epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На «шлюб» пана Студніцкага

Пан Студніцкі кроіць мапу,

Крэмзае задачы,

На Саветы зявіць ляпу,

Як на блін гарачы.

 

Беларусь жа, Украіна

І ў сне пану сніцца,

І з японцам у хвіліну

Ён гатоў жаніцца.

 

Сват жа Гітлер дапаможа,

Каб прыдбаць пасагу,

І ад «morza» і да «morza»

Прыме пад увагу.

 

Пан Студніцкі ў «свентым» блудзе

Вырашае справы,

Вось прастор, раскоша будзе

Антэку з Варшавы!

 

«Беларуская крыніца»

Згорблена, без шапкі,

Перад панам пала ніцма

На чатыры лапкі,

 

Падвывае, хоць няўдала,

Тонам недаростка,

Абы толькі перапала

Ёй ад пана костка...

 

Трызні, пан, пішы пра «шлюбы»

Тоўстыя трактаты,

Ды глядзі, жаніх бяззубы,

Каб не страціў хаты!

 

11/ІІ 1935


11.02.1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938