epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

На захадзе сонца

Схіляецца дзень к надвячорку,

Ў зняменні стаяць тапалі

І слухаюць песню-гаворку

Арыкаў ташкенцкай зямлі.

 

А колькі іх тут — і не злічыш,

І мера не мерана ім:

Двор кожны і кут маляўнічы

Ім рады, як дзецям сваім.

 

Скрозь сетку лісцянай адзежы

Паказвае сонца свой твар,

А я пазіраю на межы,

Дзе захаду грае пажар.

 

У спёртым паветры заслонай

Звісае над горадам пыл,

А захад — празрыста-чырвоны,

Не жывіць ён хмар — няма сіл.

 

Сухое узбекскае неба

Скупое на дождж і на гром,

І цешыцца марна не трэба,

Што новы дзень прыйдзе з дажджом,

 

Што громы душу мне ўзвяселяць

І ўзрадуюць хмары мой зрок:

У чыстай прахладнай купелі

Не ўмыецца заўтра дзянёк.

 

І я ў засмучэнні і ў болю

Гадаю аб краі сваім,

І шмат бы сказаў, ды даволі:

Мне смутак есць вочы, як дым.

 

15/VI 1943


15.06.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945