epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Наперад

Багаты і прасторны,

Магутны, непакорны

Зямлі савецкай гмах.

Ад мора і да мора

Праз долы, стэпы, горы

Ірдзее новы шлях.

 

Наперад — к дзянніцам,

Палёт быстракрылы!

Вартуе граніцы

          Надзейная сіла!

 

Ад захаду і ўсходу

Шчаслівыя народы

Зліліся ў адзін вір.

Вядзе іх к сонцу ў далі

Рука цвярдзей ад сталі —

Бясстрашны правадыр.

 

Наперад — к дзянніцам,

Палёт быстракрылы!

Вартуе граніцы

          Надзейная сіла!

 

Паводкай веснавою,

Паходкай маладою

Імклівіць вольны люд,

Змятаючы з дарогі

Вякоў старых парогі,

Старых законаў чмут.

 

Наперад — к дзянніцам,

Палёт быстракрылы!

Вартуе граніцы

          Надзейная сіла!

 

У сонечным прадвесні

Звіняць, як срэбра, песні

Па сёлах, гарадах.

Савецкая краіна!

Магутна ты, адзіна,

І смелы твой размах!

 

Наперад — к дзянніцам,

Палёт быстракрылы!

Вартуе граніцы

          Надзейная сіла!

 

Мы Арміі Чырвонай

Сталёвых батальёнаў

Адважныя сыны.

Наш зрок — узлёт зарніцы,

Удар наш — бліскавіцы,

Наш голас — перуны.

 

Наперад, краіна!

Наперад, народы!

Узмахам арліным

          Няма перашкоды.

 

20/ІІІ 1939


20.03.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945