epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Народам СССР

Быў час небяспечны, трывожны, —

У дзверы Савецкай зямлі

Ламаліся ворагі, йшлі

На гарады нашы, пожні.

 

Была іх вялікая сіла,

І моцна сціскалі гужы

Бандыты свае, з-за мяжы

І нам рыхтавалі магілы.

 

А мы знемагалі ў нястачы,

А мы былі ў сціску, бядзе,

І нам дапамогі — нідзе,

Нас голад гнуў, холад лядачы.

 

Ды клікнуў кліч Ленін: «Да зброі!

На варту зямлі і свабод!

На ворага дружна ў паход!

Саветы ратуйце, героі!»

 

І голас пранёсся, як бура,

Па ўзгорʼях, па гмахах раўнін,

І рушыў народ, як адзін,

І ворагу справіў хаўтуры.

 

З тых часаў мінула шмат годаў.

Рэспублікі нашы — скала,

А сілу ім дружба дала —

Зʼяднанасць савецкіх народаў.

 

І я сёння — горды, шчаслівы

За нашу зʼяднанасць, сямʼю.

Радзіму да сэрца тулю

І сказ ёй прыношу зычлівы.

 

Народы вялікай краіны,

Што селі ў пачэсным куце!

Няхай наша дружба цвіце,

Каб сонцам ірдзелі пуціны.

 

21/Х 1937


21.10.1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938