epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Наша гуменца

Я люблю сваё гуменца,

Крытае саломай,

З гэтай стрэшкай пасівелай,

Так даўно знаёмай,

 

З гэтай сошкай, дзе гняздзечка

Ластавачка лепіць...

Добра там ёй: дождж ніколі

Дзетак не зачэпіць!

 

Дзе пад шчытам павуцінку

Ветрык хіліць-песціць

Ды такія байкі бае —

Галава не змесціць!

 

Дзе саломка з каласінкай,

Выбіўшыся з стрэшкі,

Згайдануцца, засмяюцца

Радаснай усмешкай.

 

А як слаўна адпачыці

Тут на мяккім сене!

Сонца ўзыдзе і рассыпле

Золатам праменне.

 

Па ўсяму гумне скрозь шчылін,

Праз страху з-пад шчыта,

Бы развесіць тая ткаха

Залатыя ніты.

 

Зашчабеча над гняздзечкам

Ластаўка зычліва.

За гуменцам ціха шэпча

Каласамі ніва,

 

Як бы кліча яна жнеек

Або просіць косак.

Ўсё мне кажа тут пра жыцце

Родных сёл і вёсак.

 

Добра мне тут, мне тут міла,

Родна ўсё і блізка.

Тут хлябок мой, мая хата

І мая калыска.

 

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938