінаю працоўнага народа.

А палітычны лад яе —

Дыктатура пралетарыята

З Саветамі абраных дэпутатаў

На чале.

 

С я с т р а

Паслухаць, дык усе

Гарою за Расію,

На справе ж пакрысе

        Згінаюць яе шыю.

А партыі і іх праграмкі —

Гандлярства дробнай крамкі.

Таргуюцца, разбэшчваюць народ,

Гародзяць яму плот

Ды суляць горы залатыя —

Ілюзіі нязбыўныя, пустыя.

А вораг цешыцца з таго —

Працуюць на яго

Нязваныя месіі,

        Нямецкія падкідкі,

А ў беднае Расіі

Трашчыць усё да ніткі.

Ды што? Каму абходзіць

Прадсмертны яе крык?

І хто найболей шкодзіць,

Дык гэта — бальшавік.

 

Ш к у н д а

Ну, кіньце — небыліца,

Інертнасць глупай звычкі.

Каб час нам невялічкі,

        Зрабілі б з вас, сястрыца,

Мы прыклад бальшавічкі.

 

Сястра аж выйшла з раўнавагі:

Такая нагласць — «вахлакі»

Пасмелі жарт сказаць такі!

Няма ў «расцугленай» сярмягі

Да ордэнаў яе павагі —

Ёй, ёй пайсці ў бальшавікі!

Яна — ўдава, яна — дваранка,

А муж штабны быў афіцэр,

        Георгіеўскі кавалер,

Сама з шляхетных выхаванка,

Для тытулованых каханка,

Шляхетных поўная манер.

 

С я с т р а

Не месца жартам тут,

І я іх абмінаю,

А гэты слоўны блуд

Я вам забараняю!

Ты хворы і пабіты —

Прымі нармальны від...

        Канчайце ваш візіт

І — квіта!

 

На гэты раз ён паслухмяны.

Прабыўшы тыдзень, на другі

Пакінуў тыя берагі,

Дзе ён праз выпадак паганы

Ад спраў жывых быў адарваны

І марнаваў час дарагі,

Той час, што кожным сваім крокам

У віры зблутаных дарог

        Ужо складаў свой эпілог

Мінулым дням і іх прарокам,

Каб іншым сцежкам і патокам

Азначыць круг свой і разлог.

Другія моманты, задачы,

Другую тактыку, падход

Рашае бальшавіцкі злёт,

Каб дробязь розную прадбачыць

І папярэднія няўдачы

На самы строгі ўзяць учот.

 

Ш к у н д а

        Таварышы! Прыходзіць час,

Калі самкнёнай грамадой

Павінны рушыцца мы ў бой

За лёс працоўных мас.

Задача наша — ўзяць уладу,

А сцяг і лозунгі — Саветы,

І мы дабʼемся свае мэты —

На дапамогу Петраграду!

 

 

XXІІІ

КАСТРЫЧНІЦКАЯ НОЧ

Зіма ўжо ў вокны зазірала,

А над паўночнаю зямлёй

Сям-там сняжынак віўся рой.

Прадгорʼе ціхае Урала

Удумнасць мудрую хавала

Пад беласнежнаю імглой.

Мароз патроху браўся ў сілы

І ўжо, відаць, як з году ў год,

На поўдзень ладзіўся ў паход,

        У ледзяны, у белакрылы.

Сям-там рачулкі бег застылы

Хавалі боязна пад лёд.

Ужо далёка ззаду Кама,

Чапцы мінулі берагі,

І краявід пайшоў другі:

Лясоў хваёвых панарама,

Азёраў срэбраныя плямы

У сіняй намітцы смугі...

Зірнеш — і пуста і бязлюдна,

        Адвечнай немасці пячаць.

Убога коміны тырчаць.

Дымкі з іх смычуцца марудна,

Бы сон насланы, неабудны

Не хоча смутны час канчаць.

Пейзаж, малюнак непрывычны —

Не бачыў Шкунда іх даўно —

Зірне ў вагоннае акно.

Не хіліць гэта акалічнасць

Яго настрой на лад лірычны,

        Пытанне ставіць на адно:

Калі і як убогасць гэта,

І гэты бруд, і беднасць хат,

Задуха, лапці, голад, чад,

Што тут вякуюць з лета ў лета

Так непарушна, без прасвету,

Калі ім будзе заняпад?

Адказ тут просты і вядомы:

Рабочы сам і селянін

Павінны ўлады ўзяць пачын

        І гаспадарства свайго дому

Вясці самім і больш нікому,—

Вось спосаб верны і адзін.

І гэты момант надыходзіць,

А Шкунда, пермскі дэлегат,

Якраз і едзе ў Петраград.

Наспела думка ўжо ў народзе

Урад Часовы абясшкодзіць,

Гнілы і здрадніцкі урад.

Чым бліжай грозная сталіца,

        Тым большы рух і неспакой.

Шынельны люд плыве ракой,

Галодны, шэры, бледналіцы,—

Пячаць акопаў і пазіцый...

Хто зладзіць з тлумнай талакой?

Куды плыве ўся гэта лава

І дзе запыніцца яна?

Астачарцела ёй вайна,

І саматугам свайго права

Шукае вольная арава,

        Пакуты зведаўшы да дна.

Збанкрутаваў урад Часовы.

Утраціў свой аўтарытэт

Сярод салдат іх камітэт.

«Далоў вайну!», «Мір!» — вось гэта

  словы!

За іх стаяць яны гатовы.

Іх лозунг — Ленін і Савет!

Не возьмуць іх на мушку болей:

Салдаты за бальшавікоў

Не пашкадуюць і штыкоў,

Урад Часовы — к ліхой долі!

Паваявалі — і даволі!

Вось іхні сказ цяпер якоў.

А Шкунда пільна — дзе адкрыта,

А дзе прытоена, цішком,

Працяты «сышчыцкім» душком,—

За імі сочыць дзелавіта,

І худашчавы твар заліты

Такім прыхованым смяшком.

Ды ўжо і горад недалёка,

        І хваля цёплая былін

У ім абуджвае ўспамін:

Калісь, чужынец адзінокі,

І ён пакінуў свае крокі

На сцёртых плітах маставін.

Блукаў, абходзіў перашкоды,

Пакуль таварыш і зямляк

Не дапамог яму сяк-так...

Работа. Школа яго — сходы...

Зірнеш назад — эх, годы, годы!

        Тады ж ён быў зусім юнак.

І колькі змен у часе гэтым!

Падзей крывавых, баявых.

У бой гатоў у кожны міг

Ён уступіць — за ўласць Саветаў:

І песня гэта не дапета,

І вір паўстання не заціх...

 

 

                              * * *

 

                  Над нізінай Петраграда

                  Вільгаць ночы сцеле шаты —

                  Вісне густа мрок зацяты

                                      Над знямелым Летнім садам.

                  А ў тумане, як шкілеты,

                  Як прывіды, цьмяняць дрэвы.

                  Сумам, страхам неспадзевы

                  Аддаюць іх сілуэты.

                  Неспакойна і злавесна

                  У мяцежным карнавале

                  Па Няве трасуцца хвалі —

                  Ці ў тым жолабе ім цесна?

                  Бляск халодны, нерухомы,

                                      У імгле павісшы слупам,

                  Свеціць людзям слепа, скупа,

                  Як гнілушкі ў лесе гномам.

                  У імжы знікаюць шпілі.

                  Вежы цэркваў, цытадэлі.

                  У тумане, бы ў кудзелі,

                  Трызніць горад сны і былі.

                  У тумане цяжка, цесна.

                  Пыл імжакі тчэ палотны.

                  Ноч стаілася самотна,

                  Сад застыў, маўчыць балесна.

 

 

                        * * *

Прыглушаны гоман у воўне тумана,

                  Дзе купал хавае Ісакій.

Падлічаны сілы жывога экрана,

                  Сігналаў чакаюць ваякі.

Абрыўкі каманды, нервовай размовы

                  Прарэзваюць холад завулкаў.

Дзесь цокаюць звонка і чотка падковы,

                  Дзесь пыхкае панцырнік гулка.

Нява раздзяляе варожыя штабы.

                                      Напружанасць легла на Зімні —

Хіба абароняць Керэнскага бабы,

                  Калі Петрапаўлаўка грымне?

Калі загрукоча з-за мосту «Аўрора»,

                  Паслаўшы начынку ў шэсць цаляй,

І хлыне ў атаку рабочае мора

                  Ды рушаць матроскія хвалі?

Прыжмураны ў страсе фіранкамі шыбы,

                  Трывогай запоўнена ціша.

Застылі ў зняменні гранітныя глыбы —

                                      Прысуд свой гісторыя піша.

