epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Не вытрываў

 

Адзін пан вельмі любіў слухаць казкі. Многа пераслухаў ён гэтых казак. Урэшце захацелася яму пачуць такую казку, у якой не было б ніводнага слова праўды. Знайшоўся такі казачнік. І кажа яму пан:

— Вось талерка золата. Калі раскажаш мне такую казку, каб не было ў ёй ні слова праўды і каб я сказаў табе: «лжэш», дык тады аддам табе гэтую талерку золата.

Зірнуў чалавек на талерку — так і зіхціць на ёй золата!

І ён пачаў:

— Чаго, панок, на свеце не бывае. Вось са мною такая прыгода здарылася. Было мне гадоў пятнаццаць, але яшчэ на свет не радзіўся. Наняўся я да аднаго гаспадара пчол пасвіць — пяцьдзесят раёў пчол. Рана і вечарам я павінен быў пералічыць іх, а вечарам іх трэба было і падаіць, і пазаганяць у вуллі.

— Свет вялік, можа быць і праўда, — кажа пан.

Глянуў казачнік на золата — блішчыць, на яго ліха!

— Раз выпусціў я пчол на пашу. Вярнуліся яны дамоў — дванаццаці пчол няма. Дзе ж бы яны падзеліся? Можа ў балоце загразлі... Кінуўся іх шукаць. Я туды, я сюды — няма. Аж бачу — адзінаццаць пчол ляцяць, параненыя, акрываўленыя. А дванаццатай няма. Ох ты, гора маё! Я далей.

— Го-го-го! — крычу.

— Гу-у-у-м, — адазвалася яна.

Зірк за рэчку — аж там чарада ваўкоў апанавала маю пчалу і душаць. А яна адбіваецца, а яна не даецца. Я, гэта, давай бегчы шпарчэй на падмогу. Да рэчкі дабег — перавозу няма! Спазнюся — задушаць яе ваўкі. Схваціў, гэта, я сам сябе за чупрыну, размахаў, разгойдаў — гопта-ля-ля! Як штурхануў, так і перакінуўся на той бок ракі.

— Можа быць, — кажа пан.

— Але з разгону як гопнуў я аб зямлю, так па пояс і засеў! Я туды, сюды — не вылезу. Я так, я сяк — не бярэ. Без рыдлёўкі не зробіш нічога. Кінуўся я як мага дадому, схапіў рыдлёўку ды назад. Бягу, гэта, я, аж чую — у дупле печаныя дзятлы пішчаць. І так прынадна пахнуць! Палез я ў дупло. Лезу галавою — не ўлез, рукою лезу — не ўлез; лезу нагою — дарма! Калі ж кінуўся ўсім целам — улез! Паеў я тых дзятлоў, назад лезу. Лезу галавою — не вылезу, лезу рукою — не вылезу і нагою лезу — не вылезу.

Кінуўся ўсім целам — няма рады. Без сякеры нічога не будзе. Зноў дадому бягу, хватаю сякеру, лезу ў дупло, высякаю дзірку — вылажу. Бягу за рэчку, адкопваю сябе з зямлі і кідаюся пчале памагаць.

— Свет вялік, можа быць і праўда, — кажа пан.

— Праўда ці няпраўда, але прыбег я да пчалы, адагнаў ваўкоў. Бачу — не жыць маёй пчале. Я, гэта, нядоўга думаючы, шась яе нажом! Перарэзаў ёй горла. А крыві, крыві, — аж рэчка зачырванелася. Абяліў я пчалу і прывёз мяса дадому: дванаццаць кадзей мяса наклаў!..

— Свет вялік, можа быць і праўда.

— Можа праўда, а можа і няпраўда.

Тут я ўспомніў, што косці засталіся на пожні. Думаю сабе — лаяць будуць людзі, што заграмаздзіў касцямі больш дзесяціны сенажаці. Пабягу ды скіну іх у раку. Прыбег. Стаў падымаць хрыбет з рэбрамі. Падняў я яго, потым як штурхану ад сябе!.. Я думаў, што ўпадзе ў раку, а ён адным канцом стаіць на зямлі, а другім у неба ўпёрся.

— Свет вялік, можа быць і праўда.

— Ну што ж? Праўда, дык праўда.

Палез я па гэтым хрыбце на неба. Як лезці, дык лезці, і ўзлез. Бачу — у адной хаце пірушка, святыя гуляюць: пʼюць гарэлку, віно, сала поўныя місы нарэзалі, песні такія непадобныя пяюць. Ну, думаю сабе, з пʼянымі, чалавеча, не займайся, а то яшчэ бакі намнуць. Іду далей. У другой хаце святы Мікола набраўся гарэлкі, як сцелька, ляжыць пад лаваю і храпе, як пшаніцу прадаўшы.

— Можа і праўда.

— Праўда, то праўда, але віламі па вадзе пісана. Каля яго ляжыць шапачка, сама залатая, з дарагімі каменнямі. Я шапачку — за пазуху ды і назад. Аж тут святы Мікола прачнуўся, пачаў бушаваць, свае шапкі шукаць. Падняўся шум, крык.

— Гэта Ялісей маю шапку забраў, бо ў яго па лысіне мухі поўзаюць! — крычыць Мікола.

Ну, думаю, калі зловяць, кепска будзе.

А тут аніяк не знайду таго месца, дзе хрыбет стаяў. Бачу — пілавіны ляжаць. Давай з пілавін вяроўку віць. Звіў доўгую вяроўку. Завязаў адзін канец яе і стаў спускацца з неба па вяроўцы. Спусціўся да самага канца вяроўкі, а зямлі яшчэ няма. Што тут рабіць? Я, гэта, вазьму ды адрэжу зверху кусок вяроўкі, а знізу надтачу і спускаюся далей.

— Свет вялік, можа і праўда.

— Але, праўда. Стаў я, гэта, на зямлі. Бачу — не наша зямля. Аглянуўся — пекла! Іду далей. Аж бачу — панскі бацька-нябожчык, абарваны, босы, такі галадранец, аж глядзець шкода. Стаіць, бедненькі, з пугаю, свіней пасе.

— Лжэш, хам! — крыкнуў пан.

А казачнік — цап за талерку з золатам ды за дзверы.

[1935]


[1935]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7