epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Новаму году

Хто нам скажа, хто згадае,

Чым нас новы год спаткае

І парадуе нас чым?

 

Год мінулы злым прыдаўся:

Тросся свет і садрыгаўся,

Апавіты ў смаль і ў дым.

 

Наш набытак знішчан прахам.

Неашчадным, страшным махам

Смерць кранулася зямлі.

 

На сіротах нашых — нівах,

Замест снопікаў шчаслівых

Густа косці паляглі.

За сяўцоў былі гарматы,

Замест зернятак — гранаты

Шчодра сеялі ў той год.

 

Незлічонымі крыжамі

След адзначан, дзе з слязамі

Бег разбураны народ.

 

Гора Белу Русь спаткала,

Ў свет далёкі люд пагнала.

Цяжак быў мінулы час.

 

Чым жа новы год спаткае?

Ці аціхне бура тая?

Чым парадуе ён нас?

 

29/ХІІ 1915


29.12.1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938