А Смольны — вір-вірам і хмар нагушчэнне,

                  Энергія грознага току,

Бо ленінскі геній рассеяў сумненне

                  І вызначыў межы патоку,

Азначыў і тэрмін апошняга бою,

                  Бо далей маўчаць небяспечна:

Імперыялісты куюць ужо зброю

                  На полымя бунту бясспрэчна.

Рыхтуе Керэнскі з кадэтамі ўкупе

                                      У спіну рабочым удары,

Няволю заводам і рабства халупам

                  На радасць буржуйскай пачвары.

Мяцежнае мора матросаў, рабочых,

                  Бунтарскіх салдат Петраграда

Гатовы аддаць яны немцу за вочы,

                  Абы не рабочая ўлада.

Буржуйскаю злосцю ў падполле загнаны

                  Ён, Ленін, ён, сцяг новай эры,

Бічуе без жалю ілюзіі зману

                                      І згодніцтва, здраду эсэраў.

Настала мінута рашучага бою —

                  Дыктуе гісторыя гэта.

Загад аддаў Ленін. Кліч кінут: «Да зброі!

                  За поўную ўладу Саветаў!..»

Прыглушаны гоман у воўне тумана —

                  Вайны грамадзянскай адзнакі.

Падлічаны сілы жывога экрана,

                  Сігналаў чакаюць ваякі.

 

 

                        * * *

У Зімнім палацы збянтэжанасць, страх.

                                      Крах, немінучы іх крах!

                  Збег правадыр,

                  Навокал іх — вір;

                  Зумкаюць кулі

                  У страшным адсвеце...

                  Міністры, пішэце

                  Ліст да бабулі!

Яны ж не здаюцца — адцягваюць час —

                  Цяжка ім вымавіць «пас»!

                  Іх правадыр

                                    Не згодзен на мір,

                  Ён на свабодзе

                  І сілы збірае,

                  Ды песня старая —

                  Сашка не ў модзе!

Трасуцца міністры, аж носіць іх жах —

                  Сіла іх — гук пусты, прах...

                  Эх, гаспада!

                  А ўлады шкада...

                  Не! Не здавацца

                                    «Мяцежнаму зброду»!

                  Стаяць за свабоду

                  І ратавацца!

Прыходзіць у Зімні «мяцежнік»-пасол —

                  Здавайце народу прастол!

                  Рад ці не рад,

                  Каціся, ўрад,—

                  Час кончыўся твой!

                  Храбрацца міністры,

                  Рашэнні іх быстры —

                                      Паслоў — пад канвой!

Аддан загад — у наступленне!

Гатовы к бою два бакі.

На штурм ідуць бальшавікі,

І на халодныя каменні

Выходзяць роты, ўзводы, звенні,

Чырвонай гвардыі стралкі,

І націскаюць крок за крокам

Іх баявыя ланцугі.

Заціснут Зімні ў абцугі

        Абходам блізкім і далёкім,

І сам ён — востраў адзінокі,

Дзе ўжо падмыты берагі.

Ды ён яшчэ аб чымсьці марыць —

Не ўзяты подступы ва двор.

Стрымаць ён тужыцца напор

І адвясці яго удары.

Няхай вакол гусцеюць хмары —

Ён пойдзе ім наперакор!

Ідуць паўкругам барыкады,

        А кожны крок і кожны ход

Вартуе пільна кулямёт,

Гатовы куль пусціць каскады

Супроць бунтарскае армады,

І кулям вымеран палёт.

За барыкадамі напята

Чакаюць бою юнкеры,

А іх тут тысячы са тры.

А супраць гвардыя, салдаты

І ўвесь Балтыйскі флот падняты —

        Як пыл, змятуць іх крэйсеры.

А шквал падходзіць, гул мяцежны...

Замрэце, юнкеры: ні-ні!

У змроку ўспыхваюць агні,

Ахвяраў прагне штык драпежны.

«Ура!» — і тупат віхрабежны

Гудзе ў знямелай цішыні.

І раптам — залп, сухі, траскучы,

Яму ва ўпор з-за барыкад,

Жалезны вывернуўшы град.

        І пала многа ў гэтай бучы —

Усім пагібель немінуча,

І дрогнуў шквал, бяжыць назад.

Замінка, нават замяшанне,

А ў юнкероў другі настрой,

І кожны з іх цяпер — герой.

Але не дрэмле штаб паўстання,

Ён зорка ловіць міг вагання,

Ён толькі ўвязваецца ў бой,

Яго рэзервы не пачаты,

        А сілы плёскаюць праз край.

Не цешся, вораг, пачакай,

Адказвай сам на свае страты!

І ў ход пускаюцца гарматы.

                  — «Аўрора», слухай — пачынай!

Жахнуў агонь, напорны, мгненны,

І мрок прарваў на колькі міль:

Адміралцейскі бліснуў шпіль.

У строгай постаці нязменны,

Ісакій выплыў задуменны,

        Абмыўшы водбліскам свой брыль.

І мрок злучаецца з туманам.

На момант ціш, і раптам гром,

Ускалыхнуўшы ўсё кругом,

Бяжыць па плошчы ураганам,

Стыхійным, бурным, нестрыманым,

І страх разносіць з дому ў дом.

За ім страшыдлы з цытадэлі,

Міргнуўшы вокам агнявым,

У Зімні шлюць агонь і дым.

        На крыллях грому мкнуць шрапнелі,

Як ім паказана па цэлі,

І выюць маршам грабавым.

У бліску выбухаў, успышак

Гарыць, уздрыгвае Нява.

На штурм ізноў пайшла братва.

Бягуць ударніцы ў зацішак —

Няма ратунку ад брацішак,

У Зімні мкне іх галава.

Рашучы міг і страшны момант!

        І гул, і трэск, і рэў гармат —

Бурліць вулканам Петраград.

Хіснуўся вораг, вораг зломан,

І пераможны чуцён гоман

На левым флангу барыкад.

І, заглушаючы гарматы,

У гром зліваецца «ура!»

Гняздо крывавае цара

І фронт апошні супастата

Ужо ў руках пралетарыята

        Як пераможцы-ўладара.

Парахавым дымком акуран

І Шкунда, пермскі дэлегат.

І так шчасліў ён і так рад.

У шчасці носіцца, як бура,

Сярод маўклівых і панурых

Герояў гэтых барыкад.

Пайшоў буржуй напрапалую —

Звалілі ідала ў баю.

                  — Жыццё за клас свой аддаю!

        І Шкунда ў радасці цалуе

Паўстанцаў групу удалую,

Ён помсту ўзяў за кроў сваю.

 

 

XXIV

НА РОСТАНІ

Ляжыць Барыс Дзяжа ў палатцы,

Адзін — ні блізкіх, ні радні,

А сэрца ў цяжкай западні...

І як жа так магло ўсё стацца?

У мыслях трудна разабрацца,

Сумненні тнуць, як авадні.

Адно цяпер бясспрэчна, ясна:

Няма яму дарог назад,

Бо сам паглыбіў ён разлад,

        Пагарачыўшыся напрасна.

Яна пакінута, няшчасна,

І ў гэтым ён, ён вінават!

Яе сустрэў ён так сурова,

Забіў марозам сэрца жар,

Абразу кінуў ёй у твар...

Прыпамінаецца размова,

Сама яна і яе словы:

                  «Ну, што ж? Хай буду вінавата.

                  Але ці змерыў ты маю віну?

          У сэрца мне ці зазірнуў

                  Вачамі друга, брата?»

І сапраўды, хіба ён знае,

Як веліка яе віна?

Быць можа гэта ўсё — мана

Або надуманасць дурная?

Ён зноў Настусю ўспамінае

І афіцэрыка-блазна.

Мінуты каяння, вагання,

Хвіліны цяжкія згрызот

        Плывуць, мяняюць свой чарод,

І раптам ставіць ён пытанне:

А што сказалі б пра спатканне,

Пра той дарожны эпізод?

«Сястрыцы з братцам

Можна і... пацалавацца?»

Замяўся тут суддзя мой строгі:

І сам не свят, як ні круці,

Грахі трапляюцца ў жыцці,

Бо ім прасторныя дарогі

        І нестае часамі змогі,

Каб іх спакусы абысці.

Успомніў нават і сястрычку,

З якою флірт ён быў пачаў...

Суддзя! Ты лепей бы маўчаў,

А гэтай вернасці кантычку

Закінь, мой дружа, на палічку,

Каб суд твой смехам не гучаў!

У гэтых думках і развагах

Плылі мінуты, і быў міг,

        Калі судзейскі пыл аціх,—

Сказаць прасцей, было б не блага

Спаткацца з Насцяй-бедалагай

І мір вярнуць, што быў у іх.

Ён погляд кідае на дзверы —

Не йдзе сястра, чорт пабяры,

А свет гарэць пачаў з сястры,

І ён бы мірныя намеры

І сэрца ёй сваё даверыў.

Сястры ж няма ад той пары.

