epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Недаступны

 

Быў гарачы летні дзень, адзін з тых дзён, аб якіх гавораць: варыць, як у гаршку. Далёкая цёмная палоска лесу абвязалася наміткаю сіняватай смугі, як маладзіца хусткаю, каб не так пякло сонца. Падыхаўшы зранку, вецер сціх зусім; і здавалася, што ён сціх не дзеля таго, што так трэба, а сумыслу, на злосць усім тым сілам, якім таксама належала не даваць у здзек гарачыні зусім распараную зямлю і ўсё яе стварэнне. Адным словам, здавалася, што вецер зазлаваўся, як той дзядзька Піліп, які, бачачы, што ён адзін толькі працуе ў хаце, а ўсе туляюцца ад работы, як сабакі ад мух, і што адзін ён нічога не ўскурае, – плюнуў, кінуў работу і лёг у халадок, сказаўшы: «Чорт жа вас бяры!»

І ціха было ўсюды. Маўчаў луг, маўчала поле: на вуліцы ў сяле не відаць было нікагутка. Толькі зрэдку перабягаў з надворку ў надворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшай схованкі ад мух. Праўда, дзень быў святы. Сяляне пахаваліся ў халадку, а Карусь Цесля яшчэ ад снедання залёг на таку голым жыватом.

З аднаго канца вуліцы раптам выскачыла ў адной кашулі няскладная фігура селяніна. Па тым, як неслі яго ногі, людзі свядомыя адразу пазналі б, што дзядзька Арцём крыху «хлесянуў», што цяпер няспрытнымі нагамі выратоўваў сваю асобу і што ззаду за ім павінна быць нейкая грозная сіла, ад якой і ратавалі яго непаслушныя ногі. Прабегшы некалькі хат, Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у надворак Юркі Труса, з надворка заламаў у вулачку і пасучыў проста да калодзежа. Дабегшы да студні, Арцём азірнуўся. Вуліца была пустая. Арцём яшчэ раз азірнуўся і, уляпіўшыся за зруб, перакінуў сваё цела ў студню, павісшы на руках. Павісеўшы так з паўхвіліны, ён высунуў сваю кудлатую, ускалмачаную галаву і агледзеўся навокал. Якраз недалёка ад студні бегла, падаткнуўшы спадніцу, кабеціна з качаргой у руках. Арцём борздзенька схаваў за зруб галаву, зірнуў уніз, пусціў рукі і... шугнуў! Праз момант пачуўся глухі пляск вады. Калодзеж быў неглыбокі, і вады ў ім было мала. Шчасліва апынуўшыся на дне, Арцём трохі пачухаў цяжэйшае месца і стаў прымайстроўвацца на скрыні. Скрыня заметна выдавалася над вадой. Арцём усеўся на адным яе беразе, а ў другі ўпёрся нагамі. Тут ён пачуў сябе вольна і выгодна і ўздыхнуў лягчэй.

Яму самому ніколі не прыходзіла такая думка – ускочыць у студню. Усё гэта зрабілася раптоўна, ад аднаго толькі жадання хітрэй схавацца ад жонкі. А як тут было прахладна ды спакойна, то Арцём ад здавалення нават усміхнуўся сам сабе. О, гэта штука! Аб гэтым усё сяло загаворыць...

– Каб ведаў, то ўзяў бы з сабою тытунь і люльку, – сказаў Арцём і плюнуў пад ногі.

Грыпіна, прабегшы агароды і Юркаў двор, згубіла Арцёмавы сляды. Кінуўшыся туды і сюды, яна спынілася, момант раздумваючы над тым, куды прапаў Арцём. Хоць Арцём і нікога не бачыў, але яго дагледзеў малы Пятрук: ён быў у суседскім садзе і бачыў праз шчыліны частаколу, як дзядзька кідаўся ў калодзеж. І ў той момант, як Грыпіна ламала галаву, шукаючы Арцёма, Пятрук выбег на вуліцу.

– Цётка! Дзядзька ўкінуўся ў студню! – закрычаў Пятрук спалоханым голасам.

Петруковы словы чуць-чуць даляцелі да Арцёма.

– А, пся маць яго, злодзей! Такі дасачыў! – ціхенька да сябе самога прамовіў Арцём.

Цётка Грыпіна выпусціла качаргу і заламала рукі.

– А Божухна! А матухна! Што ты, Пятрук, гаворыш?!

