epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пад Новы год

 

Была ноч, халодная зімовая ноч. Сярдзіта падыхаў вецер і стукаў у акяніцы. Мароз ткаў на шыбах тканкі і размалёўваў іх прыгожымі рысункамі. А калі на гэтыя рысункі падалі праменні ад лямпы, то яны рабіліся яшчэ прыгажэйшымі.

Было позна, але горад яшчэ не спаў і ў дамах свяціліся агні.

З розных канцоў горада даляталі мілагучныя спевы старых званоў. Нішто не мяняла іх галасоў. Яны гудзелі так жа прыветна, як і летась, як і многа гадоў таму назад. Толькі часамі вецер падхватваў гэту перамову старых званоў і то аддаляў іх, рабіў іх больш ціхімі, то, наадварот, прымушаў іх гаварыць выразней, каб нават і ў гэтай хатцы на краю горада пачулі іх людзі.

Не спала таксама і гэта хатка. Замураваныя марозам шыбкі свяціліся бледна, ледзь прыметна. Нягледзячы на тое, што сёння было пераддзенне Новага года і ў грубку палажылі дроў болей, у хатцы ўсё ж такі было холадна.

– Скажы, татка, што гэта такое Новы год? – запытаў у бацькі старэйшы сын Лявонка.

Яму было гадкоў сем ці восем. Гэта быў худзенькі хлопчык, бледны і кволы. Вочкі ў яго былі ясныя, як неба, і ў іх часта адбіваліся нейкія думкі.

Меншы брат яго, Сцёпка, болей жывы і рухавы хлопчык, таксама ўскінуў на свайго татку вочкі і чакаў адказу, бо яго зацікавіла пытанне брата.

– Тата! Што гэта Новы год? – запытаўся і ён, залажыўшы за спіну ручкі.

– Новы год? – прамовіў бацька і задумаўся, каб прасцей растлумачыць дзецям. – А вось бачыце дзеці: была вясна, было лета, восень. Цяпер у нас зіма, дзянёк прыбывае, і мы будзем чакаць другую вясну. Дык вось гэты час, у які праходзіць вясна, лета, восень і зіма, і называецца годам. Адно кола змен часу мы перабылі, а з заўтрашняга дня зачнем другое. Вось гэты першы дзень, які зачынае сабою новае кола часу, і называецца Новым годам.

Дзеці слухалі вельмі ўважліва. Як толькі скончыў бацька сваё тлумачэнне, Сцёпка зараз жа даў запытанне:

– Тата! Новы год добры ці злы?

– Калі людзям жыць будзе добра, яны скажуць: «Гэта добры год», а калі цяжка, то год будзе нядобры.

– А калі Новы год прынясе табе многа-многа мільёнаў грошай, ты купіш мне шакаладу?

– Не, – прамовіў Лявонка, – ты купі нам аэраплан. Мы сядзем у аэраплан і будзем лятаць... Абы толькі Новы год быў добры. Праўда, Сцёпка?

– Не, – не згадзіўся Сцёпка, – лепей купі нам паравоз.

Тут дзеці заспрачаліся, што лепей – паравоз ці аэраплан. Пасля доўгай спрэчкі Сцёпка быў вымушаны звярнуцца да таты, каб тата сам развязаў спрэчнае пытанне.

– А я бачыў на малюнку, што год – гэта такі чалавек. У яго ў мяшках зложаны розныя дары, і ён ходзіць па свеце і дае іх людзям, – сказаў Лявонка.

– Ага! – падтрымаў Сцёпка брата. – Год – гэта дзядок, і многа ў яго гасцінцаў! Цукеркі, белыя булкі, цукар, яблыкі...

– Бедныя дзеці! – уздыхнула мама. – Цяжкае ваша дзяцінства!

Тут мама стала ўспамінаць тыя часы, калі яна была малою і дзеці мелі падарункі.

– А цяпер чаму няма? – спытаў Сцёпка.

– А я ведаю чаму,– прамовіў Лявонка.

– Ну, чаму?

– Бо тады быў добры год.

– Мама, праўда, тады быў добры год? – запытаў Сцёпка.

– Для адных ён быў добры, а для другіх злы, – адказаў бацька. – Тады, дзеткі, было многа людзей, якім жылося цяжка.

– Чаму? – запыталіся хлопчыкі.

– А таму, што на свеце не было справядлівасці.

– А нашто гэта справядлівасць?