        І толькі потым, надвячоркам,

Яна, спакусніца, зайшла,

Для ўсіх жадана і міла.

Канца няма яе гаворкам,

А на Барыса, як ні горка,

І вочак нават не ўзняла!

Хацеў паклікаць — не, не варта

Прад ёю гонар свой раняць —

У змове з Насцяю, відаць.

Ну, што ж? Яшчэ раз біта карта.

        І ён зацяўся зноў упарта,

Каб гэтым гонар свой падняць.

Яны без сэрца, яны глухі —

Забыць, пакінуць аднаго,

Каб толькі ўнізіць і ўсяго!

У гэтым стане горкай скрухі

Таўкуцца думкі ў ім, як мухі,

Чаго ні думае, чаго!

                  І ён віну з сябе складае

Ды ў сілу шмат якіх прычын

        Абвінавачвае жанчын,

А сам згрызаецца, гадае —

Хай добры намер прападае —

Крыж раз паставіў і — амін!

Нарэшце цвёрдае рашэнне —

Хутчэй пакінуць лазарэт,

Развее смутак яго свет...

Прашчай жа, Насця і Засценне,

І ты, былое летуценне,

Юнацтва пышны пустацвет!

            А Насця?.. Што ж ёй рабіць болей?

Усё зрабіла, што магла,

І свайго мілага знайшла.

Да ці стрымаеш ветра ў полі?

Да хіба камень ты умоліш,

Хоць бы і крыжам ты лягла?

Яна ж так прагла, так жадала

Дайсці, дазнацца, чым ён жыў,

І знішчыць прыкрасці наплыў.

Яна яму так спагадала,

        А ён няўважліва, нядбала

Адверг той шчырасці парыў!

Дык далей што? Канец і — квіта!

Хоць жаль гучыць на ўсе лады.

Куды ж ёй кінуцца, куды?

Граніца нейкая закрыта,

І сэрца смуткам апавіта,

Міраж развеян малады.

                  Вось так яны, Барыс і Насця,

Прыйшлі на ростані дарог,

        Дзе іх збуцвелы крыж сцярог

І палучыла іх нянасце.

Ці ўзяць не ўмелі яны шчасця?

Ці гэта шчасце — дзікі мох?

Тут разыходзяцца пуціны,

І час прабіў іхняй вясне

І марам тым, што ў яве-сне

Ім ткалі радасці-тканіны

Ды срэбрам лёгкай павуціны

Іх аздаблялі ў цішыні.

 

 

                      * * *

 

        Смуткавала краска-зорка

На мяжы зялёнай,

Пахіліўшы над разоркай

Галаву-карону.

 

«Зблутаў, змяў мае лісточкі

Віхар-шаляніца,

Затуманіла мне вочкі

Бура-навальніца.

 

Наляцела завіруха,

Я ж адна, нябога!

        А як ціха, а як глуха,

І нідзе нікога!

 

Дзе ж, мае вы дні-ясноты,

Неба, сонца, зоры?

Дзе вы, шэпат і залёты,

Ласка і дакоры?

 

Непрывецен дол халодны

Без канца, без краю!

Дзе ж ты, ветрык мой лагодны,

Што мне байкі баяў?»

 

        Краска змоўкла, а ў разоры

Мрок гусцей самкнуўся,

Ветрык збег дзесь у прасторы

І не адгукнуўся.

 

А назаўтра, як расою

Сонца дол змывала,

Краска пышнаю красою

Зацвіла, заззяла.

 

 

          * * *

 

Зацвітае сад вясною,

Цвет бела-ружовы,

        А чаму ж ты не са мною,

Мілы, чарнабровы?

Далінаю зялёненькай

Гоніць рэчка хвалі.

Глянь жа, любы, залаценькі,

На мае каралі!

Гоніць рэчка па даліне

У свет хвалі тыя,

Зачынілі свет дзяўчыне

Берагі крутыя...

        Кіну ў воду кветку-долю,

На ёй пагадаю.

Дзе ты, любы, мой саколю,

У якім ты краю?

 

 

                * * *

 

На другі дзень у двор бальніцы,

Дзе ганак звешвае свой брыль,

Падʼехаў, стаў аўтамабіль.

Барыс выходзіць з камяніцы,

А там з-за белай акяніцы

Варожыць дзеўчына пра быль.

        Глядзіць уся ў адным парыве,

І востра ўрэзваецца час...

Зірні ж хоць раз, апошні раз!..

Калыша ветрык ліст жартліва,

А неба ў сонечным разліве,

І хмаркі лёгкія, як газ.

Ён азірнуўся мімаволі

На выраз цьмянага акна —

Яна ў вакне ці не яна?..

Кіўнуў і знікнуў з яе поля.

        Няўжо не ўгледзяцца ніколі?..

Адна... забытая... адна!

Пакуль Дзяжа ў аўтамабілі,

Зацяты, сам на сябе злы,—

Няхай сабе едзе ў тылы,

Няхай гадае, лічыць мілі,

Дзяўчыне ж смутак голаў хіліць,—

Я адвяду ёй час малы.

Дык так. Настуся адзінока,

А тое, што было раней,

        Нібы развеяў сухавей.

На сэрцы злегла цяжкім мрокам

Журботы, суму павалока,

І цені збегліся гусцей.

Але назад няма звароту,

Няма к мінуламу пуцін,

І шлях яе цяпер адзін,

Адно збавенне — за работу,

Звязаць з чужой сваю сумоту —

Сабе і людзям на ўспамін.

        Яна ж сама даўно жадала —

Яе мы ведаем настрой —

Стаць міласэрнаю сястрой,

У гэтым вінен быў нямала

І той, з кім пройдзен шлях няўдала

Яе абраны, наш герой.

І вось развязка негадана,

Як бы свядома нехта злы

Ў жыцці завязвае вузлы,

Яшчэ адна на сэрцы рана,

        І Насця горача, аддана

У сваю роль вайшла сястры.

На шчасце Насціна ў шпіталі

Яна сустрэлася з сястрой,

Дзяўчынай мілай і жывой.

Яны таварышкамі сталі,

І Насця ёй свае ўсе жалі

Раскрыла з шчырай прастатой.

Сястра — яе мы трохі знаем:

Яна дзён некалькі назад

        Вяла героя майго ў сад,

Жаночым верная звычаям,—

Цяпер Настусю навучае,

Ёй цэлы пук дае парад,

Ды настаўляе хутаранку —

Яна ж наіўнае дзіця —

На сцежкі мудрыя жыцця

І чуць не цэлую вязанку

Падносіць правіл аб каханку

Для кіраўніцтва і знацця.

 

С я с т р а Н а т а

        Не разумею аднаго —

Каб з-за мужчыны

Ды мы згрызаліся, жанчыны!

Не варты ён таго,

І плакаць з-за яго,

Ну, сорам для дзяўчыны!

Натура ў іх адна,

І ў кожным з іх відна

Хлуслівая замашка —

Усіх нас чараваць,

        Пускаць у вочы пыл,

З апошніх пнуцца сіл,

Каб ролю разыграць

Нявіннага манашка.

Паслухаеш — дык анёлам здаецца.

А ён, пакляўшыся адной,

Назаўтра клятву дасць другой,

На трэці ж дзень і трэцяй паклянецца!

 

Н а с ц я

Ну, гэта... як сказаць? перабаршчэнне,

Не ўсе ж яны фальшывы і нячулы —

        Няможна ўсіх судзіць агулам:

Ёсць пэўна ж... выключэнні.

 

С я с т р а Н а т а

Даверлівасць — наіўнейшая рыса,

Адзнака прастаты.

Пад выключэнне ты

Падводзіш чэха і Барыса?

А я кажу, не вер,

Нікому з іх не вер:

Ты іх не ведаеш манер,

А на паверку ўсе яны —

        Хітругі і лгуны!

Ды ўзяць хоць бы Барыс,

Што сэрца табе згрыз.

Вяду яго я ў сад

І пробую з ім трошкі жартаваць,

Інтрыгаваць

І бачу — хлопец хват:

Няшчасненькі, а рады фліртаваць.

Ад флірту ж да «кахання»

Адлегласць невяліка,

        А іхняе адданне

Гучыць фальшыва, дзіка.

Я на сваім стала ўпарта:

Нікому верыць з іх не варта,

І правіла маё такое:

Замест таго,

Каб плакаць з-за яго,

Хай лепш ён з-за мяне

Не ведае спакою.

 

Н а с ц я

Быць можа гэта ўсё і справядліва,

        Ды гора ў тым, аднак,

Што ліха набяжыць няўзнак,

Захопіць цябе ўсю імкліва,

А дзе сапраўднае каханне,

Няма там разважання.

 

С я с т р а Н а т а

А ты будзь начыку:

На крытычны лад

Павінен ставіцца наш брат,

А нюні, Насця, па баку!

