Якуб Колас

«О, край родны, край прыгожы!..»

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць;

Гэтых гмахаў безгранічных

Балатоў тваіх, азёр,

Дзе пад гоман хваль крынічных

Думкі думае прастор;

Дзе увосень плачуць лозы,

Дзе вясной лугі цвітуць,

Дзе шляхом старым бярозы

Адзначаюць гожа пуць?..

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com