epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На вясенні лад

Рассеяла сонца, як сейбіт зярняты,

Бліскучыя іскры святла.

А сэрца ж так хоча цяпла,

Утулку і ласкі загубленай хаты.

Імкнецца душа мая ў марах крылатых

Туды, дзе сінеча лягла;

 

Дзе неба, бы тая хрустальная чаша,

Спадае на бераг зямлі;

Дзе ў сонцы лес песціць камлі;

          Дзе гоману поўна кузурак і пташак;

Дзе грэецца поле і рослая паша

І гай выступае ўдалі.

 

Хачу я прастору і яснасці чыстай,

Я прагну самотных хвілін

Сярод саснякоў, лугавін,

Дзе песні гайдаюцца ў хвалі празрыстай,

Дзе ўсё так спакойна і так урачыста,

А ты разважаеш адзін

 

І роўным дыханнем пʼеш слодыч спакою,

                Адкінуўшы болі турбот,

І марам даеш ты палёт...

Я ў сэрцы вітаю дубы над ракою

І ціхія вёскі, і мілую хвою,

Вітаю цябе, мой народ!

 

3/IV 1946


03.04.1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4