Ды ведай ты адно заўсёды

        І гэтага з увагі не спускай —

Ты сэрца ім не раскрывай,

Рабі як можна больш ім перашкоды,

Збівай як можаш іхні пых

І будзь загадкаю для іх

Ды віду не паказвай нічым,

Што ты цікавішся з іх кім.

Адну захоўвай устаноўку:

Забраць нягодніка ў палон,

Каб форсу збавіў ён,

        Ды закруці мацней яму галоўку.

 

 

XXV

                  НА ЦІХІМ ДОНЕ

                  Спіць знямела постаць вёсак,

                  Топчуць лапці снег задворкаў,

                  З хаты ў хату ідзе гаворка...

                  А тых чутак, пагалосак!

                  Ох, народ яшчэ заплача,

                  Паўшы крыжам на загоны!

                  Шугне золак-бляск чырвоны —

                  Кроў вяшчае, не іначай!

                  І яшчэ адна праява —

                                    Мёртвы бусел паў на воду!

                  Не было ж буслоў тут зроду —

                  Нешта ж значыць гэта зʼява!

                  Пашыбае страх няясны,

                  Ліха зорыць з-за парога.

                  Стой, падумай ты, нябога:

                  Ці не голад скаліць дзясны?

                  Люд набожны, болей сталы,

                  Чые хаты пад жалеза,

                  Сціха точыць кантры леза

                                    Супроць тых, каму ўсё мала.

                  І салдаты без дазволу

                  Валяць з фронту самапасам.

                  А як немец прыйдзе часам

                  Ды ніжэй прыгне да долу?

                  Ні парадку, ні закону,

                  Страх прад богам знят усякі,

                  Выюць — чуюць штось — сабакі...

                  Дык якога ж слухаць звону?

                  Растрывожан сон вясковы,

                                    Свет узбіўся на узмежак.

                  Многа ўсюды розных сцежак,

                  А дзе пройдзе шлях той новы?

                  Ходзяць плёткі, байкі, чуткі,

                  Забірае страх пачварны —

                  На дабро надзеі марны,

                  Вось прагорклыя пагудкі!

                  Разганяюць страх салдаты,

                  Што глядзелі смерці ў вочы:

                  Друг нам — Ленін і рабочы,

                                    Вораг той нам, хто багаты.

                  Прэч, далоў старыя казкі!

                  Годзе поўзаць чарвякамі!

                  Ідзі ў крок з бальшавікамі:

                  Бальшавік — ён свой і наскі.

 

 

                            * * *

 

Гамоняць чыгункі, гудуць неспакоем,

Аж стогнуць драты на слупах.

Стыхійнаю сілай, нястрымным прыбоем

Бʼюць хвалі шынеляў, папах.

Знямелі на фронце смяротныя цэхі,

        Што ў бой пасылалі салдат.

На спаленым полі пустыя агрэхі —

Астаткі дывізій, брыгад.

Як мора шугае салдацкая воля,

Не ведае больш перашкод.

Начальства — яго ўжо скасована роля,

Парадак сам ладзіць народ.

Ідзе ўрассыпную армада ваякаў

Па рускай шырокай зямлі,

І тут дысцыпліны няма ўжо ніякай,

        Адно памятай — не драмлі!

Разбіты цяплушкі, маўчаць паравозы,

На станцыях холад і цьма,

І не памагаюць ужо і пагрозы —

Вагонаў, цяплушак няма.

Ратуйся як можаш, чым хочаш карміся —

Даўно апусцеў кацялок.

Няма камендантаў, няма і камісій,

Ёсць вольны салдацкі паток.

Плыве саматугам, гарласты і прагны,

        Дарогамі і без дарог.

Прастор расчыняе бяздонныя багны,

Вялікі расійскі разлог.

Паток увальецца ў драўляныя хаты,

Прастор застанецца, як быў:

Раўніны гарысты, лясамі багаты,

Дзе ж спыніцца грозны разліў?

Натоўп, як лес: глядзіш — аднакі!

І шум і гуд на адзін лад,

Бы постаць постаці ў ім брат.

        Але свой твар, свае адзнакі

У тым натоўпе мае ўсякі,

І па-сваему кожны хват.

І кожны ў сэрцы і сам-насам

Хавае думак чараду

Пра радасць, шчасце ці нуду —

Хто ім пашкодзіць лётаць часам

Па вольным свеце самапасам,

Забыўшы тлум і грамаду?

Плыве адным жывым патокам

        Шынельны тлум з усіх краін,

Жыхар узгорʼя і раўнін,

Плыве назад у тыл глыбокі —

Пярмяк, татарын чарнавокі,

Казак уральскі, валжанін.

Адным ён жывіцца парывам —

Хутчэй да родных берагоў,

У кут наседжаны і схоў,

Бо ў ім у думках быў шчаслівы

І спелым радасці налівам

        Ён вабіў стомленых сыноў.

Каго не туліць збор-дружына,

Натоўп людзей усіх краёў!

Тулягам ён — надзейны схоў.

Якая тайная спружына

Вядзе на Дон грамадзяніна

У тлуме брудных шынялёў?

Ён у натоўпе не прымецен,

Не вылучаецца нічым.

Шынель салдацкая на ім,

        Што ўжо трапалася па свеце,

І твар яго абвеяў вецер

І налажыў суровы грым.

І з віду ён і па адзежы

Салдат звычайны, як і ўсе

У іх аголенай красе,

І па-салдацку лоўка рэжа

Ды сказ часамі знойдзе свежы,

Такі, што смехам затрасе.

З салдацкай масай шчыльна зліты,

        Ён сходзіць тут за земляка,

Што з фронту едзе здаляка,

Вайною змяты, абабіты.

Такі ж азлоблены, сярдзіты

І заграбастая рука.

На справе ж ён — іх вораг люты.

На ім салдацкі маскарад,

Ён афіцэр, а не іх брат!

Не траціць часу ні мінуты —

Паручнік Далін куе путы

        Супроць рабочых і салдат.

Адно яго жаданне, мэта:

Хутчэй на Дон склікаць ваяк

Ды афіцэрскі мець кулак,

Каб не пазней пачатку лета

Над Руссю бліснуць, як камета,

І бальшавізм скрышыць у мак.

 

Не адзін паручнік Далін

Шлях снуе на ціхі Дон —

Сотні, тысячы, як хвалі,

        Мкнуць сюды з усіх старон.

Уцякаюць з агню-дыму

Чэрпаць сілу з донскіх вод,

Каб на ногі стаць за зіму,

А вясной ісці ў паход.

Іх дэвіз: «За Русь святую!

Біць насмерць бальшавіка!»

І Расію адратуе

Дон і вернасць казака.

Дон — прыпынак «чэснай» сіле,

        Дон — збавення адзін пуць.

Дон уславяць песні былі,

Што ніколі не памруць!

Па кампасу і па зорах

Ноччу, днём уцекачы

Лютай помсты зносяць порах

З крыкам: «Бі іх! рэж, сячы!

Дон — плацдарм, вайны арэна:

Лёс Расіі на Дану.

Бальшавіцкую гангрэну

        Тут уложым мы ў труну!»

 

Вось і яна, зямля Данская!

Вянок прыязнейшых прымет

Уводзіць Даліна ў свой свет

І сэрца горне і ласкае,

Як маці сына сустракае

Пасля разлукі горкіх лет.

І заўважаецца адразу

Тут іншы край і арамат:

Парадак, дысцыпліна, лад,

        Адданне чэсці без прыказу...

Нішто, як Дон, стварае базу,

Каб крута ўсё вярнуць назад.

Вось і яны, яе станіцы,

Казацкай вольнае зямлі,

Як гістарычныя крамлі,

Аховы рускае граніцы,

Дзе бʼюць «здаровыя» крыніцы

І людзі — крэпкія камлі.

Забыты ночы вандравання

        І фронту жудасныя дні

У віры «здрады» і крутні,

Дзе ўсё распалася дазвання...

Эх, бальшавіцкае братанне!

Распуста дзікай салдатні!

І колькі «слаўных» афіцэраў —

Спакой вам вечны, бедакі! —

Ад іх загінула рукі —

Праз самасуд гарластых звераў

І дэмагогію блюзнераў!..

        Збірай жа, Дон, свае палкі!

                  У першы ж дзень паручнік Далін

Вайшоў у справы на Дану,

Дзе меў сустрэчу не адну

Між тых, хто помстаю распален,

Дзе шмат заложана падвалін

За «вызваленчую» вайну.

Навін жа розных тут нямала.

Сагнала Русь з усіх канцоў

На «вольны» Дон сваіх ганцоў

        І ад папа да генерала

«Герояў ісцінных» збірала,

Выжыг праслаўленых, купцоў:

Вядомы Савінкаў, Радзянка,

Графы, бароны і князі,

Падонкі рускае гразі,

Патрыятычная трасянка

Ад кулака і да паўпанка

Шукала страчанай «стези».

