epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Палессе

Край лясоў, край балот

І туманаў гнілых!

Хоць і бедна ў табе,

Хоць у лозах тваіх

Вецер жудасна ўвосень шуміць,

 

А ўсё міл ты мне... Чым?

Я не ведаю сам,

А твой вобраз маім

Прыглядзеўся вачам,

Да цябе маё сэрца ляжыць.

 

Я люблю твой прастор,

Гмах шырокі балот,

Дзе бубняць бугаі,

Дзе красуе чарот

І дзе травы, як мора, ляглі.

 

Калі лес там, дык лес:

Можна тыдзень дыбаць;

А прастор, дык прастор —

І канца не відаць,

Не ахопіш, не змерыш зямлі.

 

Я люблю твой спакой,

Яснасць ціхіх дзянькоў,

Залаценькі убор,

Тую чырвань лясоў,

Што на сонцы увосень гарыць.

 

Я далёка цяпер

Ад палескіх раўнін,

А люблю ж я той край,

Бы яго родны сын,

І па ім маё сэрца баліць.

 

1916


1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938