epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Памяці бацькі і настаўніка

Пякучыя горкія словы

Напоўнілі сэрца нам болем.

Настаўнік наш, ясны саколе!

Твой шлях абарваўся жыццёвы.

 

Не ўбачым цябе, не пачуем

Натхнёнага слова жывога,

Каб стала святлейшай дарога

У новую праўду святую.

 

Ты вёў нас праз гром навальніцы,

        Знішчаючы цёмныя сілы,

Ты даў нам арліныя крылы

Для ўзлётаў у яснасць дзянніцы.

 

Радзіму, якой ты свой геній

Дарыў такой шчодрай рукою,

Стварыў непарушнай скалою –

На радасць людскіх пакаленняў.

 

Народ наш, табою зʼяднаны,

Балесна схіляе галовы.

Ты скончыў шлях трудны, суровы,

        Наш бацька, настаўнік каханы.

 

Ды ты жывеш з намі і вечна

Жыць будзеш у сэрцы народа,

Твой скарб з намі будзе заўсёды,

Як самы святы, чалавечны.

 

І ў партыі нашай адзінай

Красуюць твае запаветы.

Імя тваё – зорка над светам,

Што праўдаю лучыць краіны.

 

7/ІІІ 1953


07.03.1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4