Травы пажоўклі. Падаюць лісці,
Туліцца вецер шчыльней да зямлі.
Шэпча ён кветкам: «Годзе вам цвісці!»
Лесу ён кажа: «Спачынь, задрамлі!»
Вецер, мой дружа, чую намёкі,
Хочаш і мне ты на вуха сказаць:
Блізка твой вечар, шлях недалёкі, —
Вузел апошні пара завязаць.
Вецер, мой браце, слухаць мне горка
Весці такія, што ты мне прынёс.
Хочацца верыць — выплыве зорка,
Выбʼецца з хмары на роўнядзь нябёс.
Можа я хворы, стомлен дарогай,
Цяжкай развагай прыгнечан, прыбіт, —
Спраўлюся, дружа, з млявай знямогай,
Будзе яшчэ плыць ён, мой плыт.
Ціхай дрымотай змораны горы,
Тоне ў сінечы арэхавы гай.
Годзе вас слухаць, сэрца дакоры,
Сэрца ж не хоча сказаці: «Бывай!»
15/ІХ 1943