epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пахаванне

(Са зборніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»)

Чую звон я нудны,

Рэдкі, невясёлы.

Дзень сягоння будны,

Не святкуюць сёлы.

 

Чую прычытанне,

Чую плач я нечы,

Скончыўся заранне

Век твой, чалавеча.

 

Вось труну я бачу,

        Кучка йдзе народу.

Колькі жалю, плачу!

Жонцы мужа шкода,

 

Мужа маладога,

Добрага Рыгора,

І сабе у Бога

Просіць смерці з гора.

 

Сёстры плачуць горка

Буйнымі слязамі:

«Ой, Рыгор, Рыгорка!

        Што зрабіў ты з намі?»

 

Двое дзетак з краю –

Бедныя сіроткі!

Цяжка будзе, знаю,

Вам, мае блазноткі!

 

Ззаду дзед сагнуўся –

Нудна, жаль старому.

Падышоў, вярнуўся

Скора поп дадому.

О, мой братка родны!

        Ой, мужык ты бедны!

Ўсё жыццё галодны,

Худы, чорны, бледны.

 

Хто табе уважыць?

Хто паспагадае?

Сушыць доля, пражыць,

Гне, не аглядае.

 

Біўся ты, як рыба,

Часу ты не ўседзіш...

У зямельцы хіба

        Шчасце ты угледзіш.

 

А памёр – ні знаку,

Звон адзін пазвоніць,

Ў яму, небараку,

Кінуць, пахароняць...

 

Смутна і ціхутка...

Могілкі з крыжамі.

Круцяцца блізютка

Галкі над палямі.

 

Жаль скаваў мне грудзі,

        І нуда напала...

Каб вы зналі, людзі,

Як мне цяжка стала!

 

1906–1907


1906-1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910