epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пахаваная муза

Павесіў паэт сваю музу на плоце.

– Ну, муза, прыляж!

Не тромкне мой палец па звонкаму дроце,

Не тромкне, шабаш!

 

Даволі блукалі з табою па свеце –

Свет жорстак і глух.

Над сонню балотнай мітусіцца смецце

І прокіслі дух.

 

Засні ж, мая муза, у холадзе жвіру,

Надоўга засні!.. –

І муза заснула, і змоўкла там ліра –

І згаслі агні.

 

 

Пад плотам пахована муза паэта,

А сам дзе паэт?

Спявае з другою, ці ж дзіва нам гэта?

Такі ўжо наш свет.

 

Над долам, дзе схована бедная муза,

Шапоча вярба

Ды грэе на сонцы брудастае пуза

Хаўроння раба.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938