Дзянікін, Маркаў, Аляксееў,

        Старыя царскія ваўкі,

Збіралі першыя палкі,

Каб рушыць іх на «ліхадзея»,

Што супроць іх нянавісць сеяў

І паскідаў у раўчакі.

Усе, каму быў міл і дораг

Буржуйскі лад, стары закон,

Як мошкі шыліся на Дон.

Тачыў свой нож бяссільны вораг

Як звер, туляючыся ў норах,

        Каб дзікай помсце даць разгон.

Пад сцягам «волі ўсенароднай»,

За «ўсенародны вольны сход»,

Дзе лад свой вырашыць «народ»,

Вайну ўзнімаў адкід бясплодны,

Не меўшы соку ў глебе роднай,

На сметнік выкінуты зброд.

Карміўся ён яшчэ надзеяй,

Што Русь, усведаміўшы «блуд»

І бальшавіцкай «здрады» чмут,

        Сама іх клікне, «дабрадзеяў»,

І «хвор» сваю сама развее,

І явіць Бог над ёю цуд.

А ім пашана будзе, слава,

Маёнткі, фабрыка, завод,

Прыбытак верны і даход,

Уласнасці святое права

І ўся ранейшая забава,

Жыццё без страху і турбот.

Як добры знак іх чорнай змовы,

Узлётам-сымбалем арла

Між імі вестка прагула —

Жывы Карнілаў і здаровы

І на чале свае аховы

На Дон імчыцца як страла.

 

                  Паручнік Далін цвіў душою,

Яго расчуліў «ціхі» Дон:

Такіх, як Далін, тут мільён,

І справа шыракай шашою

Да мэты пойдзе ў гучным бою

        І «нечысць» вышпурне ўсю вон.

Яму надзеі Дон навеяў,

Падмацавала навіна...

Налета здраднікам — труна,

Таму парука Аляксееў,

Што тут «святую» справу дзеяў,—

Не падкачае старына.

                  Але ёсць плямы і на сонцы,

І Далін мой праз пару дзён

Убачыў, што іх меў і Дон:

        Тут быў і тыл і абаронцы,

Што, прытаіўшыся ў старонцы,

За «Русь святую» білі ў звон,

А самі, выгладзіўшы маскі,

Не паспытаўшы фронту, ран,

Ахвяры неслі ў рэстаран

Або ў шынок новачэркаскі,

На дабравольцаў жа з іх ласкі

Гулу стары меў ветэран.

І «Цэнтр маскоўскі» на ахвяры,

        «Збавенне» ўзважыўшы на нюх,

Таксама быў і скуп і глух.

Замкнуў кашэль купец паджары,

Цішком купляючы далары...

Вось і ваюй за іх, падлюг!

І горш за ўсё — сам Дон казачы

І сам Каледзін-атаман

Нібы наводзілі туман

І на «агульныя» задачы

Глядзелі ўпотайку іначай

        І нейкі свой хавалі план.

Ішлі таргі і перамовы,

За «Русь святую», за «народ»

Задаткі бралі напярод.

Бо так не вернеш «дух здаровы»

І тыя «цвёрдыя асновы»,

Што ўжо пакідалі за плот.

Між генеральскае аравы —

Прэвасхадзіцельства ж — казлы —

Вяліся спрэчкі за «жэзлы»,

        За формы новае «дзяржавы»,

За лозунг крэпкі, хоць каравы,

І за ўсе «важныя вузлы».

А дух «анархіі» і «здрады»

Тым часам пёр з усіх бакоў

І ўжо падкошваў казакоў —

З казацтвам «верным» няма рады,

А бальшавіцкія атрады

Ужо абкладвалі Растоў.

Не мог сцярпець такіх «дыскусій»

        І знесці гэтакіх згрызот

Паручнік Далін — патрыёт,

І ён сказаў ад «імя Русі»:

 

П а р у ч н і к Д а л і н

Даруйце, гаспада;

Нас губіць слоўная вада!

Мы наслядуем штацкай гнюсі:

У словах згінула Расія

І мы — хіба не чудасія?

Ніяк не можам без дыскусій!

А наш павінен быць язык —

                Вінтоўка, штык,

                  Грымоты бою,

                  А не грызня паміж сабою!

                  Сыны адданыя Русі святой,

                  Мы, афіцэры, рвемся ў бой.

І сіла ёсць, няма правадыра.

Назваць яго пара!

А мітынгі і спрэчкі ўсе — пусцяк!

                  Давайце напрасцяк.

                  Чаго там?

                                    Няхай у добры час

                  Карнілаў вядзе нас,

                  А з лозунгамі потым.

 

 

XXVI

ЗНОЎ У ТЫЛУ

Пад жвавы бег аўтамабіля

І мяккі шум яго калёс

Паміж прысадзістых бяроз

Гадае мой Дзяжа аб былі,

Аб шчасці тым, што разгубілі,

Аб мары той, што сцяў мароз.

Ён зноў падводзіць падрахункі

І доўг яшчэ раз аддае

Сваім паступкам і яе.

        Замлелі ў сэрцы яго ўшчункі,

А скрозь журботныя рысункі

Зноў постаць Насціна ўстае.

Наперакор яго рассудку

І ўсёй цвярозасці разваг

Стаіць яна ў яго вачах,

Адна, пакінутая ў смутку,

І шкода Насці-баламуткі,

І жаль, што скончыўся так шлях,

Навошта злосць, варожасць гэта?

        Каму патрэбен іх разлад?

І хто з іх болей вінават

У тым, што песня не дапета?

Што сэрца ласкай не сагрэта?..

Ідзе настрой яго на спад...

                  Бяжыць машына плыўка, жвава.

За ёю следам, як дымок,

Снуецца лёгенькі пылок,

А сонца ветла і ласкава

Глядзіць на дрэва і на травы

        І песціць кожны іх лісток.

Шацёр блакітны і бяздонны,

Падпёршы долам берагі,

Палае ў сінечы смугі,

А гай успоўз на скат адхонны,

Глядзіць, як сведка бесстаронны,

З налётам ціхае тугі.

Бягуць узгоркі і лагчыны

І хвалі ніў уздоўж прысад...

Не ўгледзіш ты іх болей, брат.

        Не вернеш страчанай хвіліны

І пройдзенай даўно пуціны,

Што адышла далёка ўзад.

А вы, адвечныя прасторы

І заўтрашніх спадзевак дні,

Заўсёды поўны глыбіні!

У вас свае уцехі, гора,

Свае прывідныя уборы,

Свае прывабныя агні.

                  Дарога, новыя прыгоды,

        Як тая матчына рука,

Адводзяць мыслі юнака

І лечаць без узнагароды

Яго згрызоты і нягоды

І ў свет выводзяць з тупіка.

А гэты свет — прастор бяскрайны,

А ў тым прасторы безліч іх,

Асколкаў мар, згрызот пустых.

Ды хто раскажа пра іх тайны?

Яны не новы і звычайны —

        Мільёны знойдзецца такіх.

У гэтым свеце сцежак многа

І многа вычварных пуцін,

Што сеццю ліпкіх павуцін

У вір зацягваюць слабога,

І томіць роўная дарога

Бясшумным ходам каляін.

Прымаю вас, нізіны, горы,

Падняцце, спад крутых дарог

І мнагалучны той разлог,

        Дзе і скрозь мрок мільгаюць зоры,

Дзе мнагалікі шум гуторыць

Акордам вечных перамог.

                  І далей, і далей адыходзіць

Узад і Луцк, і той шпіталь...

Самота горкая і жаль...

Ён зноў у змушаным паходзе,

Адзін у свеце калабродзіць

Па цёмных напісаў скрыжаль.

Абрыўкі вобразаў, малюнкі,

        Праявы, сны апошніх дзён

Снуюцца следам наўздагон,

Як неадчэпныя лятункі.

Ды з імі кончаны рахункі,

Хоць іх жывы яшчэ палон.

Калыша, гойдае машына,

І туліць сцень крывых бяроз.

Куды закіне яго лёс

І дзе цяпер яго айчына?

І хіліць галаву хлапчына

        У ціхі сум дрымотных кроз.

                  Адна, другая паваротка,

Яшчэ кілометры са тры

І — дом утульны на гары

Бялее скрозь галін рашоткі.

Прыпынак будзе тут кароткі,

І сёстры зноў і дактары.

Разгледзяць хворасць і прычыну,

Пад паху градуснік дадуць

Ды зноў на новы пункт пашлюць,

        Як палагаецца па чыну

Ваеннай строгай медыцыны,

А волю ты сваю забудзь.

Пакуль прайшоў ён круг турботы

І санітарную кадрыль,

Дык адмахаў з паўсотні міль.