– Справядлівасць трэба для таго, каб не крыўдзілі чалавека.

– А што гэта справядлівасць?

– Справядлівасць – гэта мера, якою трэба адмерваць людзям так, як яны таго заслужылі.

– Я буду чакаць Новага Году, – як бы ў адказ сваім думкам зазначыў Лявонка.

– І я буду чакаць, – азваўся і Сцёпка.

Хлопчыкі прыціхлі. Кожны з іх думаў сваю думку. Мама такім жа чынам моцна над чымсьці задумалася. Выраз яе твару казаў за тое, што думкі яе былі невясёлыя. Дый ад чаго ім быць вясёлымі, калі нават няма чым спаткаць Новы год? Тата хадзіў ад сцяны да сцяны сурʼёзны і нахмураны.

А на дварэ бушаваў вецер. Як відаць, ён быў нечым нездаволен. Можа ён гневаўся за тое, што ніхто не слухаў яго, а тое, што ён казаў, было вельмі цікавае. Ён залятаў у комін, выў, свістаў, заліваўся жудасным смехам. Але і на гэта ніхто не зварочваў увагі. Тады ён пачынаў біць у акяніцы, стукаць у дзверы і бегаць па даху.

– Чаго гэта шуміць так вецер? – спытаў Лявонка.

На яго запытанне ніхто не даў адказу. Але тут сталася такое дзіва. Дзверы ў хату адчыніліся, і на парозе зʼявілася вельмі фацэтная фігура, высокага росту, такога высокага, што ў хаце яна мусіла стаяць прыгнуўшыся. Ногі ў яе былі птушыныя, рук зусім не было – іх замянялі крыллі. Цікавей усяго быў яе твар і галава. Галава, праўда, была чалавечая, але надта вялікая. Нават для свайго росту гэта фігура мела залішне вялікую галаву. Гэты незнаёмы госць меў такія доўгія і тоўстыя губы, што нельга было пазіраць на іх не смеючыся. Наогул сказаць, нягледзячы на ўсе гэтыя незвычайна цікавыя злучэнні, госць зусім не быў страшны. І ніхто ў хаце не звярнуў на яго ўвагі. Адзін толькі Лявонка не стрымаўся і пачаў смяяцца. Незнаёмы госць падышоў да яго бліжэй. Вялізарныя губы яго таксама расплыліся ў самую вясёлую ўсмешку.

– Чаму ў цябе, дзядзька, такія смешныя губы? – запытаў яго Лявонка.

– Бо ты такіх губ не бачыў, і яны здаюцца табе смешнымі, – адказаў госць.

– А я, дзядзька, ведаю, хто ты такі.

– Ну, хто?

– Ты – Новы год!

– Не, галубок, ты крыху памыліўся. Я – вецер. А Новы год сядзіць у мяне на плячах.

Лявонка зірнуў на яго плечы. З-за плеч выглядала кучаравая галава. Яна пазірала на Лявонку і смяялася.

– У гэту ноч мы павінны аблятаць увесь свет, – прамовіў Новы год. – Я даведаўся, што ты хочаш лятаць на аэраплане. Табе, сынку, можа і не ўдасца лятаць на аэраплане, твой тата не можа накарміць вас як трэба. Апрача таго, аэраплан не можа доўга лятаць, і машына яго псуецца. А папсуецца машына, ён падае на зямлю. А вось дзядзька Вецер – найлепшы мастак па часці лятання.

Пры гэтым Вецер прысеў на свае птушыныя ногі, прыгнуўшы спіну.

– Сядай, Лявонка, я ведаю: табе хочацца палятаць? – запытаў ён.

– Хочацца, дзядзечка!

Тут Новы год спрытна падхапіў Лявонку пад пахі і пасадзіў яго радам з сабою.

– Гатова!

Лявонка пачуў, што ён сеў у нейкае пухавое гняздзечка. Тут было цёпла, мякка і вельмі прыемна.

Як толькі Новы год прамовіў «гатова», Лявонка заўважыў, што столь і дах хаты рассунуліся. Дзядзька Вецер надзьмуў свае смешныя губы, і ўсе яны ўтрох вылецелі на двор. Ляцелі доўга і апынуліся ў другой краіне. Нягледзячы на тое, што была позняя ноч, людзі яшчэ не спалі.

– Дзядзькі! – звярнуўся Лявонка да сваіх спадарожнікаў. – Я хачу паглядзець, што робіцца ў гэтым доме, дзе так многа людзей і агнёў.