– Дальбог жа, цётачка, дзядзька ўкінуўся ў студню! Я сам бачыў, – чуць не плачучы, кляўся Пятрук.

Грыпіна, забыўшыся качаргі, кінулася да студні.

– Арцём! Арцём! Ці ты тут? Ці жывы ты, Арцёмка?! – галасіла Грыпіна, перагнуўшыся над зрубам.

Арцём задраў угару галаву, зірнуў на жонку і нічога не сказаў.

А за гэты час Пятрук абегаў усе вуліцы і ўзбурыў усё сяло. Падняўся крык, гоман, студня бралася з бою, кожнаму хацелася зірнуць, што робіцца на дне. Самыя лепшыя месцы пазаймалі найболей паважныя і сталыя мужчыны. У адзін момант стала вядома, што Арцём жывы і здаровы. Там і сям наўперад цішэй, а потым смялей разлягаліся вясёлыя покаты смеху.

– Бадай ты прапаў, Арцём! Як ты залез сюды? – пытаўся ў Арцёма Антось Галавач.

– Дух святы занёс мяне, братка, – загаманіў Арцём, і голас яго вылятаў са студні глуха, як з магілы.

Стаяўшыя каля студні перадавалі другім Арцёмавы словы.

– Пʼяніца ты, лодыр! Дурасць твая, гарэлка ўплішчыла цябе сюды! Гэта ж трэба! Пасаромеўся б ты людзей! – пачала адчытваць яго Грыпіна.

– Ну! Ну! Завяла ўжо катрынку! – глуха загукаў Арцём са студні.

– Чаго ты лаешся, Грыпіна! – накінуўся на кабету Карусь Цесля і міргнуў у бок мужчын. – Мусіць, добра яму жывецца з табой, калі чалавек на зламанне карка кінуўся ў студню. – І, зірнуўшы на жанок, дабавіў: – Вось што робіць ваша грызня з нашым братам...

– Гарэлка вам гэта робіць, – загаманілі жанкі дружным хорам.

Карусь замахаў рукамі і заткнуў вушы.

– А няхай вас! Вось сарокі! Толькі і застаецца ўцякаць ад вас у студню.

Карусь нагнуўся і клікнуў Арцёма.

– Арцём! Ці добра табе там?

– Добра, браце! – адазваўся Арцём і заплюхаў нагой па вадзе. – Такі табе тут халадок, што проста – ах!.. Карусь, ты заўсёды быў мой лепшы друг: кінь браце, мне сюды люльку!

– Вылазь, брат! Тут пакурыш. Вось і драбіны табе прынеслі.

Некалькі мужчын паволі апускалі ў студню прынесеныя драбіны.

– А нашто мне драбіны? – пытаўся, седзячы на скрыні, Арцём. – Думаеце, я вылезу адгэтуль? Што я там буду рабіць з вамі? Што мне там міла? Нічога!.. Не чуў хіба грызні? А тут, браткі, – рай!

 

 

І гэй, у Та-а-ганро-о-зі, да!

І гэй, у Таганро-о-зі, да! –

 

 

зацягнуў Арцём у студні песню.

– Дык ты, Карусь, не кінеш мне люльку? – скончыўшы спяваць, спытаўся зноў Арцём.

– Татка, галубок! Выла-а-азь! – заплакаў Арцёмаў сынок, хлопчык гадкоў дзесяці.

– А! Гэта ты, Сымонка? А сынок ты мой! Скажы мне, каток, які гэта прарок сядзеў у пустыні і крумкачы насілі яму мяса?

– Выла-а-зь!

– Я ў цябе, пся кроў твая, пытаюся: якому прароку крумкачы насілі мяса?

– Выла-а-азь!

– Эх! – уздыхнуў Арцём. – Адзін шкадуе люлькі, і гэта лепшы друг! Другі не хоча сказаць, каму крумкачы насілі мяса, і хто? Родны сын! І жыві ты пасля гэтага на свеце. Лепей бы ты мяне, матанька, на свет не радзіла. – І Арцём зноў заспяваў:

 

 

Нашто ты радзіла

Мяне, матанька?

Нашто ты радзіла

На свет сіраціну?

 

 

– Доўга ты будзеш сядзець тут? – падышоў да студні стараста і пачаў гаварыць з Арцёмам, як начальнік. – Ось зараз як улезу, то ты ў мяне шпарка вылезеш!