Нарэшце едзе ў пуць зваротны

І тон захоўвае журботны

І расчарованасці стыль.

Прайшоўшы розныя заставы

        Вайны, дакторскіх устаноў,

У тыл Дзяжа мой трапіў зноў,

Не заслужыўшы громкай славы,

Але растраціўшы забавы

Юнацкіх мар сваіх і сноў.

Зноў тая ж лямка тылавая,

Рэгламент дня, яго расклад,

Славеснасць, тактыка, парад

І песня сцёртая, старая,

Як і трапар за Мікалая,

        Што пеўся часам і пад мат.

Хоць полк другі, другія людзі,

Але настрой і лад адзін,

І той жа самы нудны млын

У надаедным перагудзе

Аб тым, аб сім, што было, будзе,

Што ўжо агоркла як палын.

                  Замкнуўся круг майго героя.

Ну, што ж? пачне ён круг другі,

Хоць трохі збіўшыся з нагі.

        Сказаць жа, ён не выйшаў з строю

І рана складваць яму зброю —

Яшчэ ж не пройдзены шляхі.

Агляд ён робіць новы, сталы

Ранейшых цэннасцей сваіх,

Дарог пяройдзеных, старых

Ды ўжо на іншыя прагалы

Свой курс зварочвае памалу,

Каб потым цвёрда йсці да іх.

Перш-наперш трэба строгім чынам

        Свой цесны кут разгарадзіць,

З людзьмі і светам пагадзіць

Ды выбраць верную пуціну,

Каб быць сапраўдным яго сынам,

Сваю замкнёнасць асудзіць.

І тут Дзяжа адчуў міжволі,

Што ў афіцэрскай грамадзе

Чужынцам быў ён як нідзе

І, як відаць, ужо ніколі

Ён не падойдзе да іх ролі

        І штацкай шляпай прападзе.

Як прыклад вываду такога,

Прад ім паўстаў яго паход.

І з чэхам прыкры эпізод...

Наскочыў бы ён на другога,

Было б там гутаркі не многа:

Раз-раз — і вывелі ў расход!

Зацяўся мой Дзяжа на чэха,

Бо гэты чэх — ён сапраўды

Пасеяў сварку, нелады.

        І гэтак жа, брыда, падʼехаў!

Ён, ён віна ўсяму, памеха...

Дык як знайсці яго сляды?

У ткань разваг аб новых вешках,

Аб тым, як далей будзе жыць,

Другая нітка набяжыць

І пройдзе блутанаю сцежкай,

Глядзіш — і нейкая разбежка,

І колер нейкае імжы.

І свет зірне, як сутарэнне,

        Дзе ўсё прыціснута вайной,

На смерць асуджана, на гной.

Куды ж ідзе ён праз суценне,

Праз дым і кроў і разбурэнне

Дарогай змрочнай, патайной?

І хто адзначыць яе звівы?

І дзе прарок, каб ставіць ёй

Слупы з табліцай верставой?

Глядзіш ты, далеч дзён, маўкліва,

Прывабна часам ці тужліва,

        Як хто снуе на розум свой.

                  Штодзень у пэўныя гадзіны

З казарм ці лагерных палат

На пляц выводзілі салдат

Пад строгім вокам дысцыпліны,

Пад вокрык грозны, рык звярыны,

Пад злы фельдфебельскі пагляд.

Дзядзькі плячыстыя з вусамі,

Загнаўшы ў кадрах сабе жыр,

Узводы строяць пад ранжыр

        І грамавымі галасамі

Сякуць паветра, як бічамі,

Налёгшы з сілаю на «рыр».

Паслухаць часам было люба,

Як пачынаецца той дзень,

Надзеўшы шапку набякрэнь

І сонцам сыпнуўшы з-пад чуба.

Само паветра ўстане дуба,

А гукі — спуджаны алень.

То тут, то там уперабежку,

        Бы з лёгкіх скінуўшы засоў,

Рвануцца залпы галасоў

І расплывуцца дзесь на ўзмежку

Ды грымне песня ўперамежку

Пад націск тэнараў, басоў.

Праходзяць роты ў ногу чотка,

Іх крок адрывісты, глухі,

У рытм калышуцца штыкі,

Свабодных рук удар кароткі,

Ды аднатонна, як бразготкі,

        Звіняць пустыя кацялкі.

А ззаду цягнуць саматугам,

Без хітрых выдумак і штук

Прылады воінскіх навук:

Станкі, мішэні з чорным кругам

І ў рамы ўціснутыя туга

Анучак жмут, саломы пук.

Вязуць на дрэнненькіх калёсцах,

На самадзелках дзервяных

Узоры чучалаў дзіўных,

        Як сымбаль сілы «венцаносца»,

А ты, салдат, наш пераможца,

Вучыся мудрасці на іх.

Як бура, кідайся ў атаку!

Крычы «ура», як той варʼят.

Калі з разгону, дай назад —

У зубы немцу, аўстрыяку,

Хай знаюць бравага ваяку,

Як зналі... дзвесце год назад.

                  Дзяжа пры роце неадлучна

        І не таму, што ён — службіст,—

На гэты конт герой мой чыст,

Але з салдатамі спадручней,

Яго ўзнімае гоман гучны

І песня іхняя пад свіст.

І ці да твару від пануры

І суму смужныя сляды

Сярод салдацкай грамады?

Салдаты — дужыя натуры,

Жартаўнікі і балагуры,

        Салдаты — ворагі нуды.

Далоў сумоту, сэрца плесень!

Вышэй ускінься, галава!

Рабяткі, ногу ўзяць! раз! два!

Эй, запявалы! давай песень,

Каб громам грымнула па лесе,—

Не абы-што наша братва!

                  «Ой, на гары маліна,

                  Пад гарою каліна!

                  Каліна, каліна,

    Чубарыкі-чубчыкі, каліна!

                  Там дзяўчына стаяла

                  Ды каліну ламала...»

І падбадрыцца разам рота,

Лягчэй, цвярдзей ідзе нага,

І гіне чорная смуга,

Аж разбірае ўсіх ахвота —

Эх, запявалаўскія ноты! —

Прастор рассунуць як мага.

Дзяжа самоту забывае,

        І ў гэтай песні грамавой

Ён зліт з салдацкай грамадой,

І гэта сувязь іх жывая:

Адна іх доля баявая,

Бо ён з той ротай пойдзе ў бой.

                  За гарадком на ўскрайку лесу

Выходзіць рота на прагал,

Яе тут месца і прывал.

І мітусня і каламеса —

Як патрабуюць інтарэсы

        Ваенных спраў і генерал.

Дана каманда стаяць вольна,

Аправіцца і пакурыць,

Сказаць жа, справа не гарыць,

Няма начальнікаў няўмольных,

А несці службу рота здольна —

Нашто ёй галаву дурыць?

Любота з ротным ліберальным!

Ды ён жа ў роце не адзін

І не высокі яго чын,

        Каб мог адкрыта і легальна

Парушыць дзень, расклад нармальны

І праявіць тут свой пачын.

Але дзядзькі — народ бывалы

І лоўка ў вочы пусцяць дым

Службістам бойкім палкавым:

Салдат разводзяць на прагалы

І расстаўляюць прычындалы,

А час займаюць абы-чым.

Але не дрэмле і іх вока —

        Даваць няможна зевака:

Наскочыць камандзір палка

Ці ротны кадравы — марока.

Усіх аблаюць на ўсе бокі,

Не пашкадуюць языка.

А ротны маршавы тым часам,

Статут забыўшы і расклад,

Збярэ вакол сябе салдат

І без праграмы, самапасам,

Разводзіць розныя балясы

        Гадзіну добрую падрад.

І раз у часе гэтых бавак

З вучастка ротнага сігнал:

Брыгадны едзе генерал!

Дзядзькі забегалі рухава.

Ну, будзе лазня і расправа,

А ротны ў лесе дзесь — скандал!

Падбег Дзяжа, ды з апазненнем,

І голас той нібы заграз.

Падаў каманду, ды не ў час

        І без належнага натхнення.

Канфуз і поўны, без сумнення,

І на вачах салдат якраз.

 

Г е н е р а л

Вы — шляпа, прапаршчык, да-с!

Праўдзіва прыказка пра вас,

І верна ўзяты вы на мушку, кавалер:

Курыца — не птушка,

Прапаршчык — не афіцэр!

                  І кончыў тым сваю прамову,

Што тут жа вынес пастанову,

І не вялікі яе змест:

На трое сутак пад арэст!

 

 

XXVII

                  Адно цяпер маё жаданне,

Адзін у сэрцы клопат лёг —

Зірнуць на край шляхоў-дарог,

На той канец апавядання,

Што свеціць іскрамі світання,

Апошні ставячы парог.