У адзін момант апынуліся яны сярод мноства народу, у вялізарным пакоі. У бакавым пакоіку грала музыка, грала так чароўна, што нельга было наслухацца. Пад гэту музыку вяліся скокі. Скакалі дзесяткі, сотні пар; яны кружыліся, перавіваліся, і ва ўсім гэтым быў нейкі лад, пэўны парадак.

Па баках стаялі сталы, застаўленыя бутэлькамі віна і загружаныя закускамі. Маладыя людзі, пабраўшыся за рукі, падыходзілі да гэтых сталоў і частаваліся. Тут было шумна, весела і гаварліва.

– А чаму тут няма бедных і галодных? – запытаў Лявонка.

– А затым і няма іх, што яны бедныя і галодныя, – адказаў дзядзька Вецер. – Яны не маюць грошай, каб дастаць сабе білеты, яны не маюць за што купіць дарагога віна і дарагіх закусак. Але ты, Лявонка, не зайздросць іх шчасцю. Вось глядзі, што тут будзе зараз!

Дзядзька Вецер перамігнуўся з Новым годам і надзьмуў свае смешныя губы. Набраўшы духу, ён раптам выпусціў яго. Сцены здрыгануліся, затрашчалі, сталы паперакульваліся, бутэлькі пападалі на падлогу і пабіліся. А людзі ў дзікім страху кінуліся наўцёкі. Паднялася сумятня, кожны помніў толькі сябе. Усе беглі, збівалі адзін другога і мітусіліся, як прыпёртая да берага рыба.

– Вось бачыш, хлопча, якое кароткае людское шчасце, – прамовіў Новы год.

І яны паляцелі далей.

– Чакайце! Чакайце! – закрычаў Лявонка. – Я чую, як бы хто плача і стогне там вунь, у тым страшным доме.

Падарожнікі спыніліся каля пахмурнага непрыветнага дома. Тут было так цёмна, што нічога не было відаць. Дзядзька Вецер зноў надзьмуў свае шырачэзныя губы, але на гэты раз дзьмухнуў ён угору на хмары. З-за хмар весела выступіў месяц і асвяціў гэты астрог. Змучаныя, худыя, як цені, сядзелі тут людзі. Тут было цёмна, брудна і цесна, і людзям трудна было павярнуцца. Хто ляжаў, хто сядзеў, а хто пазіраў на ясны месячык. Усе яны былі смутныя.

– Дзядзечка Вецер! – просіць Лявонка. – Надзьмі свае слаўныя губкі і дзьмухані на гэтыя паганыя сцены!

– Гэта я магу, – сказаў Вецер і раптам дыхнуў на сцены.

У момант вока рассыпаліся яны, як парахня, а над няшчаснымі людзьмі расчынілася яснае неба. У незвычайнай радасці людзі сталі абнімацца і цалавацца.

– Мы вольныя! Мы вольныя! – казалі яны.

– Бачыш, сынку, – сказаў Новы год, – вялікае гора змянілася радасцю.

Лявонка пазіраў, як гэтыя людзі поўнымі грудзямі ўцягвалі ў сябе свежае паветра, і радаваўся, гледзячы на іх.

– Ах, якія вы добрыя, дзядзечкі, – казаў ён сваім спадарожным.

Месячык свяціў з сярэдзіны неба, свяціў так ярка, што на зямлі зрабілася светла, як удзень. Перад імі вынікалі гарады, мястэчкі, сёлы. Людзі спалі, бо было позна. Па вуліцах снавалі яшчэ нябачаныя Лявонкам нейкія цені. Яны былі неспакойныя, суятлівыя, бегалі, варушыліся, чагось шукалі, спрачаліся, махалі рукамі, часта накідваліся адны на другіх, біліся і грызліся і ўсё ўзіраліся на людскія памяшканні.

– Што гэта? – запытаўся Лявонка.

– А гэта – людскія Згрызоты, – адказаў Новы год. – Вунь, бачыш гэты вяртлявы цень? Гэта – людскі Клопат, разам з ім па баках ідуць Зайздрасць, а гэта вось, з пазелянеўшым тварам, – Злосць. А вось гэты сумятлівы цень, што так неспакойна ўглядаецца ў вокны дамоў, як галодны сабака, і настаўляе вушы і нюхае носам, гэта – Небяспека. Яна хоча падслухаць неасцярожнае слова, каб пацягнуць каго да астрога. А гэты цень, абвешаны шаблямі, пісталетамі, крывавы і страшны, гэта – Вайна. З ёю бачыш, што з голым чэрапам і ўпалымі шчокамі, гэта – Голад. Яны снуюцца між людзей і не даюць ім жыць спакойна. Цэлы рой ценяў праводзіць Вайну. Гэта – розныя Хваробы.

