epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Наталька, Джон і муха

I
II
III


I

 

Бываюць жа такія нядобрыя здарэнні на свеце! І горш за ўсё тое, што гэтае здарэнне якраз налучыла маленькую Натальку.

Натальцы пайшоў толькі восьмы гадок. Але яна была такая маленькая, такая шчупленькая, што выглядала нават меншай, як на свае гады. І яшчэ, небажаты, трэба ўзяць на ўвагу і тое, што Наталька мусіла, праўда, па меры сваіх сіл, рабіць такую-сякую работу: няньчыць яшчэ меншую сястрычку Алесю і наглядаць за крыху большым ад Алесі братам. А Уладзік, гэты самы брат, быў хлопчык жвавы, непаседлівы, скоры да бойкі з сваімі сябрукамі...

Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы.

Але, апроч усяго гэтага, Наталька рабіла і шмат важнейшыя справы. Не раз і не два пасылала яе маці з кацялочкам у сталоўку. Возьме, бывала, Наталька ў адну руку кацялок, а ў другую квіточак, зашчэміць яго моцна і такою гэта важнаю асобаю ідзе па вуліцы да сталоўкі.

Вось і сёння паслала маці Натальку прынесці абед, бо самой маме не было часу. Наталька жыва абулася ў свае старыя чаравічкі, прыбралася крыху, узяла медны кацялочак і выбегла на вуліцу.

Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Па вуліцы, як веснавыя ручаі, ішлі людзі рознага звання. Усе яны кудысьці спяшаліся, абганялі адны другіх, сустракаліся, моцна занятыя сваімі справамі. І Наталька злілася з гэтым людскім патокам і загубілася ў ім. Але яна добра ведала дарогу ў сталоўку. А вось і яна, гэтая самая сталоўка.

Наталька хацела стаць трошкі бліжэй да дзвярэй, бо думала, што яе маленькі дзіцячы ўзрост дае ёй на гэта права.

– Куды плішчышся? – сярдзіта прамовіла ёй якаясь цётка. – Ці бачыш, якая вострая! Пазней прыйшла, а першая хоча справіцца!

 

 

II

 

Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перайшло і пераехала шмат народу, і нават шмат змен зрабілася тут за гэты час.

Каб хто стаяў тут і цікавіўся, то, напэўна, згледзеў бы, як з варот аднаго двара высунуўся сабака. Відаць, што ён абабегаў шмат двароў, абышоў многа завулкаў, бо і яго сабачыя ногі прытаміліся.

Сабачае жыццё незайздроснае, але ніякіх павіннасцей сабака не нясе. Праўда, пабрахаць на чужога чалавека, калі ён зойдзе на двор або калі ў двор зачэшацца лапавухая дзёдзька, то звычайны сабачы абавязак падказвае выгнаць гэтую асобу з двара, а каб у яе надоўга прапала ахвота наведвацца туды, куды не просяць, нават трэба схапіць яе за вуха або добра пацягнуць за хвост. Так і робяць добрыя сабакі ў вёсках. Але ў горадзе іншая справа, і гарадскі сабака лічыць занізкім для сябе займацца гэтаю работаю.

Знайшоўшы зацішны куток у цяньку каля варот, Джон – так зваўся гэты сабака – прысеў, апусціўшы вочы. Відаць, нейкія сабачыя думкі снаваліся ў яго галаве. Аб чым ён думаў, сказаць цяжка; зірнуўшы на яго худое цела і паджары жывот, можна было здагадацца, што думаў ён аб няўдачах сённяшняга дня і аб тых памылках, якія ён зрабіў, бегаючы і шукаючы пажывы. Яго не цікавілі ні гэты ясны веснавы дзянёк, ні людзі, што безупынку ўсё ішлі ды ішлі, бы тыя хвалі вады. Проста ён сядзеў і разважаў. І сядзеў ён такім парадкам, пакуль не зачапіла яго муха. Тады Джон страсянуў галавою, расплюшчыў як мае быць вочы і ўскінуў іх на муху.

Адляцеўшыся, муха зноў нацэльвалася на яго вуха. Але цяпер Джон быў на варце. І не даў ёй прысесці, бо не на тое ж яму вушы, каб на іх садзіліся мухі.

Як толькі матнулася яна каля носа, Джон злаўчыўся – цап! Мухі як і не было. Джон пачаўкаў сківіцамі, але карысці ад мухі не было ніякай, і ён выкінуў яе языком.

 

 

III

 

Гэты просты і звычайны выпадак з мухаю адзначаны тут дзеля таго, што ён меў пачэснае месца ў цэлым звязку розных прычын таго нядобрага здарэння, аб якім у нас і зачалася гутарка.

Муха перабіла думкі і настроі Джона, вывела яго з таго смутна-спакойнага задумення, якое магло б скончыцца тым, што Джон проста заснуў бы. Цяпер жа ўсе яго думкі паразляталіся, і ён ледзь быў не зняўся з свайго кутка, каб павярнуць у двор. Але ў гэты момант штось смачнае і незвычайна прыемнае заказытала яго нос. Джон адразу ўвесь змяніўся, усё цела яго захадзіла, як бы па ім прабеглі іскры. Вочы яго загарэліся, і, кінуўшы імі туды і сюды, ён зараз жа згледзеў маленькую Натальку. Джон крыху знаў Натальку. Колькі дзён назад забягаў ён у той двор, дзе жыла Наталька. Уладзік, схапіўшы кусок цэглы, замахнуўся, каб шпурнуць ім у Джона. Наталька схапіла Уладзіка за руку.

– Нашто біць сабаку? Што ён табе зрабіў? Ці добра было б, каб у цябе кінулі цэглаю? – сказала яна брату. Ёй шкада было худога Джона, і яна кінула яму костку. Джон з падзякаю зірнуў на Натальку, схапіў у зубы костку і пабег, павільваючы хвастом.

І вось цяпер, угледзеўшы добрую дзяўчынку і дазнаўшыся, што гэта з яе кацялка ідзе такі панадны пах, Джон замахаў хвастом, не спускаючы з яе вачэй. А Наталька і не бачыла яго, ішла сабе паволі, пазіраючы на тое, што рабілася на вуліцы.

А Джон тым часам ужо стаяў каля Наталькі і ўсё віляў хвастом. Яго толькі непакоіла крыху тое, што Наталька не бачыць яго і не звяртае на яго ўвагі. І вось як толькі яна параўнялася з ім, Джон, як бы яго што падкінула, сарваўся, кулем кінуўся да Наталькі і з разгону штурхануў яе пад руку.

Кацялок упаў на брук. Наталька, падняўшы кацялок, дзе ў самым дне засталося колькі лыжак куляшу, стаяла і горка плакала.

А Джон лізаў разліты ім кулеш і ад вялікага здавальнення павільваў хвастом.

[1921]


[1921]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5