Турбот наперадзе нямала

І працы ўдумлівай, разваг —

Нялёгкі будзе гэты шлях,

        Дый сіла моцна падупала,

Краса мая адкрасавала,

Як лісце, кінутае ў прах.

Але ж не скончана дарога,

Дыбай наперад, брат, далей,

На свет зірнуўшы весялей,

Хоць дзён тваіх не так і многа.

                  Праходзяць дні, час уплывае.

Барыс на новым рубяжы.

Рубеж не міл, што ні кажы.

        Прайшла марока тылавая,

Ізноў дарога франтавая —

На фронце, дружа, паслужы!

Служыць? ну, што ж? Служыць не штука,

Ды толькі гора, ліха ў тым,

Што фронт сягоння стаў другім.

Не служба там цяпер, а мука,

Як і ў тылу, і там дакука

З салдацкім «духам баявым».

Не йдуць салдаты ў наступленне,

        Не хочуць болей ваяваць.

Дый за каго? за што, спытаць?

Далоў буржуйскае насенне!

Ісці ў атаку, на знішчэнне?!

Братва! загад галасаваць!

Такія ўжо цяпер умовы,

А камандзір — ён пешка, нуль,

Не больш як саламяны куль.

У модзе зараз толькі словы,

Адны дыскусіі, прамовы —

        Трымай па ветру нос — як руль.

                  І многа дум у тым жа плане

Снуе Барыс у галаве.

Свабода — што ж? няхай жыве!

Хоць і туман, але ў тумане

Таксама новы дзень устане,

Рассыпле росы па траве...

Грымяць вагонныя калёсы,

На фронт шыбуе эшалон.

На фронт жа ехаць многа дзён,

        А дзень наступны безгалосы

Не кажа людзям пра іх лёсы —

Якой прыгодай стрэне ён?

Дзяжа — начальнік эшалона,

Вязе на фронт ваяк-салдат.

Што ні цяплушка, свой плакат

Прыбіт у роспісах чырвоных,

Па новых правілах, законах

І ўсё на новы строгі лад.

«Салдаты! — так мы кажам людзям,—

        У наступленне — ані-ні!

Дурных, Керэнскі, ў бой гані.

Твой жар ваяцкі мы астудзім,

А фронт дзяржаць сумленна будзем,

Ды без буржуйскай калатні.

Не трэба вашых кантрыбуцый,

Не трэба нам чужых зямель —

Не тыя ў нас кірунак, цэль.

Плюем на лозунг мы ваш куцы,

На лыжку вашай поснай груцы

        І на кадэцкі ваш кісель!»

Ды толькі вось яно ў чым ліха,

У чым бяда і непакой,

Што дысцыпліны ніякой:

Салдаты потайкам і сціха

На кожнай станцыі пакрыху

Бяруць дарогу на кут свой...

А гэтых станцый дужа многа,

І больш яшчэ дарог у свет.

Шляхі! салдацкі вам прывет!

        І што ў паступку тым благога?

Салдат не мысліць людзям злога,

Дзе ні ступаў салдацкі след!

Чым бліжай фронт, тым меней люду,

Радзее гучны эшалон,

Адзін плакат на ўвесь вагон.

Ён нібы «Я прыбуду.

Сустрэнь жа, фронт, свайго прыблуду,

А не сустрэнеш, і я — вон!»

І многа ж доўгіх астановак!

        А ўцекачам яны ў руку,

А іх бы зернят на таку.

Салдат наш — жох, дагадліў, ловак,

Няма тых сетак і вяровак,

Каб спутаць ногі казаку.

Глядзіць мой прапаршчык, як тае

Узвод за ўзводам. Што ж рабіць?

Хваробы гэтай не пазбыць.

З вагона выйдзе, штось гадае,

Сястрычак пільна разглядае —

        Па Насці сэрца ўсё ж баліць.

І Галю ўспомніць — вось бы стрэцца!

Яна ж у памяці жыва...

Э! кінь ты думкі, галава:

Сядзіць пташына ў іншай клетцы.

На смутак твой не адгукнецца,

І для яе ты — трын-трава!

                  Жыццё! ты вечна, ты цікава.

Як многа ставіш нам задач!..

Ну, што ж? засмейся ці заплач,

        Ідзі налева ці направа,

Куды пацягне цябе справа,

Ты ж толькі праўду ў ёй убач.

Ты разгадай, азнач плынь тую,

Што мкне і гоніць люд кудысь

Ды падымае яго ўвысь,

Знайдзі ў ёй нітку залатую,

На першы погляд хоць малую,

Як першы крок твой быў калісь.

Ідзі далей, не стой, не кісні

        На адным месцы, як гніляк.

Па гнілі-бросні — раз і гак!

Няхай маланкай думка блісне

І мрок разгоніць той, што вісне

Над галавой тваёй, юнак!

                  Барыс напружана, пытліва

Пазнаць імкнецца сэнс падзей

І мыслі тысячы людзей,

Што грамадою, бы ў час жніва,

То ціхачом, то гаманліва

        Даходзяць коранем ідэй.

І паўстае адно пытанне:

Чаму людская талака

Так цягне за бальшавіка,

За лозунг-заклік да братання?

Што гэта — цемра ці світанне?

Ці проста мутная рака?

Але ж народ — мудрэц вялікі —

Мільёны рук, вачэй, галоў.

І колькі склаў ён казак, слоў!

        Ён і паэт, ён і музыка,

Філосаф думны і шматлікі,

І кажа ён вайне — далоў!

У гэтым ключ, мой дружа любы,

Падумаў сам сабе Барыс:

Народ ужо арэх разгрыз,

На чым ламалі сабе зубы

Грабежнікі і душагубы,

А сёння план іх паў уніз.

                  Тым часам блізка і граніца

        І той румынскі гарадок,

Куды быў дан маршрут здалёк,

Дзе меўся поезд прыпыніцца,

Каб з камендантам разлічыцца

І ў новы рушыцца паток.

Граніца ззаду засталася.

Яшчэ дзве станцыі і — стоп!

Стыкнуўся з фактам Дзяжа ў лоб

Фельдфебеля і то ў запасе

Няма ў пустым чацвёртым класе,

        І роты быццам не было.

Адны вагоны і плакаты,

Адзін жывы тут паравоз

Вязе на фронт пусценькі воз,

А тыя змыслыя салдаты —

Хто дома, хто ідзе дахаты

Паміж ялінак ці бяроз.

Адзін дакумент, спісак ёмкі

Застаўся ў нашага Дзяжы...

Вось тут, брат, слова і скажы.

        Ды што казаць? у часе ломкі

Не чуцен голас нават громкі —

Народ на новым рубяжы.

Ад той апошняй астаноўкі

Да каменданта з паўвярсты,

Вось тут гадай і думай ты

Ды памазоль сваю галоўку,

Бо і няёмка ж і нялоўка

Прадставіць спіс адзін пусты.

Прысеў мой прапаршчык на лаўку

        І выняў спісак, стаў чытаць,

Салдат-ваяк прыпамінаць:

Бруска Сымона, Загавалку,

Сафронава, Краўца Міхалку,

А ўсіх было сто сорак пяць.

А людзі ж — бравыя салдаты:

Што ні баец — герой і хват,

І кожны ў свеце тоўкся шмат.

Вось хоць бы Ягадкін кірпаты —

Хадзіў пад Львоў і пад Карпаты,

        Прыйшоў з Георгіем назад.

А дзе ён зараз, воін гэты,

Любімец роты, весялун,

Што ўмеў кранацца чуткіх струн

І падкаціцца да кабеты?

Ён не адной з іх быў прыгрэты,

Спрыяў ім даўні бог Пярун!

                  Барыс падумаў, паразважыў,

Устаў, мінуў платформу, двор,

У поле выйшаў на прастор.

        Як быць далей, ніхто не скажа,

І не вярнуць яго прапажы.

Дзяжа ўзышоў на касагор.

Зямля далёкая, чужая,

Не дужа ветлая. Вакол

Ляжыць аголены ўжо дол.

Паўднёвы вецер падзімае

І нібы ўгневана пытае:

«Дзе, камандзір, твой дом і стол?»

А камандзір — што ён надумаў?

        На ветры стаўшы, спіскі рве!

Па ржонню, па сухой траве

Ляцяць шматкі папер для глуму

Дажджоў, вятроў, ляцяць без шуму,

Франты ж — к ліхой іх галаве!

Глядзіць Барыс, як вецер гоніць

Шматкі салдацкіх прозвішч, душ.

Цяпер, Керэнскі, іх не руш!

З табой салдаты пагамоняць,

Ды як яшчэ табе назвоняць,

        Няшчасны штацкі капялюш!

 

 

XXVIII

Адзін Барыс на раздарожжы.

Ён зараз проста дэзерцір.

Яго таксама кружыць вір —

Глыбокі, мутны і варожы,

І выбрацца з яго не можа

Нядаўні ротны камандзір.

