epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Не тужы

Сыну

Ты не тужы — мінецца восень,

Імжа рассеецца, як дым,

І ўсміхнецца неба просінь

У ясным сонцы веснавым.

Зноў зацвітуць лугі, даліны,

І атрасуць свой сон лясы

І ў гоман радасны птушыны

Свае далучаць галасы.

Адзенуць новую адзежу

Дубы, сталёвыя камлі,

А хмаркі неба замярэжаць,

Усплыўшы ціха з-за зямлі.

Клубочкі іх збяруцца ў хмару,

Над полем спусцяць свой паром,

І па нябеснаму абшару

Абход свой зробіць першы гром.

З табой і мы ў свае абходы

На рэчку пойдзем, пад дубы,

Або пад добрую пагоду

Цішком паціснем у грыбы.

Чаго мы толькі не сустрэнем!

Якіх не ўчуем галасоў

У лесным звонкім сутарэнні

Між пышных хвой і верасоў!

Агледзім там барок знаёмы

І не мінём сваіх лужкоў;

І мы, вясёлыя, дадому

Прыцягнем кош баравікоў.

 

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945