– Ух, дзядзечкі! Як тут страшна! – сказаў Лявонка. – Мне прыкра пазіраць на людскія Згрызоты.

– Умей, сынку, смела і спакойна сустракаць няшчасце, – адказаў яму Новы год.

І раптам зніклі перад імі гэтыя вуліцы і гэтыя надаедныя страшныя цені.

Перад вачыма падарожных выніклі зусім новыя малюнкі. Першае, што ўбачыў тут Лявонка, яго моцна ўразіла. Цэлая грамада людзей, сухіх, як скураты, худых – адны косці, тонкіх, як палкі, з глыбока запалымі вачыма, кудысь беглі, кагось лавілі. Як ні прыглядаўся Лявонка, ён не мог прымеціць, за кім гналіся гэтыя няшчасныя. Ці гэта былі проста шалёныя? Яны абганялі адны другіх, штурхаліся, кусаліся зубамі, некаторыя падалі ад знямогі і слабасці. Іх тапталі нагамі, яны сіліліся ўстаць, але не было сілы, і яны больш не падымаліся. Яны ўміралі, а жывыя ўсё беглі і беглі. Вось яны спыніліся, збіліся ў адну кучу, і між імі пачалася страшэнная, жудасная бойка. Людзі звіліся ў адзін клубок, качаліся па зямлі і штось вырывалі з рук адзін у другога.

– Дзядзечкі! Што гэта яны робяць? – запытаўся Лявонка.

– А гэта, хлопчыку, галодныя людзі. Яны гналіся за пацуком і вось цяпер злавілі яго, і кожны стараецца вырваць ад другіх гэты здабытак, – сказаў Новы год.

– Глядзіце, глядзіце! – прамовіў Вецер. – Вунь самы шчаслівы з іх: ён схапіў пацука і з якім смакам ірве яго зубамі і глытае цэлымі кавалкамі.

Лявонка адвёў вочкі ў другі бок, закрыў свой тварык і плакаў.

– У цябе добрае сэрца, сынок, – сказаў Новы год. – А можа ты, сынку, не хочаш пазіраць на голад?

– Не, я не буду плакаць, я хачу бачыць усё.

І яны паляцелі далей. Дарога іх ляжала над страшнаю пустэляю, дзе не было нічога. Усюды валяліся трупы, косці. Вёскі былі пустыя. Дзе-нідзе снаваліся цені. Яны падалі, падымаліся, ізноў кідаліся і ўміралі. Двары былі пустыя, хаты адчынены, там было холадна і цёмна.

Малюнкі, усё страшнейшыя і жудаснейшыя, разгортваліся на кожным кроку. Ніякае чалавечае ўяўленне не магло нарысаваць таго, што рабілася тут.

– Я не магу глядзець на гэта, нясеце мяне адгэтуль, дзядзечкі! – плакаў малы Лявонка.

Тут Вецер надзьмуў свае шчокі, набраў духу, прысеў і падскочыў і разам узляцеў на высокую Гару. І адразу стала святлей на душы маленькага хлопчыка, бо тут было так прыгожа, так светла, ціха і цёпла. Зніклі гэтыя снежныя раўніны, пустэлі, гэты холад і згрызоты зямлі і яе пакута. Гара была высыпана жоўценькім пясочкам. То тут, то там зелянелі на ёй тысячы астраўкоў з разнастайнай раслінай. У зялёных галінках шчабяталі птушачкі незвычайнага хараства. Срэбныя ручаёчкі бліскучымі стужкамі ззялі на сонцы, весела гаманілі ў сваіх беражках, скачучы па чыстых, гладзенькіх каменьчыках. Іх цурчанне складала такую чароўную музыку, як бы тут звінелі тысячы залатых струн. Над саменькаю вадою снаваліся, як белыя сняжынкі, матылькі і рознакаляровыя стракозы-бабкі, то ўзлятаючы ўгору, то апускаючыся ўніз, чуць дакранаючыся вады.

– Ах, як добра! – прамовіў Лявонка. – Я хачу пагуляць тут.