– А ну, улезь! Лезь, стараста, дальбог, лезь! Месца хопіць і табе. Бо і твая Алена добрая жыжка! Ці там яе няма? Дык лезь, стараста, лезь, галубок! – І Арцём заварушыўся, пасунуўся, каб даць старасце месца.

– Цьфу! Каб ты згарэў! – плюнуў стараста і адышоўся пад смех сялян.

– Карусь! – не сунімаўся Арцём. – Дык ты кінеш мне люльку?

– Лаві! Я табе кіну! – сказаў Мікіта Чуваль і ўжо выняў з губы сваю люльку.

– Я хачу, каб Карусь мне кінуў... Карусь! Кінь мне, брат, люльку!

Карусь ужо быў нарыхтаваўся кідаць, ды Грыпіна вырвала люльку з яго рук.

– Ато ж! Яшчэ чаго, патураць яму! Вылазь, каб ты бокам лазіў!

– Татачка, выла-а-азь!

– А скажы, як зваўся той прарок, якому крумкачы насілі мяса? – не здаваўся Арцём.

Тут праціснуўся да студні Тарас Рубеж. І падышоў ён з такой мінай, што ўсе мімаволі зірнулі на Тараса: па яго твары кожны прачытаў, што ён выдумаў спосаб выгнаць Арцёма са студні.

– Хлопцы! – сумыслу голасна загукаў Тарас, каб Арцём пачуў. – Вураднік прыехаў, будзе пратакол пісаць за незаконнае сабранне! – І, звярнуўшыся да Арцёма, Тарас пачаў яго лаяць і крычаць:

– Скарэй вылазь, Арцём! Што ты нарабіў тут?! Прыехаў вураднік, будзе пісаць пратакол, бо ты бунтуеш сяло, збіраеш і баламуціш сялян. Вылазь скарэй і хавайся, бо напіша пратакол, у астрог пасадзяць!

– Вураднік, кажаш? – спытаўся Арцём.

– Няўжо ж хто! Ён!

Арцём заплюхаў абедзвюма нагамі і зацягнуў:

 

 

Адракомся ад старага міру,

Атрасём яго прах з нашых ног.

 

 

Сяляне дружна зарагаталі:

– «Марсільянку» спявае!

– Вось табе і Арцём! І вазьмі ты яго голымі рукамі.

– Што мы, хлопцы, будзем цацкацца з ім? Бяры драбіны! Няхай сядзіць! – сказаў асаромлены Тарас Рубеж.

– Забірайце, забірайце, хлопцы! – гукнуў знізу Арцём. – Бо яны мне замінаюць тут. А адгэтуль не вылезу. Што вы да мяне маеце? Не вылезу дый годзе. Курыць не даеце, сказаць не хочаце, каму крумкачы насілі мяса... Бывайце здаровы, хлопцы! – І Арцём заварушыўся і адвярнуў галаву ў куток студні.

– Кінь яму люльку! Што з пʼяным зробіш? Засне, яшчэ захлынецца, – пачуліся нягромкія галасы.

– Арцём! Лаві! – крыкнуў Карусь, і люлька паляцела ўніз, а праз хвіліну са студні стаў узнімацца сіні дымок, як пара з катла.

– Дзе ты, Сымонка? Сымон!

– Чаго, татка?

– Дык як зваўся прарок, якога крумкачы кармілі мясам?

– Ілья!

– Ну, вот! Даўно б так гаварыў!

– Вылазь, татачка! – сказаў павесялеўшы Сымонка.

– Вылазь, Арцём! Падурыўся дый будзе, – загулі і сяляне.

– А вы мяне любіце? – сказаў Арцём.

– Дзіва што любім, – адказалі мужчыны.

– Я вылезу: але калі вы мяне сапраўды любіце, то павінны згадзіцца на мае ўмовы. Дык слухайце: Грыпіна не павінна ні лаяцца, ні сварыцца. Грыпіна! Чуеш ты там?

– Чую, чую! Ну, добра – не буду!

– Пабажыся!

– Дальбог, не буду!

– Дык слухайце ж далей: усе павінны разысціся, каб ніхто не бачыў, як я буду вылазіць. Згаджаецеся?

– Згаджаемся, згаджаемся! – загаманілі мужчыны.

– Ну, то вылажу!

Драбіны заварушыліся, і зараз жа са студні паказалася кудлатая галава Арцёма.

 

Лунінец

[лістапад 1911, сакавік 1912]


[11.1911,03.1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5