epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Ноч пад Новы год

Замкнула зямля свой яшчэ адзін круг,

Другі зачынае.

Маўчыць непрытульна заснежаны луг

І пушча лясная.

Мігаюць далёкія зоры ўгары,

Як чыстыя росы,

І ходзіць паважна мароз па бары,

Злы, белавалосы.

Глядзіць неласкава скляпенне нябёс

На скутую землю,

І Млечнага Шляху паблеклы пракос

У холадзе дрэмле.

У гэтым змярцвенні начной цішыні

Год Новы вітаю.

— Якою пуцінай вы пойдзеце, дні? —

Я моўчкі пытаю.

Маўчыць неабсяжны прастор — глыбіня

Без берагу-краю.

Маўчыць з ім і постаць наступнага дня,

І я замаўкаю.

 

31/ХІІ 1937


31.12.1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938