– Спынімся,– сказаў Новы год, – няхай пабегае тут Лявонка і пагуляе.

Вецер спусціўся на Гару, прысеў на свае птушыныя ногі, а Новы год зноў узяў пад пахі Лявонку і спусціў яго на жоўценькі пясочак.

Лявонка весела пабег на гэту Гару. Ён борздзенька ішоў па дарожках між зялёных дрэўцаў. Яго тут усё цікавіла, усё радавала і забаўляла.

Прабегшы адну дарожку, Лявонка выйшаў на шырокую круглую палянку і спыніўся: тысячы, дзесяткі тысяч дзетак бегала тут, дзетак такіх мілых, такіх добрых. Тут былі і хлопчыкі і дзяўчаткі. Яны кружыліся так лёгка і ціха, што, здавалася, у іх не было цела, як бы яны былі вытканы з лёгкага, чыстага паветра. Яны так згодна, так весела забаўляліся, што Лявонку здавалася – гэта былі найшчаслівейшыя дзеці. Ён стаяў, глядзеў на іх. Яму дужа хацелася прылучыцца да гэтых дзетак, але не хапала смеласці. Тут Лявонка заўважыў, што пясочак, на якім бегалі дзеці, быў гладзенькі – не было ніякіх слядкоў ад іх ножак.

Вось дзеці пабраліся за рукі і зрабілі шырокае кола. Але ў адно кола яны не змясціліся, прыйшлося зрабіць яшчэ адно і яшчэ. Дзеці так міла кружыліся, што няможна было адвясці ад іх вачэй. І не бегалі яны, а плавалі ў паветры.

Дзеці на момант спыніліся. На сярэдзіну самага меншага кола выйшла прыгожая дзяўчынка і заспявала:

 

 

 

Мы далёка ад зямлі,

Мы не маем хаткі;

Мы – сіроты, бедакі

Без мамы, без таткі.

 

 

А хор дзетак смутнымі галаскамі заспяваў:

 

 

Нашы цельцы ляжаць там, –

Смутна, родненькія, нам!

 

 

Як скончыў спевы хор, гэта самая дзяўчынка зноў заспявала:

 

 

Станьце ў кола, сёстры, браткі,

Запляшчэце дружна ў ладкі!

Заспявайма дружна хорам!

 

 

А хор адказаў:

 

 

Новы год ідзе да нас,

Хай жа будзе добры час!

 

 

Дзеці пачалі кружыцца, спяваць, а дзяўчынка выбегла з іх чародкі. Тут яна ўбачыла Лявонку і падышла да яго.

– Хто ты, хлопчык? – спытала яна.

– Лявонка.

– А скуль жа ты?

– Я прыляцеў з Беларусі.

– Гэта адтуль, дзе хлеба многа?

– Не, хлеба ў нас мала.

– Мала? – спытала дзяўчынка. – А я чула, што ў вас хлеба многа.

– Я не ведаю.

– Ты не ведаеш? А як жа ты папаў на нашу Гару галодных дзяцей?

– Мяне занёс сюды дзядзька Вецер з Новым годам.

– Ага-а-а! Дык ты, значыць, не наш?

– А чаму ты гэтак пытаеш?

– А бачыш, Лявонка, усе дзеці на гэтай Гары – дзеці галодных. Яны паўміралі ад голаду. Але калі нас падтрымаюць людзі на зямлі, то мы зноў народзімся на свет і прыйдзем на зямлю. А калі помачы не будзе, то мы застанемся на гэтай Гары.

Тут падышлі другія дзеці і акружылі Лявонку. Лявонка пазіраў на іх, дзівіўся і не ведаў, чым іх парадаваць, што ім сказаць.

– Вам тут весела? – спытаў іх Лявонка.

– Мы хочам жыць на зямлі! – хорам прамовілі дзеці.

– Памажэце галодным, мы зноў прыйдзем да вас на зямлю.

Лявонка пачуў да іх вялікую жаласць.

Тут падышоў дзядзька Вецер на сваіх птушыных нагах.

– Ну, Лявонка, пара! – сказаў ён.

– Трэба ляцець, сынку! – сказаў і Новы год. Лявонка ўпаў на зямлю, абхапіў ногі Новага года.

– Дзядзечка, міленькі, залаценькі! Прынясі нам многа-многа хлеба, каб гэтыя бедныя дзеці вярнуліся на зямлю!

Лявонка горка заплакаў і... прачнуўся.

[1922]


[1922]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5