epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Навальніца

Вецер угаманіўся, заціхнуў саўсім. Сонца высока стаіць на небе і без жалю паліць зямлю. К поўдню сталі паказвацца вадзяністыя з цемнаватымі сярэдзінамі хмуркі. Сонца пачынае брадзіць па гэтых хмурках, і цень невялічкімі лапінкамі памаленьку паўзе па зямлі, павэдлуг таго, як ідзе сама хмурка ў небе. Вот адна перайшла чраз сонца, і зноў яно стала на чыстым небе і яшчэ гарачэй прыпякае. А там, проці сонца, зноў паўзе хмурка, за ёю другая, трэцяя, і ўсё часцей і часцей блудзіць гарачае сонца ў смутных хмурках.

З адной стараны неба пачынае чуць-чуць цямнець. У тым месцы, дзе яно як бы апіраецца на зямлю, падымалася хмара, чорная, страшная. Уперадзе, як горы, ішлі клубкамі з чырванаватымі краямі аддзельныя хмары, як дым, разліваліся па небе і як бы цягнулі за сабою чорную, густую, гладкую сцяну. Яны то злучаліся, то раздзяляліся, то пераганялі адна адну, то прападалі, а мейсца іх заступалі новыя і плылі памалу, і ткалі чорную хмару, каторая аддзялялася ад пярэдніх светлых клубкоў сівым доўгім поясам хмар з завостранымі канцамі. Г-у-ууу-у! Ціха, важна, спакойна, густа і страшна пракаціўся ў небе першы гром. Далёка над лесам бліснула маланка, яркая, борздая, і накрыж перасекла хмару. Счакаўшы крышку, зноў разліваецца, наўперад ціха, а потым паволі мацней, мацней, і на сярэдзіне самы тоўсты, самы крэпкі гук і за гэтым ізноў памаленьку заціхае і ўмірае за лесам. Маланка часцей і ярчэй барануе неба, часцей грыміць гром, і надыходзіць усё бліжэй і бліжэй хмара. Ціха зрабілася ўсюды. Людзі, як мурашкі, заварушыліся, забегалі на лузе, на скорую руку складаюць сена ў копы. У адзін момант тысячы коп сена выраслі на грудах. Лісцік на дрэве, травінка пад кусцікам, каласок у полі не скалыхнуцца. Здаецца, увесь свет перастаў нават сапці. Птушкі змоўклі. Конікі перасталі трашчаць у траве. Усё як бы чакае чагось-то страшнага. На сэрцы і боязна, і нек весела разам. А хмара ўсё чарнее. Усюды пацямнела, як бы надыходзіў вечар. Гром гудзе і гудзе бесперастанку. Вот цёмны пояс панёсся борзда-борзда. Павеяў вецер і пагнаў прэд сабою пыл і сухое лісце. Над галавою бліснула маланка, і за ёю адразу трэснуў гром, аж усё затраслося, закалацілася, і кінуліся першыя буйныя капкі, і дожджык з ветрам паліўся як з вядра.

 

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5