Няма ні намераў, ні планаў:

Усюды клін, куды ні кінь!

Хіба падацца на Валынь

        Пад навісь бацькавых каштанаў?..

Юнацтва час, ты ў вечнасць кануў,

Як дым, узнёсся ў неба сінь!

Дзяцінства, гульні і забавы,

Дом, школа, універсітэт,

Шырокая дарога ў свет,

Вайна і прага марнай славы,

Сустрэча з Насцяй, чэх смуглявы,

Кантузія і лазарэт.

За вобразам адным з той далі

        Другі ўсплывае, за другім

Плывуць патокам веснавым

Малюнкі, зʼявы, бы каралі

На белым шоўку нанізалі

І разгарнулі перад ім.

Адзін жа вобраз, мілы, родны,

Не сходзіць з мыслей і вачэй

І штось гуторыць, бы ручэй,

Жывы, празрысты і халодны,

Нястомны, быстры, паўнаводны,

        Пявучы, нібы салавей...

Ды дзе ж ты, мілая Настуся?

Цябе шукаю — ці знайду,

Або спаткаю зноў бяду

І мёдам губ тваіх не ўпʼюся

Ды сіратою застануся,

Каб жыць з табою не ў ладу?

І вось які ў майго героя

Злажыўся план у галаве:

Праехаць станцый тры ці дзве,

        А там — граніца: Буг, Драўное,

А далей нашае Старое

І ветру рускага павеў.

Адтуль дабрацца да Валыні,

У двор Галуты зазірнуць:

Быць можа ўдасца што-нібудзь

Пачуць аб страчанай дзяўчыне,

Куды закінуў ці закіне

Яе няпэўны дзеўчы пуць...

Дык так: адзіны курс на Ясы —

        Там перасадка, а затым

Паехаць поездам другім —

Стаяць не трэба каля касы,

А далей рушыць самапасам,

Пакуль не ўчуеш родны дым...

Эх, мары, мары! Вы салодкі:

Дарога ваша — сонца, рай!

Аднак ты, марнік, памятай:

Яны няўлоўны, мімалётны,

Як хваляў плынь у час паводкі,—

        Брымяць, плывуць — куды, спытай?

І колькі вы нам абяцалі

Прыгожых, ясных далячынь!

А дзе ваш след? Дзе ваша плынь?

Ды дзякуй вам: мы падымалі

Імкненні нашы ў свет, у далі

І гаварылі: журбу кінь!

Мінуў вандроўнік наш Бендэры,

І вось на станцыі глухой

Пачуўся голас: «Поезд, стой!»

        Зірнуў Барыс з цяплушкі ў дзверы —

Ідзе палкоўнік, злы без меры,

А з ім, бы шэршняў лютых рой,

Афіцарʼё, салдаты-хваты

У медалях і ўсе ў крыжах.

Зірнеш на іх — праймае страх!

Шынелі доўгія па пяты,

За поясам тырчаць гранаты,

Ва ўсіх вінтоўкі на плячах.

Ідуць сярдзіта пад цяплушкі,

        Што ні цяплушка, то пікет.

— Ану, выходзь — вылазь на свет!

Вось тут мы возьмем вас на мушку! —

Раве палкоўнік.— Э, братушкі,

Бальшавікоў краса і цвет!

Салдатаў, хто быў у вагонах,

Сілком, пагрозай гоняць вон,

Нібы бяруць іх у палон.

Палкоўнік злы і ўвесь чырвоны

І сам трасецца, і пагоны.

        — Усіх завесці ў эскадрон!

Салдат, што фронт папакідалі,

З цяплушак вытурылі прэч.

Канвой зняў грозна стрэльбы з плеч.

Палкоўнік злосна грыміць далей:

— Радзіму, гонар свой прадалі?!

Грабеж вас цягне? баба? печ?

Ушчэнт усіх вас — у, падлюгі!

Запаланіў ліхі шпіён,

Наабяцаў дабра мільён!

        О, сволачы! Чые ж вы другі?

Каму вы робіце паслугі?

Каго саджаеце на трон?

Пастроіцца ў шарэнгу! Жыва!

Штабс-капітан! лупіць усіх!

Завесці ў двор і — ніякіх!

І тут палкоўнік, як на дзіва,

Зірнуў на прапаршчыка скрыва,

Сумеўся і на момант сціх,

А потым грозна ссунуў бровы,

        Панізіў голас:

 

П а л к о ў н і к

Бальшавік?

 

Д з я ж а

Да слоў такіх я не прывык,

Хоць вы — палкоўнік адмысловы.

 

П а л к о ў н і к

Не разважаць, чурбак яловы!

Трымаць на прывязі язык!..

Штабс-капітан, без лішніх слоў —

У двор і ўсыпаць шампалоў!

 

Дзяжу схапілі, пацягнулі

Салдаты-хваты, унцяры.

 

Ш т а б с – к а п і т а н

        Што — выскачыў, ды без пары:

Драздоў-палкоўнік садзіць кулі,

Каб вы галовы ніжай гнулі,—

Палкоўнік строг, чорт пабяры!..

І як жа так, каб самачынна

Пакінуць фронт і драла даць?!

 

Д з я ж а

А дзе ж ён, фронт? З кім ваяваць?

Байцоў няма — і напляваць:

Фронт разваліўся. Хто ў тым вінны?

І дзе падставы і прычыны,

        Каб лад прагніўшы захаваць?

 

Ш т а б с – к а п і т а н

Не час, не месца для дыскусій.

Мы, афіцэры, самі мусім

Разбурыць вогнішчы заразы

Адным узмахам і адразу!..

Паслухай, што табе скажу:

Загад Драздова споўніць мушу —

Ён аддае свой талент, душу,

Каб стаць на моцную мяжу.

З другога ж боку, друг, павер:

        Ну, як-ніяк, ты — афіцэр.

Пазбыцца можна шампалоў —

Цябе памілуе Драздоў.

І толькі трэба з пакаяннем,

З зычлівым відам, прывітаннем

Прыйсці к палкоўніку, сказаць,

Што згодзен з намі ваяваць

Дзеля таго, каб зладзіць лад,

А не — дык чухаць доўга зад.

 

Д з я ж а

О капітан! вы азвярэлі,

        Як азвярэў і ваш Драздоў.

Няўжо ж вы хочаце ізноў

Засесці, як баржа на мелі,

Бо на вайне мы прагарэлі,

Як прагарыць і ваш Драздоў.

Скажу вам проста і адкрыта,

Што ваша карта будзе біта!

                  Штабс-капітан ускінуў вочы

І паўзіраўся ў твар Дзяжы.

 

Ш т а б с – к а п і т а н

Што за праявіна, скажы!

        Барыс, куды ж ты, друг, ускочыў?

Ці ты падаўся ў клас рабочы?

З бальшавікамі падружыў?

                  Барыс пазнаў штабс-капітана:

Ды гэта ж Далін! Гэта ён,

Дружбак яшчэ нядаўніх дзён.

 

Д з я ж а

Дружышча! Стрэча нечакана.

Я рад, хоць стрэліся пагана,—

Няхай бы лепш быў гэта сон.

 

Д а л і н

Калі такія сняцца сны,

        Дык ты іх прывітай:

За яву сны такія май,

І горш было б, каб не яны.

Паслухай, друг: ты супраць нас

Ці з намі ты? Кажы праўдзіва!

 

Д з я ж а

Было б няверна і фальшыва,

Калі сказаў бы: я за вас.

А мой табе такі адказ:

Вам не вярнуць былога шампаламі:

Народ, мой даўні друг, не з вамі,

        А без народа вы — пухір,

Што ўскочыць на вадзе

І зараз прападзе,—

Закруціць вас, зацягне вір.

І вы без дому, без радзімы,

Развеюць ветры вас, як дымы.

 

Д а л і н

Старога друга пазнаю —

Даўно чуў песню я тваю:

І гуманіст і ліберал.

Дык так, мой дружа, не па службе,

        А па дружбе —

Ідзі, мінай вакзал,

Але асцерагайся

І вер майму ты слову:

Палкоўніку Драздову

Ты больш не пападайся.

А я табе як другу

Апошнюю аказваю паслугу.

Бывай здароў

І прэч з вачэй маіх далоў! —

        І кінуў Далін позірк злосны

І адвярнуўся ў другі бок...

Ідзі, моў, далей, галубок!

                  Зноў пераблытаны ўсе кросны..

Эх, лёс і шлях ты мой дзівосны!

Куды накіраваць свой крок?

На ўсе журботныя пытанні,

На жаль, адказу не было.

Сумненне ў душу залягло:

Не будзе з Насцяю спаткання.

        Ды йдзі ўпярод усім на зло —

І будзе час твайго світання!

 

[1926 – 1935, 1955 – 1956]

 

 


[1926-1935,1955-1956]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11